Пра курсы
ГАРАДЫ :


09.11.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Дождж, просьба, адказчык
powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

Вымаўленне і правапіс спалучэнняў зычных

Вядома, што асноўны прынцып беларускага правапісу – фанетычны (як чуецца, так і пішацца). Аднак такіх моваў, дзе б дзейнічаў выключна адзін прынцып, звычайна не існуе. І беларуская не выключэнне. Напрыклад, спалучэнне зычных у нашай мове перадаецца не толькі паводле фанетычнага прынцыпу, але і паводле марфалагічнага, калі захоўваецца склад марфемы незалежна ад вымаўлення.

У спалучэннях зычных у межах адной марфемы ці, часцей, на стыку марфем абдываюцца наступныя працэсы:

1. Аглушэнне: звонкія зычныя перад глухімі ці на канцы слова вымаўляюцца глуха. Аглушэнне не перадаецца на пісьме. Для праверкі трэба змяніць слова так, каб пасля зычнага з’явіўся галосны або санорны.

вымаўленне напісанне праверка
доШЧ доЖДЖ  дажджы
друС   друЗ друзам

2. Азванчэнне: глухія перад звонкімі зычнымі гучаць звонка. Азванчэнне таксама не перадаецца на пісьме.

вымаўленне напісанне праверка
проЗьба  проСьба прасіць
каЗьба  каСьба касіць

Словы іншамоўнага паходжання, якія нельга праверыць, трэба запомніць (экзотыка, айсберг).

Выключэнне: прыстаўкі на -з/-с, вымаўленне і напісанне якіх залежыць ад наступнага зычнага. Перад звонкімі зычнымі ўжываюцца прыстаўкі на -з, а перад глухімі – на -с (бязмежны, бяспечны).

3. Спрашчэнне груп зычных: на стыку кораня і суфікса пры збегу 3-х зычных сярэдні зычны выпадае. Гэта з’ява адлюстроўваецца таксама і на пісьме.

Згн → зн  (бразгаць, але бразнуць)

Стн → сн (свіст, але свіснуць)

Слн → сн (мысліць, але наўмысна)

Рдц → рц (сардэчны, але сэрца)

Рдн → рн (сардэчны, але міласэрны)

Птн → пн (шэпт, але шапнуць) і пад.

4. Прыпадабненне свісцячых да шыпячых. На стыку марфем свісцячыя перад шыпячымі вымаўляюцца як шыпячыя. На пісьме гэтая з’ява не перадаецца.

вымаўленне напісанне праверка
уШчаць уСчаць трэба вылучыць марфемы, у якіх адбывецца чаргаванне (так, прыстаўкі ніколі не заканчваюцца на шыпячы; для вызначэння літары ў корані трэба падабраць аднакаранёвыя словы)
раЖжыцца  раЗжыцца
адкаШчык адкаЗчык

Выключэнне: шчасце, нішчымны, ушчуваць, рашчыніць (цеста).

5. Прыпадабненне шыпячых да свісцячых. Адбываецца на стыку марфем і не перадаецца на пісьме.

вымаўленне напісанне
чытаЦцы  чытаЧцы
мыеСся
мыеШся

Калі збег зычных адбываецца ў межах адной марфемы, тады слова пішацца паводле вымаўлення (ушчэнт, пабоішча, шчодры).

6. Пераход д, т перад ч, ц у доўгія чч і цц на стыку марфем. Не перадаецца на пісьме.

вымаўленне напісанне праверка
паЧчыстую  паДчыстую прыстаўкі на  пішуцца нязменна
золаЦца  золаТца для вызначэння літары ў корані трэба падабраць аднакаранёвыя словы

7. Пераход спалучэнняў зычных:

тс, чс, цс, ксц (і норма вымаўлення, і норма правапісу)

вымаўленне = напісанне

танкісЦкі  (ад танкіст + ск)

мастаЦтва (ад мастак + ств)

Выключэнне: словы неславянскага паходжання (Мазамбік → мазамбікскі, узбек → узбекскі).

дс → ц (норма вымаўлення, але не перадаецца на пісьме)

вымаўленне напісанне
гараЦкі   гараДскі
ірланЦкі ірланДскі

сс, гс, хс, жс, шс → с (норма вымаўлення, якая замацавалася на пісьме)

вымаўленне = напісанне

матроСкі  (ад матрос + ск)

птаСтва (ад птах + ств)

Выключэнне: у геаграфічных назвах і назвах народаў захоўваюцца спалучэнні гс, хс, жс, шс (Карабах → карабахскі, вараг → варажскі, Старыя Дарогі → старадарожскі). Наяўнасць жа чаргавання г/ж вызначаецца па слоўніку (Пецярбург → пецярбургскі, Прага → пражскі).

зс → с (вымаўляецца, але не перадаецца на пісьме)

вымаўленне напісанне
сілеСкі    сілеЗскі (ад Сілезія + ск)

8. Спалучэнне “зычны + санорны” ў канцы слова. Некаторыя запазычанні заканчваюцца неўласцівым для беларускай мовы спалучэннем –тр, -др, -бр, -бль, -кл. У жывым маўленні паміж гэтымі зычнымі ўзнікае беглы а. Гэтая з’ява не перадаецца на пісьме.

вымаўленне напісанне
сіДАР  сіДР
меТАР  меТР
АляксанДАР АляксанДР

 

Заданні

Утварыць словы:

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

Праезд + н = праязны < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

Помста + лів = помслівы

Кантраст + н = кантрасны

Капуста + н = капусны

Адказ + чык = адказчык

Подпіс + чык = падпісчык

Скрыпач + ск = скрыпацкі

Невук + ств = невуцтва

Швед + ск = шведскі

Бяда + ств = бедства

Палессе + ск = палескі

Бог + ск = боскі

Манах + ств = манаства

Гаага + ск = гаагскі

Француз + ск = французскі

 

Перакласці:

Носитель – носьбіт < Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

Безосновательный – беспадстаўны

Бесстыдный – бессаромны

Безгрешный – бязгрэшны

Откуп – водкуп

Отмель – водмель

Подтвердить – пацвердзіць

Преднамеренно – наўмысна

Песчаный – пясчаны

Нежность – пяшчота

Почерствевший – счарсцвелы

Потребительский – спажывецкі

Тунисский – туніскі

Тембр – тэмбр

Милосердный – міласэрны

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат