Пра курсы
ГАРАДЫ :


27.01.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Білінгвізм. Інтэрферэнцыя. Трасянка
powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT
СЦЯГНІЦЕ І ІНШУЮ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ ПА ТЭМЕ
word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Білінгвізмам, або  двухмоўем, называюць ужыванне ў моўнай практыцы дзвюх моваў папераменна. Асновай білінгвізму з’яўляюцца цесныя кантакты, у тым ліку моўныя, паміж рознымі народамі звычайна на той самай або суседніх тэрыторыях. Для нашай краіны сітуацыя білінгвізму вядомая здаўна. У часы Вялікага княства Літоўскага гэта беларуска-царкоўнаславянскае двухмоўе. Пазней, калі Беларусь апынулася ў складзе Польскай дзяржавы, – беларуска-польскае двухмоўе. А пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай – пачала фармавацца беларуска-рускае двухмоўе, якое дасягнула свайго “росквіту” ў другой палове ХХ стагоддзя, стаўшы, фактычна, вынікам гвалтоўнай русіфікацыі.

Пэўная частка насельніцтва нашай краіны ў штодзённым жыцці актыўна карыстаецца абедзвюма мовамі ў залежнасці ад сітуацыі. Аднак і тая частка, што гаворыць на адной мове (беларускай ці рускай) таксама адносіцца да білінгваў, бо валодае другой мовай пасіўна, успрымаючы на ёй інфармацыю (шыльды, абвесткі, газеты, радыё, тэлебачанне і г.д.). Такім чынам, на практыцы ўсё беларускае насельніцтва можна лічыць у той ці іншай ступені двухмоўным.

Адсюль можна вылучыць два тыпы білінгвізму: актыўны і пасіўны.

Пра актыўны білінгвізм мы гаворым, калі ў свядомасці чалавека дзве моўныя сістэмы існуюць самастойна і ён можа вольна пераключаецца з рускай мовы на беларускую і наадварот, не звяртаючыся да паслугаў другой мовы. У такім выпадку дзве моўныя сістэмы з’яўляюцца больш-менш раўнапраўнымі. Аднак трэба прызнаць, што так бывае не вельмі часта.

Для нашай краіны больш тыповым з’яўляецца пасіўнае двухмоўе, калі адна з моўных сістэмаў выступае як дамінантная. Звычайна гэта родная мова, на якой чалавек думае, а ўжо потым перакладае свой тэкст на другую мову. Так адбывалася, напрыклад, у пасляваенныя часы, калі вялікая колькасць  беларускамоўных людзей пераехала з вёсак у гарады і сутыкнулася з рускамоўным чыноўніцтвам і справаводствам на рускай мове. У такой сітуацыі карэнныя беларусы, якія не вывучалі рускую мову ў школе, імкнуліся размаўляць па-руску.

Гэта было часта звязана, як зазаначае Г. Цыхун, з нейкім перамяшчэннем – геаграфічным (з вёскі ў горад) ці нават сацыяльным (з больш нізкай пазіцыі на больш высокую, дзе ўжо па статусе “трэба” было гаварыць на мове вышэйшага прэстыжу, то бок рускай).

Анекдот пра чалавека, які з вёскі паехаў у горад

Па вяртанні сусед яго запытваецца:

– Ну, як з’ездзіў?
– А нішто. Туды ехаў – гляджу, на дарозе ляжыць палена. Назад еду – сматру, ляжыць браўно.

Такім чынам, засвойваючы рускую мову стыхійна, у працэсе моўных зносін з яе носьбітамі, а не ў школе, беларусы пад уплывам роднай мовы ў сваім маўленні рабілі безліч памылак. Такую вось прысутнасць элементаў адной мовы ў маўленні на іншай мове вучоныя называюць інтэрферэнцыяй. Інтэрферэнцыя тым большая, чым бліжэйшыя па сваім паходжанні мовы, якія ўступаюць ва ўзаемадзеянне. 

Беларуска-руская і руская-беларуская інтэрферэнцыя закранае практычна ўсе ўзроўні мовы.

Фанетычная інтэрферэнцыя адна з найбольш устойлівых і дрэнна паддаецца карэкціроўцы. Гэта наяўнасць у рускім маўленні білінгва цвёрдых р і ч (рыс, часы), фрыкатыўнае г на месцы выбухнога, дзеканне, цеканне, больш шырокае аканне (празідзент, распубліка) і інш.

Акцэнталагічая інтэрферэнцыя звязана з месцам націску ў слове: бел. спі́на (рус. спина́), бел. ён зво́ніць (рус. звони́т), бел. адзіна́ццаць (рус. оди́ннадцать).

Марфалагічная інтэрферэнцыя абумоўлена несупадзеннем ў родзе і ліку назоўнікаў: сабака, подпіс — муж. р. (рус. собака, подпись – жан. р.), гусь, шафа – жан. р. (рус. гусь, шкаф – муж.р.), дзверы, грудзі – мн. л (рус. дверь, грудь), у некаторых формах займеннікаў: іхні, ейны (рус. их, ее) , у склонавых формах лічэбнікаў: трыма, чатырма (рус. тремя, четырьмя), ва ўтварэнні і ўжыванні дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў: ссівелы (рус. поседевший), чытаючы, гледзячы (рус. читая, смотря) і г.д.

Словаўтваральная інтрферэнцыя звязаная з несупадзеннем словаўтваральных элемантаў у беларускай і рускай мовах: слухач (рус. слушатель), узысці (рус. взойти), гарантаваць (рус. гарантировать).

Сінтаксічная інтэрферэнцыя выклікана адрозненнем у структуры словазлучэнняў і сказаў: смяяцца з яго (рус. смеяться над ним), чатыры сталы (рус. четыре стола), няма з кім пагутарыць (рус. не с кем поговорить) і г.д.

Лексічная інтэрферэнцыя абумоўлена несупадзеннем значэння ці аб’ёму значэння словаў, а таксама іх стылістычнай афарбоўкі. Тут трэба ўзгадаць з’яву гіперкарэктнасці, калі няправільнае ўжыванне слова тлумачыцца жаданнем пазбегчы канструкцыі, ідэнтычнай рускай: гуляць на скрыпцы замест патрэбнага іграць на скрыпцы (рус. играть на скрипке), адчыніць вочы замест адкрыць, расплюшчыць вочы (рус. отрыть глаза). Прыкладам лексічнай інтэрферэнцыі могуць быць таксама так званыя лжэсябры перакладчыка – словы, якія гучаць аднолькава ці падобна ў розных мовах, але адрозніваюцца значэннем: бел. бяспечны (рус. безопасный) – рус. беспечный (бел. бесклапотны); бел. нядзеля (рус. воскресенье) – рус. неделя (бел. тыдзень).

У прынцыпе, інтэрферэнцыя сустракаецца паўсюль, дзе сутыкаюцца розныя мовы. Аднак вынікам беларуска-рускага двухмоўя ў нашай краіне стала змешаная мова, моўны гібрыд, які атрымаў назву “трасянка”.

Гэта з’ява ў нечым падобная да так званых піджынаў і крэольскіх моваў (крэольская мова Гаіці, такі-такі ў Сурынаме і г.д.), якія ўзніклі як спрошчаны сродак камунікацыі паміж рознымі народамі ў выніку гандлёвых кантактаў. Аднак крэольскія мовы ўзнікалі на базе няроднасных моваў. Трасянка ж развілася на базе блізкароднасных моваў, таму вучоныя часам вызначаюць яе як крэалізаваны варыянт беларускай мовы. Слова “трасянка” з’явілася ў канцы ХХ стагоддзя ў якасці метафары і мела спачатку адмоўную канатацыю. Цяпер жа гэта, фактычна, так званы лінгвонім або вобразны квазітэрмін.

Дык што ж такое трасянка ў прамым і пераносным значэнні?

Калі сена на корм скаціне не хапала, у яго дадавалі саломы, што паніжала спажыўныя якасці гэтай сумесі, але дазваляла забяспечыць жывёлу хоць нейкім кормам. Такую нізкаякасную сумесь і называлі трасянкай.

У пераносным значэнні трасянка – гэта вусная гарадская паўмова ці, дакладней, маўленне, якое ўзнікае ў выніку механічнага змяшэння элементаў беларускай і рускай моваў у розных прапорцыях. Ад гутарковай мовы ці так званага прастамоўя, арыентаваных на літаратурную мову, трасянку адрознівае поўная адсутнасць узуса ці, іншымі словамі, правілаў ужывання.

Да трасянкі таксама нельга аднесці дыялекты і сацыялекты, бо яны маюць сістэму, якую можна апісаць. Трасянку ж кожны чалавек стварае сам, таму яна мае непрадказальны характар і цяжка паддаецца апісанню, бо прапорцыі беларускіх і рускіх кампанентаў у ёй могуць істотна адрознівацца нават у маўленні аднаго чалавека ў залежнасці ад яго моўнай кампетэнцыі і камунікацыйнай сітуацыі. Сутнасць трасянкі калісьці вельмі трапна сфармуляваў былы страшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, які сам дэманстраваў змешанае маўленне падчас паседжанняў, сказаўшы: “Хто як хаціт, тот так і гаварыт”. Пасля гэтага трасянку у гонар яго на нейкі час нават перайменавалі ў дземянцееўку

Асноўныя прычыны ўзнікнення трасянкі палягаюць пераважна ў пазамоўнай рэальнасці, перш за ўсё ў сацыяльнай і культурнай няроўнасці носьбітаў розных моваў, у выніку чаго яны вымушаны прыстасоўвацца да існай моўнай рэальнасці. У нашых умовах гэтаму спрыялі:

Агульна лічыцца, што валоданне трасянкай сведчыць пра нізкі ўзровень адукацыі, належнасць да ніжэйшых сацыяльных груп грамадства, прымітыўны лад мыслення і ў сілу гэтага няздольнасць асэнсаваць чалавекам больш глыбокія паняцці і з’явы. Самімі носьбітамі трасянкі яна ўсведамляецца як нізкі ці непаўнавартасны варыянт мовы, якім пагарджаюць і якога саромеюцца.

Дарэчы, найбольш тыповы аргумент, чаму беларусы не гавораць на беларускай мове, гэта нежаданне гаварыць на трасянцы пры недасканалым веданні літаратурнай мовы. Прызнаючы гэта, мы як бы трапляем у зачараванае кола, выйсцем з якога можа быць толькі свядомае рашэнне пачаць гаварыць па-беларуску,  няхай нават з памылкамі. І, натуральна, паболей чытаць на роднай мове. Бо ніякага іншага шляху, як моўная практыка, не існуе. А трасянкавыя словы і формы рана ці позна ў вашым маўленны выцесняцца сваімі, беларускімі.

 

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільны адказ, вылучыце курсорам вобласць справа ад зорачкі.

Ніжэй прыведзены некаторыя словы з “трасянка-беларускага слоўніка” Юрася Пацюпы. Якія беларускія словы можна прапанаваць у якасці адпаведнікаў “трасянкавых”, паводле аўтара, словаў?

Абладаць – * уладаць, валодаць, мець

Абрадавацца – * узрадавацца

Адобрыць – * ухваліць

Адпусціць (бараду) – * адгадаваць

Адчытваць (кагосьці) – * выгаворваць (камусьці)

Апасацца – * асцерагацца, высцерагацца, засцерагацца

Багатыр – * волат, асілак

Балаўнік – * свавольнік, гарэза, жэўжык

Вывад – * выснова

Ганімы – * гнаны

Дапрос – * допыт

Духі – * парфума

Звяргаць – * скідаць

Знешні – * вонкавы, знадворны

Любіцель – * аматар

Мяркуемы – * меркаваны

Пастаянна – * стала

Плануемы – * планаваны

Прыйсці ў сябе – * апрытомнець, ачуняць

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат