Пра курсы
ГАРАДЫ :


02.04.2014
ЦІКАВІНКІ Урыўкі з п’есы “Дон Жуан” у перакладзе Андрэя Хадановіча

П’еса Жана-Батыста Мальера пастаўленая ў Купалаўскім тэатры ў сакавіку 2014 года.
Як справіліся з гэтымі сцэнкамі студэнты “Мовы нановы” — глядзіце на відэа ТУТ.

1. П’еро, Шарлота

 

П’еро. Чакай, Шарлота! Я тут да цябе нібы… адну справу маю.

Шарлота. Нібы якую справу?

П’еро. Бачыш, Шарлота, мне трэба адкрыць табе, што на душы накіпела. Ты ведаеш, я цябе кахаю. Ведаеш, мы хутка пажэнімся. Але каб мяне чэрці ўзялі, калі ў нас усё добра!

Шарлота. А што гэта ў нас нядобра?

П’еро. А тое, што ты мяне крыўдзіш, вось што…

Шарлота. Чым гэта я цябе крыўджу?

П’еро. Тым, што ты мяне не кахаеш, вось чым!

Шарлота. Не каха… ха! ха! Толькі і ўсяго?

П’еро. Так, толькі і ўсяго! А скажаш, мала?

Шарлота. Госпадзе, П’еро! Зноў ты заладзіў сваё…

П’еро. Я зноў заладзіў сваё таму, што ў нас нічога ніяк не заладзіцца, а каб у нас усё заладзілася б, дык я б нічога і не заладжваў!

Шарлота. Дык чаго табе трэба? Чаго ты хочаш?

П’еро. Хачу, каб ты мяне ўрэшце пакахала, чорт пабірай!

Шарлота. А хіба ж я цябе не кахаю?

П’еро. Не, не кахаеш. А я ж проста са скуры лезу дзеля цябе. Ніводнага гандляра не прапушчу: любыя стужкі табе купляю; лажу па дрэвах на злом галавы, дастаю табе драздоў з гнёздаў; наймаю скрыпачоў, каб гралі на кожныя твае імяніны – а табе як аб сценку гарох! Ведаеш, Шарлота, непрыгожа гэта, нячэсна: не кахаць тых, хто нас кахае!

Шарлота. Божухна, ды я ж цябе кахаю…

П’еро. Толькі кахання – кот наплакаў!

Шарлота. Як жа цябе яшчэ кахаць?

П’еро. А так, каб было ўсё, як у людзей, калі яны кахаюць.

Шарлота. Дык, значыцца, я кахаю не як у людзей?

П’еро. Не! Бо людзі ўжо як кахаюць, то чаго толькі не робяць дзеля каханых! Зірні на таўстуху Тамасу, што ўтрэскалася ў свайго Рабэна: усё вакол яго круціцца, так і ліпне, ажно спакою няма. То ўшчыкне за ляжку, то па галаве дасць з усёй любові. А раз, калі ён сядаў на зэдлік, як выцягне яму з-пад задніцы – грымнуўся на славу! Вось гэта я разумею – каханне. А ад цябе ні слова не дачакаешся: маўчыш, як пень. Дваццаць разоў паўз цябе пройдзеш – а ты нічога ніякага: ні поўхай сагрэць, ні слоўцам падражніць. Кепска гэта, Шарлота, халодная ты, як тыя тапельцы!

Шарлота. Што ўжо тут зробіш! Такі ў мяне ад прыроды… як яго?.. тымпіламент.

П’еро. Тым піла, а гэтым не піла! Хто каго пілуе, той таго і мілуе. А калі ўсё падман, дык яно і відаць адразу!

Шарлота. Ну, хопіць лухты! Як умею, так і кахаю. А не падабаецца – шукай іншую!

П’еро. Я толькі прашу: будзь да мяне хоць крышачку больш ласкавай…

Шарлота. Тады перастань да мяне ўвесь час чапляцца! Можа, калі мы не будзем пра гэта думаць, яно і прыйдзе само.

П’еро. Значыцца, абяцаеш, што будзеш кахаць мяне мацней?

Шарлота. Зраблю ўсё, што ў маіх сілах. Толькі хай само прыйдзе… Дарэчы, а хто там ідзе? Ці не той важны пан?

П’еро. Ён самы.

Шарлота. Вось дык анёлак! Шкада, каб такая краса ды ўтапілася.

П’еро. Я зараз вярнуся, толькі глыну чырвоненькага, а то ад гэтых прыгодаў увесь збялеў. (Сыходзіць.)


2. Дон Жуан, Сганарэль, П’еро, Шарлота

 

П’еро (штурхае дона Жуана, які цалуе руку Шарлоты). Гэй, шаноўны пане, асадзіце назад! Надта ж вы распаліліся – яшчэ схопіце запаленне!

Дон Жуан (жорстка адпіхвае П’еро). Гэта што яшчэ за хам?

Перо (становіцца паміж донам Жуанам і Шарлотай). А я кажу, цішэй на паваротах, трымайцеся далей ад чужых нявест!

Дон Жуан (зноў адпіхвае П’еро). Не шумі так, хлопча!

Перо. Ён яшчэ штурхаецца! Хрэн яму ў вочы!

Дон Жуан. Вось як?!

Перо. А вы як думалі? Калі вы пан, дык можаце ў нас пад носам нашых дзевак мацаць? Дулю з макам! Сваіх маеце – іх і мацайце!

Дон Жуан. Што?!

Перо. А што чулі!

Дон Жуан дае яму поўху.

 

Дык ён яшчэ біцца! А каб на цябе скулле!

Другая поўха.

А каб на цябе трасца!

Трэцяя поўха.

А каб на цябе халера!

Чацвёртая поўха.

А каб ты гарохам с… стойце! Нельга так біць людзей, ды яшчэ тых, хто вас выратаваў.

Шарлота. Ты толькі не злуйся, П’еро!

Перо. Хачу злавацца – і буду! А ты – лярва, калі дазваляеш сябе жмякаць!

Шарлота. Але, П’еро, гэта зусім не тое, што ты думаеш! Гэты пан ажэніцца са мной, так што табе не трэба хвалявацца…

Перо. Не трэба?! А каб вы спрахлі! А мне што? Ты ж са мной заручаная!

Шарлота. Такі лёс, П’еро! Калі ты мяне кахаеш, табе будзе прыемна, што я стану важнай паняй.

Перо. А каб з цябе чэрці скуру злупілі! Лепш бы ты здохла, чым выйшла за іншага!

Шарлота. Ладна-ладна, П’еро, не сумуй. Як я зраблюся паняй, дык і табе будзе карысць: будзеш нам масла і сыр насіць.

Перо. Хай вам д’яблы ў пекла сыр з маслам носяць! А я і не падумаю, хоць ты ўтрая плаці! Як ты можаш слухаць чухню, што ён вярзе? Чорт, каб я ведаў, ні за што не выцягнуў бы яго з вады, а яшчэ вяслом па галаве дзеўбануў бы!

Дон Жуан (набліжаецца да Перо, каб яго ўдарыць). Што ты сказаў?

Перо (хаваецца за Шарлоту). А каб на вас ліха! Нікога я тут не баюся!

Дон Жуан (пераходзіць да Перо). Ну, пачакай!

Перо (перабягае на іншы бок). А мне напляваць!

Дон Жуан (бяжыць за ім). Зараз пабачым!

Перо (зноў хаваецца за Шарлоту). Бачылі й не такіх!

Дон Жуан. Няўжо?

Сганарэль. Ды кіньце, васпане, гэтага небараку. Такога й біць грэх! (Становіцца паміж донам Жуанам і П’еро. Звяртаецца да П’еро.) А ты лепей драпай адсюль, братка, і нічога яму не кажы.

П’еро (праходзіць паўз Сганарэля і пыхліва глядзіць на дона Жуана). Не, я ўжо яму скажу!

Дон Жуан (замахваецца на Перо). Дык вось табе, хамула!

 

(П’еро нахіляе голаў і поўху атрымлівае Сганарэль.)

 

Сганарэль (глядзіць на П’еро). А каб цябе ў чыстым полі дзверы сціснулі!

Дон Жуан (Сганарэлю). Што, атрымаў за сваю міласэрнасць?

Перо. Ну і паскудніца! Пайду раскажу ўсё ейнай цётцы! (Сыходзіць.)

 


3. Дон Жуан, Сганарэль

 

Дон Жуан. І дзе ты выкапаў такую ідыёцкую адзежыну?

Сганарэль. Не выкапаў – выкупіў! Стары лекар здаў у заклад, а я набыў, прычым за вялікія грошы. Але, ведаеце, гэты ўбор выклікае да мяне пашану: людзі кланяюцца мне і просяць парады, як у сапраўднага доктара.

Дон Жуан. Хто б мог падумаць!

Сганарэль. Разоў пяць ці шэсць да мяне прыставалі сяляне са сваімі хваробамі.

Дон Жуан. І ты, канечне, сказаў ім, што ні чорта ў гэтым не цяміш?

Сганарэль. Хто, я? Божа барані! Я падтрымаў гонар сваёй медыцынскай формы – апісаў ім іхныя хваробы і кожнаму выпісаў рэцэпт.

Дон Жуан. І якія ж лекі ты выпісваў гэтым хворым?

Сганарэль. Ды ўсё, што прыходзіла ў галаву. Вось бы пацеха была, каб яны яшчэ й паправіліся і прыйшлі мне дзякаваць!

Дон Жуан. І нічога дзіўнага. Чаму б табе не карыстацца прывілеямі, якія маюць іншыя лекары? Калі хворы акрыяў, доктар вінаваты ў тым не болей, чым ты, бо ўсё яго мастацтва – чысты падман. Каму пашанцуе, таму і слава.

Сганарэль. Дык вы, васпане, і ў медыцыне – атэіст?

Дон Жуан. Медыцына – адна з найвялікшых памылак чалавецтва.

Сганарэль. Як? І вы не верыце ў слабіцельнае? Ні ў крушыну, ні ў воўчыя ягады, ні ў жасцёр праносны?

Дон Жуан. А чаму я павінен у іх верыць?

Сганарэль. Ну вы й недаверак! Толькі паглядзіце, колькі шуму нарабілі воўчыя ягады. Я і сам, усяго тры тыдні таму, назіраў іх чароўнае дзеянне.

Дон Жуан. Якое ж?

Сганарэль. Адзін мой знаёмы шэсць дзён ляжаў у агоніі. Ужо й не ведалі, чым яго лекаваць, ніводны сродак не дапамагаў. Нарэшце вырашылі даць яму воўчых ягадаў.

Дон Жуан. І што, ачуняў?

Сганарэль. Не, памёр.

Дон Жуан. Чароўнае дзеянне!

Сганарэль. Яшчэ якое! Шэсць дзён чалавек не мог памерці, а тут адразу памёр. Куды ўжо чароўней!

Дон Жуан. Твая праўда.

Сганарэль. Але досыць пра медыцыну, вы ўсё адно ў яе не верыце. Пагаворым пра іншае.

Дон Жуан. Ну?

Сганарэль. Мне б хацелася глыбей зведаць вашы думкі. Няўжо вы зусім-зусім не верыце ў неба?

Дон Жуан. Наступнае пытанне.

Сганарэль. Выходзіць, зусім-зусім. А ў пекла?

Дон Жуан. Э-э.

Сганарэль. Тое самае. А, выбачайце, у д’ябла?

Дон Жуан. Пытайся-пытайся.

Сганарэль. Таксама, значыць, не вельмі. Ну, хоць у жыццё пасля смерці? Хоць трохі?

Дон Жуан. Ха-ха-ха!

Сганарэль. Цяжка вас навярнуць у веру. Добра, а што вы думаеце пра… Даму з Чорным манахам?

Дон Жуан. Ды пайшоў ты, дурань!

Сганарэль. Вось тут я вам ужо не саступлю. Хоць павесьце мяне, а прывіды дакладна існуюць.


4. Дон Жуан, гандляр Нецяпер, Сганарэль

 

Дон Жуан. Ах, каго я тут бачу! Спадар Нецяпер, калі ласка, праходзьце! Мне так прыемна, што вы прыйшлі. І так прыкра, што гэтыя ёлупы не ўпусцілі вас адразу. Я загадаў нікога не прымаць, але гэта не датычыць вас, бо для вас мае дзверы заўсёды адчыненыя.

Нецяпер. Шчыра вам дзякую, васпане.

Дон Жуан (Пустазелю й Курдуплю). А вам, сабачыя дзеці, я пакажу, як не ўпускаць спадара Нецяпера! Я вас навучу разбірацца ў людзях!

Нецяпер. Гэта дробязі, васпане.

Дон Жуан (Нецяперу). Як гэта “дробязі”?! Сказаць, што мяне няма дома! І каму? Спадару Нецяперу! Найлепшаму з маіх сяброў!

Нецяпер. Я вельмі вам удзячны, васпане. Я прыйшоў, каб…

Дон Жуан. Крэсла спадару Нецяперу!

Нецяпер. Я магу і пастаяць, васпане.

Дон Жуан. Ні ў якім разе! Я хачу, каб вы сядзелі са мной.

Нецяпер. Не турбуйцеся, я пастаю.

Дон Жуан. Прэч гэтае крэсла, дайце мяккі фатэль!

Нецяпер. Вы жартуеце, васпане?

Дон Жуан. Не, я вам вінен, і хачу, каб мы былі на роўных.

Нецяпер. Васпане…

Дон Жуан. Сядайце, калі ласка!

Нецяпер. Гэта лішняе, мне вам толькі два словы сказаць. Я прыйшоў…

Дон Жуан. Сядайце, кажу вам!

Нецяпер. Васпане, мне і так добра. Я прыйшоў, каб нагадаць…

Дон Жуан. Я і слухаць не стану, пакуль вы не сядзеце.

Нецяпер. Ну, калі вы так хочаце. Я прый…

Дон Жуан. Чорт пабірай, спадар Нецяпер, як вы добра выглядаеце!

Нецяпер. Шчыры дзякуй! Я прыйшоў…

Дон Жуан. Як ваша здароўе? Бачу, усё як мае быць: губы свежыя, шчокі румяныя, вочы жывыя.

Нецяпер. Я…

Дон Жуан. А як пажывае ваша любая жоначка, спадарыня Нецяпер?

Нецяпер. Дзякуй Богу, васпане, вельмі добра.

Дон Жуан. Цудоўная жанчына!

Нецяпер. Я вам вельмі ўдзячны. Я прыйшоў да вас…

Дон Жуан. А як вашая мілая дачушка, Кладына?

Нецяпер. Дзякуй, добра.

Дон Жуан. Чароўная дзяўчынка! Я так яе люблю.

Нецяпер. Зашмат гонару для нас. Я пры…

Дон Жуан. А як маленькі Кален? Усё грукае ў свой барабанчык?

Нецяпер. Як заўсёды, васпане. Я…

Дон Жуан. А ваш мілы сабачка, Кабздох? Усё так жа гучна брэша й кусае гасцей за ногі?

Нецяпер. Яшчэ гучней. Ужо й не ведаем, што з ім рабіць.

Дон Жуан. Не здзіўляйцеся, што я так пытаю пра вашу сям’ю, бо вашы справы – мае справы!

Нецяпер. Бясконца ўдзячны! У мяне такая справа…

Дон Жуан (працягвае яму руку). Дайце мне руку, па-сяброўску, спадар Нецяпер! Бо мы ж з вамі сябры?

Нецяпер. Ваш пакорны… сябра!

Дон Жуан. Ух, д’ябал вас раздзяры, спадар Нецяпер, як я вас люблю!

Нецяпер. Вы занадта добрыя да мяне! Я…

Дон Жуан. Няма рэчы, якой бы я для вас не зрабіў!

Нецяпер. Дзякуй, я аж разгубіўся!

Дон Жуан. І, заўважце, ад шчырага сэрца.

Нецяпер. Я не заслужыў такой шчырасці. Але, васпане…

Дон Жуан. А ведаеце што, спадар Нецяпер, давайце павячэраем разам, без цырымоній, толькі вы і я?

Нецяпер. Не, васпане, мне трэба дадому. Я прыйшоў…

Дон Жуан (устае). Як? Ужо сыходзіце? Гэй, хутчэй святла спадару Нецяперу! І хай чацвёра… не, пяцёра служак праводзяць майго сябра з мушкетамі!

Нецяпер (таксама ўстае). Дарэмныя турботы, я добра дайду і сам. Вось толькі…

 

Сганарэль хутка забірае фатэль.

Дон Жуан. Ніякіх “толькі”, я хачу, каб вас праводзілі! Вы занадта дарагі мне… як сябра. Да таго ж, я вам вінны.

Нецяпер. О, васпане!..

Дон Жуан. Я гэтага не хаваю, кажу ўсім.

Нецяпер. Тады, можа быць, вы маглі б?..

Дон Жуан. Вы ўсё-ткі хочаце, каб я вас праводзіў?

Нецяпер. Ах, васпане, як можна! Я толькі пра тое…

Дон Жуан. Дазвольце ж вас абняць! І не сумнявайцеся, няма ў свеце паслугі, якую я вам не зрабіў бы. (Сыходзіць.)

 

Сганарэль, Нецяпер.

Сганарэль. А мой гаспадар, трэба прызнацца, вельмі вас любіць.

Нецяпер. Твая праўда, ён такі ветлівы, прыязны са мной. Нават не ведаю, як спытаць пра грошы.

Сганарэль. Будзьце ўпэўнены, мы ўсе нічога для вас не пашкадуем. Я хацеў бы, каб з вамі штосьці здарылася, скажам, хтосьці пакалаціў бы вас палкай, тады б вы ўбачылі, як мы…

Нецяпер. Не сумняюся. Але, Сганарэль, каб жа ты шапнуў яму на вушка пра мае грошы!

Сганарэль. О, не турбуйцеся, ён усё аддасць.

Нецяпер. Але ты і сам, Сганарэль, мне сёе-тое вінен.

Сганарэль. Фі! Не будзем пра гэта.

Нецяпер. Як гэта? Я ж…

Сганарэль. Ці ж я не ведаю сам, што вам вінны?

Нецяпер. Так, але…

Сганарэль. Хадземце, спадар Нецяпер, я вам пасвячу.

Нецяпер. Але мае грошы!

Сганарэль (бярэ Нецяпера за руку). Жартуеце?

Нецяпер. Я толькі хачу…

Сганарэль (цягне яго). Лішні клопат.

Нецяпер. Мне здаецца, што…

Сганарэль (піхае яго да дзвярэй). Дробязі.

Нецяпер. Але…

Сганарэль (яшчэ раз піхае яго). Фі!

Нецяпер. Я…

Сганарэль (выпіхвае яго з пакоя). Фі, кажу вам!

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат