Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Беларуская магія

08.04.2017
СЛОЎНІК Беларуская магія

Беларуская магія

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Магічныя практыкі – спосабы ўздзеяння на звышнатуальныя сілы з мэтай даведацца або паўплываць на асабісты лёс, здароўе, дабрабыт. (Адрозніваюцца ад малітваў абавязваючым уздзеяннем на знешнія сілы)

ведаць / знаць – у традыцыйнай культуры ужытае без азначэння (што), звычайна адносіцца да сакральных ведаў

просты / няпросты – азначэнне, якое адносіцца да чалавека, не надзеленага / надзеленага сакральнымі ведамі

правы / левы

прамы (просты) / крывы – у некаторых кантэкстах суадносяцца са сферамі прафаннага / сакральнага (напрыклад, Крывы Чацвер, Крывыя вечары, левы бок адзення)

oblozhka-small

І. Магічныя элементы ў каляндарнай абрадавасці

Неаддзельныя ад абраднасці ў цэлым (пранізваюць яе), цесна пераплятаюцца з самім рытуалам, невідавочныя на ягоным фоне. Маюць сезонны характар. Некаторыя прыклады:

абсяванне хаты гуртом калядоўшчыкаў

прыгаворы / пажаданні ўдзельнікаў каляднага ці валачобнага гурта гаспадару, гаспадыні і г.д. на дабрабыт

загукальны веснавы рытуал, карагоды, гушканне на арэлях, печыва ў форме птушак

абыходы поля на Юр’я, Купалле

замыканне зубоў ваўку на Юр’я (на хатнюю жывёлу, якая выганяецца ў поле)

засцярогі супраць ведзьмаў на Юр’я, Купалле

заворванне, засяванне –земляробчыя абрады, якія маюць на мэце атрымаць дабраславенне духаў жытняга поля

провады русалкі на Русальным тыдні

зажынанне, завязванне барады на дажынках, выраб жытняга вянка або снапа (“рай”, “спарыш”)

пасвячэнне ў царкве / касцёле сезоннай расліннасці або плёну земляробчай працы (кветкі, лекавыя травы, жыта, яблыкі, мёд, хлеб, яйкі); пасвячэнне чацвярговай солі, грамнічных свечак т г.д. Самі гэтыя прадметы ў далейшым выкарыстоўваюцца ў магічных рытуалах.

dzyauchyna-z-zamchyshcha-small

ІІ. Магічныя элементы ў сямейнай абрадавасці.

Аналагічна сямейныя абрады суправаджаюць чалавека па жыцці ад нараджэння да смерці.

ІІІ. Калектыўныя абрады

– выконваюцца абшчынай (супольнасцю) або яе часткай (групай) у выпадку агульнай небяспекі – вайна, засуха, голад, эпідэмія і г.д., а таксама накіраваны на змену надвор’я, адхіленне навальніцы, граду і г.д.

абыдзённы рытуал –выраб за суткі або ад усходу да заходу сонца ахвярнага ільнянога палатна (абыдзённы рушнік, абыдзённае палатно, абыдзённы наме`т) і ахвяраванне яго ў царкву або павязванне на прыдарожны крыж. Масава практыкаваўся на пачатку вайны 1941 г.

абворванне вёскі (жанчынамі, якія цягнулі плуг (саху)) – як засцярога ад хваробы, неўраджаю

пераворванне ракі (жанчынамі) – з мэтай выкліканнядажджу

абліванне вадой (раптоўнае) – спосаб выклікання дажджу

сыпанне маку ў калодзеж

кіданне жаб у калодзеж – спосабы выклікання дажджу, звычайна дзецьмі

заклі`чкі(тыпу “Дожджык, дожджык, секані …”, “Сонейка, сонейка, выгляні ў ваконейка”) – дзіцячыя рыфмаваныя песенна-замоўныя формулы ў форме гульні, накіраваныя на змену надвор’я

адвядзенне хмары (граду, навальніцы) – магічныя спосабы рознай прыроды: песенны, выкіданне на двор хлебнай лапаты, запальванне грамнічнай свечкі і г.д.

yak-skarb-z-pad-pechy-vyxodziu-small

ІV. Побытавая магія

– спосабы даведацца або ўздзейнічаць на асабісты лёс, дабрабыт, здароўе, або ўздзейнічаць на іншых людзей

У аснове яе – звычайна тэкст (замова, малітва) і рытуал.

Выдзелім некалькі разнавіднасцяў:

А. Варажба` – звычайна гэта спосабы даведацца асабісты лёс (дзяўчатамі): ці выйдзеш замуж у гэтым годзе, даведацца якасці жаніха (багаты/бедны і г.д.), даведацца імя жаніха ці пабачыць яго.

Варажба прымеркавана да розных каляндарных перыядаў і дат: Каляды, Крывыя вечары, Купалле, на святога Андрэя і г.д.

У варо`жбахвыкарыстоўваюцьразнастайныя прадметы: бліны, дровы, сподак з вадой, воск, пярсцёнкі, жывёл і птушак: сабаку, пеўня, розныя дзеянні, напрыклад, падслухоўванне. Небяспечнай лічылася варажба са свечкай і люстэркам.

Дасведчанымі людзьмі практыкаваліся больш складаныя варожбы – напрыклад, знаходжанне згубленай (скрадзенай) жывёлы і рэчаў, вызначэнне асобы, якая нанесла шкоду маёмасці ці здароўю, варажба на лёс чалавека, які знаходзіцца далёка (напрыклад, на вайне). Так, практыкавалася варажба па зорах,  праяўленне таго, што трэба было ўбачыць, на вадзе, выкарыстанне пэўных прадметаў, якія ўказвалі на вінаватую асобу, выкарыстанне спосабаў, якія дазвалялі ўбачыць нешта аддаленае або схаванае, у пазнейшы час выкарыстоўвалася фота чалавека, пра якога трэба было даведацца, або вызначыць ягоную хваробу.

Варажбіт – назва чалавека, які займаецца (спецыялізуецца) на варожбах.

Таксама спосабам даведацца пра будучае і патлумачыць знакі, якія даюцца чалавеку, з’яўляецца тлумачэнне сноў. Існуе сістэма прыкмет, звязаных з тлумачэннем значэнняў розных прадметаў, дзеянняў і з’яў, убачаных у снах.

cvet-paparacci-small

Б. Лекавая магія

– побач з выкарыстаннем лекавых раслін, раней была універсальным сродкам ад усіх хвароб. Зараз прымяняецца ў асноўным пры псіхасаматычных хваробах і спецыфічных хваробах і стрэсавых станах у дзяцей.

У аснове лекавай магіі – тэкст (замова, малітва, шэпт), і рытуал, часта з выкарыстаннем розных прадметаў.

Асаблівасці замаўлення: з паўторамі (3, 7 або 9), манатонна, рытмічна, на адным дыханні, хукаюць на хворае месца (“Хух, палюбі мой дух“).

Ад замовы можа быць помач і не быць.

Назвы замоў і спосабаў лячэння можна класіфікаваць паводле:

а) відаў хвароб:

ад парэзу (крыві, спыняць кроў), ад звіху, удару, ад укуса змяі, ад падрыву, залатніка (‘парушэнне маткі’)

ад спуду (упуду, пуду) – раптоўнага спалоху

ад урокаў (сурокаў, падзі`ву, ад вачэй) – калі дрэнна паглядзелі, падумалі пра чалавека ці пазайздросцілі, і чалавек аказаўся ўспрымальным да гэтага

ад рожы, балячкі, скулы, валасня, воніка і г.д. – розныя віды нарываў і скурных хвароб

ад начніц, крыксаў – дзіцячыя хваробы, калі дзіця не можа заснуць

ад зубоў (зубнога болю)

ад прыпадку (эпілепсіі) і г.д.

б) спосабаў лячэння і прадметаў, якія выкарыстоўваюцца ў лекавым рытуале:

выпальваць хваробу – спальваць на хворым месцы крыж-накрыж пакладзеныя пасмы ільнянога валакна

выко`чваць хваробу – напрыклад, хлебным мякішам урокі і спуд у дзяцей

вымяра`ць хваробу – цела хворага вымяраецца ільняной ніткай ад сустава да сустава, у кожным месцы завязваецца вузельчык

вымяраць на кажух (вымяраць на сцень / цень) – калі з праекцыі цела хворага чалавека на кажух або цень на сцяне або падлозе бяруцца рэчыўныя фрагменты (кавалкі поўсці або бруду, тынкоўкі), у якія “пераносіцца” хвароба

выліваць хваробу – некаторыя хваробы “выліваюцца” (змываюцца) вадой

в) выкарыстання прадметаў-пасярэднікаў, на якія пераносіцца падчас замаўлення лекавая сіла:

шаптаць на ваду, на соль, на хлеб

Падобны спосаб існуе і ў шкоднай магіі, калі шкодную замову (праклён) пускаюць з ветрам, з вадой, перадаюць з нейкім прадметам.

г) спосабу атрымання вады з лекавымі ўласцівасцямі (асвячэння вады):

праліваць (ваду праз сучок, праз камень) – праз скразную нерукатворную адтуліну ў дрэве, камені.

змываць – абмываць вадой. напрыклад, святы камень, або лекавы абраз і збіраць яе для лекавых мэтаў

д) Асобна стаяць спосабы лячэння, заснаваныя на прынцыпе “перанараджэння” (памірання і нараджэння) хворага чалавека, якога для гэтага праносяць пад зямлёй (праз скразную нару ў зямлі), праз дрэва (скразное нерукатворнае дупло ў дрэве), або маці імітуе працэс паўторнага “нараджэння” дзіцяці.

Ахоўная сіла жаночага нізу выкарыстоўваецца ў такім распаўсюджаным лекавым і засцерагальным сродку, як выціранне дзіцяці падолам матчынай кашулі пры ўроках і спудзе.

trasca

В. Любоўная магія

Можа накіроўвацца як на дзяўчыну, так і на хлопца.

Назвы:

прывярнуць, прысушыць (выкарыстанне слова “прываражыць” у гэтым значэнні – памылковы літаратурны штамп).

прыварот, прысушка

Часам могуць разглядацца як шкодныя.

Замовы і сродкі адваротнай накіраванасці называюць:

адвярнуць, адсушыць

і могуць выкарыстоўвацца як для нейтралізацыі наведзенага ненатуральнага захаплення, так і для разбурэння сапраўднага кахання і шлюбу, і ў гэтым выпадку адносяцца да катэгорыі шкодных.

Г. Ахоўная і іншая сітуатыўная магія

Актуалізуецца ў розных жыццёвых сітуацыях і ў залежнасці ад гэтага мае назвы:

а) замовы (малітвы) засцерагальнага дзеяння: у дальнюю дарогу, як ідзеш у лес (каб не заблукаць і не ўкусіла змяя), як ідзеш у войска, едзеш на суд, замова (малітва) на сон і г.д.

б) якія актуалізуюцца ў сітуацыі небяспекі ці няўдачы: калі заблукаў у лесе ці незнаёмым месцы, адбылася неспрыяльная сустрэча, у т.л. сустрэча з “нячыстай сілай”, калі не можаш знайсці згубленыя рэчы і г.д.

Д. Абраканне, аброчны рытуал

Абраканне, абракацца – абрад асабістага абяцання богу (святому) прынесці нейкі дар або ахвяру ўзамен на дапамогу ў пазбаўленні ад хваробы або ў цяжкой жыццёвай сітуацыі. Дар можа прыносіцца і адразу з просьбай.

Аброк – назва дара, звычайна прыносіцца да святога месца (каменя, крыніцы), у царкву або на прыдарожны крыж.

Аброчны крыж

Звычайна рытуал абракання прадугледжвае забарону размаўляць з кім-небудзь па дарозе да месца абракання і азірацца.

Е. Магія, накіраваная на ўдачу.

Сюды адносяцца, напрыклад, паляўнічыя замовы і рытуалы, дзеянні ў лесе, каб набраць многа грыбоў і ягад, у аснове якіх звычайна ахвяра духам леса.

Сюды ж адносяцца і магічныя сродкі хутка разбагацець: павер’і звязаныя з зачараванымі скарбамі і магчымасцю атрымання звышнатуральных уласцівасцяў: бачыць тое, што схавана пад зямлёй, разумець мову звяроў і птушак, разумець прыроду і прычыны ўсіх з’яў, прадбачыць будучае.

Існуе шэраг сродкаў распазнаць, дзе схаваны зачараваны скарб (ён праяўляецца зданямі, блукаючымі агнямі) і як яго здабыць.

Асобна стаяць павер’і пра папараць-кветку, якая зацвітае ў Купальскую ноч і дае свайму ўладальніку звышнатуральныя магчымасці.

Павер’е пра карону (рожкі) змяінага караля гаворыць, што той, хто змог іх здабыць, атрымлівае шчасце і багацце.

zmeeu-kamen-small

Ж. Шкодная магія

Сродкі і спосабы, накіраваныя на нанясенне шкоды жыццю і здароўю іншага чалавека, яго родных, знішчэнне яго маёмасці і дабрабыту, разбурэнне адносін і пачуццяў паміж людзьмі, уздзеянне на лёс чалавека (удачу ці няўдачу ў жыцці).

Звычайна рабілася людзьмі, якія валодалі спецыфічнымі ведамі, па ўласнай ініцыятыве або па просьбе (замове) іншых людзей.

Агульная назва шкоднага дзеяння і яго выніку:

здзелаць / зрабіцьздзелаў / зрабіў (без азначэння што), часам выкарыстоўваецца слова паддзелаць, паддзелаў

Адваротнае дзеянне (нейтралізацыя шкоды):

Аддзелаць / адрабіць

У залежнасці ад аб’екта скіраванасці і канечнай мэты ўздзеяння. маглі сказаць, што: зроблена на жывёлу, на дзяцей, на хваробу, на смерцьі г.д.

Існуе павер’е пра існаванне ў некаторых чараўнікоў т.зв. чорнай кнігі, адсюль назва чарнакні`жнік

Асуджалася і асуджаецца грамадствам.

Пабытовайпраявайшкоднай магіі, якая прымяняецца, як правіла, жанчынамі на эмацыйным узрушэнні, з’яўляюцца праклёны. Вытворныя:

кля`сці, скля`сці (праклясці) каго-небудзь, кляну`, кляне`ш

звычайныя формулы праклёнаў “каб ты… “, “каб цябе …”

Небяспека праклёнаў у тым, што прамоўленыя ў непадыходзячы час (ліхая гадзіна, хвіліна) і пры адпаведнай успрымальнасці таго, на каго накіраваны, яны могуць спраўдзіцца ці іншым чынам пашкодзіць чалавеку. Асабліва небяспечныя праклёны, накіраваныя на ўласных дзяцей, таму што яны абсалютна ўспрымальныя да іх і не маюць абароны ад праклёнаў сваіх бацькоў.

Вельмі небяспечнай сітуацыяй з’яўляецца, калі ў чалавека (дарослага ці дзіця), які ў непадыходзячы момант знаходзіцца ў эмацыйна ўзрушаным стане, па павер’ях, усяляецца нячыстая сіла. Назвы:

апанта`ны, апанава`ны

Такі чалавек праходзіць абрад выгнання нячыстай сілы.

lesavik-small

З. Агульная тэрміналогія

Назвы людзей, надзеленыя сакральнымі ведамі:

знахар (знахарка), шаптун (шаптуха) – для людзей, якія практыкуюць лекавую магію, а таксама нейтралізацыю шкоднай. Нейтральна або станоўча афарбаваныя. Рэдка ўжываецца слова замаўні`к (паўн.-заходн.)

шаптаць, загаворваць, замаўляць – працэс

замова, малітва – назва тэксту, які выкарыстоўваецца ў магічным рытуале

чараўнік (чараўніца), рэдка: чарадзей – назвы людзей, якія могуць і як правіла практыкуюць шкодную магію. Звычайна негатыўна афарбаваныя. Памылковы сучасны літаратурны штамп: слова чараўніца як камплімент жанчыне.

ча`ры, чарава`ць – назвы дзеяння (з’явы) і працэсу

вядзьма`к (ведзьма) – найбольш негатыўна афарбаваная назва шкоднага чараўніка, які стасуецца з нячыстай сілай і паступова губляе чалавечыя рысы і ператвараецца ў інфернальную істоту.

skarb-u-azyaryjskim-garadzishchy-small

Градацыя па сіле:

моц (сіла) знахара, чараўніка – ацэнка ступені ягоных ведаў і ўменняў

моцны знахар, чараўнік – характарыстыка, якая вылучае яго сярод іншых гэтага наваколля

Выразнай прыкметай слабасці (непаўнацэннасці) чараўніка было, калі ён не ўмее поўнасцю нейтралізаваць вынікі свайго чаравання. Такія людзі падвяргаюцца пакаранням больш моцных чараўнікоў і знахароў і атрымліваюць пагардлівую назву:

ґрэза, ґрэзіць (паўн.-заходн.)

і іншыя мясцовыя назвы са значэннем ‘псаваць’, ‘той, хто псуе’

Існуе павер’е пра навуку у чараўнікоў, а таксама пра існаванне некалькіх ступеняў пасвячэння. Распаўсюджаныя павер’і пра перадачу ведаў знахарамі і чараўнікамі перад смерцю сваім дзецям, рэдка – іншым сваякам ці пастароннім.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат