Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Спорт

12.01.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Сінтаксічная норма беларускай мовы

Адметнасць беларускай мовы выяўляецца не толькі ў яе лексіцы, фанетыцы, марфалогіі, словаўтварэнні, але таксама ў сінтаксісе – іншымі словамі, у будове фразы.

Калькаванне моўных канструкцый – гэта глыбінная асіміляцыя мовы. К. Чорны ў свой час назваў яе злачынствам, а Цвірка – моўным шашалем. Мы б зараз сказалі, што гэта праява трасянкі.

Напрыклад, абвестка:

Арганізацыя прадае тавары па цэнах, ніжэй рыначных.

Па-беларуску можна і трэба сказаць значна прасцей:

– Арганізацыя прадае тавары танней, чым на рынку

або

– за больш нізкі, чым на рынку, кошт.

Яшчэ адзін прыклад: Павялічыць з 1 красавіка прадаўжальнасць часткова аплачваемага водпуску па догляду за дзіцём да дасягнення ім трох гадоў.

Тут мы бачым абсалютна штучныя ўтварэнні для беларускай мовы:

– прадаўжальнасць аплачваемага адпачынку

– па догляду за дзіцём

Можна папросту напісаць так:

Павялічыць з 1 красавіка працягласць часткова аплатнага адпачынку для догляду дзіцяці да трох гадоў.

Такіх прыкладаў шмат, але спынімся толькі на самых пашыраных:

Канструкцыі назоўніка ў давальным склоне з прыназоўнікам ЗА

Гэта не беларуская, а руская сінтаксічная канструкцыя. Напрыклад, у“Беларуска-рускім слоўніку” Некрашэвіча і Байкова (1926) мы бачым натуральную беларускую канструкцыю: ПА + назоўнік меснага склону (па чым, па кім, па ім мы атрымаем спадчыну). Але падчас рэалізацыі бальшавісцкай ідэі зліцця нацыяў, іх культуры і мовы ў адзіную савецкую нацыю, культуру і мову (30-80-ыя гг.) штучна насаджалася руская канструкцыя з давальным склонам: напр., гаварыць па тэлефону.

Дайшло да поўнага абсурду, калі ў множным ліку выкарыстоўвалася натуральная канструкцыя з месным склонам (атрымаць па заслугах), а ў адзіночным ліку – чужая канструкцыя з давальным склонам (па свайму жаданню). Да таго ж, канструкцыі з прыназоўнікам ПА не маюць такога пашырэння ў беларускай мове, як у рускай.

Канструкцыі назоўніка ў творным склоне са значэннем руху з прыназоўнікам ЗА

Чаму б не замяніць абсалютна нетыповую для беларускай мовы канструкцыю “Паездка ў Польшчу за набыццём тавараў” канструкцыяй “…для набыцця тавараў” або сказаць проста: “Паехалі па тавар” ці “Паехалі набыць тавар”.

Або, напрыклад, такі выраз: “Хлопчык пабег па бацьку”. Бо калі мы скажам за бацькам, значыць, ён даганяе бацьку.

Канструкцыі назоўніка ў родным склоне з прыназоўнікам У пры абазначэнні адлегласці

Канструкцыю “ў дваццаці кіламетрах ад горада”, якая сфармавалася пад уплывам рускай мовы, варта замяніць на ўласна беларускую “за дваццаць кіламетраў ад горада”. Тое ж тычыцца і канструкцыі “атрад у дваццаць чалавек”, замест якой трэба ўжываць “атрад з дваццаці чалавек”.

Канструкцыі вышэйшай формы параўнання з назоўнікамі роднага склону без прыназоўніка

Трэба казаць: большы за гару; горшы за свайго/ горшы, чым свой замест: большы гары, горш свайго.

Смешна выглядае і калькаванне рускага выраза “зарабатывать на стороне”: “80 працэнтаў студэнтаў вымушаны падрабляць на баку нават у разгар экзаменацыйнай сесіі”. Па-беларуску можна атрымліваць заробак збоку, але толькі не на баку, а таксама на спіне, на каленях, на нагах і г.д. Таму беларуская калька натуральнай рускай канструкцыі ‘на стороне’ – моўная недарэчнасць.

Такая ж недарэчнасць – беларуская калька “мы за цаной не пастаім”. Можна пастаяць за дрэвам, за сцяной, а не за цаной. Па-беларуску лепей сказаць: Цана мяне не палохае! Цана для мяне – не праблема/ не перашкода.

Пры падрыхтоўцы заняткаў былі выкарыстаны матэрыялы з кнігі “Культура мовы” Паўла Сцяцка.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Перакласці:

Женщинам по секрету –жанчынам пад сакрэтам

Писать по адресу – пісаць на адрас

Ходить по грибы и по ягоды – хадзіць у грыбы і ў ягады

Жить у самого моря – жыць каля самага мора

Стоять у микрофона – стаяць пры мікрафоне

По моему мнению – на маю думку

Выше моего понимания – вышэй за маё разуменне, непадуладна майму разуменню, гэтага я не разумею

Читать про себя – чытаць самому сабе

Заболеть корью – захварэць на адзёр

Выбрать по своему вкусу – выбраць на свой густ

Подобрать по своему росту – падабраць пад свой рост

Благодарить кого – дзякаваць каму

Простить кого – прабачыць каму

Смеяться над кем – смяяцца з каго

Издеваться/ подтрунивать над кем – здзеквацца/ кпіць з каго

По направлению к реке – у напрамку да ракі

Большой по размеру – вялікі памерам

Идти по лесу – ісці лесам

По закону – у адпаведнасці з законам, паводле закону

По моему зову – на мой заклік

По праздникам – у святы

Стрелять по бандитам – страляць у бандытаў

Создан по образцу – створаны на ўзор

Пойти в магазин за молоком – пайсці ў краму па малако

Из-за тебя – праз цябе

Жить по соседству – жыць у суседстве

Удивляться чему – здзіўляцца з чаго

Сказать во весь голос – сказаць на поўны голас

Жениться на ком – (а)жаніцца з кім

К праздничному столу – на святочны стол

Работа над ошибками – выпраўленне памылак

Задание на дом – заданне дадому

Заведующий кафедрой – загадчык кафедры

Два раза в неделю – два разы на тыдзень

Он старше брата – ён старэйшы за брата (старэйшы, чым брат)

В пяти метрах от дома – за пяць метраў ад хаты

Грустить по своему дому – сумаваць па сваім доме

В Америку за счастьем – у Амерыку па шчасце

Охотиться за волками – паляваць на ваўкоў

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат