Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Матацыклы

22.05.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Тэрміны (+ВІДЭА)

Тэрміны


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПАВАЦЬ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПАВАЦЬ РАЗДАТКУ Ў WORD

 

З гісторыі беларускай тэрміналогіі

Беларуская тэрміналагічная сістэма пачала фармавацца ўжо ў пачатку ХХ ст. на старонках “Нашай нівы”, бо газета фактычна стала энцыклапедыяй беларускага жыцця і пісала пра розныя сферы, у тым ліку сельскую гаспадарку, прамысловасць, навуку, грамадскія працэсы, літаратуру і г.д. Такім чынам, са старонак “Нашай нівы” ва ўжытак патрапіла вялікая колькасць тэрмінаў, якія пакуль яшчэ не ўяўлялі сабой унармаваную сістэму. Наступным этапам развіцця нашай тэрміналогіі стала з’яўленне “Граматыкі для школ” Браніслава Тарашкевіча, у якой аўтар зрабіў першую спробу фіксацыі і нармалізацыі лінгвістычнай тэрміналогіі, што існавала на той момант (пpадмeтнiк, ажыўлeныя i нe ажыўлeныя пpадмeты, імя coбcкаe i агyльнаe, злoжаны cказ). Можна таксама ўзгадаць першыя перакладныя слоўнікі братоў Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх (напр., “Маскоўска-беларускі слоўнік”, 1918), а таксама “Сямімоўны слоўнік” (Лейпцыг, 1918) у якім была прадстаўлена беларуская мова поруч з нямецкай, латышскай, літоўскай, польскай, рускай мовамі і ідыш.

Найбольш актыўным перыядам фармавання беларускай тэрміналогіі сталі 20-ыя гг. ХХ ст., калі адбываўся т. зв. працэс беларусізацыі. У гэты час быў фактычна закладзены падмурак беларускай тэрміналогіі. Была створана Навукова-тэрміналагічная камісія, якая падрыхтавала і выдала больш за 20 выпускаў “Беларускай навуковай тэрміналогіі” ў галіне хіміі, фізікі, мовазнаўства, псіхалогіі, права, бухгалтарскай справы, войска і інш.

У гэты перыяд асноўным прынцыпам фармавання тэрміналогіі стала яе ўзбагачэнне за кошт уласных рэсурсаў (пурыстычная тэндэнцыя):

Аднак хутка стала відавочна, што гэтых рэсурсаў недастаткова для фармавання паўнавартаснай тэрміналагічнай сістэмы, таму ў якасці крыніцы ўзбагачэння выступілі таксама польская і руская (прычым польскай аддавалася перавага перад рускай): выспа, выдатак, затока, тлен – з польскай; абшчына, прадседацель, рашчот, патрабіцель – з рускай. Інтэрнацыянальная лексіка таксама трапляла ў мову звычайна праз пасярэдніцтва найперш польскай мовы (пазней – рускай): міт – міф, кляса – клас, барбар – варвар.

Шырокая варыянтнасць беларускай тэріналогіі пачатку ХХ ст. адлюстроўвае неўнармаванасць сістэмы і тлумачыцца найперш тым, што важнай крыніцай  папаўнення тэрміналогіі была народная вусная мова. Многія інтэрнацыянальныя тэрміны спачатку траплялі ў народныя гаворкі, дзе набывалі спецыфічныя рэгіянальныя асаблівасці, а адтуль ужо пранікалі ў  пісьмовую мову: раматус, руматуз, руматыз, рэматыз, рэўматызм і інш., фэльчар, фэйшар, хвэйчар, хвэльчэр, фельчар. Варыянтнасці таксама спрыялі вышэй узгаданыя запазычанні з польскай і рускай або праз гэтыя мовы, якія існавалі паралельна (васток – усход, буквар – лэмэнтар, міт – міф, барбар — варвар).

У 30-ыя гады ўласная тэрміналагічная праца была фактычна згорнутая. Асноўнай крыніцай узбагачэння беларускай тэрміналогіі на пэўны перыяд стала руская мова. Тэрміналагічная дзейнасць пачала аднаўляцца толькі ў 50-60 гады. Але сапраўдны зрух адбыўся падчас 90-ых (так званая другая хваля беларусізацыі) пасля прыняцця Закона аб мовах, які надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай. Такім чынам, пасля працяглага заняпаду пачаўся актыўны перыяд адраджэння мовы. Была ўтворана Рэспубліканская тэрміналагічная камісія, а таксама Тэрміналагічныя камісіі пры Міністэрстве адукацыі, Таварыстве беларускай мовы, БДУ і іншых установах, асноўнай мэтай якіх стала распрацоўка і дапрацоўка навуковай тэрміналогіі ў розных галінах. Аднак, на жаль, гэта актыўная праца пачала згортвацца пасля правядзення сумнавядомага рэферэндуму 1995 года, які надаў рускай статус другой дзяржаўнай мовы. Дарэчы, на мінулым тыдні быў сумны юбілей – 20-годдзе гэтага ганебнага рэферэндуму, які фактычна паклаў канец палітыцы беларусізацыі.

Асноўныя характарыстыкі тэрмінаў

  1. Наяўнасць азначэння таго паняцця, якое называе тэрмін.
  2. Тэндэнцыя да адназначнасці.
  3. Сістэмнасць.
  4. Стылёвая нейтральнасць і адсутнасць экспрэсіўнай афарбоўкі.
  5. Абмежаванасць ва ўжытку (ужываецца адпаведнымі прафесійнымі групамі людзей).

Часцей за ўсё ў якасці тэрмінаў выступаюць назоўнікі.

Структурныя асаблівасці тэрмінаў:

 

Заданні

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Знайсці беларускія адпаведнікі інтэрнацыянальных тэрмінаў:

Матор – * рухавік

Імпарт — * увоз

Інфінітыў – * неазначальная форма дзеяслова

Полісемія – * мнагазначнасць

Абстракцыя – * адцягненасць

Канфармізм – * прыстасаванства

Дэфіс – * злучок

Маркетынгавая лагістыка – * рух тавараў

Акумуляцыя – * накапленне

Анархія – * безуладдзе

Агрэсар – * захопнік

Ліцэнзія – * дазвол

Гарантыя – * парука

Аванс – * задатак

 

Назваць сучасныя адпаведнікі тэрмінаў пачатку ХХ-га ст.:

Блізказначнік – * сінонім

Зваротнаспадчыннасьць — * атавізм

Сьветагляднасьць — * аптымізм

Пераносьня – * метафара

Бяспамяцьце – * амнезія

Апешаласьць – * апатыя

Пэўнік – * аксіёма

Тожслоўе – * таўталогія

Тожсамасьць – * тоеснасць

Дасьведчаньне – * досвед, вопыт

Зык – * гук

Ківач, махтач – * маятнік

Закавыка – * коска

Недасказ – * шматкроп’е

Роўніца – * плоскасць

Каморка – * клетка

Самарух – * аўтамат, аўтаматызм

Нячуласьць – * анестэзія

Чужэслоў – * двукоссе

Аблуда – * памылка

Вучонае слова — * тэрмін

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат