Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Горад

13.04.2014
ЦІКАВІНКІ Прывілей гораду Менску на Магдэбургскае права

Вільня, 14 сакавіка 1499 г.

magd

У імя святой непадзельнай Тройцы, амін.

Калі б учынкі людскія, якія пачынаюцца і канчаюцца, не былі на пісьме навечна замацаваны і да ведама будучаму слушным сведчаннем не былі пацверджаны, яны з часам адышлі б у нябыт. Дзеля гэтага высокія княжата на радзе вырашылі, каб з-за беспарадку і зменлівасці будучым справам не было ніякай шкоды, уклалі і замацавалі гэта на пісьме, як знак сведчання, каб гэта навечна засталося.

Таму дзеля вечнае памяці мы, Аляксандр, з Божае ласкі вялікі князь літоўскі, рускі, жамойцкі і іншых (земляў) пан і дзедзіч, чынім да ведама гэтым нашым лістом, хто яго пабачыць або ў час чытання пачуе, усім цяперашнім і будучым, каму будзе патрэба ведаць яго (змест), што, жадаючы памножыць усеагульнае дабро і палепшыць становішча нашага горада Менска, каб нашыя людзі, якія там жывуць, дзякуючы добраму і справядліваму ладу, былі заахвочаны, гэты наш горад Менск з права літоўскага і рускага, якое спачатку там было ўстаноўлена, на права нямецкае, так званае Магдэбургскае, пераводзім на вечныя часы. Пастанаўляем і даём ім магчымасць паводле гэтага Магдэбургскага права чыніць поўнае кіраванне і ўсе законы, ліквідуючы ў гэтым горадзе ўсе ранейшыя правы, законы і звычаі, якія Магдэбургскае права спыніваюць, уціскаюць або яму перашкаджаюць. Таму паводле гэтага Магдэбургскага права нашым лістом устанаўліваем войтаўства, войтам трэці пенязь ад усіх судоў і судовых плацяжоў. Таксама даём гэтаму войтавству дзве крамы мясныя з іх прыбыткамі, а з іх іншых крам плата павінна ісці на ратушу, на карысць горада; а яшчэ перадаем у распараджэнне войта дзве свабодныя карчмы з чатырма капамі грошай грашовага падатку.

565

Жадаем таксама, каб усе жыхары згаданага горада Менска карысталіся гэтым правам Магдэбургскім і ў кожнай справе ва ўсім яго прытрымліваліся. Усіх тых людзей аддаляем ад гарадскога і баярскага права і навечна вызваляем іх ад суда і ўлады ўсіх ваяводаў, паноў і старостаў, намеснікаў, суддзяў і ўсіх начальнікаў усяго Вялікага княства Літоўскага такім чынам, што калі па якой-небудзь справе (мяняне) будуць выкліканы (апошнім), яны маюць права не з’яўляцца і не адказваць ім. А калі хто ў чым будзе вінаваты, павінен па справядлівасці прадставіць перад войтам, бурмістрам і радцамі. Калі ж войт або бурмістры вырашаць несправядліва, тады па той справе павінны будуць выкліканы да саміх нас і нам вырашаць, каго якім правам судзіць.

Gerb

Таксама вызваляем іх да тых падводаў, што звычайна перад тым давалі, толькі на нашу земскую патрэбу падводы павінны даваць, калі ўбачаць ліст падводны, падмацаваны нашай пячаткаю. Таксама вызваляем іх ад варты, якую толькі дзеля нашай патрэбы могуць даваць. Таксама ні адзін купец нашага места, апрача віленцаў, не будзе мець права інакш купляць і прадаваць (у Менску), толькі ў тых мерах, што ў гэтым лісце напісаны: воск (вялікімі) кавалкамі або па паўберкаўца (5 пудоў); сабалі, куніцы і тхары па сорак штук; вавёрку, гарнастая, ласку і норку па 250; попел і смалу лашту (2 тоны), і не маюць права купляць ні ў лясах, ні ў барах, а ні ў сёлах, толькі ў горадзе. Таксама тканіны могуць прадаваць паставамі (вялікімі кавалкамі або скруткамі); перац, імбір, міндаль і іншыя звычайныя прыправы каменем (36 фунтаў); шафран, мускат, гваздзіку, квет мускатны, калган, цытвар і іншыя дарагія прыправы фунтам; сякеры, нажы і іншыя падобныя рэчы тахрам, або тузінам (12 штук); жалеза, волава, медзь, латунь і іншыя металы цэнтнерам; фінікі, разынкі кошыкам; розныя віны, нямецкае піва і іншае пітво замежнае – цэлаю бочкаю. Чужыя купцы не маюць права меншымі мерамі ні прадаваць, ні купляць, толькі як вышэй напісана. Калі ж бы хто з іх асмеліўся б інакш учыніць, тады войт тую пакупку павінен забраць у клець на нашу карысць.

Дазваляем таксама ў гэтым нашым горадзе мець важніцу і капніцу і ўвесь там вытаплены воск пячаткаю пазначыць і прыбытак з гэтага на агульнае дабро выкарыстаць. Даручаем таксама войту і бурмістрам, што ў той час будуць, усе пустыя месцы ў горадзе і нашыя палі вакол яго скарыстаць дзеля засялення людзьмі; толькі на нашу гарадскую раллю месцічам не ступаць. Дазваляем таксама ўсім месцічам свабодна, паводле даўняга звычаю, браць дзерава на будаўніцтва сваіх дамоў і на дровы ў барах і лясах за тры мілі вакол горада, а таксама ў нашых (княскіх) барах, лясах і пушчах, апрача бортнага дзерава, якое нельга чапаць. Таксама сваю жывёлу, быдла, дзе раней пасвілі, могуць яны свабодна, без клопатаў і цяпер пасвіць.

Маюць таксама (мяняне) магчымасць пабудаваць грамадскую лазню для агульнага карыстання там, дзе выберуць прыдатнае месца. А таксама маюць магчымасць на зручным месцы паставіць ратушу, каля якой могуць мець таварную краму, збожжавыя клеці і цырульню. Там жа ў ратушы могуць мець бочку мерную і медны посуд з гарадскім гербам. Усе прыбыткі з усяго гэтага войт з бурмістрам могуць скарыстаць дзеля гарадскіх патрэб.

У раней названым горадзе могуць таксама быць дванаццаць радцаў. Яны разам з войтам будуць выбіраць на адзін год двух бурмістраў, якія сумесна з войтам будуць кіраваць гараджанамі. Пастанаўляем таксама на вечныя часы, каб з вышэй згаданага горада кожны год у нашу казну давалі на Вялікдзень шэсцьдзесят коп грошай без усякага адмаўлення. Хочам таксама, каб гэты наш горад чынш карчомны кожны год, паводле даўняга звычаю, нам даваў поўнасцю. Таксама, калі накладзём нашу серабшчыну, вялікую і малую, па ўсіх нашых гарадах, мястэчках і воласцях у нашай дзяржаве, Вялікім княстве, то гэты наш горад (Менск) павінен нам серабшчыну даваць, як і іншыя нашы месты, без ніякага адмаўлення. Таксама нашу менскую мытню з мытнай пошлінай нашы мытнікі павінны трымаць… паводле даўняга звычаю. Таксама дазваляем ім (месцічам) для агульнага спажытку пабудаваць млын на прыдатным месцы, на рацэ Свіслач, а стары млын, які замку належыць, не павінны пакінуць, каб падатак з яго быў поўны. Таксама гэтаму нашаму гораду Менску даём, запісваем і дазваляем цалкам тым Магдэбургскім правам судзіць і кіраваць, а што звыш гэтага права – сабе пакідаем. А да ўсяго гэтага, як сведчанне і лепшае замацаванне, нашая пячатка да гэтага ліста падвешана.

Адбылося і дадзена ў Вільні ў чацвер, на шостым тыдні посту, 14 сакавіка, ў дзень святога Бенедыкта, у год Божы тысяча чатырыста дзевяноста дзевяты. Пры гэтым праасвяшчэнны, вяльможны і радавіты князь Войцах (Табар), біскуп віленскі, ваявода кіеўскі, князь Дзмітрый Пуцяціч, намеснік кіеўскі, пан Войтка Янавіч, маршалак, намеснік майшагольскі і дубніцкі, пан Барташ Табаровіч і іншыя.

Пераклад са старабеларускай мовы В.А.Чамярыцкага.
Акты… Западной России. СПб., 1846. Т. 1. С. 187-189

пазычана ТУТ

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат