Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Генадзь Бураўкін

01.10.2016
ЦІКАВІНКІ Вершы Генадзя Бураўкіна

«Малітва»

 

Мы здалёку ўбачылі свабоду

I яшчэ не вырваліся з пут…

Божа,

Не дабаў майму народу

Пошасці,

Няпраўды

I пакут.

У чужым нялюдскім землятрусе

Хіба ў нечым мелі мы віну?..

Божа,

Адвядзі ад Беларусі

Здраду,

Вераломства

I вайну.

Смутнаю парою нелюдзімай,

Калі ўсё вакол ідзе на злом,

Божа,

Захіні маю Радзіму

Мудрасцю,

Спакоем,

I цяплом.

 

АБЦАЛУЮ ЦЯБЕ…

 

Абцалую цябе,

Абшапчу,

Адагрэю,

Не пушчу ні на міг

У сівую зіму.

Над вяршынямі сосен,

Над вольным палётам барэю

На далонях прызнання

Да Бога самога ўзніму.

Я не дам табе слова сказаць –

Я ўсе іх разгадаю.

Я на вуснах тваіх

Прачытаю найлепшы свой верш.

Над шляхамі і снамі,

Над песнямі і над гадамі

Ты,

Як месячык ясны,

У казку маю паплывеш.

А на грэшнай зямлі

Мы прысядзем пад яблыняй белай, —

Я ўсе кветкі і травы

Пакладу табе моўчкі да ног,

Ад нязнанага шчасця,

Ад удачы сваёй захмялелы,

Малады і наіўны,

І твой раб,

І твой бог…

 

Калі прайшоў ты і агонь, і смог…

 

Калі прайшоў ты і агонь, і смог,

Смак працы ўведаў і ад славы збег,

Кахаў жанчын, піў асалоду кніг —

He думай, што ты ўсё ў жыцці спасціг.

Галоўны страх і горычы слыток

Яшчэ ў цябе наперадзе, браток…

Калі адчуў ты, як мінае час,

Як менее ў душы вясны запас,

Як многа значыць кожны дзень і міг –

He думай, што цану жыцця спасціг.

Галоўны сэнс і мудрасці глыток

Яшчэ ў цябе наперадзе, браток…

Калі ж, яшчэ не верачы бядзе,

Твой самы блізкі сябар упадзе

I пераступіць чорны той рубеж,

А ты ў бяссіллі неба праклянеш

I зразумееш беззваротнасць страт,

Тады лічы, што ты мудрэеш, брат,

Тады табе адкрыецца спаўна

Жыцця неверагодная цана…

 

Калі часам трохі засумуецца…

 

Калі часам трохі засумуецца

I адчую на душы тугу,

Я выходжу да людзей на вуліцу,

У натоўпа шматгалосы гул.

 

Паспяшаю непрыкметна зліцца

Я з табою, гарадскі прыбой,

Каб у шумнай радасці згубіцца

Са сваёй нязначнаю журбой.

 

I па кроплі, па маленькай частцы

Мне ў душу збалелую ідзе

Нехаванае чужое шчасце

Толькі што спатканых мной людзей.

 

I яны маю бяду-навалу

Разнясуць, развеюць назаўжды,

Запрашаюць нават запявалам

У свае вясёлыя рады.

 

Не скруціць ніякай чорнай скрусе

Маладосць крылатую маю.

Я іду з усімі

і смяюся,

Я іду з усімі

і пяю.

 

I калі каго бяда агорне,

Трапіцца журботны хтосьці нам, —

Я вазьму ў яго часціну гора,

Частку сваёй радасці — аддам.

 

Мне голас быў…

 

Мне голас быў…

Ганна Ахматава.

 

Мне голас быў

Аднекуль з паднябесься

Ці, можа, з-за высокіх курганоў —

Анёл трубіў,

Ці дуб шумеў на ўзьлесьсі,

Ці далятала водгульле званоў…

 

Мне голас быў.

I я пачуў яго.

I ён узьняў мяне да зор нібыта,

Спавіты ціхай незямной тугой,

Таемны і знаёмы,

Як малітва.

 

Як стомленая песьня на жніве,

Як самы першы жаўранак вясновы,

Мне голас быў.

І ён са мной жыве.

І шэпча мне свае скупыя словы…

 

На ўсёй зямлі спыніўся час.

 

Свеча горела на столе,

Свеча горела…

Барыс Пастэрнак

На ўсёй зямлі спыніўся час.

І ў гэтым часе

Ты засталася ля пляча.

Ты засталася.

І месяц

Стомленным ваўком

Схаваўся нанач.

Шумела Нарач за акном,

Шумела Нарач.

Каб зоркі бліскалі ў акне,

Мы не хацелі.

Трымцелі цені на сцяне,

Трымцелі цені.

Нам сну не даў вясновы час –

Вясёлы скнара.

І вечнасць цэлую для нас

Шумела Нарач…

 

Народ мой, дзякую табе…

 

Народ мой,

дзякую табе,

Што і на міг мне не дазволіў,

Каб я кагосьці абязволіў,

Жыў у кагосьці на гарбе,

Што ў радаслоўную ўпісаў

He гандляроў і прайдзісветаў,

А плытагонаў, і паэтаў,

I штукароў ганчарных спраў.

 

Народ мой,

дзякую,

што ты

Велікадушна даў мне ў рукі

He алебарды і шчыты,

А лемяхі і першадрукі,

Што нашаптаць мне не забыў

He грукатню бравурных маршаў,

А задуменнасць песень нашых,

Дзе столькі болю і жальбы.

 

Народ мой,

дзякуй,

што нідзе

Мяне балюча не ўпікнулі

За твой далёкі век мінулы,

За сённяшні твой сіні дзень.

I аднаго хачу ў жыцці,

Каб ты не паглядзеў з дакорам,

Каб за мяне ніколі сорам

Табе душу не засмуціў.

 

***

Ці лагоднаю месячнай ноччу,
Ці як сонейка ўспыхне ў акне,
Добра ведаю я,
Што аднойчы
І мяне ціха неба гукне.

І пакліча ў бясхмарныя высі,
У апошні халодны мой дом,
Дзе людскія шляхі ўсе сышліся
Перад самым галоўным судом.

Перад тым,
Як я зводдалі ўбачу
Языкі незямнога агню,
Я хацеў бы
Зрабіць справаздачу
Хоць на міг сам сабе ўпершыню.

Перад блізкімі мне павініцца,
Дараваць даўнім ворагам люць,
Згледзець зорку ў бацькоўскай крыніцы
І матуліну песьню пачуць.

Пакланіцца
І травам,
І дрэвам,
І гняздзечку ў зялёным гальлі
І шчасьліва адчуць:
Недарэмна
Я радзіўся на гэтай зямлі.

 

 Беларусы
Штурхалі нас і расьпіналі
На дыбах, плахах і крыжах.
Мы зь нежывых уваскрасалі
Зь вялікай помстаю ў вачах.
На рубяжах сьвятла і ценяў,
На пакалечанай зямлі
Мы паднімаліся з каленяў,
He паміралі —
Мы жылі.
Сьпявалі, галасілі ўголас
Сярод пустэч,
Сярод балот.
Нібы прыбіты градам колас,
Да сонца браўся мой народ.
Адкуль у нас такая сіла,
Магутная, як крыгалом:
Нас і палолі, і касілі,
Цапамі войнаў малацілі,
А мы расьцём,
А мы жывём!

 

Малітва

Мы здалёку ўбачылі свабоду
I яшчэ ня вырваліся з пут…
Божа,
Не дабаў майму народу
Пошасьці,
Няпраўды
I пакут.
У чужым нялюдзкім землятрусе
Хіба ў нечым мелі мы віну?..
Божа,
Адвядзі ад Беларусі
Здраду,
Вераломства
I вайну.
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё вакол ідзе на злом,
Божа,
Захіні маю Радзіму
Мудрасьцю,
Спакоем,
I цяплом.

 

Абцалую цябе…
Абцалую цябе,
Абшапчу,
Адагрэю,
Не пушчу ні на міг
У сівую зіму.
Над вяршынямі сосен,
Над вольным палётам барэю
На далонях прызнаньня
Да Бога самога ўзьніму.
Я ня дам табе слова сказаць –
Я ўсе іх разгадаю.
Я на вуснах тваіх
Прачытаю найлепшы свой верш.
Над шляхамі і снамі,
Над песьнямі і над гадамі
Ты,
Як месячык ясны,
У казку маю паплывеш.
А на грэшнай зямлі
Мы прысядзем пад яблыняй белай, —
Я ўсе кветкі і травы
Пакладу табе моўчкі да ног,
Ад нязнанага шчасьця,
Ад удачы сваёй захмялелы,
Малады і наіўны,
І твой раб,
І твой бог…

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат