Пра курсы
ГАРАДЫ :


26.05.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Перыфраза (+ВІДЭА)

Перыфраза

powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70 СПАМПАВАЦЬ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПАВАЦЬ РАЗДАТКУ Ў WORD

ПЕРЫФРАЗА

Вобразнасць мовы дасягацца рознымі сродкамі: ужываннем метафар, метанімічных зваротаў, сінонімаў, антонімаў і г.д. Адным з такіх сродкаў з’яўляецца перыфраза – вобразнае апісальнае азначэнне нейкага прадмета, з’явы, дзеяння. Па сваёй структуры перыфраза ўяўляе сабой словазлучэнне, якое звычайна служыць для замены асобнага слова:

Людзі ў белых халатах – дактары/лекары

Цар звяроў – леў

Блакітнае паліва — газ

Белая смерць – цукар ці соль

Чорнае золата – нафта

Чорнае палескае золата – торф

Навошта ствараюцца і ўжываюцца перыфразы?

  1. Па-першае, у якасці стылёвага прыёму ў мастацкіх і публіцыстычных тэкстах з мэтай павысіць вобразнасць і выразнасць тэксту, так бы мовіць, “зачапіць” чытача, не пакінуць яго раўнадушным, а таксама пазбегчы непажаданых паўтораў:

Краіна пад белымі крыламі – Беларусь (Уладзімір Караткевіч)

Пан сахі і касы – мужык (Янка Купала)

Блакітныя вочы радзімы – азёры

Лясныя браты – партызаны

Вельмі часта перыфразы, якія ўжываюцца, здавалася б, для павышэння пафаснасці і вобразнасці выказвання ці тэксту, ператвараюцца ў свайго роду банальныя клішэ, якія не ўзбагачаюць тэкст, а, хутчэй наадварот, робяць яго нецікавым і неарыгінальным (інжынер чалавечых душ – пісьменнік). Так у савецкі час была створана вялікая колькасць спецыфічных клішаваных перыфраз-саветызмаў, якія сёння гучаць дастаткова камічна:

Цудоўны гмах жаданай будучні – камунізм

Свяшчэнная рэліквія Кастрычніка – чырвоны сцяг

Краіна людской надзеі, сонечны край чалавечага шчасця, першая краіна рабочых – Савецкі Саюз

Занядбаная карміцелька – дарэвалюцыйная Беларусь

Душа і мозг рэвалюцыі – Ленін

  1. Па-другое, перыфразы ўжываюцца ў гутарковай мове з мэтай узмацнення эмацыйна-экспрэсіўнага ўздзеяння на слухача:

Сушыць зубы – смяяцца

Кульнуць чарку – выпіць

Пякельнае зелле – гарэлка

Трухлявая порхаўка – стары/старая

  1. Таксама перыфраза часта сустракаецца ў афіцыйна-справавых тэкстах з мэтай пазбегчы наўпроставага наймення:

Чалавек без пэўнага месца жыхарства – бяздомны

Чалавек  з абмежаванымі магчымасцямі – інвалід

Асоба каўказскай нацыянальнасці – чачэнец, грузін, асецін і г.д.

Установа харчавання вышэйшай нацэначнай катэгорыі – рэстаран

Кампетэнтныя органы – КДБ

У гэтым выпадку перыфразы збліжаюцца ці супадаюць з эўфемізмамі, якія служаць для замены занадта прамых, грубых, непрыстойных ці непаліткарэктных і таму непажаданых словаў: пачысціць нос – высмаркацца.

Трэба таксама адзначыць, што некаторыя перыфразы ўступаюць у сінанімічныя адносіны і фармуюць цэлыя сінанімічныя шэрагі:

Выпіваць – ваяваць з пляшкай, весяліць карчомкай душу, заглядаць у бутэльку, зрабіць поўную парожняй, ліць у сябе, павесяліць душу, падлячыць апетыт, панюхаць брагі, прыкладацца да чаркі, узяць (кульнуць) чарку, учыніць узліванне, хварэць на няўстойку ног…

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Вызначыць, якія словы замяняюць наступныя перыфразы:

Даўняя спадарожніца беларуса, надзейны хлеб маёй зямлі, другі хлеб – * бульба

Белакорая прыгажуня, беларуская пальма – * бяроза

Скананне дня – * вечар

Каменны лес – * горад

Паўночны рыс – * грэчка

Бязвокая хата, вечны дом, ложак вечнасці, хата навек – * труна (дамавіна)

Камандзіраваны ў царства нябеснае – * забіты

Барозны гора, разоры лёсу, рыскі часу, старасці мярэжы – * зморшчыны

Беларускі шоўк, паўночны шоўк –* лён

Вясна жыцця, жыццёвы ранак, раніца жыцця – *маладосць

Самкнуцца тварамі – * пацалавацца

Горад шахцёрскага юнацтва Беларусі – * Салігорск

Беларускі кіпарыс – * ядловец

Пяньковы гальштук, сталыпінскі гальштук — * шыбеніца

Атаман мужыцкай праўды, кароль Літвы – * Кастусь Каліноўскі

Беларускі гімн чыстаму каханню – * “Зорка Венера”

Бальзам палёў, вітаміны вясны, элексір урадлівасці – * угнаенне

Сардэчны пажар – * каханне

Дзявочая шыльда – * знешняя прыгажосць

Астатак шведскае вайны – * курган

Горад І з’езду партыі – * Мінск (саветызм)

Духоўная сівуха – * рэлігія (саветызм)

Балотны пан, князь цьмы – * нячысцік/ чорт

Вясёлая рэпетыцыя пахавання – * юбілей

Дзіцячая/ дзявочая прынада – * цукеркі

Дзівосны балотна-лясны край – * Палессе

Беларускае мора – * возера Нарач

Шкляныя колы, другія вочы – * акуляры

Бунт палачак Коха J – * боль (пры туберкулёзе)

Упарадкаванне /лібералізацыя цэнаў – * дэвальвацыя

Аператар машыннага даення – * даяр, даярка

Менеджар па лагістыцы, менеджар па адгрузцы – * грузчык

Клінінг-менеджар, менеджар па клінінгавых паслугах, менеджар па дэзынфекцыі  — * прыбіральшчыца

Аператар па доглядзе за жывёламі – * пастух

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат