Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Анатоль Сыс

04.05.2016
ЦІКАВІНКІ “Памірай, а жыта сей…” Вершы Анатоля Сыса (+ВІДЭА)

anatol_sys

Анатоль Сыс 1959 – 2005

Анатоль Сыс нарадзіўся ўначы 26 кастрычніка 1959 году ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласці. Гэта на беразе Дняпра, адно з самых старажытных пасяленняў чалавека ў Беларусі. Ён быў найменшы з чатырох дзяцей у сям’і Марыі і Ціхана Сысоў.

Калі маці, настаўніца пачатковых класаў, была ім цяжарная, яна, дапамагаючы надвячоркам суседцы падліць газы ў запаленую лампу, праз неасцярожнасць зрабіла пажар. Маці абгарэла. У тую самую ноч нарадзіўся Анатоль.

sys2

У школьныя гады захапляўся літаратураю, гісторыяй. Асабліва цікавілі яго раскопкі старажытнага гарадзішча ў Гарошкаве. У студэнцкія гады ён бараніў гэтае гарадзішча ад вынішчэння – калі адтуль пачалі браць пясок на будоўлю, звярнуўся ў музей, да ўладаў. Яго паслухалі: паставілі ахоўны знак. У 1977 паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэту імя Ф.Скарыны, які скончыў у 1982. Два гады адслужыў сувязістам у Польшчы. Затым працаваў у веткаўскай раённай газеце «За бальшавіцкія тэмпы». У 1985 пераехаў у Менск, быў старэйшым спэцыялістам на Беларускім тэлебачанні.

Дэбютаваў у 1986, у 26 гадоў, падборкай вершаў у часопісе «Маладосць». У 1987 разам з Адамам Глобусам заснаваў творчае аб’яднанне «Тутэйшыя». Аўтар трох паэтычных зборнікаў: «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002).

Пасля выхаду другой кнігі А. Сыс звольніўся з працы, жыў на пенсію – ён быў хворы на страўнік.

Памёр 4 траўня 2005 году ў сваёй менскай кватэры ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў Гарошкаве. Сям’і ў паэта не было.


Найбольш поўны электронны збор вершаў Анатоля Сыса – ТУТ

Пра Анатоля Сыса можна пачытаць у Вікіпедыі

***

<>

***

– З чаго пачаць?..

Пачну з Радзімы.

Так абавязаны пачаць.

– Але ў яе ты не адзіны,

навошта пра любоў крычаць?

 

– Няхай, няхай я паўтаруся

ў любові тысячу разоў,

затое шчыра ў ёй клянуся,

без фальшу, без падробных слоў.

 

– Што ж, пачынай. Сам выбраў долю…

й нядоля знойдзецца сама.

Перад табою поле бою –

тут не адзін паэт сканаў.

<>

* * *

Я зжэр бы свой народ,

бы зерне ў недарод,

і, як віном,

сваёй крывёй запіў бы.

На Захад ды на Ўсход

жыве чужы народ –

скарміў бы іх арлам

свае ваніты,

вярнуўся б да Зямлі,

бы ядам да зьмяі,

вярнуўся б да адзінае жанчыны,

прамовіў бы: каб нам

ня біць паклон арлам –

Айчыне трэба новыя мужчыны!

Таму і зжэр народ,

бы зерне ў недарод,

бо згаладаўся я

бяз долі й волі.

Растаў Харонаў лёд,

пярэйдзем Сьцікс уброд,

зачнем, Айчына, сына ў чыстым полі.

<>

Сэрца

(З нізкі “ПЕСНІ ПРА СЫНА”)

1

Мне на сэрцы золатам вышывалі краты,

кроў балюча крапала на маю душу

з голкі дыяментавай аж у тры караты –

вось якое дзіва я ў грудзях нашу.

 

А бывае, падаю з усяго размаху,

дык на сэрцы золатам шэсць крыжоў звіняць

аб зямельку родную, быццам меч аб плаху, –

ні віном, ні лекамі боль той не суняць.

 

Дзе ўпаду, каб ведаў я, дык падклаў падушку б,

але ж вочы-зоркі сочаць, на бяду,

мабыць, цяжар кратаў датуль насіць мушу,

пакуль ў магілу-матку не ўпаду.

 

Мне на сэрцы золатам лёс мой вышывалі,

нітак не хапіла на апошні прэнт,

а калі паўмёртвага мяне пакідалі,

уваткнулі ў сэрца голку-дыямент.

 

Можа, каму трэба залатая нітка,

голка з дыяменту, я вас папрашу,

калі вам няцяжка, калі вам нябрыдка, –

выратуйце сэрца, вызвальце душу!

 

Гэта ж вельмі проста: нітку – у клубочак,

голку – у скарбонку, што ў крыві – дарма,

без віны ды боязі спіце сабе ўночы,

ну а вашым ворагам сніцца хай турма.

 

З матамі, вар’ятамі,

з сабакамі іклатымі,

ды пад аўтаматамі

з залатымі кратамі

будзе

хай

яна!

<>

Чалавек, які падтрымлівае агмень

Чалавек, які падтрымлівае агмень,

Чалавек, які беражэ каханне,

Чалавек, які моліцца хлебу,

Прыйдзе да мяне,

<>

Прыгнечанага каменным горадам,

Разбітага няўдачамі і паўсядзённай мітуснёй,

Раздражнёнага бюракратамі і крывадушнікамі.

Я не буду дамагацца тваёй дабрадзейнасці,

Я не буду дапытвацца,

Як падтрымліваюць агмень,

Берагуць каханне,

Моляцца хлебу.

Проста пасядзі са мной,

Мне будзе дастаткова тваёй маўклівай прысутнасці,

<>

I калі ты пакінеш мой дом –

Ты не пакінеш мяне.

<>

Песня пра жану

Ахвярую Юрыю Кузняцову

У расейцаў шаблі касыя,

у расейцаў вочы Батыя,

конскія хвасты за плячыма,

потная кабыла – Айчына.

<>

Не патрап пад шаблі касыя,

не павер у вочы Батыя,

не сядлай жарэбай кабылы –

прывядзе да цёмнай магілы.

<>

А ў мяне ж свая ёсць магіла,

а мяне ж яна палюбіла,

палюбіла сынам і мужам,

як жану, я біў яе гужам,

а я біў-пытаўся: ці мала

да мяне з чужынцамі спала?

<>

“Спала з маскалём, спала з ляхам,

ды была пасцеллю мне плаха,

спала з тваім бацькам – ліцвінам,

а цяпер з табой – маім сынам,

<>

паглядзіся ў рэчкі лясныя,

хіба ж маеш вочы Батыя,

хіба ж конскі хвост за плячыма,

паглядзі – з кім спала Айчына,

<>

а ў расейцаў шаблі касыя,

а ў расейцаў вочы Батыя,

конскія хвасты за плячыма,

потная кабыла – Айчына.

<>

Не патрап пад шаблі касыя,

не павер у вочы Батыя,

не сядлай жарэбай кабылы –

прывязе да цёмнай магілы,

<>

а ў цябе ж свая ёсць магіла,

а цябе ж яна палюбіла,

палюбіла сынам і мужам,

як жану, ты біў яе гужам,

а ты біў-пытаўся: ці мала

да цябе з чужынцамі спала.

<>

Спала з маскалём, спала з ляхам,

ды была пасцеллю мне плаха,

спала з тваім бацькам – ліцвінам,

а цяпер з табой – з маім сынам,

<>

паглядзі у рэчкі лясныя, –

хіба ж маеш вочы Батыя,

хіба ж конскі хвост за плячыма,

паглядзі – з кім спала Айчына”.

<>

Паэт

Ніхто не мае права жыць з Паэтам,

кахаць, пакутаваць і раўнаваць яго,

не тыя дні, калі б ён дбаў пра гэта,

не той напой, які б ён піў нагбом.

 

Ніхто не мае права мець Паэта,

рабіць яго паяцам пры двары,

таму што гэта… ды таму, што гэта –

народа і паэзіі падрыў.

 

Ніхто не мае права біць Паэта,

ён нават сам не вольны над сабой,

магчыма, ён адзіны на паўсвета,

а вы за ім нібыта за гарой.

 

Паэт не мае права быць паэтам

цнатлівае і чыстае красы,

калі ў айчыне загніваюць рэкі

і засыхаюць на вачох лясы.

<>

***

Адпусціце мяне, Курапаты,

нават з куляю ў галаве,

да дзяцей, да жаны, да хаты.

Як там Бацькаўшчына жыве?

<>

Як там сад мой? Абрыдлі сосны,

нават камень не ўлежыць ніц.

Я вярнуся, такі ўжо лёс мой –

плакаць жвірам з пустых вачніц.

<>

Адпусціце мяне да хаты.

Як жа так – прапусціць сяўбу?

Я ж да смертухны быў аратым,

я ж прашуся не на гульбу.

<>

А ў залог вам пакіну кулю,

і – дадому, у Журавы!

Зайду ў двор, абдыму матулю,

пацалую, нібы жывы.

<>

Маналог Апанаса Філіповіча

У гэтай краіне не маю я дому,

вось воблака – сяду і ў свет палячу

над гэтай гаморай, над гэтым садомам,

ні грошай, ні славы – я волі хачу.

<>

У гэтай краіне не маю я долі,

вось посах і торба і сотні дарог.

Па долі пайду. Не вярнуся ніколі.

Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.

<>

У гэтай краіне не маю я Бога,

ушчэнт разапселі яго святары:

дзе церні павінны насіць – носяць рогі,

які ж тагды Бог, калі служкі звяры?

<>

У гэтай краіне не маю я роду,

забыўся народ мой наймення дзядоў,

і свету не бачыць далей азяроду,

і дзецям не дорыць на шчасце падкоў.

<>

У гэтай краіне не маю я песні,

якая б народнай была і маёй,

якую б сябрына запела ў Бярэсці,

а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзвіной…

<>

У гэтай краіне не маю я дому,

вось воблака – сяду і ў свет палячу

над гэтай гаморай, над гэтым садомам,

ні грошай, ні славы – я волі хачу,

<>

бо ў гэтай краіне не маю я волі…

<>

Пацір

Знайшлі пацір, слязамі поўны,

ніхто не ведае – чыймі.

Сярэбранае ў срэбным –

поўню

пакутнік нейкі расчыніў.

 

Ад зла, спакус, грахоў замову

гугнявіў голас за сцяной…

Знайшлі на дне паціра слова,

з малітвы выпала яно.

КАХАЮ –

вочы прачыталі,

КАХАЮ –

вусны прашапталі,

КАХАЮ –

душы прастагналі,

КАХАЮ –

людзі закрычалі.

 

Каго?

 

Паэт сказаў: Айчыну!

Жаўнер: дзяўчыну!

Хтось: сябе!

I сталі дружна,

шчыра, шчыльна,

як на касьбе ці на сяўбе.

 

А ён канчаўся у знямозе –

ніхто яго не пакахаў,

з паціра выплюхнулі слёзы,

і налілі праз край віна,

 

і сталі дружна, шчыра, шчыльна,

як на касьбе ці на сяўбе,

паэт сказаў: п’ем за Айчыну!

I кожны выпіў – за сябе…

<>

* * *

Хворы хлопчык з цацкай лёд на шыбе ліжа,

да шчакі прымерзла сіняя сляза.

Гэткі ціхі хлопчык, гэткі хлопчык рыжы,

быццам я ці брат мой дваццаць год назад.

 

Чаму хмурны, хлопчык? Чаму сумны, хлопчык?

Рана табе думу асвятляць слязой.

Адвядзі на цацку, калі ласка, вочы –

лёд расце на шыбе, востры, як лязо.

 

* * *

Шрыфтам Брайля па калядным снезе

птушкі вершы пішуць.

А чытаю – рукі змерзлі.

Свае руны мне не вышыць.

Я аслепнуў.

Я аглухнуў.

Птушак не здагнаў – спяшаю,

а вясновы снег пажухнуў.

Часу – тры сняжынкі маю.

А памру – паэт мо прыйдзе,

разгадае сляды птушак.

Ох, ты лёс мой!

Ох, ты злыдзень!

Дзе салома, дзе падушка?

Падаў з печы! Падаў з неба!

Не падклаў мне Бог саломы,

паддурыў скарынкай хлеба

ды баршчом, ад слёз салоным.

Падаў з печы! Падаў з неба!

Бог пусціў мяне па свеце,

торбу даў,

бы горб за плечы.

Так я кану ў сівай Леце,

а сканаю – паэт прыйдзе..

2005

<>

Глядзіце таксама: 

Анатоль Сыс

Пан Лес. Жывы голас Анатоля Сыса

ВІДЭА Поўны запіс заняткаў Мова Нанова – Анатоль Сыс

ЦІКАВІНКІ Альфабэт Анатоля Сыса

ЦІКАВІНКІ Топ-14 песень на вершы Анатоля Сыса

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат