Пра курсы
ГАРАДЫ :


26.02.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ “Вушацкі словазбор” Барадуліна (+ВІДЭА)

Вытрымкі з непаўторнага збору словаў народнага паэта Беларусі.

powerpoint70  СПАМПАВАЦЬ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70  СПАМПАВАЦЬ ФАЙЛ WORD

“Вушацкі словазбор” – адзін з выніковых твораў Рыгора Барадуліна. І пісаўся ён, паводле словаў аўтара, амаль 60 год.

Яшчэ хлопчыкам у сёмым класе Барадулін узяў сшытачак, зрабіў з яго нататнік і пачаў запісваць розныя народныя словы і выразы роднай Вушаччыны. І першай, за кім ён пачаў занатоўваць розныя цікавінкі, была маці Куліна.

“Вушацкі словазбор” быў укладзены Наталляй Давыдзенка і складаецца з некалькіх частак:

Слоўнік, дзе ў алфавітным парадку падаюцца ўнікальныя словы жывой мовы Вушаччыны (якая належыць да полацкіх гаворак паўночна-ўсходняга дыялекту беларускай мовы), а таксама ўстойлівыя выразы, параўнанні, прыказкі і прымаўкі.

Ізборнік, у якім сабраны розныя прыкметы, пажаданні, праклёны, хуткамоўкі, загадкі і інш.

Гаваркое слова, або Жыццё, як яно ёсць… Успаміны маці паэта, а таксама ягоных сваякоў і землякоў.

Генадзь Бураўкін адзначаў, што ў кнізе два аўтары: “Барадулін і беларускі народ з яго гісторыяй, бедамі, жартамі, жальбамі і ціхай замілаванасцю”.

Дзядзька Рыгор спяшаўся занатаваць усе цікавыя словы і выразы, якія чуў ад вушацкіх людзей. Часам ён рабіў гэта адразу, дастаючы нататнік і падчас гутаркі з землякамі запісваючы іх. Калі так не атрымлівалася – бег дахаты, каб не забыцца і занатаваць тое каштоўнае і сапраўднае, што хацеў перадаць  сучаснікам і нашчадкам.

У сваім інтэрв’ю пасля выхаду “Вушацкага словазбору” Барадулін тлумачыць, чаму кніга – гэта плён ягонай супрацы з землякамі. Ён кажа, што крыху стылізаваў, часам і падпраўляў тэкст, “але так, каб не было заўважна”. А калі ў галаву прыходзілі нейкія прыказкі ці прымаўкі, дзядзька Рыгор не заўсёды ведаў, ці гэта было вушацкае, ці гэта ён сачыніў сам.

Уладзімір Някляеў у бліскучай прадмове да Барадулінскага словазбору пісаў: “Ён адзіны беларускі паэт, які існуе толькі ў мове й выключна ў ёй. Існуе гэткім жа неверагодным цудам, якім сама мова існуе ў пабураным – альбо дасюль не створаным – беларускім свеце. І ў гэтым свеце Барадулін робіць тую працу, якую ў іншых светах робіць народ: мовастваральную (вылучэнне А.Л.). І яшчэ аберагальную, бліскуча скарыстоўваючы й тым самым захоўваючы тое, што народ ужо стварыў і за што некалі скажа дзякуй свайму Паэту”.

 

Заданні

Як вы думаеце, што гэта?

Тут і ніжэй вылучыце белае поле справа ад загаданага слова, каб пабачыць правільны адказ.

Лістаноска паштарка. Адна лістаноска прывяла яе к нам.

Бярэннік хто бярэ. Было б што даць, а бярэннікаў знойдзецца.

Бязручыцаняўмека. Такая бязручыца – ні пашыць, ні памыць.

Лёк расол з-пад селядцоў.

Маца́кмоцнае яйка, якім б’юць іншыя яйкі на Вялікдзень.

Напатканецсустрэчны. Ішла полем і напатканцу таму дарогу паказала.

Наса́тка насоўка. Хоць насаткай вытрыся.

Неўдаплакса, румза, нюня. Як уродзіцца неўда, дык да сівой барады румзаіць.

Падуросткіпадлеткі. І падуросткі пачалі нарэшце за розум брацца.

Пе́кліццамучацца; яшчэ – цяжка працаваць (як у пекле). Як жа ён пекліцца са сваёй хваробай. Цэлы век

Прыбабунькавясёлая прыгаворка. Ён без прыбабунькі й кроку ня ступіць, і за стол ня сядзіць.

Увалокінізіна. На ўвалоках ураджай не збярэш – там заўсёды мокра.

Упікапапрок. Твае ўпікі мне ўсю душу пераелі.

Уруччакій, палка, кавенька, папірушка. Хоць якое ўручча ў руку ўзяць, усё ж прыступней ісці.

Шалманка забягалаўка, піўніца. У шалманкі гэты, дзе гарэлка, ходзюць піць.

Шчамельчмель. Што ты як той шчамель шчэмішся?

Галабурдалухта, несусвеціца. Ён нясець усякую галабурду як наняты.

На́гліцамор, раптоўная хвароба, эпідэмія. Во якая нагліца навалілася, людзі як мухі мруць.

 

 

Што азначаюць гэтыя вушацкія прыказкі і прымаўкі? Якія іх іншыя беларускія аналагі вы можаце ўзгадаць?

Век зжыць – не мех сшыць. = Век звекаваць – не пальцам паківаць. Жыццё пражыць – не песеньку спець. Жытку пражыць – не люльку выкурыць.

Вышэй за лоб не ходзяць вочы. = Вышэй ад сваіх пят не падскочыш. Вышэй носа не пераскочыш.

Зарадзіўся сабака з лысінкай, дый і здохніць з ёй. = Гарбатага хіба труна выпрастае (паправіць). Гарбатага выпрастае магіла, а ўпартага – дубіна.  Крывога дрэва не выпрастаеш. З дугі аглоблі не зробіш. Калі пень, то і будзе пень.

У вар’ята штодня свята. = Дурны законаў не чытае, ды свае мае. Для вар’ята няма свята. Дурны сабака і на гаспадара брэша.

І ігрушкі коцяцца недалёка ад гнілушкі. = Якая матка, такое й дзіцятка. Якое дрэва (які целяш, дуб, явар), такі клін, які бацька, такі сын. Якая хатка, такі і тын, які бацька, такі і сын. Які млын, такі і ставок, які бацька, такі і сынок.  Яблычак ад яблыні далёка не адкочваецца. Якое карэнне, такое і насенне. Які куст, такі і парастак. Які род, такі й плод.

Ціхая свіння глыбока рыець. = У ціхім балоце чэрці растуць. І чорт ціхманам быў.  Хто ціха ходзіць, той густа месіць. Ціхая вада грэблю рве.

Чарачкі ды румачкі давядуць да сумачкі. = Хто па гарэлку часта ходзіць, той сам сабс шкодзіць. Хто п’е, той доўга не жыве. Гарцы ўвядуць у старцы. П’янства розум з’ела. Чарка і сварка да добрага не давядуць. Чорту душу аддаў, бо часта ўгару заглядаў. Вада жывіць, а гарэлка губіць.

П’янаму і козы ў золаце. = П’яніцу і ў лужыне рай. Нап’ецца, дык з царамі б’ецца (а як праспіцца, дык і курыцы баіцца). Для п’янай галавы ўсюды роўна, а для ног – адны ямы.

Дрэнная карова адна прыйдзець і ўсіх сапсуець. = Праз аднаго Іванка ўсім заганка. Праз аднаго барана ўвесь статак паганы. Дурны баран усю чараду збянтэжыць.

 

 

Адгадайце загадкі:

Ані шпунта, ані дна – поўна бочачка віна. ЯЙКА 

Ішлі лесам, пяялі басам, няслі драўляны піражок з мясам. ХАЎТУРЫ

Падае з гары, а б’е ўнізе. МАЛАНКА

У клубочку сем дзюрачак. ГАЛАВА

Ляціць, крычыць: кум, кум. А сядзець – кроў п’е. КАМАР

Повен хлявец белых авец. ЗУБЫ

У заданнях выкарыстаныя матэрыялы “Вушацкага словазбору” Рыгора Барадуліна” і “Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем” Змітра Санько.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат