Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Цырульня

12.05.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Злучнік (+ВІДЭА)

Злучнік



powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПАВАЦЬ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПАВАЦЬ РАЗДАТКУ Ў WORD

Злучнік – службовая часціна мовы, якая злучае паміж сабой асобныя словы ці часткі складанага сказа.

Злучнікі могуць быць простыя (вытворныя і невытворныя) і састаўныя. Простыя невытворныя з’яўляюцца, натуральна, найбольш старажытнымі (і, ды, а, ці, але і г.д).

Да састаўных адносяць злучнікі кшалту для таго каб, у той час як, таму што, нягледзячы на тое, што… Такія злучнікі ўжываюцца пераважна ў кніжнай мове і служаць ілюстрацыяй так званай тэндэнцыі інтэлектуалізацыі, уласцівай большасці сучасных моваў.

Злучнікі могуць быць таксама паўторныя (ці… ці, ні… ні) і парныя (хоць… але, калі… то).

Паводле сваёй функцыі злучнікі падзяляюцца на злучальныя (і, ні… ні, але, аднак і інш.) і падпарадкавальныя (бо, як, што, хоць, чым).

Спынімся тут на найбольш адметных беларускіх злучніках.

Ці/або/альбо (рус. или/либо). Злучнікі ці і або сінанімічныя ў нашай мове і часта ўжываюцца ў адным сказе з мэтай пазбегчы паўтораў (Па вечарах ён чытаў кнігі ці глядзеў тэлевізар або гуляў з сабакам у парку.) Злучнік альбо з’яўляецца варыянтам злучніка або (ён або я = ён альбо я). Дарэчы, у пытальных сказах ці – гэта часціца. Звярніце ўвагу на тое, што ці заўсёды стаіць на пачатку сказа: Ці ты паеў ужо? Памятаеце рускую песню: Виновата ли я, что люблю? Па-беларуску гэты радок мусіць гучаць: Ці вінаватая я, што кахаю (люблю)?

І/й. Злучнік і мае фанетычны варыянт й (не перадаецца на пісьме паводле афіцыйнага правапісу, але з’яўляецца нормай вымаўлення), які выступае ў пазіцыі пасля слова, што заканчваецца на галосны: мама [й] тата.

Ды/і/але (рус. и, но). Злучнік ды можа выступаць у якасці сіноніма да 1. злучніка і (рэкі ды азёры); 2. злучніка але (Напісаў ліст сябру, ды перадумаў дасылаць). Сам злучнік але (не блытаць са случнікам або!) мае кніжны сінонім аднак (рус. однако). Дарэчы, у гутарковай мове але (часціца) можа ўжывацца як сцвярджальнае так.

Ні… ні. Злучнік ні… ні мае гутарковы варыянт ані… ані: ані тое ані сёе.

Калі/як (рус. когда, если). Перакладаецца на рускую злучнікам когда, калі мае значэнне часу (Пойдзем увечары, калі (як) сцямнее.), і злучнікам если, сінанімічным злучніку як, пры значэнні ўмовы (Калі паспею, зраблю сёння.) А злучнік калі б адпавядае рускаму если бы (Абавязкова заскочыла б да цябе ўчора, калі б змагла). Памятаеце Барадуліна: Што было б тады б, калі б вырас у хаце эўкаліпт…

Каб (рус. чтоб, чтобы). Часцей за ўсё абазначае мэту (Устаў раней, каб не спазніцца.) Аднак у гутарковай мове можа таксама мець значэнне ўмовы і быць сінанімічным злучніку калі б (Абавязкова заскочыла б да цябе ўчора, каб змагла.) Надзвычай шырока прадстаўлены ў народнай творчасці: прыказках, прымаўках, праклёнах, песнях: Каб табе моль пяты пааб’ядала! Каб на цябе пярун!

Каб я ж гэта знала,

Што замужам ліха,

Я б сядзела бы, бульбу ела бы

У матуленькі ціха. (Народная песня)

 

Бо/таму што (рус. потому что). Бо больш гутарковы сінонім да злучніка таму што, які сам часцей ужываецца ў кніжнай мове (Не буду рабіць, бо не хачу!)

 

Акрамя/апрача/апроч (рус. кроме). У адрозненне ад акрамя, варыянты апрача і апроч з’яўляюцца больш гутарковымі (Ніхто, апроч нас.)

 

Які/што/каторы (рус. который). Гэта сінонімы, аднак злучальнае слова каторы сёння ўжываецца абмежавана, што, магчыма, тлумачыцца жаданнем пазбегчы супадзення з рускай мовай, і наадварот, што становіцца ў падобных канструкцыях вельмі папулярным: Чалавек, што (які, каторы) павітаўся са мной.

 

Быццам/быццам бы/нібы/нібыта/бы/як/што (рус. как будто, будто, как). Сінонімы і могуць ўзаемазамяняцца ў кантэксце: Быццам (быццам бы/нібы/нібыта/бы/як/што) белыя пралескі, на небе расцвілі першыя зоркі.

 

Што да/што тычыцца/як да (рус. что касается). Апошнім часам актыўна ўжываюцца канструкцыі што да і як да, магчыма, з мэтай пазбегчы калькавання з рускай: Што да мяне (як да мяне), дык я цалкам згодны.

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Перакласці на беларускую мову

 

  1. Солнце было еще высоко, но уже не грело.

* Сонца было яшчэ высока, ды/але ўжо не грэла.

  1. То ли птицы поют, то ли ручейки журчат по узловатым корням деревьев.

* Ці то птушкі спяваюць, ці то раўчукі (ручаіны) цурчаць (журчаць) па вузлаватым карэнні сосен.

  1. Птиц, видимо, там не было, или они просто не отваживались подавать голос.

* Птушак, відаць, там не было, ці/або/альбо яны папросту не адважваліся падаваць голас.

  1. Только вершины дубов, если прислушаться, как будто пели колыбельную аистятам, которые лежали в гнезде.

* Толькі верхавіны дубоў, калі ўслухацца, нібыта/ нібы/быццам/быццам бы спявалі клыханку буслянятам, што/якія ляжалі ў гняздзе.

  1. Приятно пробираться на рассвете к озеру і бесшумно, чтобы не испугать птицу, еще спящую в кустах, забросить в неподвижную воду удочки.

* Прыемна прабірацца на світанні да возера і бясшумна, каб не спудзіць/спалохаць птушку, якая/што яшчэ спіць у кустах, закінуць у нерухомую ваду вуды.

  1. Костел такой, что если захочешь глянуть на его маковку, то шапка падает с головы.

* Касцёл такі, што як/калі зірнуць на яго макаўку, дык/то шапка падае з галавы.

  1. Когда я спрятался за елкой и начал наблюдать, черепаха высунула голову из-под панциря и осмотрелась, не угрожает ли ей что-либо, и понемногу стала двигаться вперед.

* Калі я схаваўся за елку і пачаў назіраць, чарапаха высунула галаву з-пад панцыра ды агледзелася, ці не пагражае ёй што, і патроху (памалу, паціху, пакрысе) пасунулася наперад.

  1. Проходят дни, идут своей чередой зимы и лета с их холодами и жарой, с бурями и грозавыми дождями, а дубы спокойные, как человек, который все познал на свете, всё пережил и уже ничего нового не ждет от жизни, кроме смерти.

* Праходзяць (мінаюць) дні, ідуць сваёй чарадой зімы і леты з іх халадамі і спякотай (спёкай), з бурамі і навальніцамі, а дубы спакойныя, як чалавек, які ўсё пераведаў (зведаў, зазнаў) у свеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцця, апроч/апрача/акрамя смерці.

  1. Только что он восхищался высоким обрывистым берегом, как вдруг дорожка, будто белый ручеек, покатилась с пригорка вниз и перед глазами его раскинулся безграничный сенокос, как будто кто-то расстелил огромный-огромный ковер, который вдали сливался с голубым шелком июньскаго неба.

* Толькі што ён захапляўся высокім стромкім (абрывістым) берагам, як раптам дарожка, што/нібы/нібыта белая ручаінка, пакацілася з узгорка (пагорка) ўніз (долу) і перад вачыма яго раскінулася бязмежная сенажаць, як бы /быццам бы/быццам разаслаў хто вялізны-вялізны дыван, што/які зліваўся ўдалечыні з блакітным шоўкам чэрвеньскага неба.

 

 

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат