Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: БНР

02.04.2017
ЦІКАВІНКІ Уладзімір Ляхоўскі. Галоўны закон беларускага жыцця

Гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі ў сучаснай інтэрпрэтацыі

6FE7584B-BC5C-4DA6-B508-05EF99A4B6AB_w650_r0_s

Гісторыя Беларускае Народнае Рэспублікі (БНР) стала актуальнай для большасці думаючых людзей у нашай краіне ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі лідары Беларускага Народнага Фронту (БНФ) кінулі ў народ лозунг дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Тады ўва ўвесь голас было сказана, што ўтвораная ў 1918 г. БНР была рэальнай спробай беларускіх незалежнікаў стварыць сваю нацыянальную дзяржаву. Прыход да ўлады ў 1994 г. прасавецкіх рэваншыстаў і паварот да рэсаветызацыі краіны замарудзіў на пэўны час працэс нацыянальнага ўсведамлення грамадства і аб’ектыўнага асэнсавання нацыянальнай гісторыі. Наш абывацель у большасці сваёй і дагэтуль блытае БНР з БНФ. Зададзімся пытаннем: чым жа насамрэч была Беларуская Народная Рэспубліка?

У савецкі час бальшавісцкія падручнікі тлумачылі: БНР — «правакацыя беларускага народа» з боку буржуазных нацыяналістаў з добраслаўлення нямецкіх і польскіх акупантаў, а таксама краінаў Антанты, якія імкнуліся адарваць Беларусь ад «братняй» Расеі. У пачатку 1990-х гадоў, за кароткі час дэмакратызацыі й беларусізацыі, атрымала права на жыццё іншая трактоўка: БНР — «беларуская дзяржава, утвораная ў 1918 г.».

map_bnr

Пачнем з вызначэння тэрыторыі БНР. У Другой Устаўной Грамаце прадэкларавана: «Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай». Тым самым заяўлялася, што Беларусь непадзельная і ніхто, акрамя народа Беларусі, не мае права вяршыць ягоны лёс і распараджацца на ягонай зямлі. Але гэты канстытуцыйны пастулат не пераўтварыўся ў закон і застаўся дэкларацыяй пра намеры, бо, па-ранейшаму, на беларускай зямлі працягвалася панаванне чужынцаў.

Што датычыцца перыядызацыі Беларускай Народнай Рэспублікі, тут шмат рознагалосся. Большасць гісторыкаў дацягваюць ейную дзейнасць да 1925 г., калi на 2-й Берлiнскай агульнанацыянальнай палiтычнай нарадзе група А. Цвiкевiча пайшла на злiквiдаванне ўрада БНР. І сёння ў эміграцыі існуе Рада БНР, якая прэзентуе сябе як iдэалагiчную асамблею, што прэзентуе “праўную цягласць дзяржаўнай незалежнасці Беларусi”.

Дадзім свой варыянт: Беларуская Народная Рэспубліка як рэальная дзяржава з усімі класічнымі атрыбутамі дзяржаўнасці ў 1918 г. ва ўмовах панавання чужынцаў не здзейснілася. Найбольшыя ейныя поспехі бачны на ніве развіцця нацыянальнай культуры й асветы, выдавецкай дзейнасці. Вельмі сціпла выглядаюць здабыткі БНР у справе арганізацыі нацыянальнага войска, у рэалізацыі фінансава-эканамічных праектаў. Пэўных вынікаў дасягнулі беларускія дзеячы ў дыпламатычнай чыннасці. Былі ўтвораны дыпламатычныя прадстаўніцтвы й кансулаты БНР у Берліне, Каўнасе, Рызе, Капенгагене, Гданьску, Празе, Стамбуле ды інш. еўрапейскіх сталіцах. Дзякуючы намаганням Клаўдуша Дуж-Душэўскага, Кастуся Езавітава, Кузьмы Цярэшчанкі, Аляксандра Цвікевіча ды інш. БНР мела падтрымку з боку ўрадаў Украінскай Народнай Рэспублікі, Літвы, Латвіі, Эстоніі ды Фінляндыі. Рэальных наступстваў у справе прызнання Беларусі як суб’екта міжнароднага права гэта не прынесла. Цывілізаваная Еўропа тады, на жаль, засталася глухою да голасу прадстаўнікоў беларускага народа.

Government_of_BNR

Першы склад Народнага Сакратарыята. Злева направа: сядзяць — Бурбіс, Серада, Варонка, Захарка, стаяць — Смоліч, Крачэўскі, Езавітаў, Аўсянік, Заяц.

На нашу думку, БНР можна ахарактарызаваць як палітычную інстытуцыю, утвораную ў 1918 г. з арганізацыйных структураў першага агульнанацыянальнага форума — Усебеларускага з’езда 1917 г., якая ставіла за мэту дасягненне рэальнай незалежнасці Беларусі. Палітычная цягласць БНР працягваецца, бо задачы па будаванні суверэннае Беларусі і сёння застаюцца актуальнымі.

Па аб’ектыўных ды суб’ектыўных прычыных беларуская нацыянальная эліта не здолела тады здзейсніць гэтую галоўную мэту беларускага вызвольнага руху. Але ёю тады была канчаткова сфармавана ідэалогія дзяржаўнае незалежнасці Беларусі. Паводле Устаўных Граматаў Беларускай Рэспублікі фундамент дзяржаўнасці Беларусі будаваўся на прынцыпах парламентарызму, дэмакратычнага выбарчага права й раздзяленні ўладаў, свабодах і роўнасці для ўсіх грамадзянаў краіны, не зважаючы на іхнюю нацыянальную ды канфесійную прыналежнасць. Для прадстаўнікоў іншых этнічных групаў абвяшчалася  “права на нацыянальную-персанальную аўтаномію, …роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі”. Ёсць шмат выпадкаў, калі прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў прымалі чынны ўзел у адбудаванні Беларускага агульнага дома. Габрэі Мойша Гутман, Самуіл Жытлоўскі, Ісаак Лур’е, Давід Анэкштэйн, паволжскі немец Бруна Мілер актыўна працавалі ў структурах ураду БНР, а татары Гасан Канапацкі ды Якуб Якубоўскі спрычыніліся да стварэння беларускіх вайсковых фармацый.

Праўда, аднабокасць палітычнага спектра беларускага вызвольнага руху перашае паловы ХХ ст., калі ў ім пераважалі сацыялістыя й левыя радыкалы, перашкаджала справе палітычнай кансалідацыі. «Наогул, — пісаў адзін з прадстаўнікоў маладое плыні беларускага нацыянальнага руху Рыгор Злоцкі, — трэба адзначыць, што на Беларусі сярод беларускіх сялянаў ня было камуністаў. Ідэя камунізму чужда для беларуса, часткаю праўда да гэтага прычасна наша інтэлігэнцыя, апынуўшаяся ў трагічном становішчы. Большасьць жа насіцелямі камуны з’яўляецца брадзячы беларускі элямэнт, выхаваны на расейскіх фабрыках». Сапраўды галоўная пагроза беларускаму руху пачынала зыходзiць якраз з iншага боку — ад iдэалогii бальшавiзму, новае формы маскоўскага iмперыялiзму, якi нярэдка хаваўся пад маскаю нацыянал-камунiзму.

Апагеем чыннасці Беларускай Народнай Рэспублікі стала прыняцце 25 сакавіка 1918 г. Трэцяй Устаўной Граматы, якая абвяшчала суверэнітэт Беларусі. Прыняцце Сакавіцкага Акта – галоўная падзея ў гісторыі Беларусі ХХ ст.

BNR_Third_charter

Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 г. прававая расейская сістэма рухнула, на яе месца насоўваўся бальшавізм. Край маўчаў ды мадзеў. Здавалася, што няма тае згуртаванае сілы ў народзе, якая здолее ўзяць на сябе адказнасць за лёс Бацькаўшчыны. Але такая сіла была – Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, абраная на Усебеларускім з’ездзе ў снежні 1917 г. На той час толькі Рада БНР была адзіным дэмакратычным прадстаўнічым органам у Беларусі, які мог выступаць у абарону правоў свайго народа, прэзентаваць ягоныя інтарэсы ў свеце. Усведамляючы сваю адказнасць за лёс Бацькаўшчыны, за яе будучыню, 25 сакавіка 1918 г. Рада прыняла гістарычны акт пра незалежнасць. Аляксандр Цвікевіч ёміста ды проста сфармуляваў сутнасць і значэнне гэтай падзеі: “Права на незалежнасьць разумеецца само сабой… Акт 25 сакавіка не шукае для сябе апраўданьня… ён сваім зьместам зацьверджае правечнае права народаў Беларусі на волю… Праўда, дзякуючы акту 25 сакавіка Беларусь не стала незалежнаю дзяржавай. Але гэта ня зменшае надзвычайнай, гістарычнай вартасьці гэтага акту, як галоўнейшага закону беларускага вызваленчага руху, усяго беларускага адраджэньня.  Ён стаў не законам, праведзеным у жыцьцё, але стаў законам беларускага жыцьця”.

postcard_bnr

Сітуацыя, калі незалежніцкі рух не набыў яшчэ “крытычнае” вагі, калі чалавечы рэсурс беларускага адраджэння быў малаколькасным, беларускія нацыянальныя дзеячы нярэдка ў палітычнай барацьбе паміж сабой за асабістыя ды групавыя інтарэсы забываліся пра галоўны змест сваёй чыннасці. Былі нямногія, хто разумеў згубу міжпартыйнай грызні. У лісце адзін з лідараў Найвышэйшай Рады БНР Кузьма Цярэшчанка пісаў свайму нядаўняму апаненту Вацлаву Ластоўскаму 15 ліпня 1920 г.: «Павінен быць скрыты едзіны нацыянальны фронт… Не час тапер дзяліць сьведамых беларусаў на правых і левых. Усех нас аб’едзіняе агульная мэта — незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны».

Напрыканцы 1920 г. назіраўся масавы ўздым беларускага сялянства супраць “польскага пана ды маскоўскага камісара”. ”Сяляне ўбачылі, — пісаў тады той жа Злоцкі, — ўсё тое што нясуць камуністы [—] чужое для іх, а ў камуне самой бачылі для сябе кабалу. Вось тут яны і ўхапіліся за прынцып самаазначэньня. Утварылася такім чынам рэальная апазыцыя кампартыі. Расейцы-камуністы спалохаліся гэтай думкі сярод селян аб «буржуазнай» незалежнасьці і пайшлі на ўступкі, прыпадносячы эрзац-незалежнасьць з погляду компартыі і аб’явіўшы барацьбу правадырам «буржуазнай» (народнна-дэмакратычнай) незалежнасьці”. Усё гэта вылілася ў шэраг антыбальшавісцкіх паўстанняў, самым масавым і кансалідаваным з якіх быў Слуцкі збройны чын у лістападзе – снежні 1920 г. Не маючы падтрымкі з боку міжнароднай дэмакратычнай супольнасці, усе яны былі жорстка задушаны Саветамі.

blr_grodno

Колькі словаў пра “айцоў” БНР. Iван ды Антон Луцкевiчы, узгаданыя раней Ластоўскi, Цярэшчанка, Дуж-Душэўскi, Езавітаў і Цвікевіч, а таксама Тамаш Грыб, Янка Чарапук, Васiль Захарка, Пётра Крачэўскi, Янка Станкевiч, Язэп Варонка, Лявон Вiтан-Дубейкаўскi… Яны паўстаюць перад намi жывымi людзьмi, кожны са сваiм уласным “ego”, са сваiмi схiльнасцямi, сімпатыямi ды антыпатыямi. Часам рабiлi памылкi, часам былi не на “вышынi становiшча”. Але iх цяжка папракнуць у адсутнасцi любовi да Бацькаўшчыны, у адсутнасцi пачуцця адказнасцi за яе будучыню. За гэта яны хварэлi сэрцам, аддавалi свой талент i энергiю. Іх па-сапраўднаму можна назваць рыцарамі высокага духу й свабоды. У 1925 г., у час расчараванняў, духоўнага і фізічнага знясілля ў лагеры беларускіх незалежнікаў тагачасны прэзідэнт БНР Пётра Крачэўскі звяртаўся да сваіх сяброў ды аднадумцаў, паказваючы прыклад дзяржаўнай мужнасці й веры ў ідэалы Вольнай Беларусі: ”Пытаюцца. каліж настане гэты час. Усім надзвычайна цяжка насіць гэтыя пачэсныя тутулы, ня маючы пашаны нават ад палітычна думаючых у Краі калег, Так, цяжка… Аб гэтым кожны павінен быў падумаць у час як, яго выбіралі на пэўнае становішчэ. Цяпер аб гэтым думаць позна. Трэба ведаць, што ўлада не радасьць і асабісты дабрабыт, а крыж, які народ ускладае на плечы лепшых сыноў, каб яны зрабілі тое, чаго не можа зрабіць народ сам. Ня трэба пэсымізму і безнадзейнасьці — трэба цьвёрда ісьці да сваёй мэты, тады хутчэй можа наступіць і канец нашаму крыжу, які мы з гордасьцю і задавальненьнем паложым у ног выбраўшага нас народу і скажам, што мы з чэсьцю выпаўнілі свой абавязак.

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат