Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Здаровае харчаванне

16.12.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Ступені параўнання прыслоўяў (+відэа)

Ступені параўнання прыслоўяў

 

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

 

Ступені параўнання: вышэйшую і найвышэйшую — утвараюць толькі якасныя прыслоўі з суфіксам -а- кшталту словаў далёка, добра, прыгожа.

 

Вышэйшая ступень параўнання мае простую і складаную формы. Простая форма ўтвараецца ад пачатковай формы прыслоўя пры дапамозе суфіксаў -ей, -эй, -ай (далёка – далей, прыгожа – прыгажэй), а таксама шляхам замены кораня з далучэннем суфікса (добра лепш, але ёсць і форма лепей, мала – менш, але і меней, дрэнна – горш і горай). Да гэтых формаў могуць далучацца і прыслоўі куды, яшчэ: працаваць куды лепш, бегчы яшчэ хутчэй. Трэба запомніць, што пры ўтварэнні формы параўнання прыслоўяў можа адбывацца чаргаванне зычных (доўга – даўжэй, суха – сушэй), а таксама выпадзенне суфіксаў –к-/-ок-/-ёк- (далёка – далей, шырока – шырэй).

Складаная, або апісальная, форма ўтвараецца пра дапамозе спалучэння прыслоўяў са словамі больш, менш (больш далёка, менш важна). Аднак такім шляхам нельга ўтварыць апісальную форму ад прыслоўяў многа ці мала.

Нельга забывацца на тое, што пасля вышэйшай ступені параўнання прыслоўяў мусіць ужывацца прыназоўнік за (піша лепш за яе) або параўнальная канструкцыя са злучнікам чым (як): Міхась піша дыктоўкі лепш, чым Антось.

Найвышэйшая ступень параўнання таксама мае простую і складаную формы. Простая форма ўвараецца далучэннем прыстаўкі най- да формы вышэйшай ступені (менш – найменш, далей – найдалей). Аднак прыслоўі з прыстаўкай най- (за выключэннем словаў найбольш, найменш, найгорш, найлепш) у мове ўжываюцца не вельмі актыўна.

Складаная форма ўтвараецца спалучэннем прыслоўяў са словамі найбольш, найменш (найбольш важна, найменш складана), а таксама спалучэннем формаў вышэйшай ступені са словамі за ўсё, за ўсіх (менш за ўсё, больш за ўсіх). Да прыслоўяў з прыстаўкай най- могуць далучацца часціцы як, чым, што з мэтай узмацнення значэння найвышэйшай ступені: зрабіць як найлепш, пабегчы чым найхутчэй.

 

Важна не блытаць ужыванне формаў параўнання прыслоўяў і прыметнікаў у нашай мове. Запомніце, што прыслоўі вышэйшай і найвышэйшай ступеняў параўнання заўсёды паясняюць дзеяслоў (гаварыць хутчэй, зрабіць найлепш), у той час як ступені параўнання прыметнікаў дапасоўваюцца да назоўнікаў (хутчэйшая хада, найлепшая праца). Змяшэнне гэтых формаў звычайна адбываецца пад уплывам рускай мовы і ў нашай мове з’яўляецца памылкай.

 

Заданне

Напішыце простую форму вышэйшай ступені параўнання прыслоўяў:

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Смела — смялей

Ціха — цішэй

Дрэнна, кепска – горш, горай

Позна — пазней

Суха — сушэй

Танна — танней

Дорага — даражэй

Цёпла — цяплей

Цяжка – цяжэй

Мала – менш, меней

Хутка — хутчэй

Рэдка — радзей

Доўга – даўжэй

Вузка – вузей

Рэдка – радзей

Глыбока - глыбей

Салодка – саладзей

Шпарка – шпарчэй

Ёмка – ямчэй

Горка - гарчэй

 

Перакладзіце сказы:

Костер разгорался всё сильнее  и сильнее. – Вогнішча разгаралася ўсё мацней і мацней.

Хуже всего в жизни неопределённость. – У жыцці горш за ўсё няпэўнасць.

На улице холодно, а в доме намного теплей. – На дварэ холадна, а ў хаце нашмат цяплей.

Ехать, конечно, легче, чем идти. – Ехаць, канечне, лягчэй, чым ісці.

Плохо, но бывает и хуже. – Дрэнна, але бывае і горш (горай).

Так плохо, что дальше некуда. – Так кепска (дрэнна, блага), што далей няма куды.

Грибов было много, но чаще всего попадались опята. – Грыбоў было шмат, але часцей за ўсё трапляліся апенькі.

Одним словом, теперь мы чувствовали себя увереннее. – Адным словам, цяпер мы адчувалі сябе больш упэўнена.

А дальше события развивались все интересней и интересней. – А далей падзеі развіваліся ўсё цікавей ды цікавей.

 

Устаўце патрэбныя формы:

  1. Надзя  выглядае молада, але вы выглядаеце яшчэ … – маладзей
  2. Яна пажылая жанчына, нават старая, значна …        за вас. — старэйшая
  3. Васіль ажаніўся вельмі рана, …               за мяне. — раней
  4. Дзеці ў іх яшчэ малыя, ..                за ўсіх нашых дзяцей. — меншыя
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат