Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Войска

11.09.2014
ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА МОВЫ Чалавек – добры, мужчына, жывёла, разумны, істота, асоба, звер…

Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы

Калі мы з вамі кажам, напрыклад, слова лес, за ім адразу ўзгадваюцца словы елка, хваінка, сасонка, зараснік, грыбы (абабкі, сыраежкі, грузды…), ягады (чарніцы, маліны, суніцы…), звяры і птушкі (вавёрка, мядзведзь, заяц, жаўна, зязюля…) і яшчэ шмат чаго іншага. На слова транспарт асацыяцыя будзе: машына, аўтамабіль, аўтобус, цягнік, прыпынак, коркі (пробкі) на дарогах, пасажыр…Такія асацыятыўныя ланцужкі словаў можна працягваць надзвычай доўга. Пра што ж нам кажуць такія асацыятыўныя шэрагі? Відавочна, пра тое, што ў свядомасці чалавека словы не змяшчаюцца бязлядна, нагрувашчаныя ў нейкую сабе гурбу, а звязаныя паміж сабой пэўнымі сувязямі: па тэматыцы, значэнні, ужыванні, эмацыйна, што і пацвярджае асацыятыўны эксперымент, калі чалавека ў адказ на нейкае слова просяць, не задумваючыся,  даць самую першую (самыя першыя) асацыяцыю(-і). Прычым палова людзей дасць некалькі аднолькавых асацыяцый (напр.,снег – белы, халодны, ляжыць…), другая палова – больш індывідуальныя асацыяцыі, якія ўсё адно будуць прадказальнымі, звычайнымі (растае, іскрыцца, рыпіць пад нагамі…). І толькі менш за 1% людзей дасць унікальныя асацыяцыі, звязаныя з іх жыццёвым досведам, не вядомым астатнім (снег – кроў, швэдар…).

Навошта нам шукаць такія асацыяцыі? Ці маюць яны для нас нейкую практычную вартасць? Аказваецца, маюць. Той, хто займаецца рэкламай, цудоўна ведае,  што толькі правільна выкарыстанае слова будзе мець патрэбны эфект і выкліча неабходныя для прасоўвання нейкага прадукта асацыяцыі. Важна гэта і для паэта, радкі якога таксама павінны выклікаць у свядомасці чытача цэлы шэраг асацыяцый. Як ні дзіўна, гэта мае значэнне і для тэхнічных спецыялістаў, якія, пры ўвядзенні новых тэрмінаў, мусяць падумаць пра тое, каб пазбегчы непажаданых асацыяцый. Ну і зусім зразумела, што гэта мае выключнае значэнне для доктара-псіхіятра, для якога асацыяцыі пацыента могуць быць сігналам нейкіх глыбокіх псіхалагічных комплексаў і дзіцячых траўмаў. Важна гэта таксама і для настаўніка, і для палітыка, і для журналіста, і для дыпламата, і для сацыёлага. Словам, для ўсіх тых людзей, якія працуюць са словам і праз слова ўздзейнічаюць на іншых.

Але ж мы можам пайсці далей і параўнаць асацыятыўныя слоўнікі розных народаў. У такім выпадку мы, фактычна, будзем параўноўваць “моўныя карціны свету”, якія паказваюць, як розныя этнасы адаптуюцца да рэальнасці.  Несупадзенне гэтых моўных карцінаў свету, дарэчы, можа стаць прычынай непаразумення пры міжкультурнай камунікацыі. Напрыклад, для беларусаў словы свіння, парсючок сярод першых асацыяцый дадуць ежа,смачна, сала, а для мусульманаў, відавочна, не, бо тыя па рэлігійных перакананнях не ўжываюць свініну ў ежу.

У “Славянскім асацыятыўным слоўніку” (Масква, 2004) пададзеныя асацыяцыі беларусаў, украінцаў, рускіх і балгар да найбольш ужывальных словаў. Аналіз прыведзеных асацыяцый дэманструе як агульнае, так і адрознае ў светаўспрыманні гэтых славянскіх народаў. Напрыклад, слова чалавек(укр.людина, рус.человек)выклікае ва ўсходніх славянаў асацыяцыі хутчэй з добрым, чым з дрэнным. І гэта тое агульнае, што іх аб’ядноўвае. А размеркаванне гэтых асацыяцый бачна з табліцы ніжэй:

Чалавек беларусы украінцы рускія
добры 97% 92% 91%
дрэнны 3% 8% 9%

 

Цікавымі таксама падаюцца гендэрныя (мужчына – жанчына) асацыяцыі носьбітаў розных моваў да таго ж словачалавек.

Чалавек беларусы украінцы рускія
мужчына 90% 83% 100%
жанчына 10% 17% 0%

 

Гэты эксперымент паказвае, што беларусам яшчэ ёсць да чаго імкнуцца, прынамсі ў пытаннях гендэрнай роўнасці ;)Цешыць толькі тое, што нашым усходнім суседзям у гэтым пытанні прыйдзецца папрацаваць яшчэ больш…

“Славянскі асацыятыўны слоўнік” можа таксама служыць падставай для вылучэння так званага ядра моўнай свядомасці беларусаў, у якое ўваходзяць самыя частотныя асацыяцыі. Паводле матэрыялаў слоўніка яно выглядае наступным чынам: чалавек, жыццё, радасць, дом, добра, каханне, шчасце, сябар, маці, грошы.

 

У 1981 годзе ў нас быў выдадзены “Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы” (аўтар Цітова А.І.), які таксама дае цікавы матэрыял для разважанняў,  у першую чаргу пра тое, наколькі з цягам часу (зусім непрацяглага) можа мяняцца моўная карціна свету аднаго народа.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што кожны народ бачыць свет праз прызму сваёй мовы і светапогляд яго мяняецца з цягам часу. Дык будзьма глядзець на свет праз свае, беларускія, акуляры!

 

Заданне:

Правядзіце асацыятыўны эксперымент самі або са сваімі сямейнікамі, сябрамі і калегамі і параўнайце вынікі з дадзенымі “Асацыятыўнага слоўніка беларускай мовы” (1981).  Да кожнага са словаў напішыце пяць асацыяцый, якія першымі прыйшлі ў галаву. Ці ёсць адрозненні? Пра што яны сведчаць? 

Увага! Каб убачыць асацыяцыі са слоўніка 1981 г., вылучыце курсорам поле справа ад прапанаваных словаў.

Благічалавек, дрэнны, учынак, намер, добры< Правільны адказ схаваны тут (вылучыце курсорам). Ніжэй – тое самае.

ГрамадзянінСССР, чалавек, краіна, савецкі, БССР

Вясёлкачасопіс, рознакаляровая, дождж/ пасля дажджу, неба, прыгожая

Гадаві́наКастрычніка, свята, нараджэння, вяселля, смерці

Гарэлкагоркая, моцная, крэпкая, бутэлька, піць

Жыхар вёскі, горада, сяла, чалавек, Мінска

Жыццё – доўгае, цяжкае, шчаслівае, добрае, кароткае

Загадкамандзіра, выканаць, начальніка, суровы, строгі

Працавацьдобра, у калгасе, поле, завод, старанна

Набытакведаў, добры, грошы, вялікі, багацце

 

 

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат