Пра курсы
ГАРАДЫ :


30.10.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Можна так, а можна так (+ВІДЭА)

Варыянтнасць і норма ў беларускай мове


Звычайна нацыянальная мова існуе ў сваіх двух варыянтах: пісьмовым (літаратурная ўзорная мова) і вусным (гутарковая мова, дыялекты, жаргоны). Прычым калі ў вуснай мове да варыянтнасці ставяцца “нармальна”, цярпліва, талерантна, дык у пісьмовай назіраецца імкненне да больш строгай нармалізацыі. Што ж такое норма? Гэта зафіксаваныя на пісьме (кадыфікаваныя) правілы вымаўлення, напісання, словаўтварэння, словазмянення і словаўжывання. Асноўная задача нармалізацыі – забяспечыць аднолькавае разуменне і выкарыстанне мовы ўсімі яе носьбітамі на ўсёй тэрыторыі краіны. Нормы могуць быць строга абавязковымі, як, напрыклад, правапісныя, з якіх  звычайна пачынаецца кадыфікацыя, і менш жорсткімі чым далей мы адыходзім ад правапісу ў бок граматыкі, лексікі і сінтаксісу. Таму правілы правапісу нярэдка прымаюцца на дзяржаўным узроўні , а вось іншыя правілы найболш поўна фіксуюцца ў так званых “акадэмічных” граматыках і тлумачальных слоўніках.

Аднак норма з цягам часу можа змяняцца. Што ж звычайна прыводзіць да такіх зменаў? Гэта могуць быць і ўнутрымоўныя фактары (напрыклад, уплыў народна-гутарковай мовы, кантакты з іншымі мовамі, сітуацыя білінгвізму), і пазамоўныя фактары, такія як палітычная сітуацыя ў краіне, “мода” на мову і г.д.

Змене літаратурнай нормы папярэднічае  перыяд яе варыянтнасці ў мове. Спачатку ў жывым маўленні з’яўляюцца два ці некалькі дастаткова раўназначных варыянтаў, якія пэўны час суіснуюць паралельна, пасля яны ўводзяцца ў літаратурную мову і замацоўваюцца ў ёй, а потым новы варыянт нормы часам можа нават выціснуць з ужытку той варыянт, які папярэдне раней лічыўся адзіна нарматыўным.

Гэта значыць, што літаратурная норма фактычна не высечана з каменю. Паколькі вуснае маўленне дынамічнае, змяняецца значна хутчэй за пісьмовую літаратурную мову, тая, як больш кансерватыўная, прадказальна ад яго адстае і часта са значным спазненнем фіксуе выкарыстанне тых формаў ці словаў, якія ўжо прыжыліся ў жывой гаворцы (напр., паводле Тлумачальнага слоўніка спалучэнне грамадзянскі шлюб – устарэлае).

Наяўнасць варыянтаў нормы характэрная для любой мовы, як і няспынны працэс папаўнення літаратурнай мовы за кошт рэсурсаў жывога маўлення. Але ў розных мовах гэты працэс мае розную інтэнсіўнасць. У нашай, беларускай, мове гэты працэс адбываецца значнай актыўней, чым, да прыкладу, у суседняй рускай, што абумоўлена, у першую чаргу, спецыфікай яе фармавання. Калі руская – мова з працяглай літаратурнай традыцыяй, дзе літаратурны варыянт фармаваўся пад уплывам царкоўнаславянскай мовы і паступова набліжаўся да гутарковага варыянту, а норма адрозніваецца жорсткасцю і нават пэўнай акасцянеласцю, дык літаратурная традыцыя новай беларускай мовы наадварот мае непрацяглы характар, бо сучасная беларуская літаратурная мова пачала фармавацца толькі ў 19 стагоддзі на базе народных гаворак і практычна не працягвае старабеларускую літаратурнамоўную традыцыю. Таму норма сучаснай беларускай мовы адрозніваецца большай адкрытасцю і меншай строгасцю і прасцей дазваляе дыялектным і гутарковым элементам пранікаць ў сябе.

Такім чынам, па-першае, наяўнасць варыянтаў у нацыянальных мовах – гэта з’ява заканамерная і, так бы мовіць, “нармальная”. Па-другое, норма ў беларускай мове менш жорсткая, чым, напрыклад, у рускай мове, таму прыняцце рускай мовы за ўзор і ацэнка варыянтнасці і нарматыўнасці ў беларускай мове праз прызму рускай нам падаецца няправільнай і нават шкоднай, бо не ўлічвае розны характар фармавання гэтых моваў і прыналежнасць да адрозных літаратурнамоўных традыцый.

Варыянты нормы:

  1. Акцэнталагічныя варыянты (варыянты націску). Абумоўлены тым, што ў беларускай мове націск нефіксаваны, як, напрыклад, у польскай, і можа падаць на розныя склады ў слове, а таксама ў розных формах аднаго слова (нясу – несяце):

Воблакі – аблокі

Перапалох – пярэ́палах

  1. Фанетычныя варыянты. Узнікаюць пад уплывам тэндэнцыі да спрашчэння, аналогіі, а таксама ў выніку кантактаў з іншымі мовамі (напр., запазычанне словаў з рускай і польскай моваў) і пад уплывам гаворак.

Агурок – гурок

Іграць – граць

Рваць – ірваць

  1. Словаўваральныя варыянты, што адррзніваюцца звычайна   прыстаўкамі і суфіксамі пры наяўнасці таго самага кораня.

Зэдаль – зэдлік

Сум – сумота

Гарбузны – гарбузовы

Нуда – нудота

  1. Граматычныя варыянты. Словы адрозніваюцца родам, лікам, склонавымі канчаткамі і г.д. Могуць узнікаць пад уплывам гаворак ці пад уплывам іншых моваў (перадусім рускай і польскай).

Бярлога – бярлог

Слоў – словаў

Рукаў – рукаво

Вачамі – вачыма

  1. Лексічныя варыянты. З’яўляюцца самымі шматколькаснымі, паколькі лексіка, як адкрытая сістэма, першай рэагуе на змены ў розных сферах грамадства, з’яўленне новых рэалій і г.д. і ў сілу сваёй адкрытасці аказвае адчувальнае процідзеянне нармалізацыі і ўніфікацыі. Пад уплывам розных пазамоўных працэсаў з’яўляюцца новыя словы, а старыя сыходзяць у лексічную перыферыю, можа трансфармавацца значэнне слова, яго стылістычныя адценні і г.д. Аднак нельга блытаць варыянтнасць у лексіцы са з’явай сінаніміі (хіба што варыянтамі могуць лічыцца толькі поўныя сінонімы). Варыянты ў мове – гэта фармальна адрозныя элементы, якія маюць аднолькавыя функцыі ці значэнне. Паколькі мова – эканомная сістэма, то для яе ўласціва імкненне пазбавіцца збыткоўных дублетаў, якія не маюць ніякіх дадатковых адценняў значэння і не адрозніваюцца сваім ўжываннем.

Мінск — Менск

Брэст – Берасце — Бярэсце

Экзамены — іспыты

Канікулы – вакацыі

  1. Сінтаксічныя варыянты. Таксама ўзнікаюць пад уплывам беларускіх гаворак ці суседніх моваў (польскай і рускай).

Гаварыць па тэлефоне – гаварыць па тэлефону

Сустракацца па вечарах – сустракацца вечарамі

Ва Украіне – на Украіне

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.
Падабраць варыянты да наступных словаў:

Адгалосак – водгаласак < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

Гайда́цца – гойдацца

Лята́ць – лётаць

Прасядзе́ць – прасе́дзець

Шоўкавы – шаўковы

Доўгі – даўгі́

Аржаны – іржаны – ржаны

Акенцы – аконцы

Аплочваць – аплачваць

Можа – мо

Трэба – трэ

Бездараж – бездарожжа

Аклеены – абклеены

Дакладаць – дакладваць

Хітрыць – хітраваць

Выкладчык – выкладнік

Вясенні – вясновы – веснавы́

Стальны – сталёвы

Ранены – паранены

Быт – побыт

Шантажыраваць – шантажаваць

Спартсмен — спартовец

Крывёй – крывёю – кроўю

Галава – голаў

Слязамі — слязьмі

У вушах – у вушшу

Год – гадоў

Сясцёр – сёстраў

Скроней – скроняў

Зрабіў – быў зрабіў

Ісці па бацьку – ісці за бацькам

Пасвіць коней – пасвіць коні

Гродна Горадна – Гародня

Ручка – асадка

Насякомае – жамяра

Фарфор – парцаляна

Васілёк – валошка

Магчыма — мажліва

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат