Пра курсы
ГАРАДЫ :


14.04.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Множны лік назоўнікаў (+ВІДЭА)

powerpoint70  СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
word70  СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD
word70  СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Трэба запомніць, што ў назоўным склоне (хто? што?) беларускія назоўнікі маюць канчаткі –ы, –і: цэхі, дамы, азёры, моры (не блытаць з адпаведнымі рускімі назоўнікамі, якія ў множным ліку заканчваюцца на –а). Аднак ёсць невялікая група назоўнікаў з суфіксам –анін/–янін (гараджанін, грамадзянін, селянін, англічанін), якія ў множным ліку заканчваюцца на –ане/–яне: гараджане, грамадзяне, сяляне, англічане.

Варта таксама звярянуць увагу на змену асновы некаторых назоўнікаў пры ўтварэнні множнага ліку:

У родным склоне (каго? чаго?), калі звярнуцца да сучасных граматык і слоўнікаў беларускай мовы, назіраецца самы вялікі разнабой канчаткаў, перадусім абумоўлены родам назоўніка і тыпам асновы. Гэта і канчаткі –аў/–яў/–оў/–ёў, якія сустракаюцца ў назоўніках мужчынскага, ніякага і жаночага роду, і нулявы канчатак, перш за ўсё ўласцівы назоўнікам жаночага роду на –а/–я, і канчаткі –эй/–ей у назоўніках невялікай групы мужчынскага, ніякага і жаночага роду.

Чаму ж гэтыя формы настолькі неўнармаваныя ў сучаснай беларускай мове і дасюль выклікаюць спрэчкі?  Відаць, гэта звязана з пэўнай тэндэнцыяй да ўніфікацыі склонавых канчаткаў, якая дзейнічае не толькі ў нашай мове, але, напрыклад, і ў рускай (узгадайце канчаткі –а і –у ў назоўніках роднага склону адзіночнага ліку, дзе канчатак –а фактычна перамог).

Калі ўзгадаць першыя спробы нармалізацыі сучаснай беларускай мовы, зробленыя Тарашкевічам у ягонай граматыцы, мы ўбачым, што перавага надавалася канчатку –аў і яго варыянтам перад усімі іншымі. Прычына гэтага палягае ў тым, што Тарашкевіч абапіраўся на заходнебеларускія гаворкі, у якіх гэтыя канчаткі дамінавалі (тут, праўда, трэба зазначыць, што гэта былі першыя спробы нармалізацыі, бо граматычная сістэма толькі пачынала складацца. Узгадайце разнабой з канчаткамі на старонках “Нашай нівы”, напрыклад).

Аднак у 30-ыя гады, пасля сумна вядомай рэформы беларускага правапісу, пачалася штучная русіфікацыя нашай мовы, калі перавага надавалася формам, найбольш блізкім да рускіх, а тыя, якія адрозніваліся ад рускіх, апынуліся пад поўнай ці частковай забаронай. Такім чынам, натуральнае развіццё нашай мовы было фактычна спынена, адбылася сістэмная дэфармацыя, якая, у выніку, прывяла да заблытанасці і нелагічнасці, і плады якой мы пажынаем і да сёння.

Такім чынам, уніфікацыя канчаткаў у родным склоне – працэс натуральны, хоць і дагэтуль незавершаны. Таму назіраецца іх пэўная канкурэнцыя (але не варта забывацца, што ў нашых гаворках сустракаюцца ўсе гэтыя канчаткі) пры дамінаванні генералізаванага канчатка –аў з варыянтамі –яў/–оў/–еў/–ёў. Прычына распаўсюджання менавіта гэтага канчатка тлумачыцца перадусім рэакцыяй на гвалтоўную русіфікацыю, тэндэнцыяй адштурхоўвання ад рускай мовы.

Таму ў большасці выпадкаў, незалежна ад скланення назоўнікаў, гэты канчатак можа ўжывацца або як адзіна магчымы, або як адзін з варыянтаў: песняў і песень, магчымасцяў і магчымасцей. Аднак ёсць выпадкі, калі мы выкарыстоўваем іншыя канчаткі, на іх мы зараз і спынімся:

1. Назоўнікі з канчаткам –эй/–ей. Да іх адносяцца формы вачэй, вушэй,  плячэй, якія з’яўляюцца рудыметнамі парнага ліку, архаічныя формы кшталту коней, гасцей, лапцей, а таксама формы назоўнікаў жаночага роду з націскным канчаткам гусей, смярцей, часцей, абласцей, начэй. Дарэчы, у выпадку, калі назоўнікі коней, лапцей спалучаюцца з лічэбнікамі і няпэўна-колькаснымі словамі, ужывацца форма з канчаткам –ёў/–яў: 5 канёў,  некалькі лапцяў.

2. Нулявы канчатак маюць назоўнікі з асновай на г, к, х  або на збег зычных, апошні з якіх г, к, х (тады з’яўляецца беглая галосная): рук, ног, суседак, кніжак.

Цікавая сітуацыя назіраецца з формамі год і  гадоў. Назоўнік год заўсёды мае форму год у назвах: калгас “Сорак год Кастрычніка”. Форма гадоў заўсёды ўжываецца ў спалучэнні з парадкавым лічэбнікам: у сярэдзіне нулявых гадоў, у канцы дзевяностых гадоў. Калі ж спалучаецца з колькасным лічэбнікам ці словам з колькасным значэннем, то мае варыянтнасць: пяць год/гадоў, шмат год/гадоў.  Форма з –оў звычайна  пераважае ў словазлучэннях, другім кампанентам якіх выступае прыметнік: з маладых гадоў, цягам апошніх гадоў (аднак магчымае ўжыванне: з малых год).

У творным склоне (кім? чым?) некаторыя назоўнікі будуць мець варыянтныя канчаткі –амі/–ямі і –мі: конямі і коньмі, санямі і саньмі. Множналікавыя назоўнікі дзверы, грошы маюць паралельнія канчаткі –амі і –ыма: дзвярамі і дзвярыма, грашамі і грашыма.

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць павільныя адказы, вылучыце курсорам вобласць побач з зорачкай!

Пастаўце назоўнікі ў назоўным склоне множнага ліку:

Пяро – * пёры

Прамень – * промні, прамяні

Корань – * карані, корані

Цяля – * цяляты

Лес – * лясы

Дзяўчына – * дзяўчаты, але 2 дзяўчыны

Вуха – * вушы, але 2 вухі

Неба – * нябёсы

Зерне – * зярняты

Поле – * палі

Трактар – * трактары

 

Пастаўце назоўнікі ў родным склоне множнага ліку, улічваючы магчымую варыянтнасць:

Горка – * горак

Гумно – * гумнаў і гумен

Крэсла – * крэслаў і крэсел

Кнігарня – * кнігарняў і кнігарань

Сястра – * сёстраў і сясцёр

Сотня – * сотняў і соцень

Свякроў – * свекрывей

Ручка – * ручак

Гусь – * гусей

Грудзі – * грудзей

Імя – * імён, імёнаў і імяў

Грошы – * грошай

Вішня – * вішняў і вішань

Госця – * госцяў

Госць – * гасцей

Год – * з 30-ых гадоў

 

Пастаўце назоўнікі ў творным склоне множнага ліку, улічваючы магчымую варыянтнасць:

Далонь – * далонямі і далоньмі

Рэч – * рэчамі

Вуха – * вушамі і вушыма

Грудзі – * грудзямі і грудзьмі

Людзі – * людзьмі

Плячо – * плячамі і плячыма

Косць – * касцямі і касцьмі

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат