Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Экалогія

26.11.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Прыгожы — брыдкі

Антонімы ў беларускай мове

Антонімы

Чалавеку ўласціва суб’ектыўна ацэньваць прадметы і рэаліі, якія яго акаляюць. У тым ліку і ўспрымаць іх як тоесныя ці як процілеглыя. У аснове моўнай катэгорыі антаніміі ляжыць перадусім пазамоўная рэальнасць. Вось, напрыклад, тэмпература. З аднаго боку, яе можна дакладна вымераць у градусах па Цэльсію або Фарэнгейту, а можна, згодна з суб’ектыўнай ацэнкай,  сказаць, што яна нізкая – нармальная —  высокая або нейкі прадмет халодны – цёплы – гарачы. А адкуль жа мы ведаем, што тэмпература ў -10 ці -20 градусаў нізкая, а вось у +30 – высокая? Паўтаруся, гэта наша суб’ектыўнае ўспрыманне, на падставе якога ў нашым паўсядзённым жыцці фармуюцца звыклыя стандарты: гэты чалавек высокі, а гэты нізкі; гэта рэч танная, а гэта дарагая.

Што ж такое антонімы з пункту гледзішча мовы? Гэта словы, якія часцей за ўсё адносяцца да адной часціны мовы і маюць процілеглае значэнне.

Ці ёсць антонімы, напрыклад,  да словаў стол, дом, акно? Так, гэтыя словы не маюць антонімаў. Можна, канечне, стварыць такі тэкст, у якім гэтыя словы ўступяць у антанімічныя адносіны, але гэта будзе магчыма толькі ў канкрэтным аўтарскім кантэксце.

Якія ж словы могуць мець антонімы? Толькі тыя, што або перадаюць ступень праяўлення нейкай прыкметы (ціхі – гучны, вузкі – шырокі), або паказваць процілеглую накіраванасць дзеяння (адчыніць – зачыніць, увайсці – выйсці) ці ўзаемадапаўняльныя прасторавыя і часавыя паняцці (дзень – ноч, уверсе – унізе).  Такім чынам, у антанімічныя адносіны часцей за ўсё ўступаюць:

-         якасныя прыметнікі і прыслоўі (стары – малады, блізка – далёка);

-         назоўнікі (усход – захад, цяпло – холад);

-         дзеясловы (адысці – падысці, гаварыць — маўчаць);

-         прыслоўі (добра – дрэнна, злева – справа);

-         некаторыя займеннікі з абагульненым значэннем якасці або колькасці (усе – ніхто, свой – чужы).

У сваю чаргу не маюць антонімаў:

-         уласныя назоўнікі (Юрась, Віцебск);

-         канкрэтныя назоўнікі (стол, падлога);

-         лічэбнікі (пяць, сто);

-         большасць займеннікаў (мы, ён).

Антонімы падзяляюцца на наступныя тыпы:

  1. Словы, што выражаюць якасную процілегласць. Іх спецыфіка заключаецца ў тым, што яны маюць некалькі словаў для выражэння прамежкавай ступені праявы той ці іншай прыкметы: вада гарачая – цёплая – летняя – нармальная – прахалодная – халодная.  У такім выпадку антонімамі звычайна будуць выступаць крайнія, “гранічныя” члены ланцужка, напр., гарачы – халодны.
  2. Словы, што абазначаюць процілеглыя відавыя паняцці, што дапаўняюць адно аднаго да цэлага і з’яўляюцца гранічнымі, бо паміж імі не можа быць прамежкавых членаў (вайна – мір, можна – нельга).
  3. Словы, што выражаюць процілеглую накіраванасць дзеянняў, прыкметаў (бяднець – багацець, недасолены – перасолены).
  4. Словы, з дапамогай якіх перадаецца адна і тая ж сітуацыя, але з пазіцыі розных яе ўдзельнікаў (Ганна выйшла замуж за Яся, а Ясь ажаніўся з Ганнай). Гэта самая малаколькасная група, якую вылучаюць некаторыя спецыялісты.

Па сваёй структуры антонімы бываюць рознакаранёвыя (сыты – галодны) і аднакаранёвыя, утвораныя пры дапамозе антанімычных прыставак з- (са-) – раз-, за- – вы- і г.д. (сабраць – разабраць, забегчы – выбегчы), а таксама пры далучэнні да слова прыставак не-, а- , анты-, контр-, дэ-, дыс- (добры – нядобры, лагічны – алагічны). Аднак некаторыя вучоныя не адносяць словы з прыстаўкай не- (нядобры, невысокі) да антоніаў, бо, на іх думку, гэта не з’яўляецца крайняй праявай якаснай прыкметы.

Калі слова мнагазначнае, тады ў антанімічныя адносіны ўступае кожнае з яго значэнняў: цёмны колер – светлы колер, цёмная справа – чыстая справа, цёмны чалавек – адукаваны чалавек.

Часам антанімічныя пары ўтвараюць словы ці варыянты словаў, якія ў мове не маюць процілеглага значэння. Гэта аўтарскія антонімы. Напрыклад, Мінск і Менск у песні Лявона Вольскага, дзе Мінск – гэта сімвал усяго, што звязана з савецкай, а часам і з постсавецкай спадчынай горада, а Менск – з яго агульнай, у тым ліку і дасавецкай гісторыяй.

На з’яве антаніміі базуецца антытэза. Гэта мастацкі прыём проціпастаўлення вобразаў, што раскрываюць несумяшчальнасць прадметаў і паняццяў (“Людзі і д’яблы” Кандрата Крапівы, “Вайна і мір” Льва Талстога). Дарэчы, шмат якія прыказкі і прымаўкі пабудаваныя на антытэзе:

На белай зямлі сабакі касцяць, на чорнай пшынічку расцяць.

З вялікае хмары малы дождж.

Дзе ёсць прыбытак, там ёсць і ўбытак.

Зіма – свякруха, лета – матачка.

Разумны вораг лепш за дурнога.

Аксюмаран – яшчэ адзін мастацкі прыём, заснаваны на антаніміі. Гэта, так бы мовіць, спалучэнне неспалучальнага, якое прыўносіць у твор элемент нечаканасці і парадаксальнасці: разумны дурань, гаючы боль, страшная прыгажосць, салодкі сум, цёплы халадок

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Да наступных словаў падбярыце антонімы:

буйны — дробны

бялявы — чарнявы

вартасць — загана

выток — вусце

гаваркі — маўклівы

гнуць — выпростваць

дабрадзей — ліхадзей

даўганосы — кірпаты

досвітак — адвячорак

жвавы — марудлівы

звонку — знутры

карысны — шкодны

леваруч— праваруч

набытак — страта

павага — знявага

падкурчыць (ногі) — выпрастаць

посны — скаромны

празрысты — каламутны

праўда – хлусня (мана)

прачыніць (дзверы) — прычыніць

продак — нашчадак

прыгожы — брыдкі

рай — пекла

раскоша — галеча

слава — ганьба

тутэйшы (мясцовы) – чужы (прыблудны, наезджы) у Купалы і іншых– паняцце тутэйшы – гэта адмаўленне прызнання свядомай беларускасці. Параўнай з антонімамі тубылец – чужак, прыхадзень

ўздоўж — упоперак

усё — нічога

шчодры — сквапны

свежы (хлеб) – чэрствы

свежая (газета) – старая

свежая (кашуля) – брудная

свежая(ідэя) – банальная

свежае (паветра) – затхлае (спёртае)

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат