Пра курсы
ГАРАДЫ :


12.01.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Ланна бы дзелам занімаўся, а то ўсё чытаець і чытаець

ДЫЯЛЕКТЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

У развіцці нацыянальнай беларускай пісьмовай мовы было два этапы: старабеларускі і сучасны беларускі. Старабеларуская мова пачынала развівацца на іншай дыялектнай аснове, чым сучасная літаратурная мова. Спачатку гэта быў галіцка-валынскі дыялект, але ўжо ў 15 стагоддзі пачалося паступовае перамяшчэнне дыялектнай асновы ў бок віленскіх гаворак.

Аднак, як вядома, у 18 стагоддзі старабеларуская мова фактычна выйшла з ужытку, бо выцеснілася польскай і рускай мовамі. І толькі ў 30-ыя гады 19 стагоддзя пачынае фармавацца новая беларуская літаратурная мова. У сувязі з тым, што ў развіцці беларускай літаратурнай мовы не было пераемнасці, бо больш за стагоддзе беларуская мова не функцыянавала як літаратурная, сучасная пісьмовая мова не выкарыстоўвала пісьмовых здабыткаў папярэдніх часоў, а пачала фармавацца непасрэдна на аснове жывых беларускіх гаворак. Тыя аўтары, якія ўвайшлі ў літаратуру ў гэты перыяд (Чачот, Багушэвіч, Сыракомля, Дунін-Марцінкевіч, Равінскі (“Энэіда навыварат”) і Вераніцын  (“Тарас на Парнасе”) і інш.), не мелі магчымасці зазірнуць у граматыкі і слоўнікі, каб праверыць, як пішацца тое ці іншае слова або форма, бо нормы на той час не былі распрацаваныя. Таму кожны з іх у сваёй творчасці адлюстроўваў рысы сваіх родных дыялектаў, але звычайна досыць непаслядоўна.  Напрыклад, у “Энэідзе” і “Тарасе” – гэта рысы паўночна-ўсходняга дыялекту, а ў творчасці Чачота, Баршчэўскага, Кастуся Каліноўскага – рысы паўднёва-заходняга дыялекту (пераважна Гродзенскія гаворкі). Слоўнік Івана Насовіча — “Словарь белорусского наречия” (1870 г.) – паўночнабеларускія гаворкі.

Такім чынам, любая нацыянальная мова падзяляецца на:

Літаратурную пісьмовую мову (агульная для ўсёй тэрыторыі краіны ўнармаваная ўзорная мова)

Дыялекты:

- тэрытарыяльныя (мясцовыя тэрытарыяльныя гаворкі беларускай мовы, што існуюць у вуснай форме, не маюць пісьмова зафіксаваных нормаў, ужываюцца ў побыце, але маюць сваю фанетычную і марфалагічную сістэмы)

- сацыяльныя (трасянка (першае значэнне слова — ‘сумесь сена і саломы’) – бессістэмная мова са збедненым слоўнікавым складам, граматыкай, беларускай фанетыкай, мелодыкай і рытмікай)

 

У беларускай мове вылучаюцца два вялікія дыялектныя масівы: паўночна-ўсходні (віцебскія, магілёўскія, полацкія гаворкі), паўднёва-заходні (гродзенскія, слуцкія, мазырскія гаворкі), да якога таксама часта адносяць палескія гаворкі (паўднёвы захад Брэсцкай вобласці). Паміж гэтымі двума дыялектнымі масівамі знаходзіцца зона сярэднебеларускіх гаворак.

Паўночна-ўсходні дыялект

  1. Дысімілятыўнае аканне і яканне (калі а (я) пад націскам, дык у ненаціскным складзе будзе любы іншы гук, акрамя а: выда – вады, зімля — зямлі)
  2. Наяўнасць мяккага і цвёрдага р (бярёза)
  3. Прыпадабненне зычных у спалучэнні дн (халонна)
  4. –ць у 3 асобе адзіночнага ліку дзеясловаў І і ІІ спражэння (ідзець)
  5. Формы ядзём, дадзём у 1 асобе множнага ліку
  6. Канчаткі прыметнікаў мужчынскага роду ый/-ій (добрый) не пад націскам і  эй/-ей (старэй чалавек) пад націскам

 

Паўднёва-заходні дыялект і палескія гаворкі 

  1. Поўнае або занаціскное оканне (молоко, сено)
  2. У на месцы ы ў націскных складах (буў)
  3. Еканне, эканне (цебе)
  4. Дыфтонгі іе, уо ў націскных складах (ліета, дуом)
  5. І ў націскных складах замест э, о (літо)
  6. Адсутнасць дзекання, цекання (дед)
  7. Прыстаўны г перад пачатковымі а, у, о (гавечка, гостры, гулей)
  8. Адсутнасць падаўжэння (насене, насенье)
  9. У назоўніках мужчынскага роду множнага ліку пад націскам у давальным склоне –ом/-ём (братом), у месным склоне –ох/-ёх (на канёх)
  10. Зваротная часціца са (мыесса)

 

Сярэднебеларускія гаворкі

Не з’яўляюцца асобным дыялектам. Гэта пераходная зона паміж паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім дыялектамі, якая мае рысы абодвух дыялектаў. Сярэднебеларускія гаворкі з’яўляюцца базай сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Заданне

 

Паспрабуйце прачытаць тэксты і вызначыць, да якога дыялекту яны адносяцца:

1.

Ціпе́рь жысь намно́га лу́ччы, чым была́ ра́ньшы. Січа́с усё ёсь: і

ра́дзівы, і лісапе́ты, і мытацы́клы, і пла́цці ра́зныйі мо́дныйі. Пыглядзіш

друге́й рас на ціпе́рішнійу мыладзо́ш і ду́мыйіш: “Вам ні прішло́ся

знаць усё тойа, што піріцірпе́лі калі-та мы”.

Правільны адказ: паўночна-ўсходні дыялект ← Вылучыце курсорам 

2.

Нас у сэм’і́ було́ шэсть дыўча́т і оды́н брат. Йа ў шко́лу шэ по́льску

ходы́ла, тры кла́сы ты́лько прышло́сь ко́нчыты. Тогды́ жылы́ бі́дно, і

учы́тысь бы́ло ва́жко.

Правільны адказ: паўднёва-заходні дыялект (палескія гаворкі) ← Вылучыце курсорам 

3.

У йе́тым гаду́ ду́жа мно́га грібо́ў у ле́сі. Лес ад на́шый дзяре́ўні за два

кіламе́тры. Па ле́сі ідзе́ш сме́ла. І так бы́стра нысабіра́йу грібо́ў, аж

само́й ня ве́ріцца.

Правільны адказ: паўночна-ўсходні дыялект ← Вылучыце курсорам 

4.

Йа в во́сім рік пошла́ в шко́лу. Пыса́лы мы карандаше́мы, а пото́м уже́

ру́чкамы. Пома́жешь чэрні́лом ру́кі, а вучы́тел йак поба́чіть, йак начнэ́ по

руці́ лупы́ты!

Правільны адказ: паўднёва-заходні дыялект (палескія гаворкі) ← Вылучыце курсорам 

5.

Кыравай меў круглый выгляд, пышный па хворме, з кветкамі і галубамі.

Правільны адказ: паўночна-ўсходні дыялект ← Вылучыце курсорам 

6.

Во гэны малэй! Ланна бы дзелам занімаўся, а то ўсё чытаець і чытаець. І нават з мальцамі на речку ня бегаіць.

Правільны адказ: паўночна-ўсходні дыялект ← Вылучыце курсорам 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат