Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Вялікдзень

25.04.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Скланенне беларускіх прозвішчаў

Самыя старажытныя беларускія прозвішчы датуюцца 15 ст. Яны належалі  магнацкім родам Вялікага Княства Літоўскага: Сапега, Тышкевіч, Грамыка, Хадкевіч, Глебавіч і інш. Прозвішчы сялянаў пачалі з’яўляцца пазней – у другой палове 16 ст., што было звязана з аграрнай рэформай, калі сялянаў прымацоўвалі да зямлі і перапісвалі (для інфармацыі, у рускіх сялянаў прозвішчы з’явіліся толькі ў 19 ст.)

1. СПАМПАВАЦЬ ФАЙЛ WORD
2. СПАМПАВАЦЬ РАЗДАТКУ З ЗАДАННЕМ
3. СПАМПАВАЦЬ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

Часцей за ўсё прозвішчы ўтвараліся:

  1. ад імені продка (бацькі, дзеда, зрэдку нават маці): Кузьміч, Хоміч, Васілішын;
  2. ад мянушак: Пазняк (нарадзіўся ў сям’і апошні), Нямко (маўклівы або нямы), Доўгень (высокі);
  3. ад скарочаных імёнаў: Стасік, Петрык;
  4. ад роду дзейнасці людзей: Каваль, Бондар (вырабляў цэбры), Пісар;
  5. ад нацыянальнай прыналежнасці: Швед, Лях;
  6. ад геаграфічных назваў: Слуцкі, Гарадзенскі.

У нашай краіне шмат прозвішчаў балцкага паходжання: Доўнар, Эйсмант, Нарбут, Корбут, Сурвіла, Рымша, Скірмант, Гедройц і інш.

prozv

 

ілюстрацыя: nn.by 

 

Найбольш пашыраныя беларускія прозвішчы (на 2007 г. паводле інтэрнэт-крыніцаў):

 

Іваноў – 57 200 чалавек

Кавалёў – 44 900 чалавек

Казлоў – 40 500 чалавек

Новікаў – 35 200 чалавек

Зайцаў – 27 000 чалавек

Жук – 25 400 чалавек

Марозаў – 23 100 чалавек

Новік – 22 800 чалавек

Мельнікаў – 22 500 чалавек

Казлоўскі – 22 000 чалавек

 

Самыя незвычайныя беларускія прозвішчы мінчукоў (паводле партала tut.by):

Дзевачка, Мальчык, Малыш, Пераплётчык, Перабейнос, Мадэль, Цалуйка, Чмыр, Недаступ, Нехарошаў, Пагуляеў, Дурэц, Дурыла, Дуракова, Нянужная, Першая, Аторва, Атаман, Клоп, Кукла, Звер, Дзеньдобры, Нафікаў, Зачапіла, Пух, Чуда, Кравапуск і інш.

 

СКЛАНЕННЕ НЕКАТОРЫХ БЕЛАРУСКІХ ПРОЗВІШЧАЎ

Прозвішчы на –а

 

Калі яны ўзыходзяць да назваў прадметаў жаночага роду з асновай на –г,-к, -х і ненаціскным канчаткам –а, дык маюць канчаткі ў залежнасці ад полу асобы:

 

Жаночыя прозвішчы скланяюцца як адпаведныя назоўнікі жаночага роду:

 

Н. Сарока, Кніга

Р. Сарокі, Кнігі

Д. Сароцы, Кнізе

В. Сароку, Кнігу

Т. Сарокай, Кнігай

М.(пры) Сароцы, Кнізе

 

Мужчынскія прозвішчы скланяюцца як назоўнікі мужчынскага роду на –а (тыпу тата):

 

Н. Сарока, Кніга

Р. Сарокі, Кнігі

Д. Сароку, Кнігу

В. Сароку, Кнігу

Т. Сарокам, Кнігам

М.(пры) Сароку, Кнігу

 

Калі прозвішчамі з’яўляюцца назвы прадметаў жаночага роду на –а (акрамя прозвішчаў на ненаціскное –га, -ка, -ха), яны, незалежна ад полу, скланяюцца як агульныя назоўнікі жаночага роду:

 

Н. Бульба, Кропля

Р. Бульбы, Кроплі

Д. Бульбе, Кроплі

В. Бульбу, Кроплю

Т. Бульбай, Кропляй

М.(пры) Бульбе, Кроплі

 

Сярод прозвішчаў, што не суадносяцца з назвамі прадметаў,

 скланяюцца толькі тыя, якія адносяцца да мужчын:

 

Н. Карызна, Бандарэнка

Р. Карызны, Банадарэнкі

Д. Карызну, Бандарэнку

В. Карызну, Бандарэнку

Т. Карызнам, Бандарэнкам

М. (пры) Карызну, Бандарэнку

 

Прозвішчы, якія адносяцца да асобаў жаночага полу, не

 скланяюцца:

 

Н. Ніна Карызна, Алена Бандарэнка

Р. Нінай Карызна, Аленай Бандарэнка

Д. Ніне Карызна, Алене Бандарэнка

В. Ніну Карызна, Алену Бандарэнка

Т. Нінай Карызна, Аленай Бандарэнка

М. (пры) Ніне Карызна, Алене Бандарэнка

 

            Прозвішчы на –ко

Ні мужчынскія, ні жаночыя прозвішчы, якія заканчваюцца на націскное –ко, не скланяюцца:

Н. Вольга Глушко, Сяргей Крамко

Р. Вольгі Глушко, Сяргея Крамко

Д. Вользе Глушко, Сяргею Крамко

В. Вольгу Глушко, Сяргея Крамко

Т. Вольгай Глушко, Сяргеем Крамко

М.(пры) Вользе Глушко, Сяргею Крамко

 

Прозвішчы на зычны

Мужчынскія прозвішчы на зычны скланяюцца як назоўнікі мужчынскага роду,  у той час як  жаночыя прозвішчы на зычны не скланяюцца:

Н. Генадзь Кныш, Надзея Кныш

Р. Генадзя Кныша, Надзеі Кныш

Д. Генадзю Кнышу, Надзеі Кныш

В. Генадзя Кныша, Надзею Кныш

Т. Генадзем Кнышом, Надзеяй Кныш

М.(пры) Генадзю Кнышу, Надзеі Кныш

           

Прозвішчы на –аў(-ав), -еў (-ев), -оў (-ов), -ёў (-ёв), -ін, -ын

Такія мужчынскія і жаночыя прозвішчы маюць змешаны тып скланення (у адных формах скланяюцца як назоўнікі, у іншых – як прыметнікі):

Н. Іван Сакалоў, Ганна Грышына

Р. Івана Сакалова, Ганны Грышынай

Д. Івану Сакалову, Ганне Грышынай

В. Івана Сакалова, Ганну Грышыну

Т. Іванам Сакаловым, Ганнай Грышынай

М. (пры) Івану Сакалову, Ганне Грышынай

Увага! Трэба размяжоўваць геаграфічныя назвы і прозвішчы (напр., Барысаў), у якіх шэраг склонавых формаў не будзе супадаць:

В. горад Барысаў, але студэнта Барысава

Т. горадам Барысавам, але студэнтам Барысавым

М. у горадзе Барысаве, але пры студэнту Барысаву

 

ЗАДАННЕ

Пастаўце імёны і прозвішчы ў патрэбнай форме:

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Напісаць ліст  (Святлана Саладуха)  Святлане Саладусе < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

                          (Марыя Янчанка)  Марыі Янчанка

                           (Андрусь Ралько) Андрусю Ралько

                           (Віталь Машара) Віталю Машару

                          (Хрысціна Бядуля) Хрысціне Бядуля

                           (Кастусь Семяняка) Кастусю Семяняку

                           (Адэля Семяняка) Адэлі Семяняка

                          (Зося Рыбка) Зосі Рыбцы

                           (Вераніка Дзіско) Вераніцы Дзіско

                           (Ала Крук) Але Крук

Сустрэцца з    (Павел Сцяцко) Паўлам Сцяцко

                            (Ігар Пушча) Ігарам Пушчай

                           (Кацярына Пушча) Кацярынай Пушчай

                           (Мікола Данілаў) Міколам Данілавым

                           (Марыля Равяка) Марыляй Равяка

                          (Міхась Жук) Міхасём Жуком

                           (Дамініка Казка) Дамінікай Казкай

                           (Дамінік Казка) Дамінікам Казкам

                            (Івась Шыпшына) Івасём Шыпшынай

Сумаваць аб (Зміцер Шунейка) Змітру Шунейку

                         (Наталка Ракуцька) Наталцы Ракуцька

                          (Галя Чайка) Галі Чайцы

                         (Сяржук Пісарэнка) Сержуку Пісарэнку

                        (Алег Зубко) Алегу Зубко

                         (Юлька Галабуда) Юльцы Галабуда

                        (Юрась Воля) Юрасю Волі

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат