Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Сто цудаў Беларусі

07.02.2017
ЦІКАВІНКІ Юры Жыгамонт у сакваяжы носіць водар беларускіх мястэчак (+ВІДЭА)

Аўтарка — Наталля Тур, rh.by

У суботу, 21 сакавіка (2015 г.), у Мала­дзечна завітаў тэлевядучы, акцёр, журналіст Юры Жыгамонт.

Ён прыехаў на творчую сустрэчу без звыклага сакваяжа, капелюша і акуляраў. Але пытанні пра сакваяж усё ж абмінуць не ўдалося.

– У сакваяж збіраю ўражанні ад месцаў, у якіх бываю, – распавядае Юры Жыгамонт. – Часам, вернешся з чарговага падарожжа, падзабу­дзеш водар мясціны. А тут адкрыеш сакваяж, а там пахі, скажам, Лебе­дзева, Краснага, Груздава.

Падчас сустрэчы Юрыю гледачы задавалі шмат пытанняў, як пра перадачу “Падарожжы дылетанта”, так і пра асабістае жыццё, цікавыя выпадкі, пра яго светапогляд. Артыкул пабудаваны з цытатаў Юрыя Жыгамонта, таму што да яго жыццёвай мудрасці цяжка дадаць яшчэ нешта.

“Ён па-руску блага размаўляе”

За 14 год існавання перадачы “Падарожжы дылетанта”  адно і тое ж месца здымачная група не наведвала па два разы. Выключэнне – тыя мясціны, пра якія на пачатку існавання перадачы здымалі 11-хвілінныя ролікі.

У 2001 годзе Юры Жыгамонт служыў акцёрам у тэатры беларускай драматургіі. Знаёмая, што працавала на тэлебачанні, распавяла пра тое, што шукаюць для новай перадачы пра вандроўкі беларускамоўнага вядучага. Яна прапанавала паспрабаваць Юрыя Жыгамонта.

У яе спыталіся: “А ваш знаёмы добра размаўляе па-беларуску?” На што яна адказала: “Ён, калі чэсна, па-руску блага размаўляе”.

Цяпер перадача, прызнаецца Юры, адбірае ўвесь час. Ён сам піша сцэнарыі, шукае мясціны, у якія паедзе здымачная група. З тэатра давялося сысці.

“Тэатральны інстытут разгледзеў з вышыні вежавага крана”

– У старэйшых класах я вучыўся блага, таму што ездзіў у школу праз лес. Адзін дзень у школу, другі – у лес.

Але калі на выпускным экзамене чытаў на памяць “Тараса на Парнасе”, настаўніца, мякка кажучы, была здзіўленая, але выдатную адзнаку так і не паставіла.

Пасля школы была служба ў войску, потым – вучоба ў ПТВ па спе­цыяльнасці “машыніст вежавага крана”.

– Сядзеў я на вежавым кране і вырашыў паступаць у тэатральны інстытут. Як мяне жыццё перавярнула з ног на галаву, да гэтага не магу зразумець. У тэатральным інстытуце высветлілася, што ў мяне няма слыху. На экзамене камісія напісала ў рэкамендацыях, што студэнту Жыгамонту супрацьпаказаная кар’ера ў оперным тэатры.

Любоў жа да чытання ў Юрыя на ўсё жыццё:

– Я чытаць люблю. І ад газет атрымоўваю асаблівую асалоду. Люблю раніцай дастаць з паштовай скрыні свежую газету, заварыць сабе каву і чытаць.

“Ноччу да Барбары Радзівіл”

– Калі мне было гадоў 18, недзе прачытаў, што прывід Барбары Радзівіл з’яўляецца толькі закаханым. Вырашыў праверыць сябе на “закаханасць”. Узяў білет да Нясвіжа і паехаў у нясвіжскі парк.

У аўтобусе на крэсле побач сядзела дзяўчына.

– Я ёй расказваю пра прывід Барбары, пра іншыя містычныя рэчы, а яна мне раптам: “Паехалі да мяне! Я табе бліноў напяку”. Я тады яшчэ падумаў: “Хм, рабіць няма чаго, да нейкай вясковай дзяўчыны ехаць”.

А потым, калі ноччу сядзеў у Нясвіжы на вакзале, адзінокі і замерзлы, думаў: “Ну я і прыдурак”.

“Веру ў дабро”

– Мяне часта пытаюцца, якой я веры, таму што ў перадачы аднолькава распавядаю і пра касцёлы, і пра цэрквы. Вось што я адказваю на гэта. Уявіце, што недзе ў лесе цячэ крынічка з чыстай вадой. Калі ля яе паставіць праваслаўны або каталіцкі крыж, вада ад гэтага не перастане быць чыстай. А калі ў крыніцу нальеш мазуты? З яе піць будзе нельга. Таму я жыву па такім прынцыпе: трэба жыць з чысцінёй і верай у сэрцы.

“І ў містыку таксама веру”

– Так здаралася ў маім жыцці, што містычныя рэчы мяне пераследуюць. Адзін выпадак, які немагчыма патлумачыць, памятаю яшчэ з дзяцінства.

У вёсцы Дзямідаў у Нараўлянскім раёне, дзе нарадзіўся Юры, адзін год не маглі даць рады вераб’ям:

– Аж чорна было на полі. Запрасілі бабку, якая нешта пашаптала над полем. І вось узнімаюцца гэтыя вераб’і над полем і быццам стукаюцца ў шкло, на поле не могуць сесці. Існуе такі выраз у нас у вёсцы: “Глупа ноч”. Гэта калі ноччу ў адну хвіліну ўсё на свеце замірае. Нават вада ў крыніцы не цячэ. І калі паспець набраць вады ў гэту хвіліну, то такую ваду ў нас называлі “жывая” ці “мёртвая”. Яна ратавала ад усіх хваробаў. Ад укусаў змей ніхто ў вёсцы не лячыўся ў дактароў. Вадой папырскаюць і ўсё – здаровы.

Пытанні з залы: чаму вы такі стары і дайце рэцэпт самагонкі

Сярод шматлікіх пытанняў, якія задавалі Юрыю Жыгамонту гледачы, былі такія, якія пераканалі ўсіх прысутных ў наяўнасці ў Юрыя непаўторнага пачуцця гумару.

– Скажыце, а колькі вам гадоў? Па тэлевізары вы выглядаеце старым.

– А які ў вас тэлевізар?

– “Рэкорд” 1990 года.

– Дык гэта ў вас тэлевізар стары, а не я стары.

– Юры, вы ў адной перадачы сказалі, што беларусы гналі самагон з ананасаў. Але рэцэпт так і не выдалі. Можа, раскажаце сёння?

– Рэцэпт пачынаецца са слоў: вазьміце два мяхі ананасаў…

– О, можаце не працягваць, надта дарагі рэцэпт.

А яшчэ падчас сустрэчы Юры Жыгамонт чытаў вершы.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат