Пра курсы
ГАРАДЫ :


18.11.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Абрэвіятуры
powerpoint70  СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70  СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70  СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Абрэвіятуры, або складанаскарочаныя словы, з’яўляюцца надзвычай эфектыўным сродкам моўнай эканоміі. Стварэнне абрэвіятур абумоўлена патрэбамі розных сфераў навукі, тэхнікі, палітыкі, эканомікі і г.д. У сувязі з гэтым  абрэвіятуры пераважна  адносяцца да тэрміналагічнай лексікі, аднак існуюць і агульнамоўныя абрэвіятуры: РБРэспубліка Беларусь, ВНУвышэйшая навучальная ўстанова, або УА – установа адукацыі, як яе афіцыйна называюць апошнім часам.  Трэба зазначыць, што абрэвіятуры вельмі хутка ўваходзяць у склад мовы і даволі хутка выцясняюцца ў пасіўны ўжытак, што тлумачыцца хуткімі зменамі ў названых сферах. Можна ўзгадаць наступныя выпадкі: БНРБеларуская Народная Рэспубліка, БССРБеларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, ІнбелкультІнстытут беларускай культуры, НКУСНародны камісарыят унутраных спраў,  (сёння КДБ), ЧСЗРчлен сям’і здрадніка Радзімы, ДУПдзяржаўнае ўнітарнае прадпрыемства (сёння ДП),  ПУПпрыватнае ўнітарнае прадпрыемства (сёння ПП). Шмат якія ўласныя імёны савецкага часу, якія ўяўлялі сабой абрэвіятуры, таксама састарэлі і выйшлі з ужытку: Уладлен (ад Уладзімір Ленін), Ліра (ад Ленін і рэвалюцыя), Марксэн (ад Маркс, Энгельс), Дзінэра (ад словазлучэння дзіця новай эры), РЭМ (ад рэвалюцыя, Энгельс, Маркс), Перкасрак (ад словазлучэння першая касмічная ракета) і інш.

Паводле структуры абрэвіятуры падзяляюцца на 4 асноўныя групы:

1. Абрэвіятуры, утвораныя ад пачатковых гукаў: ААНАрганізацыя Аб’яднаных Нацый, СНІДсіндром набытага імунадэфіцыту.

2. Абрэвіятуры, утвораныя ад пачатковых літар: ЕСЕўрапейскі Саюз, МДЛУМінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

Трэба звярнуць увагу на тое, што калі ў словазлучэнні, ад якога ўтворана абрэвіятура, уваходзіць слова з пачатковай ў (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Цэнтральны ўніверсальны магазін), то ў абрэвіятуры пішацца У, як пісалася б у асобна ўжытым слове (універсітэт, універсальны): БДУ, ЦУМ.

Існуюць таксама гукавыя і літарныя абрэвіятуры, у якіх фармальна адбываецца парушэнне правілаў напісання спалучэнняў зычных і галосных: ТЮГТэатр юнага гледача (вымаўляецца “цюг”), ДІБДР Дзяржаўная інспекцыя бяспекі дарожнага руху (вымаўляецца “дзібдр”), РІВШ Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы (вымаўляецца “рыўш”), АРІП – адзіная разлікова-інфармацыйная прастора (вымаўляецца “арып)”. Такое напісанне базуецца на захаванні пачатковых літар словаў і дазваляе суаднесці абрэвіятуру з зыходным словазлучэннем і правільна расшыфраваць іх, хоць і супярэчыць вымаўленню.

3. Абрэвіятуры, утвораныя ад пачатковых частак словаў: калгас – калектыўная гаспадарка, прафкам – прафсаюзны камітэт. Прычым пры напісанні і вымаўленні часткі словаў у абрэвіятурах захоўваюцца ў тым выглядзе, у якім існуюць у поўных словах: гарвыканкам – гарадскі выканаўчы камітэт, інтэрпалінтэрнацыянальная паліцыя.

4. Абрэвіятуры, утвораныя ад усечанай часткі першага слова, якая далучаецца да цэлага слова: палітвязень – палітычны вязень, дзяржпратакол – дзяржаўны пратакол.

Бываюць яшчэ так званыя змешаныя абрэвіятуры, напрыклад, абланаабласны аддзел народнай адукацыі, БелТА – Беларускае тэлеграфнае агенцтва (складова-гукавая абрэвіятура), ці рацыя – гэта радыё і станцыя (пачатак першага і канец другога). Аднак прыкладаў такіх змешаных абрэвіятур мала.

Па сваім паходжанні абрэвіятуры падзяляюцца на:

1. Уласнабеларускія – абрэвіятуры, утвораныя ад уласных словазлучэнняў ці спалучэнняў словаў: ЛіМЛітаратура і мастацтва, БелНДВІ – Беларускі навукова-даследчы ветэрынарны інстытут.

2. Запазычаныя абрэвіятуры: ЮНЭСКА (UNESCOUnited Nations Educational, Scientific and Cultural Organization) – Арганізацыя ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, МДФ (MDF – Medium density fiberboard) – драўняна-стружкавая пліта.

Сёння вялікая колькасць абрэвіятур трапляе ў першую чаргу з ангельскай мовы ў лексіку з кампутарнай, інжынернай, банкаўскай і іншых сфераў. Звычайна яны спачатку пішуцца лацінскімі літарамі, як у мове-крыніцы, што паказвае на іх неадаптаваны характар: GPS (global navigation system) – глабальная сістэма навігацыі, VIP (very important person) – вельмі важная персона. Аднак з цягам часу запазычаныя абрэвіятуры часта набываюць і кірылічнае напісанне: sms і смс, CD-ROM і сідзіром, sim-картка і сім-картка. Цікава, што ад некаторых з абрэвіятур у гутарковай мове ўтвараюцца вытворныя словы: сім-картка – сімка, смс – эсэмэска, CD-плэер – сідзюк, ICQ – аська, IT-спецыяліст – айцішнік, PR-спецыяліст – піяршчык. Дарэчы, абрэвіятура PR з’яўляецца літарнай, г.зн. утвараецца ад дзвюх першых літар словаў  public relations (грамадскія сувязі) і павінна вымаўляцца як піар (у такім варыянце сапраўды сустракалася ў некаторых тэкстах). Аднак пад уплывам правілаў беларускай мовы прыжылася ў іншым варыянце – піяр (па аналогіі з піяла, ліяна).

3. Абрэвіятуры-калькі (ствараюцца з уласнага матэрыялу на ўзор іншай мовы): ЗША – Злучаныя Штаты Амерыкі (калька з USAUnited States of America), ЕБРР – Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ад EBRDEuropean Bank for Reconstruction and Development). Ёсць выпадкі, калі калькаваныя словазлучэнні ператвараюцца ў абрэвіятуры ўжо непасрэдна ў нашай мове: Дзярждэпартамент ЗШАДзяржаўны дэпартамент ЗША (ад US Department of State або State Department).

Абрэвіятуры могуць уступаць у аманімічныя адносіны з агульнымі назоўнікамі: ПУПпрыватнае ўнітарнае прадпрыемства і пупрубец на сярэдзіне жывата (выпадковае супадзенне); БАК – Беларуская аўтамабільная кампанія і бак – ёмістасць для вадкасці, паліва (стылістычны прыём);  БАКС – банкаўская аўтаматычная клірынгавая сістэма і бакс – гутарк. даляр (магчыма, стылістычны прыём ці выпадковае супадзенне).

Кур’ёзны выпадак з выкарыстання абрэвіятуры адбыўся ў 2013 годзе, калі  гендырэтар Гаррамаўтадара заявіў, што назва МКАД (Мінская кальцавая аўтадарога) больш існаваць не будзе, бо кальцавая дарога перайменаваная ў МВБР – Магістральную вуліцу бесперабойнага руху (па-руску МУНД). Як заявіў Ігар Капылоў, кіраўнік Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі НАН Беларусі, згодна з законам “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”, у назве вуліцы не можа быць выкарыстаная абрэвіятура. Акрамя таго, гэтая назва ўтрымлівае таўталогію: магістральная дарога (масла масленае), а сама абрэвіятура па-беларуску дрэнна запамінальная, а па-руску дык і ўвогуле гучыць не вельмі прыстойна. На сённяшні ж момант кальцавая дарога працягвае насіць назву МКАД.

Адзнакай сённяшняй абрэвіяцыі з’яўляецца працэс дэматывацыі, калі назвы-абрэвітуры розных фірм і кампаній практычна не паддаюцца расшыфроўцы, бо “шыфруюцца” ці “маскуюцца” пад замежныя кампаніі з мэтай прыцягнуць увагу, маючы ў сваім складзе іншамоўныя часткі ці пішучыся лацінкай (LUVAL — ад імёнаў Людміла і Валерый, белфуд – ад food (анг. ежа), белтрэвел – ад travel (анг. падарожжа), Belwest – ад west (анг. захад).

Працяг тэмы (скланенне і правапіс абрэвіятур) – у наступных занятках.

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Расшыфруйце наступныя абрэвіятуры:

СБП – *Саюз беларускіх пісьменнікаў (не блытаць з СПБ – Саюзам пісьменнікаў Беларусі)

БЧ – *Беларуская чыгунка

БІНІМ – *Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Ёрк)

ППЛ – *папраўча-працоўны лагер

ЦЭС – *цеплавая электрастанцыя

ККДз – *каэфіцыент карыснага дзеяння

ВАУ – *вадкія азотныя ўгнаенні

ПДВ – *падатак на даданую вартасць

СААЗ – *Сусветная арганізацыя аховы здароўя

ВУП – *валавы ўнутраны прадукт

ГА – *грамадскае аб’яднанне, грамадзянская авіяцыя

ЦБП – *цэнтр банкаўскіх паслуг

NRM – *Незалежная рэспубліка мроя (гурт)

РСП – *Разбітае сэрца пацана (гурт)

МСААН – *Міжнародны суд Арганізацыі Аб’яднаных Нацый

ДТЗ – *дарожна-транспартнае здарэнне

КВЗ – *Клуб вясёлых і знаходлівых

АМАП – *атрад міліцыі асобага прызначэння

ДАІ – *дарожная аўтаінспекцыя

ПЭТ – *поліэтылентэрэфталат

БДІПЧ – *Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека

ЦВК – *Цэнтральная выбарчая камісія

СКЯ – *сістэма кантролю якасці

ВПС – *ваенна-паветраныя сілы

МЗП – *мінімальная заработная плата

ВАК – *Вышэйшая атэстацыйная камісія

СГА – *Сусветная гандлёвая арганізацыя

ГФС – *Гандлёва-фінансавы саюз

БелаПАН — *Беларускае прыватнае агенцтва навін

ІПС – *інкубатарна-птушкагадоўчая станцыя

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат