Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Масленіца

17.02.2015
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Безасабовыя сказы (+ВІДЭА)

Безасабовыя сказы



powerpoint70 СПАМПУЙЦЕ ПРЭЗЕНТАЦЫЮ POWER POINT

word70 СПАМПУЙЦЕ ТЭОРЫЮ І ЗАДАННІ Ў WORD

word70 СПАМПУЙЦЕ РАЗДАТКУ Ў WORD

Безасабовыя сказы

Безасабовымі называюцца такія сказы, дзе ёсць толькі выказнік, што называе стан або дзеянне, і адсутнічае дзейнік, які называе суб’ект гэтага дзеяння, г.зн. таго, хто/што гэта дзеянне робіць. Часам гэты суб’ект дзеяння зусім не маецца на ўвазе: У пакоі душна. Халадае. Такія сказы ў прынцыпе нельга трансфармаваць такім чынам, каб у іх з’явіўся дзейнік.

У іншых выпадках такая трансфармацыя магчымая, аднак значэнне сказу зменіцца: Мне не спіцца. – Я не сплю. У першым сказе падкрэсліваецца стан чалавека, які ўзнікае незалежна ад яго самога, а ў другім – гэта дзеянне самога суб’екта.

Такім чынам, безасабовыя сказы паказваюць стыхійнасць нейкага дзеяння/ стану, якое/які узнікае безадносна да дзеяча, або гэтага дзеяча немагчыма вызначыць.

Безасабовыя сказы апісваюць:

1. Стан прыроды, прыродныя з’явы

У склад такіх сказаў могуць уваходзіць безасабовыя дзеясловы непагодзіцца, днець, змеркнуцца, задажджыць, якія не маюць асабовай формы:  Днём непагодзілася, дажджыла, а вось увечар вызірнула сонейка.

У безасабовай форме могуць ужывацца таксама і асабовыя дзеясловы, якія часта пры сабе маюць назоўнік у творным склоне (Неба зацягнула хмарамі. Павеяла вясной.) або інфінітыў (Пачало вечарэць.)

У нашай мове існуюць таксама спецыфічныя канструкцыі з дзеясловамі бярэцца (збіраецца), ідзе, паказвае, якія апісваюць нейкі прыродны стан: Бярэцца на мароз. Збіраецца на дождж. Паказвае на добрае надвор’е. Ідзе на вясну.

      2. Псіхічны ці фізічны стан чалавека (зрэдку жывёлы)

У склад такіх сказаў могуць уваходзіць безасабовыя дзеясловы кшталту горшае, ванітуе: Мне пагоршала. Мяне ванітуе.

 

Таксама могуць ужывацца канструкцыі са зваротным дзеясловам у безасабовай форме: Мне нешта не працуецца сёння. Акрамя таго, пашыраныя канструкцыі з прэдыкатыўнымі словамі весела, сумна, добра і г.д.: На сустрэчы было сумна.

      3. Магчымасць/немагчымасць, пажаданасць/непажаданасць дзеяння,  намер моўцы, пабуджэнне да дзеяння

Гэта так званыя мадальныя безасабовыя сказы, якія ўтвараюцца пры дапамозе словаў можна/нельга, трэба, варта, неабходна і г.д.: Мне не варта было рабіць гэтага. Яму трэба падрыхтаваць справаздачу да канца тыдня.

Заданне

УВАГА! Каб пабачыць правільны адказ, вылучыце курсорам вобласць справа ад зорачкі.

Трансфармаваць наступныя сказы, выкарыстаўшы безасабовыя дзеясловы:

1. Увечары пайшоў дождж. – Увечары * задажджыла.

2. На зямлю апускаўся змрок. – * Змяркалася.

3. Учора быў невялікі мароз, а сёння ўжо прыйшла адліга. – Учора было * падмарозіла, а сёння * адліжыць.

4. Неба зацягнула хмарамі. – * Захмарыла.

5. На дварэ стала зусім светла. – * Развіднела. / Павіднела.

6. Хутка наступіць вечар. – Хутка * звечарэе.

7. Пад вечар пачалася нейкая імжа. –Пад вечар * заімжыла/ заімгліла.

8. На раніцу неба стала ясным. – На раніцу * раз’яснела.

9. Нечакана стала холадна. – Нечакана * пахаладнела/ пахаладзела.

10. Раптам пайшоў снег. – Раптам * заснежыла.

11. Сёння цудоўнае надвор’е. – Сёння * пагодзіцца.

12. Пачынаўся дзень. – * Днела.

13. Смуга зацягнула ўсё навокал. – * Засму́жыла.

14. На дварэ стала пахмурна. – На дварэ * спахмурне́ла.

15. Нешта я сёння дрэнна сябе адчуваю. – Нешта мне сёння * нездаровіцца/ нядужыцца/ няможацца/паблажэла / пагоршала.

16. Назаўтра яму стала лепей. – Назаўтра яму * палепшала.

17. У яго ліхаманка. – Яго * ліхаманіць/ калоціць.

18. Хлопчыку дрэнна, бо ён атруціўся. – Хлочыка * ванітуе, бо ён атруціўся.

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат