Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Гісторыя Еўропы

09.12.2016
СЛОЎНІК Гісторыя Еўропы

Алег Трусаў. “Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V — XV стст.”

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Узнікненне ўсходнеславянскай і еўразійскай цывілізацый (замест заключэння)

Да канца ХV  ст. канчаткова сфармавалася еўрапейская цывілізацыя, якая грунтуецца на антычнай спадчыне. Еўрапейская адукацыя будавалася на вывучэнні старажытных грэцкіх і  лацінскіх аўтараў. Асноўныя тэрміны палітычнай еўрапейскай культуры  – такія, як дэмакратыя, рэспубліка, дэспатыя і  імперыя  – грэцкага альбо лацінскага паходжання. Сам тэрмін «культура» паходзіць з лацінскай мовы.

Хрысціянская рэлігія вырасла таксама на антычнай глебе. Яе да ХV ст. успрынялі праз Рым і Візантыю амаль усе народы Еўропы. Хрысціянства зрабілася важнай складовай часткай еўрапейскага свету. Падзел на каталіцкую і праваслаўную цэрквы істотна адбіўся на лёсах Еўропы. Да канца ХІІ  ст. у  Еўропе захоўвалася пэўная раўнавага паміж каталіцызмам і праваслаўем. Пры гэтым значную частку Іспаніі займалі мусульмане, а на поўдні і поўначы жылі народы, якія былі язычнікамі.

У ХІІІ ст. сітуацыя ў Еўропе кардынальна змянілася. Спачатку немцы з’явіліся ў  Прыбалтыцы і  Прусіі. Адначасова, падчас чац- вёртага крыжовага паходу, крыжаносцы захапілі Канстанцінопаль і  стварылі Лацінскую імперыю. Бітва на рацэ Калцы распачала вялізную экспансію ў Еўропу язычнікаў – мангола-татараў. У выніку іх заваяванняў частку Еўропы заняла Залатая Арда, якая ў ХІV ст. прыняла іслам.

У цэнтры Еўропы ўзнікла новая дзяржава  – Вялікае Княства Літоўскае, першая краіна на кантыненце, дзе напачатку існавалі адначасова дзве дзяржаўныя рэлігіі – язычніцтва і праваслаўе. Толькі ў нашай сталіцы Вільні ў ХІV ст. (да Крэўскай уніі) можна было пабачыць праваслаўную царкву, каталіцкі касцёл і язычніцкае капішча са святым дубам і ахвярным агнём. Менавіта адсюль ідуць вытокі нашай рэлігійнай талерантнасці, якую не здолеў пераадолець Ягайла, затое ўмацаваў Вітаўт, які запрасіў на пастаяннае жыхарства ў ВКЛ іўдзеяў і мусульман-сунітаў.

Як адзначаюць мовазнаўцы, ужо ў Дагаворнай грамаце смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам (1229 г.) выразна праглядаюцца рысы жывой беларускай мовы, істотна адрознай ад пісьмовай царкоўнаславянскай.

У гэты самы час у  праваслаўных храмах суседняй Масковіі ўсе мусілі маліцца за здароўе ханаў Залатой Арды ды іх сем’яў. ВКЛ у  ХІІІ–ХV  стст. стала фарпостам хрысціянскай еўрапейскай цывілізацыі на мяжы з мусульманскай еўразійскай цывілізацыяй Залатой Арды. Пачалося змаганне за землі былой Кіеўскай Русі, якое ішло з пераменным поспехам. У часы Альгерда, пасля бітвы на Сініх Водах, значная частка Украіны разам з Кіевам увайшла ў склад ВКЛ, а Вітаўт, далучыўшы да сваёй дзяржавы Вялікае Княства Смаленскае і іншыя невялікія княствы, максімальна пашырыў на Усход межы хрысціянскай цывілізацыі.

На тэрыторыі ВКЛ сфармавалася ўсходнеславянская хрысціянская цывілізацыя, дзе суіснавалі каталіцкая і  праваслаўная царква, дзейнічала ў  якасці адзінай дзяржаўнай старабеларуская (яна ж стараўкраінская) мова з кірылічным алфавітам і высокай мастацкай культурай. Навукоўцы лічаць, што гэтая цывілізацыя існуе больш за восемсот гадоў, прычым тэрыторыя рассялення славян тут істотна не змянілася, а суадносіны славянскіх народаў да іншых этнічных групаў на Беларусі знаходзяцца ў прапорцыі 30:1, а на тэрыторыі Украіны – 24:1. Суадносіны вернікаў-хрысціян да вернікаў-мусульман на Беларусі складаюць 90:1, а на Украіне – 27:1.

Пасля 1480 г. пасля канчатковага выхаду са складу Залатой Арды Вялікага Княства Маскоўскага сітуацыя на ўсходзе Еўропы кар- дынальна змянілася. Узнікла новая хрысціянская дзяржава, якая пачала імкліва пашыраць свой уплыў на былыя землі Залатой Арды, населеныя мусульманамі. Дайшоўшы да Ціхага акіяна і захапіўшы Аляску, Расія (існуе з  1497  г.) з’яўляецца велізарнай еўразійскай цывілізацыяй, што мае за сабою пяць стагоддзяў развіцця. За гэтыя часы яе тэрыторыя павялічылася ў  дзясяткі разоў, і  на ёй жыве вялікая колькасць неславянскіх народаў фіна-ўгорскага і цюркскага паходжання. Суадносіны славян і неславян на тэрыторыі Расіі, паводле стану на 2010  г., выглядаюць як 4,8:1 (славяне  – 82,7  %, іншыя – 17,3 %). Пад уздзеяннем дэмаграфічнага фактару за апошнія гады колькасць неславянскага насельніцтва Расіі павялічваеца ў параўнанні са славянскім.

Суадносіны вернікаў-хрысціян Расіі і вернікаў-мусульман – 7:1, што няможна параўнаць з Беларуссю і Украінай. У сучаснай Расіі аднавілася еўразійская ідэалогія, вытокі якой сягаюць у  ХІХ  ст. Рускі гісторык Мікалай Данілеўскі разглядаў Расію як асобную цывілізацыю, якая павінна асіміляваць Еўропу; заклікаў славян вызваліцца з-пад турэцкага і германскага ўплываў і ўтварыць Славянскую імперыю. Жаданне захапіць Басфор і  Дарданелы разам з Канстанцінопалем уцягнула Расійскую імперыю ў Першую сусветную вайну, якую яна прайграла і знікла з карты Еўропы.

Аднак ідэалогію еўразіянізму ў першай палове ХХ ст. працягвалі развіваць рускія эмігранты на Захадзе і некаторыя сучасныя савецкія і сённяшнія расійскія навукоўцы. Так, вядомы гісторык-этнолаг Леў Гумілёў сцвярджаў, што «ваенны і  палітычны досвед Чынгісхана, які злучыўся з рускім праваслаўем, у ХІV ст. даў жыццё Маскоўскай Русі».

Трэба сказаць, што большасць расійскіх навукоўцаў розных палітычных поглядаў разглядалі Кіеў і  Кіеўскую Русь як сваю гістарычную вотчыну. Узнікненне незалежнай Украіны са сваім поглядам на гісторыю прыводзіць да думкі, што сучасная Расія не мае ніякага дачынення да Кіеўскай Русі, бо належыць да іншай, еўразійскай, а  не ўсходнееўрапейскай цывілізацыі. І,  вывучаючы гісторыю еўрапейскага Сярэднявечча, пра гэта трэба заўсёды памятаць.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат