Пра курсы
ГАРАДЫ :


09.01.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ. Скланенне назоўнікаў

 Скланенне назоўнікаў 1-га скланення

Адносяцца словы жаночага роду  з канчаткам –а/-я: краіна, песня.

1. з асновай на цвёрды зычны (важна: канчаткі ў давальным і месным склонах супадаюць; не пад націскам у творным склоне ўжываецца канчатак -ай)

Назоўны скл. краіна трава
Родны скл. краіны травы
Давальны скл. краіне траве
Вінавальны скл. краіну траву
Творны скл. краінай травой
Месны скл. у краіне у траве

2. з асновай на зацвярдзелы (важна: канчаткі ў Р., Д. і М. скл. супадаюць; не пад націскам у Тв. скл. ужываецца канчатак -ай)

Н. задача мяжа
Р. задачы мяжы
Д. задачы мяжы
В. задачу мяжу
Тв. задачай мяжой
М. у задачы на мяжы

3. з асновай на г, к, х:

а) з асновай на г/з, х/с (важна: канчаткі ў Д. і М. скл. супадаюць; у Д. і М. скл. адбываецца чаргаванне зычных; не пад націскам у Тв. скл. ужываецца канчатак -ай)

Н. дарога муха
Р. дарогі мухі
Д. дарозе мусе
В. дарогу муху
Тв. дарогай мухай
М. пры дарозе у мусе

б) з асновай на к/ц (важна:  назоўнікі з націскным (рака) і ненаціскным (рэчка) канчаткамі па-рознаму змяняюцца ў Д. і М. скл. (рацэ і рэчцы);  у Д. і М. скл. адбываецца чаргаванне зычных; не пад націскам у Тв. скл. ужываецца канчатак -ай )

Н. рака ручка
Р. ракі ручкі
Д. рацэ ручцы
В. раку ручку
Тв. ракой ручкай
М. на рацэ у ручцы

4. з асновай на мяккі зычны (важна: канчаткі ў Р., Д. і М. скл. супадаюць; не пад націскам у Тв. скл. ужываецца канчатак -яй)

Н. песня хвоя
Р. песні хвоі
Д. песні хвоі
В. песню хвою
Тв. песняй хвояй
М. у песні на хвоі

 

Заданні

Паставіць назоўнікі ў родным, давальным і месным склонах:

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Рэспубліка – рэспублікі, рэспубліцы, у рэспубліцы

Кухня – кухні, кухні, на кухні

Нага – нагі, назе, на назе

Сястра – сястры, сястры, у сястры

Гутарка – гутаркі, гутарцы, у гутарцы

Парта – парты, парце, на парце

Пушча – пушчы, пушчы, у пушчы

Зямля – зямлі, зямлі, на зямлі

Страха – страхі, страсе, на страсе

Воля – волі, волі, на волі

Засуха – засухі, засусе, у засусе

Падлога – падлогі, падлозе, на падлозе

Хваля  – хвалі, хвалі, на хвалі

Страла – стралы, страле, на страле

Сяброўка – сяброўкі, сяброўцы, пры сяброўцы

Кніга – кнігі, кнізе, у кнізе

Бутэлька – бутэлькі, бутэльцы, у бутэльцы

Праца – працы, працы, на працы

Грамада – грамады, грамадзе, у грамадзе

Торба – торбы, торбе, у торбе

Папка – папкі, папцы, у папцы

Талерка – талеркі, талерцы, у талерцы

Гара – гары, гары, на гары

Адліга – адлігі, адлізе, у адлізе

Тынкоўка – тынкоўкі, тынкоўцы, у тынкоўцы

Півоня – півоні, півоні, у півоні

Макуха – макухі, макусе, на макусе

Вышыня – вышыні, вышыні, у вышыні

Вуздэчка – вуздэчкі, вуздэчцы, у вуздэчцы

Качарга – качаргі, качарзе, на качарзе

Бяссонніца – бяссонніцы, бяссонніцы, у бяссонніцы

Страўня – страўні, страўні, у страўні

Кафля – кафлі, кафлі, на кафлі

Жняя – жняі, жняі, пры жняі

Лыжка – лыжкі, лыжцы, у лыжцы

Інга – Інгі, Інзе, пры Інзе

Зграя – зграі, зграі, у зграі

Логіка – логікі, логіцы, у логіцы

Валя – Валі, Валі, пры Валі

Ларыса – Ларысы, Ларысе, пры Ларысе

Абляпіха – абляпіхі, абляпісе, на абляпісе

Лазня – лазні, лазні, у лазні

Кіраўніца – кірыўніцы, кіраўніцы, пры кіраўніцы

Разруха – разрухі, разрусе, у разрусе

Паланга – Палангі, Паланзе, у Паланзе

Дзея – дзеі, дзеі, у дзеі

Гаспадыня – гаспадыні, гаспадыні, пры гаспадыні

Медавуха – медавухі, медавусе, у медавусе

Інтрыга – інтрыгі, інтрызе, у інтрызе

 

Перакласці на беларускую мову:

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Дети купались в реке/речке. – Дзеці купаліся ў рацэ/рэчцы.

Из песни слова не выбросишь. – З песні слова не выкінеш.

Моей дочке нравится играть на скрипке. – Маёй дачцэ падабаецца граць на скрыпцы.

По щеке текла слеза. – Па шчацэ цякла сляза.

В заборе не хватало одной доски. – У плоце не хапала адной дошкі.

Мы хотим вернуть республике национальные символы. – Мы хочам вярнуць рэспубліцы нацыянальныя сімвалы.

Вопросы этики и эстетики их волнуют мало. – Пытанні этыкі і эстэтыкі іх мала хвалююць.

Заниматься политикой – нелегкое дело. – Займацца палітыкай – нялёгкая справа.

Надпись на вывеске давно стерлась. – Надпіс на шыльдзе даўно сцерся.

На смену засухе пришли дожди. – На змену засусе прыйшлі дажджы.

В советское время невозможно было без очереди купить продукты и одежду. – У савецкі час немагчыма было без чаргі купіць прадукты і вопратку/адзенне.

Жить мечтой о свободе. – Жыць марай пра свабоду.

В квартире было холодно и грязно. – У кватэры было холадна і брудна.

Случайно я встретился с девочкой Женей. – Выпадкова я сустрэўся з дзяўчынкай Жэняй. 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат