Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Рэклама

09.10.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Былі памкнуліся ўслед…

Прошлы час дзеяслова

Дзеяслоў у прошлым часе абазначае дзеянне, якое адбывалася або адбылося да моманту гутаркі (хадзіў учора, ужо схадзіў). Формы прошлага часу часцей за ўсё ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -л-, што далучаецца да асновы інфінітыва. Звярніце ўвагу на тое, што ў мужчынскім родзе л пераходзіць у ў, што абумоўлена фанетычнымі працэсамі, якія адбываюцца ў беларускай мове (хадзіў, але хадзіла, хадзілі).

Аднак у мове таксама існуюць формы мужчынскага роду прошлага часу без суфікса –л- (утвораныя ад інфінітываў на –ці і на -чы): несці – нёс, везці – вёз, берагчы – бярог, вырачыся – выракся.

У формах дзеясловаў прошлага часу, утвораных ад інфінітываў з суфіксам -ну- (высахнуць, згоркнуць),  суфікс –ну-звычайна знікае (высах, высахла, высахлі; згорк, згоркла, згорклі). Але ў жывой мове сустракаюцца і адхіленні ад нормы, калі суфікс -ну- захоўваецца ў некаторых беспрыставачных дзеясловах мужчынскага роду прошлага часу (сохнуў, гразнуў, але сохла і гразла).

Калі ў рускай мове існуе толькі простая форма прошлага часу, дык у беларускай вядомыя дзве формы: простая (хадзіў, схадзіў) і складаная (быў схадзіўі нават быў хадзіў). Простая форма паказвае, што дзеянне адбывалася ці адбылося ў мінулым. Складаная форма частавыражае дзеянне, якое ў мінулым папярэднічала нейкаму іншаму дзеянню, а таксама няскончанае ў мінулым дзеянне. Гэту форму прынята называць даўномінулым ці запрошлым часам (плюсквамперфект). Дарэчы, сёння яна характэрная, напрыклад, для балгарскай, ангельскай, французскай, нямецкай моваў. А ў літаратурную ўкраінскую мову пасля занядбання ў савецкія часы гэта форма пачала актыўна вяртацца ў 90-ыя.

Запрошлы час быў апісаныяшчэ ў “Беларускай граматыцы для школ” Браніславам Тарашкевічам, прычым з апірышчамна паўночна-заходнюю дыялектную зону, дзе ў складзе запрошлага часу шырока ўжываюцца дзеепрыслоўі на –ўшы (я быў зрабіўшы), што азначаюць дзеянне, якое адбылося, як піша Тарашкевіч, “перш чымся што другое  здарылася”. Пазней, у звязку з працэсам русіфікацыі,ён знік са школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў, але фіксуецца некаторымі граматыкамі. Найбольшае пашырэннесёння мае ў жывым маўленні.

Даўномінулы час звычайна ўтвараецца пры дапамозе дапаможнага дзеяслова быў (была, было, былі) і асноўнага дзеяслова (Мужык пасеяў быў жыта, але яно не ўзышло. Ён быў ужо пайшоў, але раптам вырашыў вярнуцца. Пайшлі былі далей, але хутка спыніліся.) Форма даўномінулага часу можа таксама быць утворана і ад дапаможнага дзеяслова кшталту хацець, стаць, рабіцца, з’яўляцца (Спачатку дзяўчынка хацела была збегчы дахаты, ды засталася на дварэ, боцікаўнасць перасіліла. Мы былі хацелі скончыць працу сёння, ды не паспелі.)

Складаная форма прошлага часу можа таксама азначаць дзеянне ў няпэўна-асабовым сказе, якое адбываецца звычайна незалежна ад волі суб’екта (Сына ўзялі былі ў войска.)

Трэба зазначыць, аднак, што ў апошні час акрэслілася тэндэнцыя да ўжывання ў жывым маўленні складаных формаў не толькі ў значэнні менавіта даўномінулага часу, але і ў значэнні звычайнага прошлага часу.

Звярніце ўвагу на тое, што формы сказаў было, хацела было, напісалі было не з’яўляюцца тыпова беларускімі і, паводле меркаванняў навукоўцаў, узніклі ў мове пад уплывам рускай, дзе было – гэта нязменная часціца, якая мае сінонім бывало.

 

Заданне

Паставіць дзеяслоў у патрэбнай форме:

УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.

  1. Учора Міхась (спазніцца) на цягнік і прыйшлося дабірацца на перакладных. – спазніўся быў/ спазніўся
  2. Цэлы дзень ля ганка пад дажджом (мокнуць) сабака Жучка, якога гаспадыня не пусціла ў хату. – мок
  3. Ясь (сабрацца) выходзіць з дома, як завітала суседка. – сабраўся быў / сабраўся
  4. Аднаго разу яна (адлучыцца) на некалькі дзён да дзяцей у горад, кінуўшы гаспадарку на мужа. – адлучылася была/ адлучылася
  5. Масла, што задоўга стаяла ў лядоўні, (прагоркнуць). – прагоркла
  6. Вецер (сціхнуць) спачатку, але потым (загусці) з новай сілай. – быў сціх/ сціх – загуў
  7. У мінулую пятніцу пасля заняткаў студэнтаў нечакана (сабраць) на агульны сход. – сабралі былі/ сабралі
  8. Мар’я (зайсці) увечары ў краму па малако, але яго ўсё (разабраць)… была зайшла / зайшла – разабралі
  9. Спачатку (брацца) на дождж, але потым хмары (разысціся) і (вызірнуць) сонца. – бралася было / бралася – разышліся – вызірнула
  10. Мы (хацець) сабрацца разам і пайсці ў парк, як нечакана ў аднаго з нас (узнікнуць) іншыя планы. – хацелі былі / хацелі — узніклі

 

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат