Пра курсы
ГАРАДЫ :


13.01.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Словы-паразіты (+ВІДЭА)

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Словы-паразіты – гэта так званыя “лішнія” або “дзяжурныя” словы, якія часта механічна паўтараюцца перадусім у жывым маўленні і звычайна не нясуць ніякай сэнсавай нагрузкі: значыць, ну, так, праўда, гэта самае, як той казаў, зразумела, скажам.

Навошта ж мы ўжываем такія бескарысныя і надакучлівыя словы ў спантанным маўленні, незважаючы на тое, што яны часта зацямняюць сэнс выказвання і раздражняюць суразмоўцу?

Звычайна гэта адбываецца пры не вельмі добрым валоданні тэмай гутаркі, слабым веданні фактычнага матэрыялу, бедным слоўнікавым запасе моўцы, а таксама пры хваляванні і ў спешцы. У сувязі з вышэй пералічанымі прычынамі чалавек робіць у працэсе маўлення паўзы, каб выйграць час для пошуку патрэбнага слова і для таго, каб лепш сфармуляваць думку. А паколькі моўца дыскамфортна адчувае сябе псіхалагічна, робячы такія паўзы, ён наўмысна ці не запаўняе іх рознымі дзяжурнымі гукамі, словамі або выразамі, якія нібыта арганізуюць фразу, злучаюць яе ў адзінае цэлае. З часам такі спосаб пазбягання паўз і маскавання пошукаў патрэбнага слова ўваходзіць у звычку, што, безумоўна, засмечвае мову.

Ужыванне словаў-паразітаў часам можа быць і данінай модзе, напрыклад, у моладзевым асяродку вельмі “папулярныя” слова “ціпа”, “вапшчэ”, “па-любому”, “па ходу”, “блін”, “ё-маё”  і г.д., якія звычайна ўжываюцца не да месца і паўтараюцца ледзь не ў кожнай фразе. Яны часта характэрныя для беларуска-рускага змяшанага маўлення (трасянкі) і сведчаць пра моўную неахайнасць.

У функцыі “моўных паразітаў” могуць выступаць:

У прынцыпе, любое слова ці выраз можа стаць паразітам, калі пачынае ўжывацца рэгулярна і механічна і не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі.

Дарэчы, вельмі часта можна пачуць табуяваную ці непрыстойную лексіку менавіта ў якасці звязкі паміж словамі ў фразе, то бок словаў-паразітаў. Прычым тыя, хто іх выкарыстоўвае, звычайна нават не заўважаюць гэтага, ствараючы вульгарна-фамільярны ці экспрэсіўны фон.

Існуе нават цікавая і даволі спрэчная тэорыя аб тым, што слова-паразіт, тыповае для маўлення таго ці іншага чалавека, можа расказаць пра яго характар, паводзіны. Напрыклад, калі ён часта ўжывае дарэчы, то яму не хапае ўвагі, ён губляецца ў незнаёмай кампаніі, прыкрываючы разгубленасць ці замяшанне гэтым словам. А вось слова проста рэгулярна паўтараюць людзі, якія не маюць самастойнай думкі, залежаць ад свайго акружэння, а таксама часта апраўдваюцца перад іншымі. Як бы – выраз з лексікону творчых людзей, якія неўсвядомлена падкрэсліваюць сваю адарванасць ад рэальнага жыцця і імкненне да вымышленага, фантазійнага свету.

У мастацкіх тэкстах аўтары часта выкарыстоўваюць словы-паразіты як мастацкі прыём для характарыстыкі сваіх персанажаў.  Так, Янка Купала ў п’есе “Тутэйшыя” пры дапамозе камічнага выразу-паразіта между протчым у вуснах Мікіты Зноска  дэманструе прыстасаванства і абмежаванасць героя.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Знайдзіце словы-паразіты ў наступных фразах:

1. Ён сам мне, каханенькія, родненькія, хваліўся, што яго гаспадарка ў сто раз лепшая ад усіх тутэйшых гаспадароў. – каханенькія, родненькія

Чыя гэта рэпліка? – Сцяпана Крыніцкага з “Паўлінкі”

2. Пане дабрудзею, тваё бабскае дзела – маўчаць! Я, собственно, вось-цо-да, спрытны – тонка панімаю, што і як раблю. – пане дабрудзею, собственно, вось-цо-да

А гэта чые словы? – Пранцыся Пустарэвіча, сваяка Крыніцкіх, “Паўлінка”

3. Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паўвярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, не вытрымаў, каб людзям не нарабіць уночы неспакойства. – тудэма-сюдэма

А гэта хто? – Агата, жонка Пранцыся Пустарэвіча, “Паўлінка”

4. Мы, значыцца, доўга заплюшчвалі вочы на э-ээ… праблему з, так бы мовіць, тваім навучаннем, вось… але больш, мякка кажучы, рабіць гэтага не будзем. – значыцца, э-ээ, так бы мовіць, вось, мякка кажучы

5. Мы, прабачце, тут бяром, бачыце, нават больш, скажам так, з таго, што трэба… – прабачце, бачыце, скажам так

6. Ну што, будзем, гэта самае, маўчаць ці адказваць? – ну што, гэта самае

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат