Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Віншаванні і зычэнні

14.01.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Будзьма разам! Будзьма беларусамі!

ЗАГАДНЫ ЛАД

Калі мы ўжываем форму будзьма? Будзьма хто? Я? Ты? Мы? Вы? Яны?
Так, канечне, гэта мы. Форма з –ма – гэта форма загаднага ладу дзеяслова 1 асобы множнага ліку (Мы будзьма!)

Форма на –ма характэрная для заходніх і паўднёвых беларускіх гаворак. Вельмі актыўна ў пісьмовую і гутарковую мову на тэрыторыі ўсёй Беларусі яна пачала пранікаць у першыя дзесяцігоддзі 20 ст. (Наша доля, Наша ніва, “Новая зямля” Коласа, вершы Багдановіча). Як пісаў у той час беларускі прарок Янка Купала:

Дык любімася, суседзі,
Кіньма сваркі, звадкі;
Жыйма, як родныя дзеці
Адной нашай маткі

Такая форма загаду вельмі “беларуская”, бо гучыць не камандна, а неяк мякка, даверліва, раўнапраўна, піша Алесь Каўрус (“Да свайго слова”, 2011).
У 30-ыя гады, нават не зважаючы на русіфікацыйную тэндэнцыю, формы з –ма ўсталяваліся ў беларускай мове як літаратурныя, нарматыўныя. Правіла тады (пасля сумна вядомай рэформы 1933 года) гучала наступным чынам:
“Дзеясловы ў 1-ай асобе множнага ліку загаднага ладу маюць формы на –ма, калі 2-ая асоба адзіночнага ліку канчаецца на –й або зычны, ва ўсіх іншых выпадках будзе канчатак –ем, -эм: кіньма, сядайма, бярэм.”

У 90-ыя гады ўжыванне такіх формаў загаднага ладу ўжо абмяжоўваецца мовай мастацкай літаратуры. А вось тэксты навуковага, афіцыйна-справавога і нават публіцыстычнага стылю, якія пераважна ствараліся на рускай мове, а потым перакладаліся на беларускую, былі зусім ачышчаныя ад такіх самабытных формаў.
Падобная сітуацыя адбылася і з канчаткамі – ем/ -эм (бярэм, ідзем), якія пад уплывам рускай мовы былі выцеснены формамі цяперашняга або будучага часу на –ом / -ём (бяром, нясём). Бо ў рускай мове ў 1 асобе множнага ліку ролю загаднага ладу выконваюць менавіта формы цяперашняга або простага будучага часу.

Такім чынам, беларускай мове ўласцівыя наступныя формы загаднага ладу:
1 асоба адзіночнага ліку —
2 асоба адзіночнага ліку – СЯДЗЬ, БЯРЫ
3 асоба адзіночнага ліку – ХАЙ / НЯХАЙ СЯДЗЕ, БЯРЭ
1 асоба множнага ліку – СЯДЗЬМА, СЯДЗЕМ, БЯРЭМ, ДАВАЙ(ЦЕ) СЯДЗЕМ, ДАВАЙЦЕ БРАЦЬ
2 асоба множнага ліку – СЯДЗЬЦЕ, БЯРЫЦЕ
3 асоба множнага ліку – ХАЙ / НЯХАЙ СЯДУЦЬ, БЯРУЦЬ

Заданне
УВАГА! Каб пабачыць слушныя варыянты адказаў, вылучыце поле справа курсорам.
Ад дзеясловаў утварыць усе магчымыя формы загаднага ладу:

Ехаць – едзь, хай/ няхай едзе; едзьма, едзем, давай ехаць, едзьце, хай/ няхай едуць
Ратаваць – ратуй, хай/ няхай ратуе, ратуйма, ратуем, давай ратаваць, ратуйце, хай/ няхай ратуюць
Памятаць – памятай, хай/ няхай памятае, памятайма, памятаем, памятайце, давай памятаць, хай/ няхай памятаюць
Глянуць – глянь, хай/няхай гляне, гляньма, глянем, давай глянем, гляньце, хай/няхай глянуць
Кідаць – кідай, хай/няхай кідае, кідайма, кідаем, давай кідаць, кідайце, хай / няхай кідаюць
Жыць – жыві, хай/няхай жыве, (жыйма- Купала), жывеце, давай жыць, жывіце, хай/няхай жывуць
Цягнуць – цягні, хай/ няхай цягне, цягнем, давай цягнуць, хай/няхай цягнуць
Прыкінуць – прыкінь, хай/няхай прыкіне, прыкіньма, прыкінем, давай прыкінем, хай/няхай прыкіне
Спяваць – спявай, хай/няхай спявае, спявайма, спяваем, давай спяваць, спявайце, хай/няхай спяваюць
Забраць – забяры, хай/няхай забярэ, забярэм, давай забярэм, забярыце, хай/няхай забяруць.

 
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат