Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Археалогія

07.04.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Правапіс складаных прыметнікаў (+ВІДЭА)

Правапіс складаных прыметнікаў


powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

 

ПРАВАПІС СКЛАДАНЫХ ПРЫМЕТНІКАЎ

Пішуцца разам:

 1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных назоўнікаў, што пішуцца разам: водаправодны (ад водаправод), лесастэпавы (ад лесастэп).

 2. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад словазлучэння з падпарадкавальнай сувяззю (ад галоўнага да залежнага слова можна паставіць пытанне): дрэваапрацоўчы (апрацоўка чаго? дрэва), пяціпавярховы (пяць чаго? паверхаў).

 3.  Складаныя прыметнікі-тэрміны або ўстойлівыя кніжныя выразы, непадзельныя па значэнні (утвораныя ад спалучэння прыслоўя і прыметніка або прыслоўя і дзеепрыметніка): складаназалежны, вузкаспецыяльны, цяжкавырашальны.

Аднак калі складаны прыметнік-тэрмін мае пры сабе паясняльнае слова, тады ён ператвараецца ў свабоднае словазлучэнне і пішацца асобна: густанаселены раён, але густа населены эмігрантамі раён; слабаразвітыя краіны, але слаба развітыя ў эканамічным плане краіны.

Трэба таксама звярнуць увагу на тое, што калі спалучэнні словаў яшчэ не ператварыліся ў тэрміны або ўстойлівыя выразы-клішэ, яны пішуцца асобна: рэзка адмоўны, кепска зроблены, усенародна абраны.

 4. Складаныя прыметнікі, часткі якіх не ўжываюцца як асобныя словы: мовазнаўчы (няма самастойнага слова знаўчы), процівірусны (няма самастойнага слова проці).

  5. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад 3-х словаў: старажытнацаркоўнаславянскія словы, старажытнаверхненямецкі дыялект.

 

Пішуцца праз злучок:

  1. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў, часткі якіх пішуцца праз злучок: нью-ёркскі (ад Нью-Ёрк), генерал-губернатарскі (ад генерал-губернатар).

  2. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад словазлучэння са злучальнай сувяззю (у якім словы раўнапраўныя і паміж імі можна ўставіць злучнік і): сацыяльна-эканамічная сістэма, вясенне-летняя калекцыя.

  3. Складаныя прыметнікі, часткі якіх абазначаюць неаднародныя прадметы і паміж імі немагчыма ўставіць злучнік і: інфармацыйна-аналітычнае выданне (інфармацыйнае аналітычнае выданне), нацыянальна-вызваленчы рух (нацыянальны вызваленчы рух), сусветна-гістарычны досвед (сусветны гістарычны досвед).

  4. Складаныя прыметнікі, якія абазначаюць адценні колеру і смаку: бела-чырвоны, светла-бэзавы, кісла-салодкі.

  5. Складаныя прыметнікі, што абазначаюць напрамкі свету: паўднёва-заходні, паўночна-заходні.

  6. Складаныя прыметнікі з часткамі паўднёва-, паўночна-, усходне-, заходне-, што ўваходзяць у склад геаграфічных назваў: Заходне-Палескі рэгіён (але заходнепалескія гаворкі!), Усходне-Еўрапейская раўніна (але ўсходнееўрапейскі час!)

  7. Складаныя прыметнікі з першай часткай вайскова-, ваенна-: ваенна-стратэгічны, вайскова-дыпламатычны (але вайсковаабавязаны, ваеннапалонны).

  8. Складаныя прыметнікі, першай часткай якіх з’яўляецца лічба або літара: 10-метровы плот, Т-падобнае скрыжаванне.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Утварыць складаны прыметнік:

Навуковы, папулярны – * навукова-папулярны часопіс

Брыдкі, салодкі — * брыдка-салодкі смак

Задужа, салодкі – * задужа салодкі дэсерт

Ваенны, хірургічны – * ваенна-хірургічны шпіталь

Старыя Дарогі – * старадарожская школа

Давыд-Гарадок – * давыд-гарадоцкія вуліцы

Матэрыяльна, зацікаўлены – * матэрыяльна зацікаўленая асоба

Паўночны, усходні – * паўночна-ўсходні вецер

Ліслівы, мітуслівы – * лісліва-мітуслівыя паводзіны

Народная гаспадарка – * народнагаспадарчыя дасягненні

Радыёфізіка – * радыёфізічны факультэт

Усходнія славяне – * усходнеславянскія дыялекты

Будаваць машыны – * машынабудаўнічая галіна

Цяжка, хворы – * цяжкахворы чалавек

Грамадска, карысны – * грамадска карысная ініцыятыва

Віцэ-прэзідэнт – * віцэ-прэзідэнцкі пост

Грамадска, неабходны – * грамадска неабходныя рэформы

Ёлкі, горкі – * ёлка-горкі сыр

Аксамітны, чорны – * аксамітна-чорны плашч

Народны, паэтычны – * народна-паэтычная творчасць

Паўднёвы, афрыканскі – * Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка

Саркастычны, пагардлівы – * саркастычна-пагардлівыя заўвагі

Каменны вугаль – * каменнавугольная вытворчасць

Цэнтральны, Еўропа – * цэнтральнаеўрапейскі клімат

Лёгка, паранены – * лёгкапаранены баец

Чыста, беларускі – * чыста беларускі характар

Ваенны, палявы – * ваенна-палявы суд

Карлавы Вары – * карлаварскія воды

Торф, перагной – * торфаперагнойныя ўгнаенні

Глыбока, паважаны – * глыбокапаважаны палітык

Мала, даследаваны – * маладаследаваная праблема

Мала, даследаваны, навука – * мала даследаваная навукай (у навуцы) праблема

Гладка, паголены – * гладка паголены твар

Моцна, дзеючы – * моцнадзеючы сродак

Рэзка, адмоўны – * рэзка адмоўнае стаўленне

Возера, балота – * азёрна-балотны край

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат