Пра курсы
ГАРАДЫ :


12.03.2014
ЦІКАВІНКІ Зборнік дзіцячых вершаў Рыгора Барадуліна

ВЯСЁЛЫ ЦЯГНІК

Спявалі дружна колы,

Імчаў цягнік вясёлы.

Імчаў цягнік,

А праваднік –

Казёл белабароды –

За дысцыплінаю сачыў

На кожнай станцыі лічыў

З капустай агароды.

І цягніку з пашанаю

Салютавалі шчыра

Шлагбаўмы,

Бо спяшаліся

Занадта пасажыры.

На ферму парасяткі

Без перасадкі

Прама –

да мамы.

А ласыя,

падласыя

Цяляткі-немаўляткі

Ўсё мычалі –

мчалі

Таксама

На луг

да добрай мамы.

І ў ціхіх качанятак

Цікавы быў занятак:

Нырца даваць

У ямы

ля мамы.

Мінулі станцый шмат,

Бо вёз дзіцячы сад

З экскурсіі цягнік –

Нястомна працаўнік,

Ахутаны дымамі.

Імчалі ўсе да мамы,

І толькі мышкі-крошкі –

Да грознай цёткі-кошкі,

Бо мама ў крошак мышак,

Пакінуўшы зацішак,

Яшчэ ўчора зрання

Пайшла на паляванне.

Прымчалі ў поўдзень самы,

Узрадваліся мамы,

А цётка ў мышак грозна

Спытала:

– Што так позна? –

І так іх забаўляла,

Гуляла ў кошкі-мышкі,

Што мама запытала:

– А дзе ж мае малышкі?

 

АЙ! НЕ БУДУ! НЕ ХАЧУ!

Ёсць у Ланы тры сястрычкі:

АЙ,

НЕ БУДУ,

НЕ ХАЧУ,

За сястрычкамі благімі

Кожнай раніцай сачу

Будзяць Лану:

– Уставай!

А сястрычка цягне:

– АЙ!

– Ланачка, памый пасуду.

А сястрычка:

– НЕ ХАЧУ!

Узяла сястрычак Лана

У дзіцячы сад з сабой.

На сястрычак хочуць глянуць

Дзеці ўсе наперабой.

Цацкі лепшыя свае

Кожны пагуляць дае.

Просяць:

– Ляльку палюляй.

Ды бурчыць сястрычка:

– АЙ!

– Прынясі вады вярблюду.

А сястрычка ім:

– НЕ БУДУ!

– Мішкам дай па калачу.

А сястрычка:

– НЕ ХАЧУ!

І сказалі дзеці Лане:

– Хто дружыць з такімі стане?

Хай капрызныя сястрычкі

Кепскія забудуць звычкі

І тады ідуць у сад,

А пакуль –

вядзі назад!

 

СКАКАЛКА

А на золку

За бугром

Праз вясёлку

Скача гром.

Скача,

Скача

Без аглядкі,

Толькі над палянкамі

Бліскаюць вясёла пяткі

Зыркімі маланкамі.

 

Раз-два,

Раз-два –

Долу хіліцца трава.

 

Раз-два-тры,

Раз-два-тры –

Усміхаюцца бары.

 

Раз-два,

Тры-чатыры –

Светла ўсёй нябеснай шыры…

 

Раз-два,

Тры-чатыры,

Пяць –

Гром пайшоў

За мора спаць.

 

НА ШАШЫ І ЛЯ ШАШЫ

Штохвіліны на шашы

Шумна, як на кірмашы.

Шоргат

Шорах,

Шум птушыны.

За машынаю машына.

Нешта шэпчы

Шына шыне.

Шпак шыкуе

На шыпшыне.

А пад шатамі ў цішы

На ляшчыне спарышы.

У капелюшы спарыш,

Пашукай спарыш, малыш!

Шпарка па шашы ў кашы

Пашыбуюць спарышы.

Шэпча шустрая шаша:

– Не спяшайцеся, ша-ша…

 

МАЯ СЯМ’Я

Дзіўная ў мяне сям’я,

У сям’і маёй – сем Я.

Раніцай гукну сваю

Гаманлівую сям’ю:

– Хто са мной гуляе сёння?

– Я! – прачнецца лялька Соня.

– Я! – закрача качар Крак.

– Я! – заскача жабка Квак.

– Я! – забрэша Піф сярдзіта.

– Я! – замяўкае Мікіта.

– Я! – затупае Мішутка.

– Я! – прымчыць авечка Шутка.

Во сям’я:

Восем Я.

Восьмае Я – гэта Я.

 

БУДУ ЎРАЧОМ

– Вырасце з мяне ўрачыха,

Бо сягоння пакрысе

Грабянцу

Я ціха-ціха

Зубы вырвала ўсе.

 

МАМА БУДЗІЦЬ ДАЧУШКУ

– Даволі песціцца

У ложку.

Цябе чакае ў школе

“Пяць”.

 

– Ну, пачакай

Яшчэ хоць трошку.

Дай мне

“Дзюймовачку” даспаць!..

 

БОСЫЯ ЦУКЕРКІ

Здалёк

Прыехала бабуля,

Па Мінску пахадзіла.

Яна для ўнучкі-капрызулі

“Падушачак” купіла.

 

А ўнучка

Пазірае скоса:

– Я не хачу

Цукерак босых!

 

КАТОК

Закончыліся ў рэчкі

З марозам лютым спрэчкі.

Шумлівай чарадой на лёд

Малыя пачалі налёт.

Смялей,

Падкуты капыток!

Імчыце, сані,

Самі!

Твой гучны смех

Чуваць, каток,

За ціхімі лясамі.

 

ЦІ ПАЗЯХАЕ БЕГЕМОТ?

Сяджу спакойна,

Без турбот.

Ды нехта – шкроб у дзверы.

– Ці пазяхае бегемот? –

Пытае зайка шэры.

 

Маўчу,

Вады набраўшы ў рот,

Прыкінуўся

Нязнайкай.

– Ці пазяхае бегемот? –

Касіцца хітры зайка.

 

Разгладзіў вусы рыжы кот,

Яго ніхто не клікаў.

– Ці пазяхае бегемот? –

Прыжмурыўся мурлыка.

 

І крот,

Вядомы абармот,

Знайшоў

Нарэшце вочы.

– Ці пазяхае бегемот? –

Дазнацца дужа хоча.

 

Бугай,

Аглухлы ад грымот, –

Хацеў басці маланку.

– Ці пазяхае бегемот? –

Як зараве ля ганку.

 

Настырны дужа вы народ,

Дакучылі да смерці.

“Ці пазяхае бегемот?” –

Ідзіце ды праверце!

 

– А дзе жыве

Той бегемот? –

Усе спыталі хорам.

– А там,

Дзе жыў ён дзвесце год.

Быць невукамі сорам!

Пакажа вам жыраф

Раку,

Дзе твань і цягамота.

Ідзіце проста ў Афрыку

Пабачыць бегемота.

 

– Цяпер,

Вам дзякуй,

Знаем дзе,

У Афрыцы, вядома.

Ды хто

Туды нас павядзе,

Бы ў Афрыцы ж – не дома?!

Мы можам згінуць без пары,

Нас можа з’есці заедзь.

 

– Вы ўсе разумныя,

Сябры,

А самы хуткі заяц…

Ідзіце.

Году не міне –

Здаволіце ахвоту.

Ды перадайце ад мяне

Вітанне бегемоту.

Вам сам

Шаноўны бегемот

Адкажа на пытанне.

 

І дружна рушылі ў паход

Сябры

Назаўтра ўранні.

Нялёгка пакідаць жытло,

Ды знаць усё –

Цікава.

То сонца ўперадзе ішло,

То некуды ўцякала.

 

Сябе б саміх

Не ашукаць,

Ішлі,

Ва ўсіх пыталі,

Як бегемота адшукаць

Альбо гіпапатама?

Яго знайшлі, нарэшце,

Там,

Дзе нізка

Звісла неба.

Разбуджаны гіпапатам

Скрывіўся:

– Што вам трэба?..

 

Якраз

Не ў час

Прыйшлі яны.

Не ў госці ж да суседа.

Таўшчэзны

Бегемот ляны

Драмаў пасля абеда.

І гэткая дрымота

Найшла на бегемота,

Так смачна

Раптам пазяхнуў

І ўсіх цікаўных

Праглынуў.

 

Цяпер

Не маю я клапот.

А знаць каму ахвота,

Ці пазяхае бегемот?

Спытайце ў бегемота!..

 

СЛЯПЕНЬ

Сляпень-целяпень

Сослепу ўзляцеў на пень.

Не скрануўся з месца пень,

А сляпень

Цэлы дзень,

Цэлы дзень, яшчэ паўдня

Енчыў,

Лежачы ля пня.

Ты сляпня цяпер сустрэнь,

Толькі ўчуеш:

– Пень – дрэнь!..

 

ЯК СТАЎ ЗАЯЦ ДАЎГАВУХІ

Абганяе ўласны цень,

Скача зайчык праз асіннік.

Сёння ж незвычайны дзень,

Сёння зайка –

Імяніннік!

 

На стале ўсялякіх страў,

Густа,

Кожнаму па густу,

Піражкі з грыбоў

Ды з траў.

І вядома што –

Капуста!

 

Госці ў зборы ўсе даўно.

Тут сябры,

Радня,

Суседзі.

Ды мядзведзя

Не відно.

Госць галодны, урэшце, едзе!

Ледзь аддыхаўся мядзведзь:

– Цяжка мне

Паўсюль паспець…

Першы

Пацягнуць я мушу

Імянінніка за вушы!

Лапаю ўхапіў як след –

Зайку стаў

Нямілы свет.

Жартаваць мядзведзь ахвочы,

Зычыць,

Каб вялікі рос.

На ілбе

У зайкі вочы.

Ні да смеху,

Ні да слёз…

 

Заяц,

Знаеце вы самі,

Зараз з доўгімі вушамі.

З той пары

Ўвесь род зайчыны

Не святкуе імяніны.

 

ХТО ДАГАРЫ НАГАМІ

– Кох-ках,

– Кох-ках! –

Лёд смяецца звонкі.

Мчацца дзеці на каньках.

З ветрам наабгонкі.

Хто каго,

Хто хутчэй?!

Сцішыліся хай бы!

Пачынаецца хакей,

Лёс нялёгкі ў шайбы!

 

А што цяпер на дне ракі?

На дне ракі плакат такі:

“Падлешчыкі і акунькі,

Усе адразу на канькі!”

Ды хіба могуць быць

Канькі

Вастрэйшыя за плаўнікі?

Усё як трэба,

Ды адно –

Для поля

Непрыгодна дно.

На рызыку экзамена –

Карчагі скрозь

Ды яміны.

Ды ёсць затое –

Гладкі лёд!

Б’е шайба сетку навылёт.

А варатар –

Шчупак стары,

І з ім

Да трох не гавары!

 

І тут хакей,

І там хакей.

Хто

Шайбу выхапіць хутчэй?

І тут, і там

Упарты бой,

А вы рашыце самі,

Хто

Дагары нагамі?

Ці над вадой,

Ці пад вадой.

 

ЧЫТАНАЧКА

Першы дожджык.

Мокры дах.

Мы чытаем па складах:

– Да-ра-гі бук-вар,

Бы-вай!

Ты ад-крыў нам

Дзіў-ны край.

Бліснуў гром з-за хмар

Залатой падкоўкай.

Пазнаёміў нас буквар

З вернаю сяброўкай.

Хто палюбіў яе, таму

Не будзе сумна аднаму.

Не Натачка –

Наталачка –

Завуць яе – чыталачка.

Хмурынка, як праталачка.

Убрала восень гай.

Сцяжынку нам, чытаначка,

Да ведаў пракладай!

 

ЖАРТ

Проста жах –

Гарыць калодзеж,

Аж пад неба

Полымя.

Чым астудзіш,

Ахалодзіш?

Не рукамі голымі!

Што рабіць?

Бяда

Адна –

Выгарыць

Вада

Да дна.

Што рабіць

І што рашыць?

Як ваду вадой

Тушыць?!

 

ТЫ ЧУЎ? ТЫ ЧУЛА?

Ты чуў?

Вырас у кошкі чуб.

Ніяк не зачэша яго да канца

І просіць у пеўня яна

Грабянца.

 

Ты чула?

Кіта

Праглынула акула.

Акула

На дно нырнула.

А кіт

Хоча пабачыць блакіт.

Вы чулі?

Ваўкі надзелі кашулі,

Кожны квяцістую ў клетку каўбойку,

І з вераб’ямі

Палезлі ў бойку.

 

Нікому аб тым

Не кажыце і ў сне.

Прачнецеся, дзеці,

Раскажаце мне.

 

ЯК СУРОК ЛІЧЫЎ САРОК

Летам

Добра хоць каму.

Ды сурок быў ласы.

І таму

Ён на зіму

Рыхтаваў запасы.

Ад расы і да расы

Абмалочваў каласы

А сарока:

 

– Што харчы, –

Села на ўзровак, –

Кінь старацца,

Палічы

Лепш маіх сябровак!

 

І пачаў лічыць сурок

Іх перад абедам.

Шчыра лічыць.

Крок у крок

Цень ступае следам.

Сонца смаліць,

Стэп іскрыцца.

Колюць промні-вусачы.

Восем,

Дзевяць,

Дваццаць,

Трыццаць, –

Паспрабуй

Усіх злічы!

 

Карагач,

Як насарог,

Паглядае на сарок.

Раптам з-пад крыса

Рака

Выпусціла слонку.

Далічыў

Да сарака –

Млосна на прыслонку!

 

Доўга спіцца ў духаце.

Вечар недалёка.

Цень апошні на хвасце

Панясла сарока.

 

Сцяжалелі ад расы,

Долу гнуцца каласы.

 

Дзе вячэра?

Дзе харчы?

Хоць цяпер

Варон лічы!..

 

Даў сабе сурок

Зарок –

Болей

Не лічыць сарок.

 

КРЫЎДА

Слёзы льюцца ў пяць руччоў.

Нават кот

Не есць смятаны.

Як не плакаць?

Мама зноў

Не паслухалася Ланы!

 

ПАМАГЛА

Працай шчыраю

Заняты

Аж да ночы

Жабяняты.

Жвіру мокрага

Нагрэблі,

Захацелі ўзвесці

Грэблю.

Папрасілі

Цётку-качку

Праз балота топкае

Перавезці

Гліны тачку, –

І яна затопла.

 

Плачуць

Каччыны сваячкі –

Ані тачкі,

Ані качкі…

 

КОЛЬКІ КОШАК У КАШЫ?

Берагам ішоў Цімошак,

Нёс лазовы цяжкі кошык.

Варушыўся дужа кошык –

Там сядзела многа кошак.

Адпачыць схацеў Цімошак,

Задрамаў –

Раскрыўся кошык.

Кошкі хітрыя паволі

Разбрыліся ўсе па волі.

Кошка першая пайшла

Частавацца да бусла.

Пачастунак надта слабы –

Не да смаку кошцы жабы.

А другая кошка Мурка

З вераб’ём гуляла ў жмуркі.

Дзве схаваліся за горкай,

Дзве сачылі за вавёркай.

Дзве збаяліся ваўкоў,

Хвост на плечы –

І дамоў!

Спаў Цімошак дацямна,

Засталася з ім адна.

Ты падумай і скажы,

Колькі кошак у кашы?

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат