Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Чалавек і закон

14.05.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Прыгажэйшая за яе, заехаць па сястру, раз на суткі

Асабліваці ўжывання прыназоўнікаў у нашай мове.

 

disketa СПАМПАВАЦЬ ФАЙЛ WORD

disketa СПАМПАВАЦЬ РАЗДАТКУ WORD

disketa СПАМПАВАЦЬ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

ПРЫНАЗОЎНІКІ

Прыназоўнікі нам патрэбныя для таго, каб звязваць паміж сабой словы ў словазлучэнні і фразы.

Самыя старажытныя беларускія прыназоўнікі – невытворныя (г.зн. не маюць жывой сувязі з тымі словамі, ад якіх некалі ўтварыліся): а, аб, ад, да, для, дзеля і г.д.

Вытворныя прыназоўнікі больш познія па паходжанні і захоўваюць сувязь са словамі, ад якіх утварыліся: абапал,  збоку, поплеч, поруч, услед (ад прыслоўяў), дзякуючы, уключаючы (ад дзеепрыслоўяў), з цягам, на чале, у адрозненне ад, у адпаведнасці з (ад спалучэння назоўнік + прыназоўнік) і г.д.

У беларускай мове існуе большая колькасць складаных прыназоўнікаў, чым, напрыклад, у рускай: з-за, з-над, па-над, з-пад, па-за, з-па-над, з-па-за і інш.

Некаторыя прыназоўнікі маюць два або больш варыянтаў: у – ў, ва, ува (ува мне), к – ка, з – са, над – нада, пад –пада, акрамя – акром, апрача – апроч, паміж – між, каля — ля і г.д.

Спецыфічныя выпадкі ўжывання беларускіх прыназоўнікаў

Ёсць прыназоўнікі, што ўжываюцца толькі з адным склонам (дзеля, абапал, пра, па-за і інш). Іншыя ж могуць ужывацца з двума і нават большай колькасцю склонаў (на, па, з, у).

А (чым?) – у (што?)Пры перадачы часавых адносін выступаюць як сінанімічныя. У апошні час прыназоўнік анабывае ўсё большую папулярнасць (сустрэцца а сёмай = сустрэцца ў сем). Са словамі грыбы, ягады, рыба і інш. трэба ўжываць прыназоўнік у (пайсці ў грыбы). Не варта ўжываць прыназоўнікі па і за, бо гэта русізмы.

Абапал/ паабапал (чаго?) — вакол (каго? чаго?) Абапал мае значэнне ‘па абодва бакі’ (абапал дарогі) – не блытаць з вакол, якое азначае ‘з усіх бакоў, кругом чаго-небудзь’ (вакол дома раслі ліпы).

Пра (каго? што?) — аб (кім? чым?) Пра ўласцівы для беларускай мовы, ужываецца звычайна пасля дзеясловаў маўлення, думання (гаварыў пра бацькоў). Аб пашырыўся ў беларускай мове пад уплывам рускай і ўжываецца звычайна ў афіцыйнай мове, то бок назвах законаў, пастановаў і інш. дакументаў (Закон аб мовах).

Дзеля (каго? чаго?) — для (каго? чаго?) Дзеля адпавядае рускаму радиабоиз-за (раблю дзеля цябе) і часам можа замяняцца прыназоўнікам для (раблю для цябе). Аднак трэба памятаць, што такая падмена магчымая не заўсёды(сшытак для пісання; нельга  — сшытак дзеля пісання).

Між (каго? чаго?) – паміж (кім? чым? радзей каго? чаго?) Між ужываецца ў прасторавым значэнні звычайна з родным склонам (між палёў). Паміж можа выступаць як сінонім да між (паміж палёў), але пераважна ў канцылярскіх тэкстах пад уплывам рускай мовы замацавалася яго ўжыванне з творным склонам (паміж справамі).

Праз (каго? што?) – цераз (каго? што?) – скрозь (каго? што?) Праз і цераз выступаюць у большасці выпадкаў як сінонімы (праз дарогу, цераз дарогу). Аднак калі гаворка ідзе пра рух паверх чагосьці, звычайна ўжываецца прыназоўнік цераз (пераскочыў цераз плот), а калі вядзецца пра рух знутры чагосьці, паміж чымсьці – праз (праехаў праз браму). Калі ж мы гаворым пра стан, дзеянне, якое змяняеца ці суправаджаецца іншым дзеяннем, тады будзем ужываць скроз або праз (смех скрозь слёзы, смех праз слёзы).

Па (кім? чым? каго? што?) – пасля (каго? чаго?) — паводле (каго? чаго?) – за (кім? чым?)Прыназоўнікі па і пасля з’яўляюцца сінанімічнымі, калі абазначаюць часавыя адносіны (сустрэліся па абедзе – сустрэліся пасля абеда). Прыназоўнік паводле ўжываецца замест па (які пашырыўся пад уплывам рускай мовы), калі азначае ‘ў адпаведнасці з, згодна з’ (паводле інфармацыі). Прыназоўнік па адпавядае рускаму за ў мэтавых канструкцыях (пайсці па сына = пайсці паклікаць сына). Канструкцыі з прыназоўнікам за ў беларускай маюць значэнне ‘следаваць за кімсьці, чымсьці’ (пайсці за бацькам). Прыназоўнік за таксама служыць для вызначэння адлегласці, прасторы пры словах з колькасным значэннем (за 5 кіламетраў ад горада). Ужыванне канструкцыі ў пяці кіламетрах ад горада з’яўляецца парушэннем нормы. Дарэчы, пасля прыназоўніка па ў канструкцыях з прасторавым значэннем правільным з’яўляецца ўжыванне меснага склону ў адзіночным і множным ліку (глядзець па тэлевізары,хадзіць па лясах і палях).

Пры (кім? чым?) – побач з/поруч з  (кім? чым?) — каля/ля (каго? чаго) Гэта ўласна беларускія прыназоўнікі, якія на роўных правах могуць ужывацца для абазначэння прасторавых адносін (пры лесе – побач з лесам – каля лесу). Прыназоўнік поруч з ужываецца звычайна пры назоўніках, што абазначаюць асобаў (поруч з настаўнікам).

Наконт (каго? чаго?) – накшталт/кшталту (каго? чаго?) Прыназоўнік наконт ужываецца ў значэнні ‘адносна чаго-небудзь’ (пагаварылі наконт сённяшніх падзеяў). Не блытаць з прыназоўнікам накшталт, які паказвае параўнальныя адносіны (напісаў нешта накшталт кароткай п’есы).

Да (каго? чаго?) – к (каму? чаму?)Да паказвае набліжэнне да прадмета (прыйсці да сяброў). Ужывання к у літаратурнай мове варта пазбягаць як непажаданага, аднак к сустракаецца ў дыялектах. Да таксама ўжываецца ў канструкцыях з дзеясловам падобны (падобны да маці).

З (каго? чаго? каго? што? кім? чым?) Ужываеццапры дзеясловах смяяцца, здекавацца і пад. (смяяцца з сябра), а таксама з дзеясловам ажаніцца (ажаніцца з ёй).

На (што?)Пасля дзеясловаў хварэць, пакутаваць ужываецца прыназоўнік на (хварэць на грып). На таксама выкарыстоўваецца ў канструкцыях тыпу раз на тыдзень, шмат разоў на год. Ужыванне замест гэтага рускай канструкцыі з прыназоўнікам у лічыцца няправільным.

 

Заданні.

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Запісаць па-беларуску:

Опоздать из-за дождя – спазніцца праз дождж < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

Насмехаться над неумехой – кпіць з няўмекі

Понять по глазам – зразумець па вачах

Страдать аллергией – пакутаваць на алергію

Не нарадоваться на дочку – не нацешыцца з дачкі

Пойти на рыбалку – пайсці ў рыбу

Полезть в сумку за кошельком – палезці ў торбу пакашалёк/гаманец

Ходить по домам – хадзіць па дамах/хатах

Шептать через сон – шаптаць праз сон

Грустить о ребенке – сумаваць па дзіцяці

Заехать за сестрой – заехаць па сястру

Считать своим долгом – лічыць за свой абавязак

Раз в сутки  — раз на суткі

Получать по заказу – атрымліваць на замову

Красивее ее – прыгажэйшая за яе

Собирается дождь – збіраецца на дождж

 

Запісаць словазлучэнні з магчымымі прыназоўнікамі ад наступных дзеясловаў:
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

 

Адбіцца адбіцца ў шкле, адбіцца на твары, адбіцца ад нападнікаў < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

Смяяцца смяяцца праз слёзы, смяяцца скрозь слёзы, смяяцца з жарту, смяяцца на ўвесь голас, смяяцца падчас спектакля, смяяцца пасля канцэрта, смяяцца перад пачаткам лекцыі, смяяцца ад убачанага

Разбагацець – разбагацець з гандлю, разбагацець праз гандаль, разбагацець дзякуючы гандлю,разбагацець за год, разбагацець цягам года, разбагацець ад продажу тавараў

Спрачаццаспрачацца пра вынікі, спрачацца з сябрам, спрачацца наконт аплаты, спрачацца на грошы, спрачацца дзеля справядлівасці, спрачацца за перамогу

Звяртаццазвяртацца па параду, звяртацца з пытаннем, звяртацца да сябра, звяртацца ва ўстанову, звяртацца цягам месяца, звяртацца праз дзень, звяртацца на параду

Выправіць памылкі:

  1. У ўзросце сямі год я пайшоў у школу. – ва ўзросце < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.
  2. Мы сабраліся, каб паразмаўляць накшталт адпачынку. – наконт адпачынку
  3. За гэты год у мне нешта змянілася. – ува мне
  4. Празвінеў званок, і дзеці гурбой высыпалі с школы. – са школы
  5. Мне хацелася ўвесь час думаць аб ёй. – пра яе
  6. Зранку бацькі выправіліся ў лес па ягады. – у ягады
  7. Нехта ўвесь час назвоньваў па тэлефону. – па тэлефоне
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат