Пра курсы
ГАРАДЫ :


22.01.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Адрабляць шарварку

Састарэлыя словы

Састарэлыя словы – гэта не абавязкова самыя старыя словы ў мове. Часта — наадварот. Як гэта ні дзіўна, самыя старыя словы якраз не старэюць стагоддзямі: дом, нос, людзі, доктар, рука, вечар, вясна, дрэва, снег, лес, балота і г.д. Гэта тлумачыцца тым, што яны служаць назвамі неабходных нам паняццяў, якія існавалі раней і працягваюць існаваць таксама сёння. А вось словы, якія называюць прадметы, што па нейкай прычыне выйшлі з нашага ўжытку, звычайна знікаюць разам з гэтымі прадметамі (парабак, асьміна, прыстаў, вярста, пішчаль, кальчуга, латы). Такія словы называюць гістарызмамі. Прычыны іх узнікнення: змены ў побыце народа, развіццё навукі, тэхнікі, адукацыі, культуры. Ці могуць быць у гістарызмаў сінонімы ў сучаснай мове? Натуральна, не.

Аднак ёсць выпадкі, калі прадмет ці рэалія, здавалася б, працягваюць існаваць, а вось іх назвы чамусьці “трапляюць у няласку”, выцясняюцца іншымі, больш сучаснымі словамі (замест чало – лоб, замест рамёны – плечы, замест ратай – араты). Такія вось словы называюцца архаізмамі. Усе яны маюць адпаведнікі ў сучаснай мове.

У савецкія часы (ды і цяпер, праўдападобна,  сітуацыя не шмат змянілася), праўда, на шмат якія самабытныя беларускія словыафіцыйныя лінгвісты навесілі цэтлік “архаізмы”. Патлумачыць гэта надзвычай проста: гэтыя словы вельмі далёкія ад сваіх рускіх эквівалентаў. А гэта, як той казаў, непарадак. Гаворка ідзе пра такія выпадкі, як паходня (факел), прастакутнік (прамавугольнік), вакацыі (канікулы), кісліна (кіслата), кляштар (манастыр), напой (напітак), дойлід (архітэктар), іспыты (экзамены), печыва (пячэнне), рабунак (грабёж) інш. Праўда, гэтыя словы, хацела б таго ці не афіцыйная філалогія, вяртаюцца ва ўжытак сучасных беларусаў, якія хочуць пазбегчы выкарыстання русізмаў. Вось такі парадокс!

А навошта нам гістарызмы і архаізмы  ў прынцыпе, і дзе іх можна сустрэць сёння? Вядома ж, у гістарычных даследаваннях, а таксама ў мастацкай літаратуры, прысвечанай апісанню падзеяў мінулых часоў. Дарэчы, хто з аўтараў увёў у беларускую літаратуру вялікую колькасць гістарызмаў? У першую чаргу, канечне, Уладзімір Караткевіч. Існуе папулярная думка пра тое, што персанажы гістарычных раманаў павінны гаварыць так, як патрабуе таго тая эпоха, у якую яны дзейнічаюць. Ці ж гэта магчыма? Мабыць, не, бо калі б персанажы падобных раманаў сапраўды ўжывалі лексіку выключна тых эпох, пасля першай жа старонкі сярэднестатыстычны чытач закінуў бы такую кніжку куды падалей. Не кожны ж гатовы чытаць забаўляльную літаратуру, узброіўшыся дзясяткамі тамоў слоўнікаў гісторыі мовы.

Заданні

Вызначыце, што перад вамі: архаізмы ці гістарызмы. Растлумачце значэнне словаў.

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Вуй – дзядзька па матчынай лініі (архаізм) < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.
Жупан – верхняя мужчынская вопратка (гістарызм)
Ядваб – шоўк (архаізм)
Пуд – мера вагі ў прыкладана 16 кг (гістарызм)
Ударнік – той, хто лепш за ўсіх працуе (гістарызм-саветызм)
Фальварак — невялікае сельскае паселішча ў 1—5 двароў (гістарызм)
Дзясніца – правая рука (архаізм)
Палясоўшчык – ляснік (архаізм)
Грабар – землякоп (архаізм)
Каморнік – землямер (архаізм)
Будзёнаўка – вайсковая шапка (гістарызм-саветызм)
Дзіда – халодная зброя даўжынёй у 3-4 метры (гістарызм)
Каптан – верхняя мужчынская вопратка (гістарызм)
Балонка – старонка ў кнізе (архаізм)
Камбед – камітэт беднаты (гістарызм-саветызм)
Адродак – нашчадак (архаізм)
Пяцігодка – пяцігадовы план (гістарызм-саветызм)
Рыдван – вялікая дарожная карэта (гістарызм)
Скрыжалі — дошка ці пліта з напісаным на ёй старажытным тэкстам, свяшчэнным ці культавым (гістарызм)

Прачытайце фразеалагізмы, апішыце іх значэнне. У кожным з фразеалагізмаў знайдзіце састарэлае слова. Ці ведаеце, што яно азначае?

Заводзіць катрынку – дакучліва гаварыць пра што-небудзь (катрынка – пераносны механічны арган у выглядзе невялікай скрынкі ў вандроўных музыкаў) < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.
Лезці на ражон – (ражон – востры кол, які выкарыстоўваўся на паляванні)
Зрабіць на адзін капыл – зрабіць падобна, аднолькава (капыл – кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак)
Каланіца носіць – пра таго, хто не ў пару аказваецца дзе-небудзь (каланіца – шмараванне для драўляных колаў)
Мераць асьмінай – мець, нажыць многа грошай (асьміна – старая мера аб’ёму сыпкіх рэчываў, роўная 105 літрам)
Пачым фунт ліха – якія бываюць цяжкасці, выпрабаванні ў жыцці (фунт – састарэлая мера вагі, роўная 409 гр.)
Сямі пядзяў у лбе/лобе – вельмі разумны, здольны (пядзя – даўнешая мера даўжыні, роўная 18-20 сантыметраў)
Шарварку адрабляць – марудліва, абыякава, без старання рабіць якую-небудзь справу (шарварка – грамадская працоўная павіннасць па будаўніцтве і рамонце дарог, мастоў, грэбляў у ВКЛ, Рэчы Паспалітай у 15-18 стст.)

 
Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат