Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Гендар

26.05.2015
ЦІКАВІНКІ Таццяна ВАРОНІЧ. САЦЫЯЛЬНЫ І ПАЛІТЫЧНЫ СТАТУС БЕЛАРУСКАЙ ЖАНЧЫНЫ

У новай і найноўшай гісторыі

План:

1. Сям’я, дзеці і выхаванне

2. Жаноцкасць і сексуальнасць

3. Прастытуцыя ў гарадах

4. Праблема эмансіпацыі

1. Сям’я, дзеці і выхаванне

З самага ранняга ўзросту перад дзяўчынай з заможнай сям’і ставілася мэта — своечасова выйсці замуж. А жыццё яе было аднастайным і манатонным. Уставала з ложку маладая асаба не раней 12 гадзін дня. Дзве гадзіны ішло на клопаты пра знешнасць, яшчэ гадзіна — на прагулку, а ў тры гадзіны — на абед. Увесь час пасля абеду дзяўчына праводзіла на канапе, у чаканні візіта магчымага жаніха. Калі ж ён не прыходзіў, дзяўчына накіроўвалася ў госці. Вярталася да дому яна каля першай гадзіны ночы, яшчэ каля гадзіны чытала ў ложку, а потым засынала. Гараджанкі выходзілі замуж пазней сваіх вясковых аднагодак — у асноўным у 22—24 гады. Пасля пераходу ў статус замужняй дамы жанчына, як правіла, цалкам прысвячала сябе клопатам пра сям’ю — мужа, дзяцей, хатнюю гаспадарку. У адпаведнасці з законам Расійскай імперыі правы жанчыны былі абмежаваны.

Пайсці працаваць ці вучыцца жанчына магла толькі з дазволу бацькоў альбо мужа. У пэўных сітуацыях патрабаваўся і іх дазвол на адкрыццё жанчынай сваёй уласнай справы. Аднак жанчына выконвала ролю хатняй гаспадыні і фактычна мела значны ўплыў у доме. Менавіта яна часта вырашала пытанні размеркавання фінансавых сродкаў сям’і. Акрамя таго, яна станавілася галоўным дарадчыкам свайго мужа, яго правай рукой. На жонак выпісваліся даверанасці на вядзенне фінансавых аперацый, на валоданне маёмасцю. Хатняя гаспадарка, дзеці, зразумела, абмяжоўвалі самастойную дзейнасць жанчын. Але менавіта ў горадзе ў гэты час яны мелі шэраг пераваг. Напрыклад, можна было наняць прыслугу як для вядзення хатняй гаспадаркі, так і для дагляду за дзецьмі. Акрамя таго, у гарадах з’яўляюцца першыя дзіцячыя садкі і яслі. У 1901 г. у Віцебску дзейнічаў дзіцячы садок, у якім утрыманне дзіцяці каштавала бацькам 2 кап. на дзень. У 1899 і 1900 гг. было адчынена два прыстанішча для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 10 гадоў. Такім чынам, у гарадах у жанчыны з’яўляецца вольны час.

У 1918 г. быў апублікаваны першы Кодэкс аб шлюбе і сям’і, які прадугледжваў роўны з мужчынамі статус жанчыны ў шлюбе, магчымасць для сямейных пар абіраць прозвішча мужа або жонкі, прагалошваў аднолькавыя правы дзецям, народжаным па-за шлюбам, з народжанымі ў шлюбе. Усталёўваўся законны грамадзянскі шлюб, аформлены ў органах ЗАГСу. Царкоўны шлюб губляў юрыдычную сілу і лічыўся прыватнай справай. Уведзеная рэгістрацыя шлюбаў набыла прызнанне спярша ў гарадах. На вёсцы ў асноўным захоўваўся царкоўны шлюб. Працэдура як рэгістрацыі, так і скасавання шлюбаў не была ўдакладнена і зводзілася да простага запісу. Людзі хадзілі ў ЗАГС, як на пошту — сёння распісваліся, заўтра разводзіліся. Колькасць разводаў расла шалёнымі тэмпамі: у Ленінградзе на 1000 людзей у 1920 г. разводаў было 1,9, у 1923 — 3,4, у 1927 — 9,8, у 1929 — 11,3.

У 1920 г. савецкая дзяржава вымушана дазволіць аборты, якія рабіліся ў лекавых установах па медыцынскіх і сацыяльных паказаннях. Ва ўмовах Першай сусветнай вайны, а пасля грамадзянскай вайны праблема абортаў абвастрылася: павялічылася іх колькасць, а неадпаведныя ўмовы іх правядзенння выклікалі рост смяротнасці жанчын. Адпаведная пастанова падкрэслівала, што прызнанне штучнага аборту з’яўляецца часовай з’явай. Заканадаўцы меркавалі, што сям’я жадае мець шмат дзяцей, аднак гэтаму пакуль перашкаджаюць сацыяльныя ўмовы. На працягу 1920-х гг. прагледжвалася тэндэнцыя як роста абсалютнай колькасці абортаў, так і іх рост адносна народжаных. Так, на 1925 г. па БССР на 100 народжаных прыходзілася 5,6 абортаў, па гарадах — 69,2, па сельскай мясцовасці — 2,3. Да 1928 г. аборты дасягнулі ў горадзе 92,2 % да колькасці народжаных, на вёсцы — 7,6 %.

Паступова дзяржава абмяжоўвала даступнасць аборту. У лістападзе 1924 г. была выдана пастанова аб стварэнні абортных камісій для выдачы дазволу на бясплатны штучны аборт. Дадзеная пастанова цалкам адмаўляла ў асабістых матывах для перарывання цяжарнасці. Дзейнічалі абортныя камісіі толькі ў гарадах.

Важным мерапрыемствам, закліканым спрыяць ураўноўванню правоў жанчын з мужчынамі ў сям’і і грамадстве, стала рэалізацыя ідэі аб стварэнні дзяржаўнай сістэмы аховы мацярынства і дзяцінства, а таксама грамадскага выхавання. У БССР стварэнне такой сістэмы пачалося ў 1920 г., пасля вызвалення тэрыторыі ад польскай акупацыі. Гэта сістэма мела аднолькавы від ва ўсіх савецкіх рэспубліках. Сюды ўваходзілі жаночыя і дзіцячыя кансультацыі, якія здзяйснялі нагляд за цяжарнымі жанчынамі і аказвалі жанчынам дапамогу ў даглядзе за немаўляткамі. Наступная ступень — установы грамадскага выхавання. У гарадах звычайна ствараліся сталыя яслі і дзіцячыя садкі пры прадпрыемствах, а ў сельскай мясцовасці ў летні час — сезонныя палявыя яслі і дзіцячыя пляцоўкі. Дэкрэтам 1917 г. аб “Страхаванні на выпадак хваробы” гараджанкі вызваляліся ад працы на 8 тыдняў да і 8 тыдняў пасля родаў з захаваннем поўнага заробку. Аднак многія гэтым правам не карысталіся і працавалі да самых родаў, паколькі за перыяд водпуску гублялі прэміяльныя, а з-за беспрацоўя і жорсткай канкурэнцыі баяліся згубіць працу. Да таго ж, больш 85 % насельніцтва Беларусі пражывала ў гэты час у сельскай мясцовасці і не мела магчымасці скарыстацца льготамі.

Аднак у перыяд нэпа, калі адбывалася аднаўленне эканамічнага патэнцыялу краіны, на сацыяльную сферу выдзяляліся абмежаваныя сродкі, што стрымлівала распаўсюджанне ўстаноў аховы мацярынства і дзяцінства. У 1924 г. на тэрыторыі ўзбуйненай БССР налічвалася 15 кансультацый, з іх 9 з малочнымі кухнямі, 7 ясляў у гарадах і 14 сезонных палявых ясляў. Работніцы вельмі хутка ацанілі карысць падобных устаноў, у той час як на вёсцы іх арганізацыя нярэдка сутыкалася з супрацьдзеяннем.

Жаночая тэма бальшавісцкай партыі ў 20-я гг. уключала такія важныя праблемы, як знішчэнне прастытуцыі, авалоданне прафесійнымі навыкамі. Ішла актыўная арыентацыя жанчын на сацыяльную дзейнасць. Найважнейшыя функцыі мацярынства: выхаванне дзяцей, захаванне хатняга агменя, ігнараваліся.

Калі ж ва ўмовах індустрыялізацыі ўзнікае значная патрэба ў працоўнай сіле, асноўная ўвага партыі і ўрада скіроўваецца на ўцягненне жанчыны ў вытворчасць і развіццё сістэмы дзіцячых ясляў і садкоў. Ужо ў першым пяцігадовым плане, прынятым XII з’ездам КП(б)Б, утрымлівалася палажэнне, згодна з якім да канца пяцігодкі ўсе дзеці работніц у гарадах павінны быць забяспечаны касультацыямі; планавалася таксама павышэнне колькасці дзіцячых садкоў у акруговых гарадах і прамысловых цэнтрах на 75 %, а палявых ясляў у сельскай мясцовасці — на 144 %. І пэўныя поспехі былі дасягнуты. У прыватнасці, колькасць дзіцячых кансультацый у гарадах павялічылася з 55 у 1929 г да 91 у 1937, а колькасць іх наведванняў павялічылася больш чым удвая. Дзяржава імкнулася абаперціся на ініцыятыву грамадзян, якім было ў 1932 г. прапанавана ствараць кааператыўныя таварыствы дашкольнага выхавання. У 1934 г. была ўведзена льготная сістэма аплаты яслей і дзіцячых садоў для рабочых і служачых з нізкім заробкам.

Вывядзенне жанчыны за межы сям’і, у публічную сферу азначала трансфармацыю ўсяго сацыяльнага парадку, паколькі дом з’яўляўся адначасова і рэстаранам, і дзіцячым садам, і пральняй, і гасцініцай. Каб жанчына мела магчымасць працаваць па-за межамі дома, выкананне ўсіх гэтых функцый павінна ў пэўнай ступені забяспечвацца дзяржавай (калі толькі мужчына не прымае рашэнне “вярнуцца дадому і выконваць іх замест жанчыны”), што каштуе вялікіх грошай (у той час як дома ўся гэта праца выконваецца бясплатна). Савецкая ўлада ганарылася тым, што ў значнай ступеніі вызваліла жанчын ад цяжару паўсядзеннага быту (хаця ў 20-я гг. ён усё роўна быў вельмі вялікім); арганізавала дзіцячыя сады і яслі, і тым самым дала магчымасць жанчынам не толькі працаваць, але і забяспечыла нагляд за дзецьмі, якога не было дома. Акрамя таго, арганізацыя ясляў і дзіцячых садоў непасрэдна звязвалася з вырашэннем праблемы “беспрытульных маці” — так называлі беспрацоўных і незамужніх маці, у асноўным сялянскіх дзяўчын, якія прыехалі ў горад і апынуліся на абочыне жыцця. У 20-я гг. такіх было шмат.

Рыторыка 20-х гг. зводзілася да таго, што выхаванне дзяцей — гэта работа, якую неабходна выконваць “па навуцы”, і што выконваць яе лепей людзям адпаведнай кваліфікацыі. Дзеці сталі “адзіным прывілеяваным класам у СССР”, ад іх будзе залежыць будучыня сацыялістычнай Радзімы, і з гэтай пазіцыі дзіцячы сад і сферу выхавання можна разглядаць як месца патрыятычных пачынанняў. Лічылася, што за здароўе і дабрабыт дзяцей адказныя не толькі маці, але і савецкія сацыяльныя праграмы, іншымі словамі, калектыўная маці-Радзіма.

1930-я гг. сталіся новым этапам у дзяржаўнай палітыцы, з якім была звязана трансфармацыя статуса жанчыны і самога жаночага руху. Дэбаты па “жаночаму пытанню”, якія актыўна вяліся ў 1920-я гг. у сувязі з дзейнасцю жанаддзелаў, былі забаронены. Жанчыны былі абвешчаны магутнай сілай у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, аб’яўлены апірышчам сям’і. Індустрыялізацыя і калектывізацыя, з якога б боку мы іх не разглядалі, аб’ектыўна мелі патрэбу ў жаночай вытворчай працы і садзейнічалі тым самым эмансіпацыі жанчын. Савецкі урад мэтава праводзіў палітыку, накіраваную на эмансіпацыю жанчыны, разбурэнне традыцыйнай сям’і і патрыярхатных стэрэатыпаў. Неабходна адзначыць, што гэта прынесла свой плён. Актыўны ўдзел жанчын у значнай ступені забяспечыў поспех эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, дазволіў здзейсніць шырокамаштабную індустрыялізацыю. Эмансіпацыя жанчын, іх масавы “выхад” з сям’і ў грамадскую сферу непазбежна прыводзіць да падзення нараджальнасці, што супярэчыць доўгатэрміновым інтарэсам дзяржавы, якое мае патрэбу ў пастаянным узнаўленні людскіх рэсурсаў. Сталінскае кіраўніцтва перагледзела свою палітыку, што тычылася жанчын і сямейнага жыцця. І афіцыйная ідэалогія фармавала светлы вобраз “маці-працаўніцы”, якая задавальняла адразу дзве грамадскія патрэбы — дэмаграфічную і вытворчую (жанчыны, якія не працавалі, аб’яўляліся “адсталымі хатнімі гаспадынямі”).

Мабыць, упершыню пасля рэвалюцыі савецкая жанчына была прадстаўлена не толькі як грамадская актывістка, якая вызваляецца ад путаў хатняга рабства, але і як маці.

Быў узяты накірунак на ўмацаванне сям’і як “ячэйкі грамадства” і стымуляванне высокай нараджальнасці. У 1936 г. ЦВК і СНК СССР прынялі пастанову “Аб забароне абортаў, павелічэнні матэрыяльнай дапамогі рожаніцам, устанаўленні дзяржаўнай дапамогі шматсямейным, пашырэнні сеткі радзільных дамоў, дзіцячых ясляў і дзіцячых садоў, узмацненні крымінальнага пакарання за неплацёж аліментаў і аб некаторых зменах у заканадаўстве аб разводах”. Аборты забараняліся “в связи с установленной вредностью”, за іх правядзенне ўводзілася крымінальная адказнасць ад 1 да 3 гадоў зняволення. Жанчына, якая ішла на аборт, рабілася аб’ектам грамадскага ганьбавання, а пры паўторным парушэнні закона атрымлівала штраф да 300 рублёў. Аборт мог рабіцца толькі ў крайніх выпадках, калі цяжарнасць стварала пагрозу здароўю жанчыны або пры наяўнасці ў бацькоў цяжкіх спадчыных захворванняў. Мацярынства канчаткова станавілася грамадзянскім абавязкам жанчыны. Ускладняўся працэс разводу, была павышана плата за яго рэгістрацыю, прычым пры паўторных разводах плата ўзрастала. Сям’я атрымала афіцыйную назву сацыялістычнай. Барацьба з абортамі ў 1920—1930-я гг. не суправаджалася шырокай прапагандай ведаў аб сродках кантрацэпцыі і распаўсюджваннем супрацьзачаткавых сродкаў. Дзяржава паслядоўна кантралявала нараджальнасць не толькі забаронай абортаў, але і замоўчваннем і контрпрапагандай дасягненняў кантрацэпцыі. Адначасова ўлада стварала пэўныя ўмовы, што дазвалялі сумяшчаць ролі “маці” і “працаўніцы”, у выглядзе грамадскіх сталовых, дзіцячых садоў і ясляў, затым аплочваемых адпускоў па цяжарнасці і родах, а пазней — і па нагляду за дзіцем.

Прыцягненне жанчын на бок Савецкай улады было, з аднаго боку, важным для выжывання новага рэжыму, які шукаў апору сярод розных слаёў насельніцтва, а з другога боку, — гэта сапраўды дазволіла жанчынам (гарадскім і вясковым, работніцам і сялянкам) выйсці ў раней закрытую для іх публічную прастору: набыць кваліфікаваныя прафесіі, атрымаць адукацыю (ці хаця б навучыцца пісьменнасці), прымаць удзел у грамадскім жыцці.

Спроба вырашыць “жаночае пытанне” пры ўсёй пазітыўнасці намераў вызваліць жанчыну ад знакамітых “кухня-спальня-дзіцячая” у канчатковым выніку прывяла да з’яўлення новых формаў залежнасці, а грамадска карысная праца з набытку ператварылася ў працоўную павіннасць, якая абцяжарвалася выкананнем усёй неаплочваемай хатняй працы. Тым не менш, сфармуляваная ў 1920-я гг. праграма вырашэння “жаночага пытання” у СССР была на той час прагрэсіўнай і ліберальнай.

Дэмаграфічныя праблемы выклікалі ўзмоцненую прапаганду павышэння нараджальнасці. Мацярынства для жанчыны актуалізуецца як доўг, як шчасце. У 1954 г. дзяржава, зацікаўленая ў паляпшэнні дэмаграфічнага становішча і стымуляванні нараджальнасці, павялічыла аплочваемы водпуск па цяжарнасці і родах з 63 да 77 каляндарных дзён. З шостага месяца цяжарнасці, а таксама маці, якія кармілі грудзямі, на працягу чатырох месяцаў у два разы павялічваліся нормы харчовага пайка. Аднак гэтыя новаўвядзенні не закранулі жанчын-калгасніц.

З 1954 г. для стымулявання нараджальнасці маці, якія выхавалі дзесяць і болей дзяцей, прысвойвалі ордэн і ганаровае званне “Маці-гераіня”, сем-дзевяць дзяцей — ордэн “Мацярынская слава”, пяць-шэсць — “Медаль мацярынства”. Традыцыйна менавіта селькія жанчыны нараджалі шмат дзяцей. З мэтай мабілізацыі дадатковых сродкаў для аказання дапамогі шматдзетным маці быў павялічаны падаходны падатак з халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян, уведзены яшчэ ў 1941 г. З 20-гадовага ўзросту для абодвух палоў і да 50 год для мужчын і да 45 гадоў для жанчын падатак налічаўся ў памеры 6 %, а пры наяўнасці аднаго ці двух дзяцей — адпаведна 1 і 0,5 %.

Была павялічана таксама дзяржаўная дапамога на ўтрыманне і выхаванне дзяцей па дасягненні імі 12-гадовага ўзросту. Акрамя таго, з 1956 г. жанчыны атрымалі права на пенсію па старасці на 5 гадоў раней мужчын пры наяўнасці меншага стажу працы. Пенсійны ўзрост па старасці быў ўстаноўлены для жанчын па дасягненні 55 год. Дадатковыя льготы былі дадзены жанчынам, якія нарадзілі пяць і болей дзяцей і выгадавалі іх да васьмігадовага ўзросту. Гэтыя жанчыны атрымалі права на пенсію па дасягненні 50 гадоў. У 1957 г. краіна перайшла на пяцідзённы працоўны тыдзень з двума выхаднымі, што пры захаванні традыцыйнага размеркавання гендэрных роляў у грамадстве павінна было пашырыць магчымасці жанчын займацца выхаваннем дзяцей.

Аднак даваенны ўзровень нараджальнасці не быў дасягнуты. У 1950 г. у параўнанні з 1940 г. яна паменшылася на 5 %, у 1960 — на 9 %. Не садзейнічалі гэтаму і забарона абортаў, колькасць якіх павялічвалася як у горадзе, так і на вёсцы за кошт нелегальных абортаў, што праводзіліся на даму, вельмі часта малакваліфікаванымі людзьмі і за вялікія грошы. Можна толькі здагадвацца, колькі жанчын за гады дзеяння забароны абортаў рызыкавалі сваім жыццём. У лістападзе 1955 г. аборты былі легалізаваны.

Змяняецца і вобраз жанчыны савецкага грамадства. З’явіўся новы вобраз жанчыны, прафесія якой не мае значэння. Вобраз жанчыны як бы дыстанцыруецца ад яе “працоўнай іпастасі”, з якой яна дагэтуль была цесна звязана, і набывае аўтаномнасць. Сацыяльныя характарыстыкі адыходзяць на другі план, а на першым месцы аказваецца жанчына як такая. Жанчына ўпершыню пачынае раскрывацца як жанчына, якой неабходная ўвага мужчын. Але гэта было перш за ўсё звязана з палітыкай дзяржавы, якая была занепакоена дэмаграфічнымі праблемамі. Афіцыйная прапаганда працягвала выступаць за ўдзел жанчыны ў вытворчасці, аднак ва ўмовах падзення прэстыжу грамадскіх форм выхавання дзяцей, усё больш патрабаванняў прад’яўлялася да жанчыны-маці, да яе ўдзелу ў сямейным выхаванні новага пакалення. З аднаго боку, працягваецца праслаўленне савецкай жанчыны-працаўніцы. А з другога, ідзе працэс асэнсавання унікальнальнасці прыроды і прызначэння жанчыны, які асабліва заметна выявіўся ў перыяд, які папярэднічаў аб’яўленаму Міжнароднаму году жанчыны (1975).

У 1975 г. была ўстаноўлнена 100 % аплата па цяжарнасці і родах жанчынам, якія працавалі, незалежна ад іх стажу, а таксама павялічана колькасць аплочваемых дзён па дагляду за хворым дзіцём. У 1982 г. была прынята пастанова аб прадастаўленні часткова аплачваемага водпуску па дагляду за дзіцём ва ўзросце да аднаго года і дадатковага водпуску без захавання заробнай платы па нагляду за дзіцём паўтарагадовага ўзросту. У 1989 г. было прынята рашэнне аб павелічэнні часткова аплочваемага водпуску да паўтарагадовага ўзросту дзіцяці, а дадатковага — да трох гадоў.

2. Жаноцкасць і сексуальнасць

Рэвалюцыйныя пошукі, будаванне новага савецкага грамадства ў 1920-х гг. і складаныя эканамічныя рэаліі знайшлі адлюстраванне ў поглядах на сексуальнасць і звязаныя з ёю тэмы сям’і, абортаў, кантрацэпцыі і палавых адносін. То быў час, калі Аляксандра Калантай, якая стварыла і ўзначаліла жаночы аддзел ЦК РКП(б), пісала: “Ідэалогія рабочага класу не ставіць ніякіх межаў для кахання”, “сексуальная патрэба — ёсць звычайная фізіялагічная патрэба, задавальненне якой не трэба нічым ускладняць”. З яе лёгкай рукі у афіцыйны і неафіцыйны дыскурс увайшло паняцце пра сексуальны кантакт як пра акт выпівання “шклянкі вады”.

Змена паводзін праяўлялася ў адмове, асабліва сярод рабочай моладзі, ад рытуалаў заляцанняў з дараваннем кветак ды сустрэчамі, якія пагардліва называліся “буржуазнымі перажыткамі”. У 1925 г. пры спрыянні Наркома аховы здароўя, доктара Мікалая Сямашкі, узнікла таварыства “Прэч сорам” (“Долой стыд”). Лозунгамі накшталт “Сорам — гэта буржуазны забабон” яно часта шакавала нават прыхільнікаў Краіны Саветаў.

Першае дзесяцігоддзе савецкай улады часта вызначаюць як перыяд “сексуальнай рэвалюцыі”. Вобраз Аляксандры Калантай як паборніцы вольнага кахання з’яўляецца знакавым для такога ўспрымання. У 1930-я гг. Сталін прыйшоў да ўлады, і Савецкі Саюз уступіў у новы перыяд перамен. Аднак не трэба перабольшваць “лібералізм” 1920-х гг. як дзесяцігоддзя “сексуальнай рэвалюцыі” і ўспрымаць 1930-я гг. як ”рэпрэсіўную” дэкаду “сексуальнага тэрмідору”, што паклала мяжу радыкальным эксперыментам у сферы палавых адносін. Шлях да 1930-х быў пракладзены ідэямі і палітыкай 1920-х гг. Абедзве дэкады былі пазначаны ўмяшальніцтвам дзяржавы ў асабістае жыццё сваіх грамадзян і жаданнямі яго вызначыць, нармаваць і кантраляваць. Як у 1920-я, так і ў 1930-я гг. цела савецкага чалавека, перш за ўсё жанчыны, было ўсяго толькі часткай рэвалюцыйнага праекта, а не асабістай уласнасцю. Эканаміст Я. Прэабражэнскі абагульніў, што “з сацыялістычнага пункту гледжання зусім не мае сэнсу погляд на цела асобнага чалавека як на сваю ўласнасць, таму што індывід — гэта ўсяго толькі адна кропка на пераходзе ад мінулага ў будучыню”. Будаўніцтва новага грамадства патрабавала прынесці ў ахвяру інтымную сферу, і многім гараджанкам савецкай дзяржавы тое каштавала сіл, здароўя, а часта і жыцця.

Не было такой сферы жыцця ў савецкім грамадстве, якая не была б палітычнай, іншымі словамі, не падлягала б кантролю з боку ўлад ці не патрабавала б перабудовы пры пераходзе да новага рэжыму. Рух у накірунку да раўнапраўя палоў у СССР патрабаваў вырашэння мноства нібыта непалітычных праблем у сферы рэгулявання сексуальнасці і размеркавання рэсурсаў: захаванне сям’і як асобнай групы пры выхадзе жанчыны за яе межы і працы па-за домам, забеспячэння танных (г. зн. дзяржаўных) паслуг па дагляду за дзецьмі (без чаго жаночы ўдзел у грамадскай вытворчасці быў бы немагчымы), арганізацыя грамадскага харчавання і пражывання (гэтыя практыкі ўключаюцца, у той ці іншай форме, ва ўсе праекты перабудовы свету), кантролю над цялеснымі практыкамі і іх наступствамі (гэта і шлюб, і развод, і нежаданая цяжарнасць), асэнсаванне новых падыходаў да цялеснасці (прыгажосці, моды і жаноцкасці) і прапаганды роўнасці ва ўзаемаадносінах палоў.

Манера апранацца — не толькі праяўленне нашых індывідуальных жаданняў і звычак, але і адлюстраванне пэўных сацыяльных рэалій, ідэалагічных і маральных прынцыпаў, якія дамінуюць у грамадстве. Больш за тое, адзенне выступае ў якасці інструмента, пры дапамозе якога “калектыўныя целы” падпарадкоўваюцца сацыяльнаму правілу. Эпоха 1920—30-х гг. з уласцівымі ёй сацыяльна-палітычнымі дыскурсамі і практыкамі ўладных і ідэалагічных структур пакінула свой уласны след у гісторыі адзення і моды. Тое, што мы сёння называем модай unisex, узнікла менавіта тады. Ва ўсялякім выпадку, устаноўка на роўнасць палоў і выхад жанчыны ў публічную прастору прадугледжвала радыкальнае змяненне стыля адзення, прычосак і манер.

Макіяж і адзенне пры савецкім рэжыме мелі ярка выражаны палітычны сэнс. Адзенне савецкіх людзей у 20-я гг., па-першае, мела ў сваёй аснове класавую семантыку. Тыповым можна лічыць пытанне, якое нярэдка гучала на камсамольскіх сходах: “Як павінен апранацца камсамолец і ці магчыма па адзенні вызначыць класавага ворага?” Апроч “скуранкі” — самага распаўсюджанага тавара і сімвала рэвалюцыйнай моды (да 1925 г.) моднымі атрыбутамі адзення жанчын лічыліся чорная спадніца, белая блузка і чырвоная хустка. Па-другое, семіётыка савецкага адзення базавалася на эканоміцы беднасці, калі не сказаць, жабрацтва: адсутнасці грошай, матэрыялаў, разбурэнні ўсёй сістэмы забеспячэння насельніцтва таварамі. Таму аскетызм у адзенні савецкай жанчыны — гэта не толькі і не столькі свядомая класавая пазіцыя, але і сведчанне нястачы самых элементарных рэчаў. Жанчыны імкнуліся выглядаць прыгожа. Аднак гэта было няпроста. У крамах прыгожае адзенне адсутнічала. Тыя, у каго была магчымасць, набывалі тканіну і шылі самі. Касметыкі работніцы практычна не ведалі.

У 30-я гг. савецкая рэклама паказвае, што жанчыне-гераіні “не чуждо” нішто чалавечае і асабліва жаночае — уборы, стыльная прычоска, касметыка, ласункі і прысмакі, новыя віды разнастайных паслуг. Чырвоная хустка рэвалюцыйных часоў была заменена шлемамі лётчыц, фуражкамі трактарыстак, берэтамі; модныя кароткія стрыжкі робяць разнастайнымі сціплыя гладкія прычоскі; камбінезоны і кофтачкі суседнічаюць з белымі халатамі калгасніц і моднымі касцюмамі жанчын-дэпутатаў, дзяўчыны-спартсменкі дэманструюць прыгажосць здаровага моцнага цела, поруч з маладымі гераінямі сустракаюцца пажылыя. Калгасніцы ў сваім знешнім выглядзе раўняюцца на гараджанак. Зразумела, што даступныя ўсе гэтыя перамены былі толькі абмежаванаму колу савецкіх грамадзян, галоўным чынам жаночай “палавіне” новай партыйнай і бюракратычнай наменклатуры.

У 50-60-х гг. можна казаць пра масавы ўдзел жанчыны ў вытворчасці. Тое, што ў перыяд індустрыялізацыі лічылася і ўспрымалася як гераізм, ператварылася ў паўсядзённую практыку. Мэта знішчыць жаноцкасць як “вынік тысячагадовага рабскага становішча жанчыны” уводзілася ў масавую свядомасць праз сціранне знешніх адметнасцей паміж паламі на працы. Жанчыны на вытворчасці насілі мужчынскае адзенне, якое хавала іх фігуры. Кароткія, неахайна зачасаныя валасы, твар без макіяжу і распухлыя ад цяжкай працы рукі сапраўды набліжалі жанчыну да мужчыны. Яна лёгка ўваходзіла ў мужчынскі калектыў і пераймала яго звычкі, манеры паводзін. Жанчыны-кранаўшчыцы, муляры, штукатуры, дворнікі, катальшчыцы асфальту, работніцы, што клалі рэйкі на чыгунцы — сталі візітнаю карткай Савецкага Саюзу. У 1980-х гг., калі Савецкі Саюз быў адкрыты для іншаземцаў, магчымасць убачыць гэтых спрацаваных, старых не па ўзросце жанчын у фуфайках, кірзавых ботах і аранжавых камізэльках, складала значную канкурэнцыю Эрмітажу і Крамлю. Іншаземцы не маглі паверыць, што жанчына можа стаць настолькі роўнай з мужчынам.

Савецкая ўлада разглядала цела як інструмент працы і нараджэння дзяцей. Функцыю асексуалізацыі выконвала бялізна. Французскі акцёр Жерар Філіп, які ў 1955 г. прыехаў у Маскву, быў настолькі ўражаны цёмнымі сінімі панталонамі “з начосам” і баваўнянымі панчохамі, падобнымі на зморшчаны кардон, што скупіў увесь асартымент у ГУМе і арганізаваў у Парыжы выставу “Ці можна закахацца ў жанчыну ў такой бялізне?”. Да 1980-х гг. бялізна ў савецкіх часопісах дэманстравалася ў малюнках.

Раіса Гарбачова, жонка Генеральнага сакратара М.Гарбачова, стала першай публічнай савецкай жанчынай, якая мела элегантны выгляд сапраўднай лэдзі, умела добра трымацца, валодала добрымі манерамі паводзін, чым і выклікала раздражненне і нелюбоў савецкіх жанчын. У 1987 г. брытанскі часопіс назваў яе жанчынай года.

3. Прастытуцыя ў гарадах

Да спецыфічнай сферы паслуг можна аднесці і заняцце прастытуцыяй. Па дадзеным перапісу 1897 г. гэтай прафесіяй зараблялі сабе на жыццё выключна жанчыны, і было іх даволі няшмат. Аднак рэальная колькасць прастытутак у гарадах у 6—7 разоў пераўзыходзіла афіцыйныя лічбы. Так, у Віцебску іх было каля 200—300. Заканадаўча прастытуцыя ў Расійскай імперыі была забаронена. На месцах яна легімітызавалася гарадскім адміністрацыйным правам. Бяспраўнае становішча жанчын, якія займаліся прастытуцыяй, яскрава сведчыла аб юрыдычнай безабароннасці жанчын у Расійскай імперыі. У адпаведнасці з законам, кожны мужчына, захварэлы на венерычнае захворванне, мог паказаць на любую жанчыну як на заразіўшую яго. І гэта жанчына падлягала прымусоваму медыка-паліцэйскаму дагляду. У адносінах да мужчын такіх дзеянняў не праводзілася.

Рэакцыя бальшавісцкай дзяржавы на прастытуцыю спярша вагалася між рэабілітацыйнымі да рэпрэіўнымі падыходамі. У 1920-х гг. пра гэтую праблему пісалі юрысты, медэксперты, грамадскія дзеячы. Прастытуцыя ўспрымалася бальшавікамі як буржуазная спадчына, варожая прынцыпам сацыялістычнага грамадства. У ёй бачыліся “элементы эксплуатацыі і прыгнёту асобы, паразітызму, пагроза распаўсюджвання венерычных захворванняў”. Меркавалася, што з пабудовай новага грамадства прастытуцыя знікне, а перавыхаванне і ёсць адпаведны метад.

Матэрыяльная нястача была асноўнай прычынай, што штурхала жанчын да прастытуцыі. Ускладнялі становішча вялікая колькасць разводаў, неурэгуляваная сістэма выплаты аліментаў, а таксама беспрацоўе, асабліва сярод жанчын, якія калісь рабілі ў якасці прыслугі і страцілі сваю працу праз сацыяльныя катаклізмы. Прастытуцыя была гарадской з’явай, але да яе часта далучаліся дзяўчаты і жанчыны, якія прыехалі з вёскі, прыцягнутыя першай хваляй індустрыялізацыі.

У тэзісах, распрацаваных камісіяй па барацьбе з прастытуцыяй у 1919 г., гаварылася: “Камунізм — магіла прастытуцыі!” Але зараз, у пераходны перыяд, прызнавалася існаванне аб’ектыўных прычын гэтай з’явы: адзіноцтва і незабяспечанасць маладых дзяўчат, іх непадрыхтаванасць да працы, беспрытульнасць; адносіны мужчын да жанчын як да бяздушнага аб’екту фізічнага прыцягнення. Вылучаліся дзве катэгорыі жанчын, што выходзілі на панель: “працоўныя жанчыны, для якіх прастытуцыя была дапаможным заняткам” і “прастытуткі-прафесіяналкі”. Да першых адносіны былі больш мяккімі і спачувальнымі. На іх імкнуліся ўздзейнічаць агітацыяй. Другія ж аб’яўляліся “грамадскімі паразітамі, дэзерцірамі”. Іх вярталі да працы прымусовымі сродкамі, нават змяшчалі ў канцлагеры (лагеры прымусовых работ). У час грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі з прастытуткамі змагалася УНК (ВЧК), пазней — міліцыя. Асуджаныя жанчыны перад накіраваннем у лагер аглядаліся, а калі патрабавалася — заставаліся на прымусовае лячэнне ў скура-венералагічным шпіталі. Зняволеныя выконвалі розныя віды працы пры канцлагеры. Частка з іх накіроўвалася на прадпрыемствы горада (без аплаты працы). У студзені 1920 г. Віцебскі губжанаддзел заняўся прафілактычнай работай. На дэлегацкіх і агульных сходах чыталі даклады аб прастытуцыі і сродках барацьбы з ёю.

Асаблівая ўвага надавалася тлумачальнай рабоце сярод чырвонаармейцаў, якія актыўна карысталіся паслугамі прастытутак. У 1919 г. пачалі стварацца ў гарадах Камісіі па барацьбе з прастытуцыяй. Кодэкс 1922 г. дазваляў прыцягваць да крымінальнай адказнасці суценёраў і ўладальнікаў прытонаў. У Віцебску Камісія па барацьбе з прастытуцыяй і нарада пры ёй пачалі дзейнічаць са студзеня 1921 г. Аснову складалі актывісткі жанаддзела. Камісіяй быў адкрыты Дом часовага знаходжання, у які прымаліся ўсе, хто жадаў, “пераважна зусім адзінокія, беспрытульныя як прастытуткі, так і маладыя дзяўчаты, якія стаялі на шляху да прастытуцыі ў выніку матэрыяльна цяжкіх умоў”. Пры Доме была створана навучальна-працоўная школа, у якой 30 дзяўчат навучаліся швейнай справе. Дзяўчаты працавалі для аддзела сацыяльнага забеспячэння, за што і атрымоўвалі паёк па норме інвалідаў і жалаванне, як навучэнцы профтэхнічных школ. І работа давала станоўчыя вынікі. Але ў канцы 1921 г. дом і школа апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Дзяўчыны вымушаны былі хадзіць на працу па чарзе. У іх на 30 чалавек было ўсяго толькі 7 паліто і 10 пар абутку, не хапала бялізны. Гэта, зразумела, змяніла настрой дзяўчат, ускладніла правядзенне агульнакультурнага і палітычнага выхавання.

Тым не менш, установы камісіі пратрымаліся да лістапада 1922 г., калі яны былі зачынены з-за недахопу сродкаў. Такім чынам, дарэвалюцыйная сістэма ўзаемаадносін дзяржавы з інстытутам прастытуцыі, што зводзілася да кантролю і рэгламентацыі, для савецкай улады была непрымальнай. Змяненне дзяржаўнай палітыкі прывяло да таго, што асноўнай формай прастытуцыі стала вулічная, і гэта сфера адыходзіць пад кантроль крымінальнага свету. Барацьба з прастытуцыяй вялася ў двух накірунках: да пачатку 20-я гг. пераважалі карныя сродкі, а пазней больш важнае месца стала займаць прафілактычная праца. Але дамы часовага знаходжання наўрад ці маглі сур’ёзна змяніць становішча, хаця і дапамагалі асобным дзяўчынам, якія вымушана сталі займацца прастытуцыяй, вярнуцца да нармальнага жыцця.

З канца 1920-х гг. можна казаць пра пераход да прымусова-рэпрэсіўных метадаў у барацьбе са сферай секс-паслуг. Савецкае грамадства павінна было быць ачышчана ад “перажыткаў буржуазнага мінулага”, і прастытуткі апынуліся ў катэгорыі “грамадска шкодных элементаў” разам з “кулакамі”, дробнымі гандлярамі, жабракамі, цыганамі і інш. У выніку чыстак 1930-х гг. тысячы людзей, вызначаных як “шкодныя”, у тым ліку і прастытуткі, былі высланы з гарадоў, арыштаваны і сасланы ў лагеры ГУЛАГа. “Большая Советская Энциклопедия” канстатавала, што “у 1930-я гг. прастытуцыя як распаўсюджаная з’ява была ліквідавана”.

У савецкіх гарадах прастытуцыя мела маргінальны характар, але ўсё ж існавала. Ніжэйшую ступень займалі вакзальныя і вулічныя прастытуткі: наркаманкі, алкагалічкі, былыя асуджаныя. Да больш высокай ступені стаялі дзяўчаты з вёсак і гарадскіх пасёлкаў. Вышэйшай кастай былі валютныя прастытуткі. Асаблівасцямі 1960-1980-х гг. было тое, што шмат прастытутак былі адукаванымі жанчынамі, нярэдка прадстаўніцамі шляхетных прафесій: медсёстрамі, настаўніцамі, выхавацелямі. Матывацыяй займацца прастытуцыяй было жаданне прыгожага жыцця ў вялікім горадзе. Гэта была нібы дадатковая работа. Гэтыя жанчыны пражывалі два паралельных жыцця: у адным яны былі добрымі работніцамі, часта маці-адзіночкамі, а нават і жонкамі, а ў другім — прыгажунямі, якія “пражыгалі” свае гады.

4. Праблема эмансіпацыі

Трэба канстатаваць, што сапраўднай эмансіпацыі савецкай жанчыны так і не адбылося. Яна не атрымала свабоды выбару, права рэальна вызначаць свой лёс. Калі да рэвалюцыі ёй навязваліся ролі маці і хатняй гаспадыні, то пазней стала навязвацца сумяшчэнне сямейных і вытворчых роляў, пры практычна поўным выключэнні з працэсу прыняцця рашэнняў. І гэтае навязванне мела не толькі ідэалагічны, але і эканамічны характар: заробная плата ва ўмовах планавай эканомікі мэтанакіравана ўстанаўлівалася на такім узроўні, каб адзін работнік не мог пракарміць сям’ю, і жанчына, нават меўшая малалетніх дзяцей, была вымушана працаваць. На гэта ж была накіравана сістэма сацыяльнага забеспячэння, што базавалася на бесперапынным стажы. Такім чынам, савецкая жанчына замест эмансіпацыі, аб якой марылі феміністкі першых савецкіх урадаў, атрымала трайную і часта непасільную нагрузку, а сама ідэя эмансіпацыі аказалася глыбока скампраметаванай.

Неабходнасць траціць значны час і сілы на хатнія справы і выхаванне дзяцей не дазваляла большасці жанчын на роўных канкураваць з мужчынамі за прэстыжныя і добрааплатныя рабочыя месцы. Складалася ўражанне, што жанчыны “у цэлым” працуюць горш і менш, чым мужчыны, што ў сваю чаргу давала маральнае “апраўданне” так называемай статыстычнай (заснаванай на агульнай тэндэнцыі) дыскрымінацыі жанчын, якая выяўлялася ў больш нізкай аплаце працы, абмежаванні кар’ернага росту, праблемах працаўладкавання. Прывілеяванае становішча на працы замацоўвала ў мужчын усведамленне сваёй перавагі, уяўленне пра сябе як аб больш каштоўных работніках (кармільцах), што ўмацоўвала патрыярхатныя стэрэатыпы ў сям’і, і “дазваляла” патрабаваць ад жанчыны выканання працы па дому і па выхаванні дзяцей. Значным фактарам ва ўзмацненні патрыярхатных стэрэатыпаў прадстаўляецца таксама жудасная дыспрапорцыя палоў, што ўтварылася ў выніку войнаў, рэвалюцый і масавых рэпрэсій, якія закранулі пераважна мужчынскую частку насельніцтва.

У некаторых пакаленнях (напрыклад, 1920—1925 гадоў нараджэння) колькасць жанчын пасля вайны ўдвая перавышала колькасць мужчын. Гэтыя абставіны літаральна разбэсцілі не толькі даваеннае, але і некалькі пасляваенных пакаленняў мужчын, якія мелі багаты выбар нявест як сярод сваіх аднагодак, так і сярод жанчын старэйшага ўзросту. Мужчыны маглі выбіраць сабе жонак, якія пакорліва выконвалі хатнюю працу і ў той жа час уносілі свой уклад у сямейны бюджэт. Эмансіпіраваныя, кар’ернаарыентаваныя жанчыны аказаліся найменш канкурэнтаздольнымі на шлюбным рынку, што прывяло да хуткага адраджэння традыцыйных сямейных каштоўнасцей, але ўжо ва ўмовах усеагульнай занятасці жанчын у вытворчасці.

Жанчыны практычна ніколі не бываюць вольнымі для дзеянняў і рызыкі: на іх ляжыць клопат пра дзяцей, яны звычайна даглядаюць састарэлых бацькоў і іншых сваякоў і г.д. У 1990 г. былі прыняты змяненні, якія вызначалі, што водпуск можа ўзяць любы член сям’і, які здзяйсняе фактычны нагляд за дзіцём. Аднак нават пры прыняцці гэтых змяненняў заўсёды мелася на ўвазе, што водпуск будзе браць маці (што і адбываецца амаль што ў 100 % выпадкаў), бо ў большасці грамадстваў жанчынам надаецца абавязак па наглядзе і выхаванні ў сувязі з іх біялагічнай магчымасцю выношваць дзяцей: сацыяльныя паводзіны разглядаюцца як працягненне біялагічнай уласцівасці. Становішча выглядае наступным чынам: жанчыны (бясплатна, г.зн. дома, у прыватнай сферы) выконваюць неабходную для існавання грамадства працу па рэпрадукцыі, узнаўленні насельніцтва і наглядзе за састарэлымі ці хворымі людзьмі (калі б гэта праца выконвалася па-за межамі дома і за грошы, гэта праца патрабавала б велізарнай часткі дзяржаўнага бюджэта) і аказваюцца “пакаранымі” за гэта ў публічнай сферы адсутнасцю роўных з мужчынамі магчымасцяў прафесійнай рэалізацыі, кар’ернага росту і атрымання даходаў.

Калі статус чалавека залежыць ад яго/яе магчымасці зарабляць, то неабходна прызнаць, што ўклад жанчын сур’ёзна недаацэньваецца. Статыстыка ААН сведчыць, што з агульнага аб’ёму працоўнага часу мужчын у прамыслова развітых краінах дзве трэці ідзе на аплочваемую дзейнасць, адна трэць — на неаплочваемую (праца па дому, дабрачынная дзейнасць). Жанчыны знаходзяцца ў прама супрацьлеглым стане. Іншымі словамі, жанчыны аказваюцца ў падпарадкаванай сацыяльнай пазіцыі толькі таму, што яны жанчыны.

Крытычнае дэмаграфічнае становішча ўяўляе значную небяспеку для эмансіпацыі і прафесійнага станаўлення жанчыны. Простае дэмаграфічнае ўзнаўленне прадугледжвае, што кожная здаровая жанчына павінна нарадзіць у сярэднім траіх дзяцей. Такім чынам, доўгатэрміновыя інтарэсы грамадства знаходзяцца ў прамой супярэчнасці з правам жанчыны самастойна вызначаць свой лёс. Вяртанне жанчны “ў сям’ю“ дазволіла б дзяржаве вырашыць не толькі дэмаграфічныя, але і праблемы занятасці ва ўмовах крызісу і скарачэння колькасці рабочых месцаў. У грамадстве мэтанакіравана насаджаюцца “традыцыйныя”, а па сутнасці патрыярхальныя каштоўнасці, рэгулярна ўзбуджаюцца грамадскія рухі за забарону абортаў і нават сродкаў кантрацэпцыі.

Не менш небяспечным з’яўляецца і тое, што большасць жанчын па-ранейшаму не маюць выбару. З аднаго боку, адраджаецца тып мужчын з добрым заробкам, якія забараняюць жанчынам працаваць. У той жа час, многія жанчыны, добраахвотна альбо вымушана выконваюць усю працу па дому і нагляду за дзецьмі, павінны працаваць не з-за патрэбнасці рэалізаваць свае здольнасці, а ў сілу жорсткай эканамічнай неабходнасці. І жанчыны, якім умовы жыцця і адносіны ў сям’і не дазваляюць скараціць хатнія нагрузкі, часта разглядаюць магчымасць пакінуць працу ў якасці адзіна магчымага выйсця з палажэння. У гэтым выпадку традыцыйныя каштоўнасці, якія ўключаюць “права” патрабаваць ад мужа, каб ён адзінаасобна забяспечыў сям’і прыстойны ўзровень жыцця, становяцца для іх надзейнай псіхалагічнай абаронай. Хто ведае, можа нас чакае чарговы рэнесанс патрыярхату?

Такім чынам, мы атрымоўваем “клас жанчын”, якія мала зарабляюць, а таму гатовы “сядзець дома” і забяспечваць мужчынам, занятым вялікімі справамі, дамашні тыл. Такое раздзяленне працы дазваляе дасягнуць дамінавання ў грамадстве, але (у значнай ступені) пазбаўляе мужчын задавальнення ўдзельнічаць у выхаванні свайго ўласнага дзіцяці (убачыць яго першую ўсмешку, пачуць яго першае слова, навучыць першай літары). І гэта не адзіныя негатыўныя моманты становішча сучаснага мужчыны. Стэрэатыпы паводзінаў, знешняга выгляду, сацыяльнага статуса навязваюцца жанчынам со сродкаў масавай інфармацыі, але тое ж адбываецца і з мужчынамі. Са сродкаў масавай інфармацыі, у рэкламе мы бачым вобраз мужчыны фізічна моцнага, актыўнага, паспяховага ў кар’еры і жыцці, упэўненага ў сабе і сваіх сілах, багатага. Мужчыны, як і жанчыны, вымушаны адпавядаць гэтаму вобразу ці хаця б імкнуцца да яго. Але наколькі кожны мужчына гатовы і хоча быць такім?

Ці ёсць у мужчыны магчымасць аформіць водпуск па нагляду за сваім дзіцём і не страціць свой сацыяльны статус, знайсці разуменне сярод сяброў і бацькоў? Магчымасці жанчыны ў выбары прафесіі абмежаваны, але ці можа мужчына свабодна абіраць спецыяльнасць, ці валодае ён абсалютнай свабодай выбару? Я не ведаю ніводнага мужчыну-настаўніка малодшых класаў альбо мужчыну-выхавацеля ў дзіцячым садзе. Няцяжка ўявіць, наколькі складана хлопцу стаць выхавацелем, нават калі гэта праца і ёсць яго прызванне, і пры гэтым “быць мужчынам” у вачах дзяўчат. Не абаронены правы мужчын і пры разводзе. Каб дзеці па рашэнні суда засталіся з бацькам, маці павінна быць, па меншай меры, наркаманкай і алкагалічкай. Ва ўсіх астатніх выпадках перавагу, фактычна, мае маці. Фемінізм — гэта рух за вызваленне жанчын і мужчын ад навязаных ім роляў. Праблема свабоды выбару, роўнасці актуальна не толькі для жанчын, але і для мужчын.

Савецкі эксперымент эмансіпацыі жанчын пакінуў у многіх з іх пачуццё расчаравання і радражнення. Сапраўды, эмансіпацыя, якая разумелася як вызваленне жанчыны з-пад улады мужчын, якія адводзілі ім падпарадкаванае месца ў сацыяльнай і сямейнай іерархіі, не магла здзейсніцца і не здзейснілася. Рэальнасцю стала з’яўленне ўстойлівага непрыняцця большасцю беларускіх жанчын саміх слоў “эмансіпацыя” і “фемінізм”. Яны сталі асацыіравацца ў іх свядомасці не з вызваленнем, а з жорсткай эксплуатацыяй таннай жаночай працы на вытворчасці і ў сям’і на фоне поўнага выключэння са значных грамадскіх сфер і працэсу прыняцця рашэнняў. Значная колькасць жанчын, атрымаўшы магчымасць выбару, “вяртаецца” дадому, марыць і пры магчымасці аддае перавагу “кар’еры” хатняй гаспадыні пры мужы-кармільцу. У постсавецкім грамадстве фемінізм застаецца “нерэабілітаваным”, а антыфемінізм — агрэсіўны і наступальны.

Адзінкавыя звесткі, якімі беларускае грамадства валодае аб фемінізме, узяты са стэрэатыпаў, што пераходзяць з адной газетнай публікацыі скандальнай хронікі ў другую. Для вялізнай колькасці беларускіх жанчын працягвае заставацца невядомым, што фемінісцкая тэорыя можа быць урадлівай глебай для фармавання альтэнатыўнай культуры, у якой жанчыны з аб’екта палітыкі “другога класу” ператварыліся б у моцную сілу грамадскіх і персанальных зменаў.

Літаратура:

1. Айвазова С.Г. Свобода и равенство советских женщин // Айвазова С.Г. Русские женщины в лабиринте равноправия (Очерки политической теории и истории. Документальные материалы). —М.: РИК Русанова, 1998. —С. 66—99.

2. Воронич Т.В. Белорусская горожанка на рубеже XIX—XX вв. // Актуальные проблемы из исторического прошлого и современности в общественно-гуманитарных и социо-религиоведческих науках Беларуси, ближнего и дальнего зарубежья / Материалы международной научно-теоретической конференции, 19—20 апреля 2007 г.: В 2 ч. / М-во образования Респ. Беларусь. УО “Витеб. гос. ун-т имени П. М. Машерова”; Редкол.: В.А. Космач (гл. ред.) и др. —Витебск, 2007. —Ч. 1. —С. 360—362.

3. Воронич Т.В. Как боролись с проституцией в Витебске на рубеже XIX—XX вв. // Материалы VII Респ. науч. конф. студентов и аспирантов Беларуси (НИРС — 2002): В 3 т. / М-во образования Респ. Беларусь. Учреждение образования “Полоц. гос. ун-т”; Под ред. Ф.И. Пантелеенко. —Новополоцк, 2002. —Т. 1. —С. 14—16.

4. Гапова Е. Между войнами: женский вопрос и национальные проекты в Советской Белоруссии и Западной Беларуси // Гендерные истории Восточной Европы. Мн.: ЕГУ, 2002. С. 100—123.

5. Дулов Анатолий. Метод интервью в историко-феминологическом исследовании (на примере изучения положения женщин Советской Беларуси 1920—1930 годов).

6. Дулов Анатолий. Брак, семья, материнство в государственной политике БССР 1920-х — первой половины 1930-х гг. // Женщины в истории: возможность быть увиденными: Сб. науч. ст. / Под ред. И.Р. Чикаловой. —Мн.: БГПУ, 2004. —Выпуск 3. —308 c. С.128—146.

7. Дунаева И.Н. По результатам социологического исследования: Семья и работа

8. Женщины Беларуси в зеркале эпохи: Национальный отчет / UNDP —Минск: ЮНИПАК, 1997. —125 с.

9. Женщины и мужчины Республики Беларусь. Статистический сборник / Министерство статистики и анализа Республики Беларусь. Минск, 1999.

10. Женщины и мужчины Республики Беларусь. Статистический сборник / Министерство статистики и анализа Республики Беларусь. Минск, 2006.

11. Ирина Чикалова. Белорусские женщины между “общественным” и “частным” в годы советской власти // Иной взгляд № 2.

12. Оксана Кись. Осторожно: сексизм! // http://www.radyjo.net

13. Шыбека З. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Вільня, 2009.

14. Шыбека З. Мінск сто гадоў таму. Мн., 2007.

15. Яковлева Галина, Дулов Анатолий. Из истории женского движения в первые годы советской власти на материале Витебской губернии

16. Ященко О. Гомель у другой палове XIX—XX ст.: гісторыка-этнаграфічны нарыс. Гомель, 1997.

Перадрукавана з сайта http://old.belcollegium.org/lekcyji/historyja/varonicz_02.htm

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат