Пра курсы
ГАРАДЫ :


10.12.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Правапіс складаных словаў

Для называння новых прадметаў і рэалій, якія ў вялікай колькасці з’яўляюцца ў сучасным жыцці, наша мова прадукуе новыя словы як з уласнага матэрыялу, так і запазычвае іх з іншых моваў ці папросту калькуе. Прычым вялікая частка з іх – складаныя словы.

Такім чынам, складаныя словы – гэта такія, што маюць у сваім складзе два, тры ці больш каранёў. Карані могуць злучацца паміж сабой галоснымі о, а, е, я, правапіс якіх падпарадкоўваецца агульным правілам.

Пад націскам будзе пісацца злучальная галосная о (часопіс, ільнозавод), але гэта адзінкавыя словы ў беларускай мове, бо націск на злучальным о нам не ўласцівы. Не пад націскам  адбываецца аканне (чорнавалосы, высакародны). Пасля мяккіх зычных будзе пісацца злучальная е (конегадоўля, землекарыстанне). Калі ж націск падае на наступны склад, е пераходзіць у я, то бок адбываецца яканне (земляроб, сінявокі).

Аднак найбольшую складанасць звычайна выклікае напісанне галосных у першай частцы складанага слова, якое залежыць ад наяўнасці ці адсутнасці пабочнага націску (асноўны націск падае на другую частку, а ў першай можа ўзнікаць пабочны націск).

Літары а і о

Пабочны націск звычайна не ўзнікае, калі ў другой частцы слова націск падае на першы склад, таму пішацца а: раўнава́га, санцапёк.

Аднак гэта не заўсёды так, бо, паводле правілаў, калі ў першай частцы выразна праяўляецца пабочны націск, у такім выпадку пішацца о нават тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі: мовазна́ўства, малочнакі́слы.

Але вызначыць, выразна ён праяўляецца ці не, для звычайнага чалавека часта бывае надзвычай складана, таму спецыялісты раяць звяртацца да слоўнікаў, дзе, на жаль, напісанне аднаго і таго ж слова не заўсёды супадае.

Самая ж вялікая праблема ўзнікае якраз з неалагізмамі, якія яшчэ не сустракаюцца ў слоўніках і немаведама калі туды патрапяць. А тут ужо, так бы мовіць, хто ў лес, а хто па дровы.

Дарэчы, найбольш лагічна напісанне о можна патлумачыць у тых словах, дзе ўзнікае непатрэбная двухсэнсоўнасць ці аманімія, г.зн. супадзенне з іншымі, звычайна выпадковымі словамі (кормасклад, а не кармасклад, словаформа, а не славаформа, манголазнўства, а не мангалазнаўства).

Калі ў другой частцы націск падае не на першы склад, а таксама калі другая частка пачынаецца з ў, у першай частцы пішацца літара о: доўгачасо́вы, добразычлі́вы, водаўстойлівы, торфаўборачны.

Таксама з літарай о пішуцца наступныя часткі складаных словаў:

Літары е і ё

Літара е ў першай частцы звычайна пішацца незалежна ад націску ў другой:  свежавы́мыты і свежамаро́жаны.

Этымалагічнае ё пішацца ў першай частцы складанага слова, калі пабочны націск падае не на першы склад другой часткі: лёгкадасту́пны, цёмнавало́сы. Аднак калі націск у другой частцы падае на першы склад, у першай частцы будзе пісацца е: легкаду́мны, цемнавокі.

Запомніце: святлафор, але светлавалосы, бо першае ўтворана ад слова святло, а другое – ад светлы.

Частка радыё- пішацца нязменна (радыёхвалі, радыёперадача).

Літара э

Літара э ў першай частцы захоўваецца незалежна ад таго, на які склад падае націск у другой: шэраво́кі (а не шаравокі))), рэдказу́бы.

У складаных словах, утвораных ад лічэбнікаў, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбнікаў: трохдзверны, чатырохпавярховы,  пяцідзёнка, шасцісоты, сямігодка, стаметровы.

 

Заданне

Устаўце патрэбныя літары (каб убачыць правільны адказ, вылучыце курсорам поле справа ад працяжніка):

Музе…знаўца – музеязнаўца

Л…гкавер’е – легкавер’е 

Л…гкапраходнасць – лёгкапраходнасць

Н…вапрыдбаны – новапрыдбаны

Ус…ночная – усяночная

Д…бранадзейны – добранадзейны

Мн…гаабяцальны – многаабяцальны

Мн…газначны – мнагазначны

Ба…здольны – баяздольны

П…ліглот – паліглот

Мал…чнакіслы – малочнакіслы

Камен…пад – каменяпад

Зах…днебеларускі – заходнебеларускі

Мар…заўстойлівы – марозаўстойлівы

Л…савызнача́льны – лёсавызнача́льны

Рады…хвалі – радыёхвалі

Ар…хападобны – арэхападобны

В…лікадзяржаўны – вялікадзяржаўны

Н…ваадкрыццё – новаадкрыццё

Ст…гадовы – стагадовы

Зерн…склад – зернясклад

Св…тлалюбны – святлалюбны

Шт…суботні – штосуботні

Св…ечасовы – своечасовы

С…рцаед – сэрцаед

Ш…сцібор’е – шасцібор’е

Вугл…вадарод – вуглевадарод

Вугл…род – вуглярод

З…л…навокі – зеленавокі

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат