Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Лета

09.09.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Вуж-гуж-муж (+ВІДЭА)

Вуж-гуж-муж. Адваротны слоўнік беларускай мовы

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

У адваротным слоўніку словы змяшчаюцца ў алфавітным парадку не пачатковых, а канцавых літар. Пры гэтым словы арганізуюцца спачатку па апошняй літары, пры аднолькавых апошніх – па перадапошняй і г.д. Такім чынам, у такім слоўніку словы выроўніваюцца не па левым краі, як ва ўсіх астатніх, а па правым.

Пачатак адваротным слоўнікам быў пакладзены ажно ў ХІІІ-ХIV стагоддзях  арабскімі слоўнікамі, пазней у сярэднявечнай Еўропе ўзніклі так званыя рыфмоўнікі – слоўнікі рыфмаў. Першыя з іх  на латыні былі складзеныя трубадурамі, што ўслаўлялі прыўкрасных паненак і вайсковыя подзвігі. Пазней такія слоўнікі з’явіліся на французскай, італьянскай, гішпанскай мовах. І ўрэшце ў ХІХ-ХХ стагоддзях сталі стварацца лінгвістычныя адваротныя слоўнікі розных, у тым ліку старажытных моваў.

Першы і на сёння самы вялікі адваротны слоўнік беларускай мовы быў выдадзены ў Варшаве Альбертам Барташэвічам і Ірэнай Камендацкай у 1988 годзе. У 1994 годзе з’явіўся “Адваротны слоўнік беларускай мовы” Вардамацкага і Несцяровіча. Ёсць таксама “Слоўнік рыфмаў беларускай мовы” Сокалава-Воюша і “Слоўнік рыфмаў беларускай мовы” Алега Мінкіна, разлічаныя перадусім на паэтаў і перакладчыкаў.

Каму і навошта патрэбны адваротны слоўнік?

Па-першае, ён цікавы лінгвістам з пункту гледзішча граматычных і словаўтваральных асаблівасцяў беларускай мовы. Дзякуючы такому слоўніку мы можам бачыць, напрыклад, найбольш ці найменш прадуктыўныя словаўтваральныя мадэлі.  Так, назоўнікі з канцавым –нне займаюць у слоўніку больш за 60 старонак (для параўнання словы, якія заканчваюцца на – ом (нагбом, бягом) і на -ей (багацей, грамацей) займаюць толькі адну-дзве старонкі. Пры дапамозе такога слоўніка можна знайсці словы, утвораныя ад таго самага кораня: вей, веснавей, ветравей, буравей, сухавей, падвей. А вось слова спідвей, якое патрапіла ў гэтую групу, натуральна, з зусім іншай оперы J Або яшчэ: казадой, надой, сырадой, удой, а слова сюдой, канешне ж, утворана не ад гэтага кораня.

Па-другое, слоўнік можа быць карысны для пошуку запазычанняў з розных моваў. Напрыклад, словы з канцавым націскным –аж прыйшлі ў нашу мову з французскай: віраж, вітраж, фураж, эпатаж, міраж, шантаж, мантаж, пейзаж, вернісаж, фарсаж. Не блытаць са спрадвечна беларускімі стораж, бездараж, вупраж, у якіх націск падае не на апошні склад. Ці запазычанні з цюркскіх моваў, якія ў адваротным слоўніку таксама будуць стаяць побач: баран, барабан, шарабан, чабан, жбан, збан, турбан.

Па-трэцяе, гэта фактычна слоўнік рыфмы. Таму, можна сказаць, што ён можа стаць настольнай кнігай для паэтаў (ці графаманаў?), перакладчыкаў, рэкламістаў. У адным са слоўнікаў гэтая мэта была акрэслена наступным чынам: “у цяжкі момант падказаць аўтару нечаканыя словы і асацыяцыі”.

Дзе яшчэ карыстальнікам можа спатрэбіцца такі слоўнік? У сеціве патрапілася цікавая ідэя, праўда, там гаворка ішла пра рускую мову. Адваротны слоўнік дапаможа падабраць запамінальны дамен для сайта, зрыфмаваны з даменнай зонай. Паколькі наша найбольш папулярная даменная зона .by, пашукаем у слоўніку словы, якія маюць аналагічны апошні склад. Вось што ў нас атрымалася: kraj.by (на жаль, гэты адрас ужо заняты J), але затое свабодны nebakraj.by (церазкрай.бай). Заняты таксама дамен hay.by (гадзіннікі ў нацыянальным стылі), а вось niahaj.by (niachaj.by) яшчэ ніхто не акупаваў. Аднак тут, ясна, будуць праблемы са спэлінгам, бо на сённяшні момант поруч з беларускай лацінкай выкарыстоўваюцца і іншыя сістэмы лацінічнай транслітарацыі (напр., ангельская) або іх камбінацыя. У выніку адзіні і той самы гук можа перадавацца рознымі спосабамі: беларускі фрыкатыўны г як h і g, ц праз с і ts і г.д. Вось яшчэ прыкольны вакантны адрас — raj.by. Прычым рай як вырай, і рай як форма загаднага ладу ад дзеяслова раіць. Для батанікаў могуць быць цікавыя дамены малачай.бай і лішай.бай. Апошні можа зацікавіць таксама і медыкаў J Могуць быць яшчэ такія беларускія каларытныя, як гультай і адчай. Праўда, не ўпэнены, што хтосьці на іх паквапіцца. Ну і не трэба забывацца, што добра будуць рыфмавацца формы загаднага ладу дзеясловаў: hraj.by, davaj.by, vybiraj.by, nalivaj.by

Аднак у гэтым годзе з’явілася нарэшце доўгачаканае кірылічнае даменнае імя .бел. Як сцвярджаюць маркетолагі, калі чалавек бачыць назву сайта на лацінцы, ён не заўсёды адразу “ўязджае”, як яна чытаецца, дрэнна запамінае напісанае і пры ўводзе ў пошукавым радку можа лёгка зрабіць памылку (асабліва ў нашым выпадку, калі паралельна маем беларускую лацінку ды яшчэ іншыя сістэмы транслітарацыі, пра што ўзгадвалі вышэй), у выіку чаго можа так і не знайсці патрэбны сайт ці апынуцца на старонцы канкурэнтаў. Таму, павераўшы маркетолагам, мы адкрылі адваротны слоўнік і адшукалі наступныя рыфмаваныя варыянты: прабел.бел, кубел.бел, попел.бел, вымпел.бел, жупел.бел, чыстацел.бел, бусел.бел, дзяцел.бел, домысел.бел і каромысел.бел і г.д.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Напішыце словы з прапанаванымі канцавымі фармантамі

15 назваў людзей на –ак: *дзівак, спявак, нашчадак, лайдак, аднагодак, продак, вылюдак, вырадак, бядак, важак, крыжак, казак, ваўкалак, маршалак, анёлак, асілак, вахлак, зломак, прымак, выкармак, вядзьмак, падпанак, дзіцёнак, пасынак, юнак, падлетак, мастак, прастак, пераростак і інш.

10 назваў людзей на –яр: *ліхвяр, шкаляр, маляр, пчаляр, фігляр, гандляр, вяндляр, юбіляр, шкляр, гусляр, вясляр, цясляр, муляр, пясняр, псяр, дзягцяр, смяцяр, мадзьяр, жняяр і інш.

10 назваў людзей на –ач: *багач, паслугач, рвач, глядач, смаркач, лаўкач, уцякач, бубнач, папіхач, слухач, чытач, сілач, вусач, барадач і інш.

10 словаў на –цце: *багацце, вецце, суквецце, беспрасвецце, паўналецце, ліхалецце, смецце, лахмоцце, грымоцце, макроцце, стракоцце, смяхоцце, пачуцце, закляцце, бяспамяцце, паняцце і інш.

10 словаў на –унак: *рабунак, пакунак, пацалунак, клунак, дарунак, падарунак, аддарунак, пастарунак, кірунак, трунак, ласунак, гатунак, ратунак, лятунак, рахунак, рыштунак, мацунак і інш.

15 словаў на –ота: *работа, журбота, турбота, субота, дзівота, ірвота, ахвота, слізгота, ільгота, гідота, нудота, брыдота, бядота, мярзота, каўзота, згрызота, тэракота, гаркота, маркота, спякота, галота, слота, ламота, самота, дрымота, блазнота, цямнота, цнота, цяснота, лянота, смяхота і інш.

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат