Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Права на мову

22.12.2016
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Афіцыйна-справавы (афіцыйна-дзелавы) стыль

Афіцыйна-справавы (афіцыйна-дзелавы) стыль

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Гістарычна афіцыйна-справавы стыль пачаў фармавацца яшчэ ў межах ВКЛ, калі беларуская мова выконвала функцыю дзяржаўнай. На афіцыйнай мове канцылярыі і справаводства ў ВКЛ пісаліся граматы, акты, дамовы, пастановы і шмат якія іншыя дакументы. Многія з іх увайшлі ў велізарны архіў, што налічвае больш за шэсцьсот тамоў і вядомы пад назваў “Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага”.

Найбольш вядомым прыкладам справавога пісьменства з’яўляецца “Статут Вялікага Княства Літоўскага” – звод законаў, якім карысталася ўся сераднявечная Еўропа.

Пасля перапынку ў традыцыі            беларускай мовы сучасны афіцыйны стыль пачаў фармавацца ў ХХ стагоддзі пераважна з апірышчам на рускамоўнае  справаводства. Таму дагэтуль за ўзор многіх справавых і юрыдычных тэкстаў бяруцца менавіта рускія тэксты. Такім чынам, сучаснай афіцыйна-справавая мова характарызуецца вялікай колькасцю запазычанняў і калек з рускай мовы (іск, абавязацельства, азнаменаваць, сабекошт, залогатрымальнік, адказчык), прыстунасцю не ўласцівых нашай мове дзеепрыметнікавых формаў (ваеннаслужачы, пацярпеўшы, нападаўшы, старшынствуючы), а таксама больш тыповымі для рускай мовы грувасткімі сінтаксічнымі канструкцыямі.  У канцы мінулага стагоддзя на хвалі беларусізацыі рабіліся спробы вяртання да самабытных беларускіх традыцый прававой мовы.

Асноўная мэта афіцыйна-справавога стылю – унармаванне афіцыйных і справавых узаемадачыненняў паміж людзьмі і ўстановамі.

Жанры: закон, пастанова, пагадненне, дыпламатычная нота, дамова, заява, аб’ява, інструкцыя, аўтабіяграфія, зварот, даверанасць, распіска, пратакол і г.д.

Сярод аметных рысаў стылю можна назваць афіцыйны характар, дакладнасць, лагічнасць, паслядоўнасць падачы матэрыялу, інфармацыйнасць, аб’ектыўнасць, стандартызаванасць.

Асаблівасці мовы справаводства:

  • Ужыванне словаў выключна ў прамым значэнні.
  • Стылістычна нейтральная лексіка, адсутнасць экспрэсіўна-эмацыйнай афарбоўкі (таму тэкст здаецца сухі і нявобразны).
  • Шырокае выкарыстанне тэрмінаў (сабекошт, працэсуальныя дзеянні, спагнанне, касацыя, нарматыў).
  • Вялікая колькасць назваў асобаў паводле іх функцыі, а таксама назваў дакументаў (адказчык, арандатар, выканаўца, карыстальнік; позва, хадайніцтва, заява, мемарандум).
  • Розныя віды скарачэнняў (ЗАГС, Дзяржаўтаінспекцыя, МНС, в.а.)
  • Выкарыстанне т.зв. канцылярскіх штампаў, якія з’яўляюцца параджэннем менавіта афіцыйна-справавога стылю (ніжэйпадпісаныя, ніжэйпамянёны, грашовае ўзнагароджанне, справаздачны перыяд, пражываць замест жыць). Такія моўныя штампы па-за межамі афіцыйна-справавога стылю называюць канцылярызмамі. Канцылярызмы засмечваюць мову, з’яўляюцца ў ёй абсалютна непажаданымі, нават непрымальнымі.
  • Шырокае ўжыванне апісальных канструкцый (ажыццяўляць падрыхтоўку замест рыхтавацца; прымаць удзел замест удзельнічаць, давесці да ведама — паведаміць), якія таксама лічацца моўнымі штампамі.
  • Аддзеяслоўныя назоўнікі (выкарыстанне, слуханне, прыцягненне, выкананне).
  • Ужыванне так званых ланцужкоў назоўнікаў (павышэнне ўзроўню кампетэнцыі, парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання, функцыі праграмных сродкаў кіравання працэсам вытворчасці вырабаў народнага спажывання).
  • Вытворныя прыназоўнікі і злучнікі (у залежнасці ад,  у сувязі з тым што, на працягу, за кошт, нягледзячы на, у выніку чаго, шляхам).
  • Шырокае ўжыванне інфінітываў, звычайна ў спалучэнні са словамі абавязаныя, неабходна, патрабуецца (абавязаныя выконваць, неабходна адказаць, патрабуецца аплаціць).
  • Выкарыстанне дзеепрыметнікаў (бягучы, кіруючы, служачы, выконваемы, перадаваемы, апякаемы)
  • Пасіўныя канструкцыі (рашэнне было прынята, пытанне было вырашана).
  • Сказы развітыя, складаныя, ускладненыя аднароднымі членамі, развітымі азначэннямі, ўстаўнымі і пабочнымі канструкцыямі .
  • Адсутнасць сказаў з пытальнай і клічнай інтанацыяй і г.д.

Усе гэтыя моўныя сродкі “працуюць” на дакладнасць, адназначнасць і стандартызаванасць справавога маўлення.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Перакладзіце назвы афіцыйных дакументаў:

Жалоба – *скарга

Доверенность – *даручэнне, даверанасць

Отчет – *справаздача

Постановление – *пастанова

Иск – *пазоў, іск

Обращение – *зварот

Справка – *даведка

Повестка – *позва

Договор – *дамова, дагавор

Устав – *статут

Соглашение – *пагадненне

Ходатайство – *хадайніцтва

Приказ – *загад

Замяніце канцылярызмы:   

1. У пятніцу вечарам за півам мы з сябрамі размаўлялі аб алгарытмах павелічэння аб’ёмаў продажаў айчынных вырабаў лёгкай прамысловасці для жанчын. – *… размаўлялі пра тое, як павялічыць продаж беларускага жаночага адзення.

2. У дадзены момант цяжка перасоўвацца ва ўмовах горада ў сувязі са складанай дарожна-транспартнай абстаноўкай, выкліканай неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я.  – *Цяпер цяжка ехаць па горадзе праз дрэннае надвор’е/ з-за дрэннага надвор’я.

3. Гэты аўтамабіль валодае выразнай схільнасцю да заносу.  – *Гэту машыну лёгка заносіць.

4. Мы бачым разуменне кампаніяй бягучых праблем.  – *Мы бачым, што кампанія разумее сённяшнія праблемы.

5. Івась, ты ствараеш мне вялікія нязручнасці на працоўным месцы.  – *Івась, ты мне дужа перашкаджаеш працаваць!

Перапішыце тэкст заявы ў адпавднасці з нормамі афцыйна-справавой мовы:

Дарагі таварыш участковы!

Пішу, таму што ўжо злосці ніякай не хапае! Ну не магу больш маўчаць! Ведаеце, што ўчудзіла ўчора мая суседка Манька Мохіна, дачка  Міколы? Ну дык як звечарэла, яна шусь да майго плота, гадаўка гэтая недабітая, і нешта там такое рабіць пачала. А я ўбачыла гэта, ды як выскачу і давай на яе крычаць! Спалохалася тая Манька дужа і дала лататы. А на плоце брыдкія словы пра мяне засталіся, што яна там чырвонай фарбай накрэмзала. Фу, брыдоцце якое! Нават, таварыш начальнік, і паўтарыць тут не магу. Як у яе, змяюкі гэтай падкалоднай, рука павярнулася на мяне такое пісаць. Дык я кавалкам цыраты тыя брыдкія словы хуценька завесіла, каб не ўбычыў хто раптам з вёскі.

Таварыш начальнік, Сцяпан Гардзеіч, прашу прыняць да яе самыя строгія меры. Няхай плот мне перафарбуе ўвесь. Ды каб фарба была не абы-якая, а польская. І колер каб быў абавязкова сіні, бо той карычневы мне ўжо абрыд за 30 год. Ну дык і няхай, канечне, прабачэння пред усімі папросіць, пляткарка такая! А як не зробіць тое хуценька, буду на яе пісаць у горад або нават у адміністрацыю прэзідэнта. Там людзі сядзяць сур’ёзныя, з паніманнем, і  не дапусцяць, каб чэснага чалавека прылюдна словамі рознымі паганымі абражалі.

Мар’я Фёдараўна Падкаляснікава, пенсіянерка

Вёска Гарадзішча

<>

Krok

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат