Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Транспарт

12.01.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Спачыць, заснуць, аддаць Богу душу…

ЭЎФЕМІЗМЫ
Адна з разнавіднасцяў сінонімаў – эўфемізмы (гр. эўфемія – гавару ветліва). Сёння гэта звычайна словы і выразы, якія служаць моўцы для замены грубых, непрыстойных, рэзкіх словаў і выразаў.

Узнікненне эўфемізмаў звязана са старажытнымі табу – забаронай у першабытных народаў ужываць словы, што служылі назвамі багоў і духаў, смерці, хваробаў і г.д. Такая забарона асноўвалася на асаблівым светаразуменні – наіўным перакананні, што паміж прадметам і словам, якое яго абазначае, існуе непасрэдная сувязь. Першабытны чалавек, выключаючы з ужытку назвы пэўных прадметаў, імкнуўся ашукаць злых духаў, тым самым перашкодзіць ім уздзейнічаць на гэты прадмет ці на самога сябе.
Такім чынам, асноўная мэта табу – выключыць з ужытку не паняцце, а само слова-назву.
Напрыклад, так з’явіўся эўфемізм мядзведзь– ‘ядок мёду; той, хто ведае, дзе мёд’ і іншыя сінонімы: касалапы, гаспадар (зыходная назва жывёлы – бэр (бер) – захавалася ў словах бярлог / бярлога, Берлін). Магчымыя прычыны выцяснення арыгінальнай назвы палягаюць у тым, што: 1. гэта была татэмная жывёла славянскіх плямёнаў; 2. паляўнічыя пазбягалі называць сваімі імёнамі звяроў, на якіх палююць, каб не адпужаць іх.

Такім самым чынам узніклі эўфемізмы шэры (воўк), хітрая, рудая, рыжая (ліса).

Два імені дзіцяці (Ганна-Марыя) – таксама адсюль. Першае, сапраўднае, імя ведалі толькі бацькі. Каб не сурочыць дзіця, не наклікаць на яго хваробу, бяду, яму давалі другое імя – публічнае – якое і паведамлялася ўсім.
У іудаізме – гэта забарона на вымаўленне ўголас імені Бога Яхвэ.

У цывілізаваным грамадстве забарона на ўжыванне некаторых словаў і з’яўленне эўфемізмаў тлумачыцца зусім іншымі прычынамі:

1. імкненнем захаваць этыкет, пазбегчы ўжывання грубых, непрыстойных словаў, мату (паслаць на тры літары);
2. паліткарэктнасцю, звязанай, напрыклад, з назвай расаў, гендэрам (асобы каўказскай нацыянальнасці, афраамерыканец, chairperson замест chairman);
3. заменай назваў малапрэстыжных заняткаў (грузчык – мэнэджар лагістыкі)

У якім папулярным шматтомным рамане брытанскай аўтаркі шырока ўжываўся эўфемізм ТОЙ-КАГО-НЕЛЬГА-НАЗЫВАЦЬ? Правільна, у “Гары Потэры”.

Прыкладамі эўфемізмаў могуць быць аб’явы ў газетах ці сеціве:
- Маладая прыгожая дзяўчына шукае асабістага спонсара.
- На пасаду сакратара патрабуецца маладая жанчына без комплексаў.
- Незакамплексаваная жанчына акажа паслугі заможнаму мужчыну.
Акрамя эўфемізмаў, існуюць і так званыя дысфемізмы – словы, якія ў параўнанні з нейтральнымі абазначэннямі з’яўляюцца больш вульгарнымі, фамільярнымі, грубымі:
Памерці — спачыць, заснуць, адысці ў лепшы свет, аддаць Богу душу (эўфемізмы); акачурыцца, апруцянець, загнуцца, скапыціцца, адкінуць капыты, здохнуць (дысфемізмы).

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Да прапанаваных словаў па магчымасці падабраць эўфемізмы/ дысфемізмы:

Труна – дамавіна
Пухліна – новаўтварэнне
Рак – канцар
Сляпы — невідушчы
Гомасэксуалізм – нетрадыцыйная арыентацыя
Алкаголік – асоба са шкоднымі звычкамі, залежны чалавек
Наручнікі – бранзалеты
Пахаванне – аказанне рытуальных паслуг
Кур’ер – экспедытар
Сакратар – офіс-мэнэджар
Прыбіральшчыца –клінінг-мэнэджар
Схадзіць у прыбіральню – памыць рукі, схадзіць да ветру, папудрыць носік
Служыць у войску – выконваць грамадзянскі доўг/ абавязак
Сысці на пенсію – сысці на заслужаны адпачынак
Браць хабар – выкарыстоўваць службовае становішча ў карыслівых мэтах
Павышэнне цэн – лібералізацыя цэн, упарадкаванне цэн
Смяротнае пакаранне – вышэйшая мера
Дурань – неразумны чалавек, недалёкі чалавек, зорак з неба не хапае
Знішчыць / вынішчыць–абясшкодзіць, ліквідаваць, зачысціць, нейтралізаваць
Бог – усявышні, спадар, гаспадар, гасподзь
Чорт – нячысцік, рагаты, хвастаты, з капытцамі
Мярцвяк – нябожчык, цела
Інвалід – асоба з абмежаванымі магчымасцямі, асоба з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця
Турма – зона, месцы пазбаўлення волі, курорт
Смерць – кашчавая, цётка з касой
Туалет – прыбіральня, клазет, санвузел, жаночы /мужчынскі пакой
Цяжарная жанчына – чакае дзіця, у цікавым /далікатным становішчы
Стары – чалавек сталага ўзросту, чалавек паважанага веку, размяняў 6-ы /7-ы дзясятак
П’яны – нецвярозы, пад мухай, вясёлы
Тоўсты чалавек – поўны, вялікага памеру
Сэкс – фізічная блізкасць, інтымныя адносіны, блізкія адносіны, жыць/спаць з кім-небудзь, уступаць у полавы кантакт

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат