Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: ВЯСНА

01.04.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Прамое і пераноснае значэнне слова (+ВІДЭА)

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

Прамое і пераноснае значэнне слова

На ранніх этапах фармавання любой мовы кожнае слова было замацавана толькі за адным канкрэтным аб’ектам. Таму словы мелі адно – прамое – значэнне:

рука (ручка) – верхняя канечнасць чалавека ад пляча да кончыкаў пальцаў;

дарога – паласа зямлі, прызначаная для хадзьбы/ язды, якая злучае асобныя пункты мясцовасці і г.д.

Але ў працэсе развіцця мовы словы набывалі новыя значэнні – пераносныя. Гэта натуральны працэс, які тлумачыцца спецыфікай мыслення чалавека, што навучыўся праводзіць пэўныя аналогіі паміж рознымі прадметамі, а таксама ўніверсальным законам эканоміі моўных сродкаў. Уявіце сабе, колькі новых словаў нам спатрэбілася б па меры асваення новых сфераў жыцця, калі б чалавек ішоў экстэнсіўным шляхам намінацыі. Відаць, такую колькасць было б цяжка нават утрымаць у памяці…

Такім чынам, да больш позніх пераносных значэнняў слова рука (ручка) – адносім:

1. почырк ці творчую манеру аўтара (тэкст напісаны адной рукой; рука майстра);

2. чалавек, якія можа пасадзейнічаць у нечым, манера кіравання (свая рука, цвёрдая рука);

3. частка прадмета, за якую яго трымаюць або бяруцца рукой (ручка дзвярэй);

4. пісьмовая прылада (шарыкавая ручка).

Дарога ў пераносным значэнні – гэта

1. адлегласць, якую трэба прайсці ці праехаць (далёкая дарога);

2. знаходжанне ў дарозе, падарожжа (праспаць усю дарогу);

3. напрамак дзейнасці (знайсці сваю дарогу ў жыцці).

Лексіка-семантычнае ўзбагачэнне сучаснай мовы ідзе, у першую чаргу, шляхам развіцця новых значэнняў словаў, такім чынам, становіцца больш мнагазначных словаў і, адпаведна, менш адназначных. Як мы ўжо зазначылі, гэта натуральны працэс. Аднак ёсць такая група словаў, для якой мнагазначнасць – гэта хутчэй недахоп, чым перавага. Гэта тэрміны, дзе мнагазначнасць можа зацямняць значэнне, надаваць яму непажаданыя адценні, блытаць моўцу.

Цікава, словы якіх часцінаў мовы  маюць больш за ўсё значэнняў? Па-першае, гэта прыназоўнікі, бо ў сілу сваёй спецыфікі яны служаць для сувязі словаў у канструкцях (напрыклад, прыназоўнік за мае больш за 20 значэнняў). Па-другое, гэта найбольш ужывальныя дзеясловы (дзеяслоў ісці мае 27 значэнняў!) Ну і, натуральна, прыметнікі, што могуць мець да дзясятка значэнняў (мяккі – 9 значэнняў паводле Тлумачалнага слоўніка).

Словы набывалі пераносныя значэнні ў першую чаргу на падставе падабенства. Чалавек як істота эгацэнтрычная, якая ўспрымае рэчаіснасць пры дапамозе сваіх органаў пачуццяў, “прапускаючы” ўсё праз сябе, надзяляў (і працягвае надзяляць) навакольны жывы і нежывы свет сваімі фізічнымі і псіхічнымі ўласцівасцямі. Такая з’ява называецца антрапамарфізмам. А метафары, якія ўзніклі на аснове падабенства чалавека і навакольнага свету, вучоныя называюць антрапамарфічнымі. Так з’явіліся, напрыклад, такія канструкцыі, як дождж ідзе, час ідзе, вясна ідзе, жыццё ідзе, гадзіннік ідзе, фільм ідзе, хоць гэтыя прадметы і з’явы не маюць ног,  або нага, якую мае не толькі чалавек ці жывёла, але і стол, і крэсла, і камода…

Такія метафары, якія мы сёння ўжо не ўсведамляем як прадукт пераносу значэнняў, вучоныя называюць сцёртымі ці мёртвымі. І такіх вось сцёртых метафар у сучаснай мове вялікае мноства. Цікавы факт, што некаторыя з іх замацавалі ў мове старое ўяўленне чалавека пра будову сусвету. Мы дагэтуль кажам: сонца ўстае ці сядае, хоць і ведаем цудоўна, што гэта зямля рухаецца вакол сонца, а не наадварот.

Дарэчы, метафары бываюць не толькі агульнамоўныя, але і аўтарскія, якія служыць для стварэння вобразнасці тэксту. На іх мы спынімся пазней.

Такім чынам, усе значэнні мнагазначнага слова звязаныя паміж сабой альбо паводле падабенства, альбо паводле сумежнасці. Перанос паводле падабенства, як мы ўжо казалі вышэй, называецца метафарычным і можа адбывацца па форме (галава чалавека – галоўка цыбулі), па размяшчэнні ў прасторы (галава чалавека – галава калоны), па колеры (залаты ланцужок – залатая восень), па якасці (залаты ланцужок – залатыя рукі), па функцыі (крыло птушкі і крыло самалёта).

Перанос паводле сумежнасці называецца метанімічным і можа адбывацца з назвы памяшкання на тых, хто ў ім знаходзіцца (аўдыторыя нумар пяць – маладая аўдыторыя), з паселішча на жыхароў паселішча (на плошчы сабраўся амаль увесь горад), з посуду на ягонае змесціва (кульнуць чарку), з матэрыялу на вырабы з гэтага матэрыялу (сямейнае срэбра) і г.д.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільны адказ, вылучыце курсорам вобласць справа ад зорачкі.

Назваць прамое і пераносныя значэнні наступных словаў:

Рукаў (рукаво) – * 1. рукаў курткі (частка адзення, якая пакрывае руку); 2.рукаў ракі (адгалінаванне ад галоўнага рэчышча ракі); 3. пажарны рукаў (шланг для падачы вадкасці, газу).

Горла (горлышка) – * 1.баліць горла (орган чалавека ці жывёлы); 2.горлышка пляшкі (верхняя звужаная частка пасудзіны); 3.вузкі выхад з заліва; 4. Высокі ворат у швэдары або вадалазцы.

Корань – * 1.корань дрэва (падземная частка расліны); 2.унутраная частка зуба, пазногця, воласа, языка, якая знаходзіцца ў целе; 3.корань усіх бед (пачатак нечага); 4.корань слова (у граматыцы частка слова без прыстаўкі і суфікса); 5.матэматычны корань.

Нос (носік, насок) – * 1.кірпаты нос (орган нюху, частка цела чалавека ці жывёлы); 2.дзюба ў птушкі; 3.нос чоўна, самалёта (пярэдняя вострая ці завостраная частка любога прадмета); 4.носік чайніка, імбрыка (частка, праз якую наліваецца вадкасць); 5.насок чаравіка, шкарпэткі (пярэдняя частка).

Вуха (вушка) – * 1.лапавухія вушы (орган слыху, частка цела чалавека ці жывёлы); 2.вострае вуха (здольнасць успрымаць гукі); 3.вушы ў шапцы-аблавушцы; 4.вушкі цэбра (прыстасаванне для падвешвання); 5.вушка іголкі (дзірачка для ўцягвання ніткі); 6.зварыць вушкі (макаронныя вырабы ў выглядзе фігурных кавалкаў цеста).

Вока (вочка) – * 1.шэрыя вочы (орган зроку, частка цела чалавека і жывёлы); 2.гаспадарчае вока (здольнасць бачыць, набытая ў працэсе жыццёвага досведу); 3.дзвярное вочка (неялікая круглая адтуліна); 4.бульба ў вочках (зародак парастка на бульбяным клубні); 5.спусціць вочка (пятля пры пляценні/ вязанні); 6.пупышка, зрэзаная з дрэва для прышчэпкі.

Барада – * 1.барада з ямачкай (пярэдняя частка ніжняй сківіцы); 2.кудлатая барада (валасяное покрыва ніжняй часткі твару ў мужчын); 3.пучок валасоў або пер’я на пярэдняй частцы галавы ў жыцёлы ці птушкі); 4.касмыль недапрадзенай кудзелі, воўны; 5.невялікі кусцік жыта, каля якога спраўляюць дажынкі.

Баба (бабка) – * 1.матчына або бацькава маці; 2.старая жанчына; 3.жанчына; 4.жонка; 5.жанчына, якая прымае роды; 6.ударная частка механічнага молата; 7.страва з бульбы; 8. грыб.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат