Пра курсы
ГАРАДЫ :


16.09.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Сустрэнемся а палове на дзявятую

Дакладны і прыблізны час

powerpoint70 Цісніце і пампуйце прэзентацыю

Звярніце ўвагу на тое, што ў беларускай і рускай мове слова час мае рознае значэнне (гэтае слова – так званы ілжэсябра перакладчыка). Беларускае час на рускую перакладаецца як “время”, а рускае час – па-нашаму “гадзі́на”.

У беларускай мове існуе некалькі канструкцый для выражэння дакладнага часу. На пытанне: Якая (каторая) гадзіна? Колькі часу? Колькі зараз? – можам даць адказ: зараз восем гадзін трыццаць хвілін або папросту: зараз восем трыццацьГэта так званы “электронны” час. Паралельна ўжываецца форма палова (палавіна) на дзявятую (пад уплывам польскай мовы) і палова дзявятай. Калі гэта, напрыклад, 12.00, 13.00 і г.д., мы кажам: дванаццаць нуль-нуль, дванаццаць (роўна), дванаццаць апоўдні, поўдзень; трынаццаць нуль-нуль, гадзіна (роўна), гадзіна дня.

Дарэчы, па-беларуску можна сказаць не толькі хвіліна, але і мінута – гэта поўныя сінонімы, аднак ужывання слова мінута часта пазбягаюць праз яго супадзенне з рускім. Падобная сітуацыя і са словамі палова – палавіна. У беларускай мове гэта сінонімы, аднак слова палова ўжываецца значна часцей за другі варынт.

На пытанне: А якой (каторай) гадзіне? У колькі? Калі? – сёння фактычна маем паралельнае ўжыванне некалькіх формаў, сярод якіх найбольшую папулярнасць набыла канструкцыя з прыназоўнікам а: сустрэнемся а палове на дзявятую (а палове дзявятай). Ужываецца таксама форма з у: у палове на дзявятую (у палове дзявятай). Можам зноў жа сказаць: сустрэнемся ў восем трыццаць.

На пытанне: Як доўга (ідзе, працягваецца…)? Колькі доўжыцца? – адкажам: паўгадзіны, дзве з паловай гадзіны, а таксама да шостай (гадзіны вечара ці раніцы) або да шасці.

Акрамя дакладнага часу, інуюць таксама формы прыблізнага часу, якія ўтвараюцца пры дапамозе прыназоўнікаў каля, блізу, пад, перад, пасля, прыслоўя дзесьці, а таксама шляхам перастаноўкі словаў:

Фільм доўжыцца блізу дзвюх гадзін.

Каля палутара хвілін яму спатрэбілася, каб выканаць гэта заданне.

Мы дамовіліся спаткацца каля ўніверсітэта перад шостай (гадзінай) / перад шасцю (вечара).

Госці пачалі збірацца пад шостую вечара.

Дзесьці а восьмай раздаліся першыя ўдары грому.

Давай сустрэнемя гадзіне а другой (гадзіны ў дзве).

Таксама можа выкарыстоўвацца канструкцыя не больш (не менш) як (за):

Мне спатрэбіцца не менш як чвэрць гадзіны, каб адказаць на гэты ліст.

 

Заданне:

Адкажыце на пытанні: Колькі зараз? і Калі? Запішыце як мага больш варыянтаў адказаў словамі:

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

12.45

Колькі?    Дванаццаць (гадзін) сорак пяць (хвілін), без пятнаццаці гадзіна, без чвэрці гадзіна.< Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

Калі?   У дванаццаць (гадзін) сорак пяць (хвілін), без пятнаццаці гадзіна, без чвэрці гадзіна.

 

14.30

КолькіЧатырнаццаць (гадзін) трыццаць (хвілін), дзве трыццаць (дня), палова на трэцюю, палова трэцяй.

КаліА палове на трэцюю, а палове трэцяй, у палове на трэцюю, у палове трэцяй, у чатырнаццаць (гадзін) трыццаць (хвілін), у дзве трыццаць (дня).

19.25

КолькіДзевятнаццаць (гадзін) дваццаць пяць (хвілін), сем дваццаць пяць, дваццаць пяць (хвілін) на восьмую / дваццаць пяць (хвілін) восьмай.

Калі?  У дзевятнаццаць (гадзін) дваццаць пяць (хвілін), у сем дваццаць пяць, у дваццаць пяць (хвілін) на восьмую, у дваццаць пяць (хвілін) восьмай.

 

21.03

КолькіДваццаць адна гадзіна тры хвіліны, дваццаць адна нуль тры, дзевяць гадзін тры хвіліны, тры хвіліны на дзясятую, тры хвіліны дзясятай.

КаліУ дваццаць адну гадзіну тры хвіліны, у дваццаць адну нуль тры, у дзевяць гадзін тры хвіліны, у тры хвіліны на дзясятую, у тры хвіліны дзясятай.

00.50

КолькіДванаццаць (гадзін) пяцьдзясят (хвілін) ночы, без дзесяці гадзіна (ночы).

Калі?  У дванаццаць (гадзін) пяцьдзясят (хвілін) ночы, у нуль гадзін пяцьдзясят хвілін, без дзесяці гадзіна (ночы).

01.00

Колькі? Гадзіна нуль-нуль (ночы), гадзіна роўна.

Калі?  А першай (гадзіне) ночы, у гадзіну нуль-нуль, у гадзіну ночы.

 

Зрабіце з дакладнага часу прыблізны:

Сустрэнемся ў 15.00.Сустрэнемся каля трох дня, блізу трох, дзесьці а трэцяй, гадзіне а трэцяй, гадзіны ў тры, пад трэцюю, перад трэцяй, пасля трэцяй. < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

Праграма ідзе 30 хвілін. -  Праграма ідзе калі трыццаці хвілін, каля паўгадзіны, блізу паўгадзіны, дзесьці паўгадзіны, хвілін трыццаць, не менш як паўгадзіны, не больш як паўгадзіны.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат