Пра курсы
ГАРАДЫ :


25.03.2014
ТЭОРЫЯ И ПРАКТЫКА МОВЫ Лузер з вачыма панды, лайкні СПА!

Неалагізмы – гэта словы, значэнні словаў або словазлучэнні, якія нядаўна з’явіліся ў мове, і навізну якіх адчуваюць самі носьбіты мовы.

Паводле даследавання, у ангельскай мове кожны дзень з’яўляецца ў сярэднім 15 неалагізмаў, аднак столькі ж словаў выходзіць штодзённа з актыўнага ўжытку. У дачыненні да беларускай такога даследавання ніхто не праводзіў, але, безумоўна, і ў нашай мове, асабліва ў апошнія гады, з’явілася шмат новых словаў. Звязана гэта, у першую чаргу, з неабходнасцю ў грамадстве даць назвы новым прадметам, з’явам, паняццям (мультыварка, ралап і г.д.)

У гісторыі беларускай мовы найбольш актыўны перыяд утварэння новай лексікі выпаў на 20-ыя гады ХХ стагоддзя, калі фармавалася беларуская тэрміналогія і была патрэба ўвесці ў мову вялікую колькасць новых словаў. Стваральнікі тэрміналогіі таго часу ў першую чаргу арыентаваліся на ўнутраныя сродкі мовы, а не на запазычанні (пурызм). Гэта праявілася ва ўвядзенні агульнаўжывальных словаў з новымі значэннямі (лад, стан – у лінгвістыцы, астача, велічыня – у матэматыцы), утварэнне новых словаў з уласнага матэрыялу (кісліна = кіслата, роўніца = плоскасць, нізкавокасць = блізарукасць), а таксама ў калькаванні іншамоўных словаў (правапіс = арфаграфія, нячуласць = анастэзія, жыццяпіс = біяграфія, займеннік, лічэбнік, злучнік).  Значная частка са створаных у 20-ыя гады тэрмінаў увайшла ў актыўны склад мовы, а некаторыя тэрміны так і не прыжыліся і былі замененыя.У другой палове мінулага стагоддзя ў беларускай мове таксама ўзнікалі неалагізмы, але гэта, часцей за ўсё, былі калькі або запазычанні з рускай мовы. Узнікалі нават кур’ёзныя сітуацыі, калі слова калькавалася з рускай, а сама рэалія для рэспублікі была неактуальная. Так адбылося са словам іншамаркаяк антонімам да аўтамабіля ўласнай вытворчасці, бо, у адрозненне ад Расіі, у Беларусі легкавыя аўтамабілі не выпускаліся, таму для нас усе аўтамабілі – іншамаркі)))

Сёння зноў у беларускую мову трапляе вялікая колькасць неалагізмаў, але цяпер гэта, у першую чаргу, запазычанні з іншых моваў (пераважна ангельскай) у кампутарнай, нанатэхналагічнай, эканамічнай і іншых галінах, дзе адбываецца бурнае развіццё. Прычым гэта не толькі тэрміны і нейтральная лексіка (лізінг, клірынг, тэг,дыгітальны,ланч), але і так званы слэнг (дывайс, лайкнуць).  З’яўленне неалагізмаў можа быць таксама абумоўлена і палітычнымі рэаліямі. Так, самымі ўжывальнымі неалагізмамі за апошнія некалькі месяцаў сталі словы еўрамайдан і цітушкі.

Дарэчы, выраз мова нанова ў значэнні масавых бясплатных курсаў беларускай мовы – таксама неалагізм!!!

Заданне

Патлумачце значэнне неалагізмаў. Падбярыце сінонімы, калі гэта магчыма:

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Патэрн – мадэль, узор, стыль паводзінаў < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

Фідбэк – зваротная сувязь

Рытэйлер – сетка продажу ўраздроб

Адвертайзінг – рэклама

Істэблішмэнт – уплывовыя колы, улада, штат арганізацыі

Дэдлайн – час здачы праекта

Бэкграўнд – біяграфія, гісторыя падзеяў

Піяр-менеджар, піяршчык – спецыяліст па сувязях з грамадскасцю

Самапіяр – самарэклама

Зафрэндзіць – далучыць да сяброў у сацыяльных сетках

Расшэрыць (расшарыць) – распаўсюдзіць, разаслаць

Лайкнуць – упадабаць

Бэкап – рэзервовая копія, часовы замяшчальнік

Лузер — няўдачнік

Юзер –  карыстальнік

СПА - водалячэнне (ад лац. SanitasproAqua – здароўе праз ваду)

Інтэрнэт-кома/ сеціўная кома – сядзець за кампутарам/планшэтам гадзінамі, не рэагуючы на знешнія праявы

Кіберхондрык –створана па мадэлі слова іпахондрык, той, хто вышуквае ў сеціве пацверджанні сваім хутчэй за ўсё ўяўным хваробам

Святочныя кілаграмы –лішняя вага, наетая падчас святаў і адпачынку

Офісныя рукі – пяшчотныя, гладкія рукі, не звыклыя да фізічнай працы

Руская раніца – раніца пасля вечарынкі, на якой пілі выключна гарэлку

Перадарунак – перадораны падарунак

Мікрахвалёвае мысленне – жыццёвая філасофія: калі нешта нельга зрабіць хутчэй чым за 5 хвілін, гэтага не варта рабіць увогуле

Пакаленне ХL – пакаленне людзей з атлусценнем

Вочы панды – вочы пасля бяссоннай ночы

Офісны прывід – супрацоўнік, які практычна заўсёды адсутнічае на працоўным месцы і ягоныя абавязкі выконваюць за яго іншыя

Лук – 1. сілуэт; 2. добра прадуманы вобраз, створаны пры дапамозе падабранага адзення, аксэсуараў, прычоскі

Трэнд – у дачыненні да моды – актуальны напрамак

Брэнд –марка тавару

Монабрэндавы буцік – крама, што рэалізуе прадукцыю толькі аднаго брэнда

Лімітэд эдышн – калекцыя брэндаў, выпушчаных у абмежаванай колькасці

Маст-хэв – нейкая супермодная рэч, якую ўсе стылісты раяць прыдбаць, рэч, без якой вам не абысціся, калі вы хочаце быць модным і сучасным

Мас-маркет – («масавы рынак») – прадукцыя, звычайна разлічаная на сярэдні клас, на “масавага спажыўца”, якая адрозніваецца сярэднім узроўнем якасці і дэмакртычнасцю коштаў

Рэпліка – добра выканананая падробка пад вядомы брэнд

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат