Пра курсы
ГАРАДЫ :


25.02.2014
ЦІКАВІНКІ Сімволіка птушак

Адной з найбольш цікавых, але мала даследаваных праблем міфапаэтычнай спадчыны беларусаў з’яўляецца “арнітаморфны код”, або іначай — сімволіка птушак, з якімі чалавек кантактаваў даволі актыўна. З цягам часу птушкі занялі вельмі важнае месца ў фальклорнай спадчыне беларусаў, сталі аб’ектам глыбокага асэнсавання фактычна ва ўсіх жанрах вусна-паэтычнай творчасці.

Менавіта да птушкі — зязюлі — той, якая “лёгка” жыве, бо не выхоўвае сваіх дзетак, чалавек звяртаўся, каб даведацца, колькі яму яшчэ гадоў адмерана: колькі разоў “ку-ку” пачуеш — столькі гадоў і пражывеш.

Становіцца зразумелым, чаму птушка, якая раптам залятала ў хату або моцна стукалася ў акно, так палохала людзей. Па меркаванні нашых продкаў, яна прылятае ў тую хату, з якой хутка адляціць душа ў вырай, а значыць, нехта хутка памрэ.

Птушкамі, якія выступалі пасрэднікамі паміж светам жывых і светам памерлых і якіх надзялялі здольнасцю прадвяшчаць, лічылі ворана-крумкача, сароку, зязюлю і саву: “Сарока прыносіць і добрыя, і благія весткі… Крумкач, кракаючы над домам, прадказвае смерць аднаго з жыхароў гэтага дома. Па куванні зязюлі даведваюцца, ці доўгае будзе жыццё, а таксама пра замужжа, багацце. Крык савы над домам — дрэнны знак”.

Акрамя гэтага, вешчунамі лічылі і дробных птушак — такіх, як сініца, ластаўка, верабей: “Калі дробныя птушкі раптоўна залятаюць у хату цераз акно, гэта можа прадказваць рознае: а) ластаўка заляціць — прыйдзе непажаданая вестка, а калі ў доме ёсць нявеста — прыйдуць сваты ці жаніх; б) верабей заляціць — будуць неістотныя звесткі; зойдзе наведнік; в) сініца б’ецца ў шкло — трэба чакаць вялікага няшчасця.

 

У народнай культуры курыца была сімвалам пладавітасці і надзялялася шлюбна-эратычнай сімволікай. Акрамя гэтага, курыца была надзелена рысамі “таго свету”, таму выступала ў рытуальных дзеяннях як маркёр у час “пераходу з аднаго стану ў другі” ў каляндарным, земляробчым ці жыццёвым цыклах. Так, пасля павароту сонца на лета ў народзе казалі, што дзень павялічыўся на “курыны” крок, “На Каляду прыбыло дня на курыную лапу”.

Калі курыца заспявае, як певень, верылі ў народзе, быць бядзе: гаспадарка прыйдзе ў заняпад, хтосьці памрэ і гэтак далей. Каб папярэдзіць бяду, курыцу перакідалі праз хату ці плот да таго часу, пакуль яна не памрэ, ці закопвалі жывой у зямлю.

Курыца стала абрадавай ежай у дні пачатку і заканчэння сельскагаспадарчых работ. Так, на Беларусі ў дні засевак і заканчэння сяўбы абавязкова рабілі багатую вячэру з курыным супам. Курынай локшынай частаваліся ў дні восеньскіх свят, напрыклад, Кузьмінак.

Курыца як абрадавая страва прысутнічала на стале ў дні загавін перад Пятроўскім і Вялікім постам. Разам з тым у славян існавала забарона асвячаць курынае мяса на Вялікдзень. Лічылася, што курыца “прасвяцілася” яйкам. У адным з паданняў распавядаецца, што на трапезе іудзеяў, якія высмейвалі ўваскрэсенне Хрыста, смажаны певень раптоўна вярнуўся да жыцця і заспяваў. З той пары існуе забарона несці курынае мяса ў царкву.

Курыца станавілася адным з галоўных удзельнікаў рытуальных дзеянняў, калі ў хаце знаходзіўся пры смерці чалавек. У выпадку цяжкай хваробы сваяка неабходна было забіць самую моцную, вялікую курыцу і з’есці. Лічылася, што ў такім выпадку хворы хутка паправіцца. У дадзеным выпадку курыца выконвала ролю ахвяравання.

Для жалобнага абеду рэзалі пеўня, калі паміраў мужчына, курыцу — калі памірала жанчына.

Певень лічыўся таксама сімвалам пачатку новага дня, узыходу сонца, знікнення нячыстай сілы.

Бусел выступаў у якасці сімвала сямейнага шчасця, прыносіў дзетак. Людзі верылі, што ў хату прыйдзе шчасце, калі бусел рабіў сваю буслянку на коміне ці на дрэве каля хаты.

Качка для беларусаў была сімвалам дабрабыту.

Увасабленнем душы чалавека, а таксама сімвалам кахання лічылі голуба. Людзі верылі, што душа добрага чалавека адлятае белай галубкай, а душа дрэннага – чорнай варонай ці крумкачом.

Паводле матэрыялаў Аксаны Катовіч і Янкі Крука

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат