Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Генадзь Бураўкін

01.10.2016
СЛОЎНІК Генадзь Бураўкін
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін (1936 — 2014) — беларускі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, адзін з выбітных беларускіх паэтаў ХХ — пачатку ХХІ ст., лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, якога яшчэ пры жыцці, нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага прызнання, нязрэдчас называлі народным паэтам.

bajnaja-persona-genadz-buraukin-1

Генадзь Бураўкін нарадзіўся ў вёсцы Шуляціна (цяпер Тродавічы) Расонскага раёну Віцебскай вобласці. У 1959-м скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэту БДУ. Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», доўгі час быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, затым — галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», дзе друкаваў творы В. Быкава і У. Караткевіча, а таксама славутую кнігу А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…»

У 1978 г. паводле прапановы першага сакратара ЦК КПБ П. Машэрава ўзначаліў Дзяржтэлерадыё БССР (1978—1990) і ўжо праз два гады дамогся атрымання Беларускім тэлебачаннем самастойнай праграмы на частотах 2-й праграмы Цэнтральнага тэлебачання СССР, у выніку чаго звыш 60% вяшчання БТ склалі перадачы на беларускай мове, што, зрэшты, ледзь не каштавала Бураўкіну ягонай пасады. Ужо напрыканцы жыцця Генадзь Мікалаевіч назваў адной з найгалоўнейшых сваіх заслуг тое, што зрабіў Беларускае тэлебачанне беларускім.

У 1990 г. за падтрымку дэмакратычных сілаў Бураўкін быў вызвалены ад пасады і накіраваны ў якасці Пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН у Нью-Ёрк. Тут, у «ганаровым выгнанні», ён напісаў адзін з самых пранізлівых сваіх вершаў:

Я не ганю землі чужыя —

Хай іх сонца не абміне.

Толькі дзе за морам ні жыў я,

Беларусь мая снілася мне.

Па вяртанні на радзіму Генадзь Бураўкін пэўны час заставаўся без працы, пакуль не быў прызначаны ўсяго толькі намеснікам міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь. Знаходзячыся на гэтай пасадзе, паспрыяў выхаду ў 1995 г. на «Беларусьфільме» фільма В. Панамарова «На Чорных лядах», які быў пастаўлены па творах В. Быкава і апавядаў пра Слуцкі збройны чын 1920 г.

У 1995-ым па ўласным жаданні пакінуў Міністэрства культуры і апынуўся, па сутнасці, у новым службовым выгнанні — уключна да 2001 г. працаваў у сатырычным часопісе «Вожык», узначальваў які яго даўні сябар пісьменнік В. Блакіт (Болтач).

З’яўляючыся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, Г. Бураўкін быў адным з ініцыятараў прыняцця Закона «Аб мовах у Беларускай ССР». Пэўны час узначальваў Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Сустаршыня (разам з Р. Барадуліным, Р. Гарэцкім, А. Грыцкевічам) аргкамітэта Усебеларускага з’езда за незалежнасць (2000).

Займаючы высокія пасады, Генадзь Мікалаевіч праз усё жыццё заставаўся паэтам, хоць, па ўласным прызнанні, гэтыя пасады скралі ў яго не адну і не дзве паэтычныя кнігі.

Першыя свае вершы, будучы яшчэ школьнікам, Бураўкін надрукаваў у полацкай абласной газеце ў 1952 г. Аўтар многіх кніг паэзіі, у тым ліку «Майская просінь», «Пяшчота», «Узмах крыла», «Чытаю тайнапіс вачэй», «Паміж зоркай і свечкай», «Жураўліная пара», «Лісты да запатрабавання». На вершы Бураўкіна напісана шмат папулярных песень: «Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва», «Конь незацугляны», «Мама», якія добра вядомыя ў выкананні «Песняроў», «Верасоў», Я. Паплаўскай і А. Ціхановіча, Данчыка, З. Вайцюшкевіча. А яго славутая «Калыханка» ўжо больш трох дзесяцігоддзяў закалыхвае беларускіх дзетак. Апроч таго Бураўкін — укладальнік кнігі «Наш Быкаў», першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.

Генадзь Мікалаевіч памёр 30 траўня 2014 г. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Знаходзячыся ў цяжкім стане і прадчуваючы свой немінучы сыход, ён за два тыдні да смерці назваў сваё галоўнае жаданне — убачыць выдадзенай кнігу вершаў апошняга часу «Нагаварыцца з зоркамі». Апошняя воля Генадзя Мікалаевіча была здзейсненая. Яго даўні сябар паэт Уладзімір Някляеў потым напісаў: «За тры дні да ягонай смерці мы прынеслі яму ягоную кнігу вершаў. Апошнюю. Ён проста прагнуў яе ўбачыць, бо разумеў, ведаў, што яна — развітальная… І трэба было бачыць ягоны твар, калі ён узяў кнігу ў рукі. Гэта было не шчасце ці радасць, цяжка шчасцю ці радасці выявіцца на мяжы жыцця і смерці, — гэта было Вялікае Супакаенне. Што жыццё пражыў, як належыць. Зрабіў у ім, што мог. Так сыходзяць паэты».

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат