Пра курсы
ГАРАДЫ :


08.01.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Ілжэсябры перакладчыка

Рэч гэта не “речь”, а прозвішча — не “прозвище”!

Ілжэсябры перакладчыка. 

Іншая назва – міжмоўныя амонімы або міжмоўныя паронімы. Гэта два або болей словаў у розных мовах, аднолькавыя або падобныя па гучанні, але адрозныя па значэнні. Частка з іх утварылася шляхам выпадковага супадзення ў гучанні няроднасных  словаў: укр. кішка (‘котка’) і бел. кішка; балг. булка (‘нявестка’) і бел. булка; англ. gift (‘падарунак’) і ням. Gift (‘атрута, яд’); англ. button (‘гузік, кнопка’) і бел. з фр. батон; англ. amber (‘бурштын’) і бел. амбар і г.д. Іншая частка паходзіць ад старажытных каранёў, якія ў сучасных мовах разышліся ў сваім значэнні: рус. благой (‘добры’) і бел. благі (‘дрэнны’); англ. clay (‘гліна’) і бел. клей.

Сваю метафарычную назву як ілжэсябры перакладчыка гэтыя словы атрымалі таму, што часам могуць прыводзіць да няправільнага разумення і перакладу тэксту. Уявіце сабе сітуацыю, калі беларуска, спыніўшыся ў Варшаве перад шыльдай «Salon urody» (па-беларуску «Салон прыгажосці»), губляе ўпэўненасць, што ёй трэба менавіта сюды.

Існуе жарт пра тое, як беларускую фразу «У канюшыне сакаталі конікі» рускі перакладчык пераклаў наступным чынам: «В конюшне ржали кони». Гэта, безумоўна, перабольшанне, але для беларускай мовы пытанне няправільнага ўжывання словаў пад уплывам рускай мовы застаецца надзвычай актуальным.

 

Заданне

Вызначыце значэнне прыведзеных ніжэй словаў у беларускай і рускай мовах. Звярніце ўвагу на тое, што ў адным выпадку словы абазначаюць зусім розныя паняцці, а ў іншым – адрозніваюцца толькі адным са сваіх значэнняў, напр. бел. справа – рус. дело, а не толькі справа.

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле ў дужках курсорам.

Беларуская                                                           руская

 

Узор

Свет   (рус. мир)                                     свет (бел. святло)

 

Пытаць (рус. спрашивать) —               пытать (бел. катаваць)

 

Пытацца (таксама рус. спрашивать) пытаться (бел. пытацца, спрабаваць)

 

Пакой (рус. комната)                            покой (бел. спакой)

 

Дараваць (таксама рус. прощать)    даровать (бел. дарыць, дараваць)

 

Рэч (рус. вещь)                                         речь (бел. прамова, маўленне)

 

Столь   (рус. потолок)                             столь (бел. настолькі)

 

Мыць (таксама рус. стирать)             мыть (бел. мыць)

 

Адказаць (рус. ответить)                     отказать (бел. адмовіць)

 

Адказ (рус.    ответ)                                   отказ (бел. адмова)

 

Добры (таксама рус. хороший)        добрый (бел. добры)

 

Здавацца (таксама рус. казаться)    сдаваться (бел. здавацца)

 

Плот  (рус. забор)                                      плот (бел. плыт)

 

Карысны (рус. полезный)                   корыстный (бел. карыслівы)

 

Брак (таксама рус. недостача)          брак (бел. брак)

 

Слоік (рус. стекеклянная банка)       слоик (бел. маленькі слой = слоік)

 

Час (рус. время)                                      час (бел. гадзіна)

 

Чуць  (рус. слышать)                             чуть (бел. трохі, ледзь)

 

Качка (рус. утка)                                     качка (бел. гойданка)

 

Маніць (рус. обманывать)                  манить (бел. вабіць)

 

Трус (рус. кролик)                                  трус (бел. баязлівец)

 

Конік (таксама рус. кузнечик)            коник (бел. конік, конь)

 

Прозвішча (рус. фамилия)                  прозвище (бел. мянушка)

 

Штучны (рус. искусственный)                       штучный (бел. паасобкавы)

 

Рог (таксама рус. угол)                         рог (бел. рог)

 

Дыван (рус. ковер)                                диван (бел. канапа)

 

Гарбуз (рус. тыква)                                арбуз (бел. кавун)

 

Бяспечны (рус. безопасный)             беспечный (бел. нядбалы)

 

Жалоба (рус. траур)                              жалоба (бел. скарга)

 

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат