Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Свята

12.01.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Ветравы ды ветраны, дзейны ды дзейсны

ПАРОНІМЫ

Некаторыя словы ў мове такія падобны, што іх можна лёгка пераблытаць. Іх называюць паронімамі. Насамрэч, паронімы разглядаюць у вузкім і шырокім сэнсе слова.

У вузкім “лінгвістычным” сэнсе – гэта словы, утвораныя ад аднаго кораня пры дапамозе розных прыставак і суфіксаў, якія звычайна маюць рознае значэнне ці іх значэнне толькі часткова супадае. Гэтыя словы як правіла  адносяцца да адной часціны мовы.

Дзейныдзейсны

Дзейны – гэта той або тое, што дзейнічае, актыўны, энергічны (чалавек, закон). Дзейсны – эфектыўны, плённы (праграма, сродкі, захады, лекі)Абагульніцьабагуліць

Абагульніць– выразіць вынікі назіранняў у форме агульнага палажэння (інфармацыю). Абагуліць – зрабіць уласнае калектыўным (зямлю).

Абразвобраз

Абраз – малюнак Бога або святога як прадмет рэлігійнага пакланення, ікона (сядзець у куце пад абразамі). Вобраз – знешні выгляд чагосьці, што ўзнікае ў памяці (узгадаць вобраз маці); абагульнены характар, тып, створаны пісьменнікам, мастаком (вобраз героя).

Балотныбалоцісты

Балотны – які мае адносіны да балота, жыве, расце на балоце (балотнае птаства). Балоцісты – багаты на балоты, забалочаны, багністы (балоцістая мясцовасць).

Бяліць — бялець

Бяліць – рабіць белым, фарбаваць у белае (сцены). Бялець – быць або станавіцца белым самому (хата бялела, твар бялеў).

Паронімы ў шырокім сэнсе — гэта любыя блізкія па гучанні словы незалежна ад іх паходжання, марфалагічнай будовы, значэння. Такі тып паронімаў – лакмусавая паперка ўзроўню валодання мовай, а часам нават і ўвогуле інтэлектуальнага ўзроўню (экскаватар – эскалатар, аксакал – саксаул, нонсэнс – кансэнсус)

Адкуль бяруцца паронімы ў мове?

  1. Марфалагічны спосаб – шляхам далучэння да аднаго кораня розных прыставак ці суфіксаў. У выніку атрымліваюцца словы, блізкія па гучанні, але розныя па значэнні: карысны – карыслівы, бядак – бядняк.
  2. Семантычны спосаб – пераасэнсаванне значэння аднаго з варыянтаў, набыццё ім новага значэння: дрэўца – дрэўка, вяноквянец.
  3. Паралельнае або паслядоўнае запазычванне з іншых моваў: адрасат – адрасант, абанент – абанемент, дыктат – дыктант.

 

Заданне*

Патлумачыць значэнне паронімаў. Уставіць паронімы з адпаведным значэннем у сказы.
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце пустыя месцы ў сказах  курсорам.

абветраць // абветрыць

Абветраць — 1. Стаць смуглым, шурпатым, агрубелым ад ветру (пра твар, рукі і г.д.); абветрыцца. 2. Падсохнуць на ветры (звычайна пра глебу).
Абветрыць - Зрабіць цёмным, шурпатым, агрубелым (пра твар, рукі і г.д.).

Яго [твар] нібы абветрыла ранняй вясной на адкрытай машыне. І.Пташнікаў.

Твар у Сашы абветраў, загарэў. І.Шуцько. ← Каб пабачыць правільны адказ, вылучыце пустое месца курсорам. Ніжэй – тое самае.

Даўно ўжо абветралі дарогі, пашарэла ралля і добра ўрунела жыта. К.Чорны.

акравак // акраек // акраец

Акравак - Абрэзак, шматок чаго-н. (скуры, тканіны і г.д.).
Акраек — Край чаго-н.

Акраец - Кавалак хлеба (пірага, булкі), адрэзаны ад непачатага краю.

У небе з-за гор выплыў ускудлачаны акраек хмары — хутка насоўваўся дождж. В.Быкаў.

Вулічнае акно … было заткнута кажушным акраўкамВ.Вітка.

На адным канцы століка ляжаў загорнуты ў даматканы абрус акраец хлеба. Я.Колас.

бацькаўскі // бацькоўскі

Бацькаўскі - Які належыць, уласцівы бацьку.
Бацькоўскі -1. Які мае адносіны да бацькоў — бацькі і маці.
2. перан. Клапатлівы; ласкавы

Даклад зацікавіў людзей, памог устанавіць шчыры і дзелавы кантакт з бацькоўскім калектывам. І.Шамякін.
Незнаёмы паглядзеў на мяне цёплымі, бацькоўскімі вачамі. З.Бядуля.

Асвянцімскі пайшоў шукаць месца, дзе калісьці стаяла бацькаўская хата. К.Чорны.

беспярэчны // бясспрэчны

Беспярэчны - Які выконваецца без пярэчанняў. Сінонім: безагаворачны.
Бясспрэчны — Які не выклікае пярэчанняў, спрэчак.
Сінонімы: несумненны, відавочны.

Беспярэчнае выкананне загаду. ← Каб пабачыць правільны адказ, вылучыце пустое месца курсорам. Ніжэй – тое самае.

Бясспрэчная ісціна.

ветравы // ветравы // ветраны // ветраны

Ветравы - Які мае адносіны да ветру (павеў, подых, напор і г.д.)
Ветравы - Прызначаны для засцярогі ад ветру (шчыток, шкло)

Ветраны - 1. З ветрам; які суправаджаецца ветрам. 2. перан. Легкадумны, несур’ёзны; пусты.
Ветраны - Які прыводзіцца ў дзеянне сілаю ветру (млын, рухавік)

Сілу ветру чалавек скарыстоўвае вельмі даўно. Парусныя судны і ветраныя млыны прымяняліся ўжо ў глыбокай старажытнасці. Фізічная геаграфія.

Яна здавалася Максіму Сцяпанавічу несур’ёзнай, ветранайУ.Карпаў.

Ветравое шкло ў дробных кроплях — глядзіш на свет, што праз густое рэшата, пакуль не забегаюць знадворку дзве чорныя стрэлкі-вусікі. І.Пташнікаў.

Лоўгач нечакана заўважыў, што няясны ветравы спеў за яго спінай, на другі бок парома, мацнее. А.Савіцкі.

Давялося вылазіць з цёплай машыны ў ветраны снегапад і пехатою ісці некалькі кіламетраў. Я.Сіпакоў.

 

галінасты // галіновы // галянасты

 

Галінасты - З вялікімі галінамі; разложысты, разгалісты.
Галіновы - Які мае адносіны да пэўнай галіны (навукі, вытворчасці і г.д.).
Галянасты — З тонкімі доўгімі галёнкамі.

Галіновыя органы кіравання, за некаторымі выключэннямі, асталіся тыя ж самыя. Полымя.

Полымя то ўспыхне, то патухне і галінасты стары дуб то раптам выступае з цемені, то тоне ў ёй. М.Лупсякоў.

Так яны стаялі моўчкі адзін супраць аднаго — малады, худы, галянасты хлопец і пажылы дзядзька з касматым тварам. І.Дуброўскі.

гумар // гумор

Гумар - Дабрадушна-насмешлівыя, камічныя адносіны да каго-чаго-н.
Гумор - Душэўны стан, настрой.

З адценнем цёплага гумару малюе аўтар вобразы станоўчых сваіх герояў. Л.Арабей.

Калі Міхайла Іванавіч быў не ў гуморы, то Ксеня Паўлаўна прымала ўсе меры, каб вярнуць мужу спакой душы і адагнаць яго ліхія думкі. Я.Колас.

забавіцца // забаўляцца

Забавіцца - Затрымацца дзе-н. даўжэй, чым меркавалася; зацягнуць, прамарудзіць з чым-н.
Забаўляцца - незак. Пацяшацца, праводзіць час у забавах, гульнях; гуляць з кім-чым-н.

Доўгімі гадзінамі я праседжваў у скверы каля агароджанае пляцоўкі, дзе ў пяску забаўляюцца дзеці. Я.Скрыган.

Аляксей выцягнуў з-пад мокрай травы ў перадку яе чамадан і пакунак з пасцеллю, панёс у хату і забавіўсяС.Грахоўскі.

капатлівы // карпатлівы

Капатлівы - Разм. Марудлівы, непаваротлівы.
Карпатлівы - Які патрабуе шмат увагі, цярплівасці; старанны, руплівы.

Нейкі ж вельмі капатлівы ён чалавек: здаецца, і не сядзіць склаўшы рукі — робіць увесь час, але і да палавіны яшчэ не дайшоў, хоць час было б і канчаць гэту работу. ЛіМ.

Цяжкія гэта былі пошукі — патрабавалася карпатлівая даследчая праца. ЛіМ.

начынка // начынне

Начынка - Тое, чым начынена, напоўнена што-н.
Начынне — 1. Набор прадметаў, інструментаў для выканання якой-н. работы. 2. Сукупнасць прадметаў хатняга, гаспадарчага ўжытку і г.д.

Улетку цесляры вандравалі з начыннем — пілкаю і сякерамі — па ўсёй ваколіцы. С.Александровіч.
Дзеці будуць ласавацца цукеркамі з начынкай.

Цётка Арына бразгала на кухні начыннем, нешта гаварыла напаўголас, відаць, толькі для сябе. А.Асіпенка.

 

няўцямны // няцямлівы

Няўцямны — 1. Такі, які цяжка зразумець, усвядоміць; незразумелы. 2. Які выяўляе неразуменне чаго-н. або адсутнасць думак пра што-н.

Няцямлівы - Які цяміць з цяжкасцю; нездагадлівы. Сінонім: някемлівы.

І незразумелая, няўцямная трывога ўсё больш і больш агартала мяне. Б.Сачанка.
Янка быў надзвычай няцямлівым вучнем.

На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў няўцямнымі вачыма на прысутных. М.Паслядовіч.

прачыніць // прычыніць

Прачыніць - Крыху, не поўнасцю адчыніць. Сінонім: прыадчыніць.
Прычыніць — Зачыніць, звычайна няпоўнасцю або няшчыльна.

Сымон Данілавіч ад нечаканасці нават забыўся прычыніць сенцы. І.Грамовіч

Бурчанка павёў іх да сябе ў кабінет, па дарозе прачыніў дзверы ў пакой Вольгі Паўлаўны, каб сказаць, што вярнуўся. Т.Хадкевіч.

скарбніца // скарбонка

Скарбніца - Сукупнасць культурных, духоўных ці матэрыяльных каштоўнасцяў; месца іх захоўвання; крыніца чаго-н.
Скарбонка — 1. Невялікая скрыначка (гліняная пасудзіна рознай формы) з вузкай шчылінай для апускання манет з мэтай іх накаплення, захоўвання, зберажэння. 2. Бляшанка для збору ахвяраванняў (у царкве, на відовішчах)

На камодзе яго ўвагу прыцягнула скарбонка, зробленая ў выглядзе прыгожага белага сабачкі з чырвоным банцікам на шыі. Я.Васілёнак.
Поп да хвоі скарбонку прыбіў, пачалі людзі грошы кідаць багародзіцы, а хто палатно панёс, сала, збожжа. П.Галавач.

Міхась Чарот … напісаў добрыя паэмы і вершы, якія назаўсёды засталіся ў скарбніцы беларускай літаратуры. М.Хведаровіч.

туліцца // туляцца

Туліцца — 1. Гарнуцца, прыціскацца, хінуцца. 2. Мець прытулак, прыстанішча, размяшчацца дзе-н. у цеснаце. 3. перан. Размяшчацца дзе-н. у зацішным месцы, пад аховай чаго-н.
Туляцца - Блукаць, хадзіць без пэўнай мэты; бадзяцца; сланяцца са скрытнымі намерамі.

Там і тут чадзелі агні, людзі туліліся да іх, кашлялі, адмахваючыся ад камарэчы. Р.Шкраба.
Вялізная Маніна сям’я з шасці дачок, двух сыноў і бацькі з маткай туліцца ў старой цеснай хаце. А.Васілевіч.
Апроч усяго, ён [Бацяноўскі] шпіён і даносчык. Лабановіч потым не раз прыкмячаў, як дзяк туляўся па падвоканню. Р.Шкраба.

Па-над Прыпяццю між лясоў, пяскоў і балот туліцца невялікая вёсачка, хат можа так трыццаць ці сорак. Я.Колас.

 

*У заданні выкарыстаны матэрыялы “Слоўніка паронімаў беларускай мовы” Сцяпана Грабчыкава

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат