Пра курсы
ГАРАДЫ :


19.04.2016
Гісторыі ўдзельнікаў “Перапісу беларускамоўнага насельніцтва”

Максім Умецкі, будаўнік, Барысаў:

umecki

– Цікавіцца нашай культурай, гісторыяй і музыкай я пачаў даўно, але на роднай мове не размаўляў. Аднойчы мы гутарылі з бацькам на тэму знішчэння нашай культуры і мовы, была доўгая складаная размова, мы спрачаліся, але ўрэшце паразумеліся. І вось пасля нашай гутаркі я падумаў: «Я сам кажу пра мову, пра тое, што людзі не размаўляюць на ёй, не паважаюць яе, а чым я лепшы?» Гэтае пытанне турбавала мяне, пакуль не прыехаў у Мінск (тут я цяпер працую і жыву). Я аблазіў увесь інтэрнэт і знайшоў курсы беларускай мовы (тады гэта былі курсы «Мова ці кава», пасля – «Мова нанова») – цяпер я ведаю шмат чаго цікавага і завёў новых сяброў.

У штодзённым жыцці я карыстаюся беларускай мовай недзе на 60 працэнтаў. На жаль, на працы пакуль не перайшоў – гэта цяжка для мяне, але я імкнуся. Люблю размаўляць па-беларуску з тымі, хто не паважае мову (я маю на ўвазе нашых, беларусаў, добра, што з такімі сутыкаюся няшмат), ад гэтага яны злуюцца яшчэ больш, а мне становіцца спакайней. У маім асяроддзі да беларускай мовы ўсе ставяцца добра, калі спрабуеш размаўляць у крамах ці цырульнях, проста на вуліцы, людзі не пужаюцца, а часта спрабуюць гутарыць з табою. Ім кажаш: «Дайце, калі ласачка, вось гэта…», а яны адказваюць з усмешкай і па-беларуску, ад гэтага становіцца цяплей.

Уладзімір Пруднікаў, лекар, Гродна:

prudnikau

– Я нарадзіўся ў Гродна, роднай моваю карыстаюся яшчэ з маленства – усё гэта дзякуючы дзеду і бабулі. Беларуская мова, хоць і з паланізмамі, была для іх асноўнай паўсядзённай, рускай амаль не карысталіся. Школьныя гады, асабліва на пачатку 90-х, сталі добрай падтрымкаю, з’явіліся падручнікі і шмат беларускамоўных выданняў. Як пасталеў, мову не кінуў, чытаю літаратурныя творы і пераважна беларускамоўную перыёдыку. Сябры таксама дапамагаюць стварыць моўнае асяроддзе. Раней, калі працаваў у Бераставіцкім шпіталі, з задавальненнем размаўляў з пацыентамі – вясковымі старымі. Ім было прыемна, з іх боку адчуваўся большы давер да мяне як да хірурга…

Кур’ёзнымі былі затрыманні міліцыянтамі ў 2006 годзе на Лідскім вакзале за тое, што размаўляў па-беларуску па мабільным тэлефоне – затрымлівалі ажно 7 разоў! Дзяжурны афіцэр мяне адпускаў з прабачэннямі, таксама па-беларуску. Нядаўна мяне спыніў ДАІшнік, праглядзеў дакументы – усё добра. Пасля пытае: «А по-русски говорить можете?» Я кажу, маўляў, а што, беларуская ўжо пад забаронай? Ён сумеўся: «Не-не, что вы» і, напружыўшы памяць, пазычыў: «Шчаслівай дарогі, спадар!»

Алена і Павал Спірыдоны (кіраўніца і спецыяліст аддзелу продажаў), Мінск:

spirydon

– Я па адукацыі – настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Вучыла мову ва ўніверсітэце, але ў жыцці размаўляла па-руску. З роднай мовай эксперыментавала перыядычна, больш для цікавасці, каб паглядзець на рэакцыю наваколля, або каб паставіць людзей у няёмкае становішча, напрыклад, прадавачак у кіёсках. У студэнцтве для нас гэта было прышпільна. Потым выкладала мову і літаратуру ў школе. Тады пазнаёмілася з будучым мужам Пашам, маладым аграномам – абсалютна рускамоўным чалавекам.

Паша нарадзіўся ў Літве. Да шасці гадоў рос там, прыязджаючы на лета ў Беларусь. Бацькі размаўлялі з ім па-руску, а ў садку – па-літоўску. Пасля пераезду ў Беларусь ужо другакласнік Паша беларускую мову так і не адолеў. Калі мы знаёміліся з бацькамі майго будучага мужа, я вырашыла для прыгажосці размаўляць на мове. Памятаю, як яны былі ўражаныя. Але ў жыцці я тады гаварыла на трасянцы (мы жылі ў вёсцы), або па-руску з Пашам.

Прыблізна праз два гады сумеснага жыцця мы пераехалі жыць у Мінск і аднойчы па маёй прапанове наведалі курсы «Мова нанова». Як цяпер памятаю – выступаў прадстаўнік Velcom. Статны такі мужчына ў прыгожым гарнітуры расказваў, якімі этапамі ён ішоў да мовы ў сваім жыцці. З гэтага моманту Паша дома і ў гасцях размаўляе па-беларуску. Я ганаруся яго сілай духа. Цікава было назіраць за першай рэакцыяй сяброў і родных. Паша проста перайшоў з імі на мову, не важна, па тэлефоне або пры сустрэчы. Людзі ніякавелі, а потым ціха звярталіся да мяне: «Чаму Паша размаўляе так? Што здарылася?» Мы смела адказвалі, што гэта наша мова і нічога тут дзіўнага ўвогуле не бачым. Пашу было складана, але ён пачаў чытаць Караткевіча, Быкава, Мележа. Мы пачалі наведваць беларускамоўныя мерапрыемствы.

Прызнаюся, па-беларуску я размаўляю толькі дома з Пашам, а таксама ў кампаніях, дзе мы разам з мужам знаходзімся. Пакуль што мой мозг аўтаматычна пераключаецца на мову таго чалавека, з якім я размаўляю: руская або трасянка. Паша па-беларуску размаўляе паўсюль, акрамя працы – там ёсць свае нюансы.

Нядаўна з намі здарыўся цікавы выпадак: мы заехалі на запраўку «Беларусьнафта» набыць хот-дог. Сярод іншых там быў звычайны (на цэтліку пазначана – «обычный») хот-дог. Я так і папрасіла прадавачку: «Дайце звычайны хот-дог». Спачатку цішыня ў адказ, потым яна пайшла да вітрыны шукаць названую страву. Шаптала нешта пад нос, вадзіла пальцам па шкле. Потым вярнулася і паглядзела на мяне запытальна: паўтарыце замову, калі ласка. Я зноўку папрасіла звычайны хот-дог. Прадавачка ўжо пачала гаварыць, што такога няма, калі нехта ў чарзе ёй патлумачыў, што звычайны – гэта «обычный». Пакуль мне яго гатавалі, хлопец, што стаяў за мной, выпусціў ключы. Я падняла, а ў адказ пачула сарамлівае «дзякуй». Вось гэта было здорава!

Патэрсан Франка, Бразілія, штат Баія:

patersan

– Узімку 2010 года мы з Волей (тады была маёй дзяўчынай, а цяпер – жонка) шпацыравалі па Нясвіжы… Мы ўжо больш за паўгода жылі разам, але я не хацеў вучыць беларускую, бо стаміўся вучыць мовы (я ўжо валодаў шасцю), да таго ж у нас ужо былі тры агульныя мовы – партугальская, руская ды англійская. Дык вось, гулялі мы з ёй, я быў п’яны, калі шчыра, і тут да мяне дайшло: чаму ж я не вучу беларускую? Я ў Беларусі, мая дзяўчына – беларуска… Цяпер нават смешна думаць, што калісьці мы з ёй размаўлялі па-руску.

Штодня мы з жонкаю размаўляем па-беларуску, асабліва калі мы не дома, каб ніхто нас не разумеў. Такім чынам, беларуская мова з’яўляецца тут нашай сакрэтнай мовай. Таксама штодня чытаю па-беларуску інтэрнэт ды кнігі, бо я пішу дысертацыю пра фільм «Жыве Беларусь». Ва ўсіх краінах, дзе бываю, я дзякую на мясцовай мове, і гэтаму заўжды радыя, але ў Беларусі ў адказ на мяне крыва глядзелі прадавачкі. Спачатку я думаў, што гэта яны проста нядобра ставяцца да беларускай мовы, але цяпер мне здаецца, што гэта ў іх звычайныя твары такія (у параўнанні з бразільцамі беларускія людзі ў большасці неверагодна халодныя).

Бабуля Вольгі размаўляе на трасянцы. Мы думалі, што для яе не вельмі зразумела, што руская, што беларуская. Але як пачаў я на беларускай з ёй размаўляць – тут яна адразу кажа: «Ой! Ён па-нашаму гаворыць!»

Спачатку я не цяміў розніцы паміж гукамі «г» ці «х», таму бывала, напрыклад, што я казаў «я галодны», але Воля разумела, як «я халодны», але праз знаёмага японца я вызначыў розніцу, хоць ён увогуле не размаўляе па-беларуску. Ён аднойчы мне сказаў (на партугальскай): «Я паеду ў Хыё!» Я: «Што?» Ён: «У Хыё-дэ-Жанэйра!». Толькі тады я зразумеў, што беларускае «г» гучыць так сама, як нашая «R» (у пачатку ці ў канцы слова), а «Х» – гэта «х», як у рускай. Вось так японец навучыў бразільца беларускаму гуку!

Спадзяюся, што гэта калі-небудзь таксама дойдзе да ўсіх беларусаў (пажадана без алкаголю), якія звычайна не карыстаюцца беларускай мовай. Я не беларус, я не жыву ў Беларусі, але размаўляю па-беларуску. Што ж вы, беларусы, жывяце ў Беларусі ды не размаўляеце на беларускай мове?

Андрэй Ільніцкі, лекар, Полацк:

1556e7931a0b9de5a154c7f4c3cb9d811

– Паколькі я нарадзіўся і вырас у Полацку, то беларускую мову – хутчэй у варыянце трасянкі – чуў з самага дзяцінства штодзень і ўсюды. Менавіта на такім сімбіёзе, але з перавагай беларускай мовы, размаўлялі мае бабулі і дзядуля,  і ўвогуле, многія гараджане. Але гэта была жывая гаворка, не літаратурная мова. А літаратурную беларускую мову я чуў і ўспрыняў з «правадной сеткі беларускага радыё», яно заўсёды было ўключана, і ўсе перадачы былі па-беларуску. Свядома аб «моўным пытанні» я задумаўся пасля канцэрту Багдана Данчыка ў полацкім Багаяўленскім саборы, гэта было ў часы перабудовы, і там ладзіўся адзін з першых канцэртаў спявака ў Беларусі. І вось я ўпершыню ўбачыў людзей (з Данчыкам была яго маці), якія цалкам – увесь час – размаўляюць на беларускай мове, пры гэтым не ведаюць рускую. Мы вярталіся з маёй маці дадому пасля канцэрту, і яна мне сказала: «Ну вось, людзі прыехалі здалёк і размаўляюць па-беларуску, а мы жывем у Беларусі і слова не кажам па-роднаму».

Зараз я працую ў Маскве, знаходжуся там пераважна большую частку часу, таму я б сказаў, што прага беларускай мовы ў мяне значна павялічылася. Па-беларуску я размаўляю з сябрамі, карыстаюся беларускай мовай штодня праз інтэрнэт і ў сацыяльных сетках. Калі бываю ў Беларусі – купляю шмат цікавых кніг на беларускай мове і чытаю потым, бо гэта дапамагае захоўваць беларускі менталітэт і беларускае бачанне свету. У Маскве ёсць некалькі беларускіх рэстаранаў, адзін з іх – мой улюбёны – «Белая Русь» на Вялікай Нікіцкай вуліцы, насупраць кансерваторыі, якую часта наведваю. Дык вось у гэтым рэстаране ўсё меню на добрай беларускай мове, я дапамагаў гаспадарам выпраўляць памылкі ў мове. Інтэр’ер і кухня – таксама беларускія. Ну і як у навукоўца – спецыяліста ў галіне геранталогіі і герыятрыі (навукі пра старэнне і хваробы ў людзей сталага ўзросту) у мяне ёсць працы на беларускай мове, напрыклад, пра праблемы заўчаснага старэння. У межах дзейнасці  Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага аб’яднання (я з’яўляюся яго старшынёй), якое ладзіць адукацыйная семінары для розных спецыялістаў, мы з калегамі робім пасведчанні і сертыфікаты аб удзеле ў семінарах, на беларускай мове. Так што беларуская мова заўсёды і кожны дзень са мной.

Аднойчы я чытаў лекцыю па герыятрыі ў Маскве, у першыя часы пасля таго, як стаў там працаваць. І пасля лекцыі да мяне падышлі дзве жанчыны, якія вельмі эмацыйна сталі казаць: «Як мы рады, што вы – наш зямляк, беларус, чыталі нам лекцыю!» Я вельмі здзівіўся, бо калі прадстаўляўся аўдыторыі слухачоў, не казаў, адкуль я родам. Запытаўся ў іх: «А адкуль вы ведаеце, што я з Беларусі?» Яны адказалі, што як толькі я вымавіў першае слова, яны адразу здагадаліся па артыкуляцыі – яна тыпова беларуская. Я вельмі здзівіўся, бо думаў, што размаўляю па-руску вельмі пісьменна і «без акцэнта». Так што беларускую мову нам нікуды не дзець, нават на ўзроўні вымаўлення – я менавіта пасля гэтага выпадку пераканаўся ў тым, што для жыхароў Беларусі найлепш карыстацца менавіта беларускай мовай, бо гэта прыгожа, натуральна, самавіта і адпавядае ўнутранаму складу.

Іван Осіпаў, бортнік, Палессе:

7ac52cc52164a1f8349a8b06cfb029ac2

– Беларуская мова прыйшла ў маё жыццё, з аднаго боку, праз кроў – дзяцінства ў вёсцы, стасункі з мясцовай мовай, потым захапленне роднымі мясцінамі (краязнаўчая дзейнасць, запіс этнаграфічнай і фальклорнай спадчыны). З другога боку, выпадкова, бо па жыцці часта трапляліся людзі, з якімі можна было пагаварыць «нармальна». Раней, гады тры таму, я карыстаўся беларускай мовай збольшага ў інтэрнэце ды праз смс, а таксама ў беларускамоўным асяроддзі. Цяпер дадалося першае кола – сям’я. Цікава, што з пашырэннем практыкі беларускай мовы стала зусім нармальна размаўляць з суседзямі (украінцамі і палякамі), яны разумеюць, і ты сам іх разумееш, што галоўнае.

Вольга Шумская, супрацоўніца БДУ, Мінск:

shumskaja

– Любоў да роднай мовы мне прывіла выкладчыца беларускай мовы і літаратуры ў школе, а больш усвядомленая цяга да роднай мовы выявілася пры навучанні ў ЕГУ, дзе многія аднакурснікі размаўлялі па-беларуску. Старалася адказваць ім гэта жа на беларускай мове – як атрымлівалася. Цяпер я заўсёды імкнуся размаўляць са сваімі сябрамі і роднымі на роднай мове. Цікава, што і мая мама, будучы выкладчыкам рускай мовы і літаратуры, адкрыла для сябе прыгажосць беларускай мовы. У яе нават атрымліваецца лепш за мяне. Самыя актыўныя мае суразмоўцы на роднай мове – гэта мая сяброўка Вольга, яна медсястра-анестэзіёлаг (і размаўляе па-беларуску ў шпіталі на працы), і родны брат Андрэй.

Зараз я працую ў БДУ, у галоўным упраўленні навукі, і там часта чую, як супрацоўнікі БДУ размаўляюць на беларускай мове. У крамах заўсёды кажу «дзякуй». Дарэчы, муж мой – рускі і карэнны масквіч, ужо прывык да маіх уставак беларускіх слоў у паўсядзённае жыццё, часам просіць перавесці або растлумачыць, што сказала, а часам нават сам пытаецца, як тое, ці іншае слова будзе па-беларуску.

Смешна было, калі я першы раз папрасіла мужа знайсці нешта ў шуфлядцы. Вядома, цяпер ён ведае, што гэта такое і дзе знаходзіцца. Але тады я доўга чакала, калі ж ён прынясе патрэбную рэч. Ён, вядома, не прынёс, а прыйшоў і перапытаў, што такое шуфляда.

Уладзімір Ян, юрысконсульт, Гомель:

17bfd00e09013264b7a649de0d073f252

– Упершыню я пачуў родную мову ў дзяцінстве – мабыць, мне было гады тры ці крыху болей. Мама мне чытала кніжку «Ладачкі-ладкі». Гэтая кніжка захавалася і да сёння. Калі мне было тры з паловай гады, мы патрапілі ў Польшчу – мой бацька быў вайсковы медык (афіцэр медыцынскай службы). Там я спрытна вывучыў польскую, бо яна падавалася мне вельмі падобнай на беларускую. Пазней я даволі часта блытаў польскія словы і беларускія. У той час я быў сведкам барацьбы «Салідарнасці». Дасталося і мне. Там я адчуў, што значыцца быць акупантам…

Калі мы вярнуліся ў Беларусь, я быў вызвалены ад урокаў беларускай мовы і літаратуры. Аднойчы настаўніца мовы і літаратуры мне сказала: «Годзе табе, Вова, бадзяцца па вуліцы. Лепей сядзі на ўроках і проста слухай. Хатняе заданне можаш не выконваць. Проста сядзі і слухай. Можаш што заўгодна пры тым рабіць – маляваць, пісаць, чытаць ці іншае што…» Вось шчыры дзякуй ёй за гэтыя словы! Без прымусу я вельмі ўважліва слухаў. Слухаў і часам дзіву даваўся: Максім Танк? – Ён што, на танку ваяваў? Чаму такое дзіўнае прозвішча?

Самае моцнае ўражанне на мяне зрабіла мая прабабця, з якой я меў шчасце размаўляць пяць гадоў. Яна гаварыла на беларускай мове, зрэдку прымешваючы рускія словы. Гэта мяне вельмі бянтэжыла, бо я разумеў, што яна размаўляе неяк «не по-нашему». Толькі пазней мне адкрылася, што яна размаўляла той самай нашай мовай. Адна з тых размоваў засталася назаўжды ў маім сэрцы.

Малым я спытаў: «Бабуля, а Бог сапраўды існуе?» Яна крыху здзівілася: «Чаму ж ты спрашываеш?» Кажу: «Чытаю кніжку адну… Там распавядаюць, што Вялікі патоп сапраўды быў! Вучоныя пацвярджаюць…» – «А… Кніжку… Сапраўды, Бог – ёсць… Царква – гэта добра. Ленін правільна ўсё рабіў… І Бог – Ён добры. А папоў ненавіжу…» – вочы яе сталіся вільготнымі. –  «За што ты ненавідзіш папоў?» – Слёзы паліліся па зморшчынках бабулі…  – «Калі мы вучыліся ў школе… Пры царкве… У Дзятлавічах… Ён – поп, што прыехаў з Расіі, – біў лінейкай мяне па руках за кожнае слова па-нашаму…»

У дзевяностых гадах я патрапіў у гомельскую Талаку – і там упершыню пачуў жывую мову. Тым самым часам з вялікімі цяжкасцямі прачытаў Ластоўскага і Караткевіча. Ластоўскі даўся вельмі пакутліва, бо на тарашкевіцы, але ён мяне ўразіў. А Караткевіча чытаў лёгка, проста запоем. У гэты ж час я і пачаў размаўляць моваю – кульгава і брыдка, але размаўляў. З тых часоў мінула больш за дваццаць гадоў. І раптам я прачытаў паведамленне, што ЮНЭСКА пазначыла беларускую мову мовай, што памірае. З таго часу я пачаў пашыраць яе ўжытак – да ста адсоткаў, вядома ж, яшчэ вельмі далёка, але яна ўжо сталася моваю маіх думак. На ёй раблю ўсе нататкі, зацемкі. Нават са смаўжом сваім – у мяне жыве ахацін –  размаўляю беларускай мовай.

Дзмітрый Кашлач, праграміст, Барысаў:

kashlach

– На беларускую мову я перайшоў недзе гады два таму. Проста падчас вандровак, калі шмат часу для размоваў «за жыццё», так бы мовіць, сам пакрысе прыйшоў да гэтай думкі. Паглядзеў, як у іншых краінах ставяцца да ўласнай культуры, зразумеў, што ў нас зусім тут не ўсё правільна. І захацелася гэта ў самім сабе выправіць. Цяпер ужываю беларускую мову паўсюль, апроч працы, дзе карыстаюся пераважна англійскай і рускай.

Мінулым летам мы са знаёмымі патрапілі ў Нарвегію. І калі ўжо вярталіся да арэндаванага жытла, на набярэжнай Осла пачулі: «Прывітанне!» Да нас на ровары пад’ехаў хлопец, які пяць гадоў таму з’ехаў з Беларусі. Ён распавёў, што ўпершыню за гэтыя гады пачуў беларускую мову ў Нарвегіі.

 ў

Андрэй Колас, выкладчык, Ваўкавыск:

perapis3_kolas

– Беларуская мова ўвайшла ў маё жыццё паступова. Спачатку, з другога па чацвёрты клас, быў проста школьны факультатыў. Пасля з пятага па адзінаццаты – ужо паўнавартасныя заняткі ў школе. Але ж школа дала разуменне мовы, а не карыстанне ёю. Пасля ў каледжы чытаў беларускую літаратуру і спрабаваў размаўляць па-беларуску на занятках і з беларускамоўнымі сябрамі. У выніку пасля дзесяці гадоў навучання пачаў часам карыстацца мовай у паўсядзённым жыцці.

Цяпер я выкладаю цалкам на роднай мове. Дома і на працы размаўляю прыблізна так: 60 працэнтаў трасянка і беларуская мова, 40 працэнтаў – руская мова. У інтэрнэце і ліставанні на 70 працэнтаў выкарыстоўваю толькі беларускую мову.

Аднойчы ў аддзеле культуры аднаго з райвыканкамаў Мінскай вобласці супрацоўнік пасля размовы са мной (я размаўляў выключна па-беларуску) пачаў адказваць камусьці на тэлефонны званок, дзверы ён не зачыніў, размаўляў вельмі гучна, і я ненаўмысна стаў сведкам гэтай размовы. І вось што я пачуў (цытую даслоўна): «Саша, я опоздаю, тут у меня один чел был, хер пойми, как говорит, х.й пойми что хочет…» Вось так… І гэта аддзел культуры райвыканкама! Аднак не паўсюль такія неадукаваныя людзі працуюць у аддзелах культуры, канешне. Напрыклад, у маім родным Ваўкавыску аддзел культуры вітае беларускую мову, а таксама вядзе частку дакументаабароту і справаздач па-беларуску.

ў

Наталка Белазёрава, танцорка, Мінск:

belazerava

– На беларускую мову я перайшла ў восьмым класе. Хацелася і раней – мне заўжды было незразумела, чаму я размаўляю на мове суседняй краіны. Але не рашалася пачаць размаўляць на сваёй мове, ды я яе тады толкам і не ведала. А ў восьмым класе «фінальным штуршком» была такая дробязь, што зараз ад гэтага становіцца смешна. Я пакрыўдзілася на выкладчыцу рускай мовы, ужо не памятаю нават, чаму. Прыйшла дамоў і кажу маці, што ад цяперашняга моманту я размаўляю выключна па-беларуску. Маці ўспрыняла з пазітывам. З таго часу я стала карыстацца беларускай мовай паўсюль, апроч школы: школа была рускамоўная, і былі пэўныя праблемы з адміністрацыяй, а дзіцём я тады яшчэ не была ў стане нешта даказваць. Аднак усе аднакласнікі і настаўнікі ведалі, што калі мне, напрыклад, патэлефанаваць па-за школай, то я не пераключалася на рускую мову.

Падчас вучобы ў БДУ ўсе лекцыі пісала па-беларуску, усе курсавыя – па-беларуску. Зараз, аднак, больш карыстаюся польскай у сувязі з маім цяперашнім месцазнаходжаннем (Наталка цяпер вучыцца ў Польшчы. – аўт.). Былі, вядома, і ў БДУ праблемы з некаторымі выкладчыкамі, і ў кавярнях мне ўпарта не хацелі прыносіць зялёную гарбату з цытрынай без цукру… Але за восем год я навучылася на гэтыя дробязі не звяртаць увагу. Не вельмі прыемнай была сітуацыя на ўкраінскім праекце «Таньцюють всі», у якім я прымала ўдзел у кастрычніку 2015 года (пачуўшы беларускамоўныя адказы Наталкі, чальцы журы пачалі смяяцца і заявілі, што не разумеюць мовы. – аўт.). Хаця я і не лічу гэты выпадак такім ужо скандалам, як выказваліся людзі падчас бурных абмеркаванняў у інтэрнэце.

ў

Яўген Батура, інжынер-даследчык, Мінск:

batura_1

– Шчыра кажучы, шэсць гадоў таму беларускай мовай я не карыстаўся ўвогуле. Пераломны момант настаў пасля сумных падзеяў снежня 2010 года, калі, арыштаваны ля Чырвонага касцёла падчас масавых абурэнняў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, я апынуўся ў маленечкай камеры з высокаадукаванымі беларускамоўнымі людзьмі. За дзесяць сутак быў час прыйсці ў сябе і зразумець, што не так у нашай краіне з роднай мовай, чаму яна настолькі моцна сканцэнтравалася вакол мяне ў турэмнай камеры, калі нават грузін (яго імя Торніке), размаўляў на ёй. Вось ён і даў мне першыя лінгвістычныя ўрокі.

Зразумела, спачатку я саромеўся размаўляць на беларускай мове, карыстаўся толькі ў сацыяльных сетках. Дзякуй Богу, мяне пераканалі, што лепш пачаць гаварыць адразу, з памылкамі і недакладнасцямі, чым бясконца ўдасканальваць яе тэарэтычна, баючыся прамаўляць услых. Вялікі дзякуй за гэта Галіне Васільеўне Сіўчык (мама вядомага палітыка Вячаслава Сіўчыка. – аўт.), з якой я пазнаёміўся зноў жа ля Чырвонага касцёла, падчас малітвы за Беларусь. З таго часу, з часу пераходу на беларускую мову, стала імкліва мяняцца кола маіх знаёмстваў – як снежны ком пачала нарастаць у маім жыцці колькасць беларускамоўных сяброў, мерапрыемстваў, падзей. Я паступіў у Беларускі Калегіюм. У мяне, чалавека з цалкам тэхнічнай адукацыяй і працай, найперш дзякуючы мове, з’явіўся сапраўдны і нязгасны інтарэс да гісторыі, культуры і месца нашай Бацькаўшчыны сярод іншых народаў свету. Да таго ж стала значна лягчэй размаўляць з блізкімі замежнікамі – украінцамі ды палякамі, прынамсі, я пачаў іх добра разумець. Кульмінацыяй жа стала знаёмства з беларускамоўнай дзяўчынай, што, нарэшце, дазволіла мне штодзённа размаўляць на беларускай мове і дома. Але руская мова на працы засталася, на жаль. Апынулася нечакана цяжка змяніць сябе тут. Зараз якраз думаю, што з гэтым рабіць.

Самае прыемнае, што дае для мяне беларуская мова, – гэта пачуццё еднасці. Еднасці з людзьмі, якія маюць падобныя да тваіх думкі, жывуць сходнымі марамі і надзеямі, дбаюць пра будучыню краіны шчыра і з болем у душы. Такіх людзей вельмі і вельмі шмат. І вельмі кранальна, калі праз цябе да гэтай супольнасці далучаецца хтосьці яшчэ, хоць нават адзін чалавек.

Паводле артыкулаў з сайта novychas.by:

Чатыры гісторыі пра беларускую мову

Мы жывем у Беларусі і слова не кажам па-роднаму

У камеры нават грузін размаўляў па-беларуску

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат