Пра курсы
ГАРАДЫ :


08.10.2015
ЦІКАВІНКІ Правер сябе: 12 пытанняў ад Паўла Свярдлова!

УВАГА! Каб пабачыць слушныя адказы, вылучыце курсорам поле побач з зорачкай

1. Банкамат, што месціцца непадалёк ад Сабора Святога Пятра, – адзіны ў свеце, дзе выкарыстоўваецца ЯНА. Адзін пісьменнік параўноўвае ЯЕ з зомбі. Назавіце ЯЕ.

Адказ: *Лацінская мова.

Залік таксама: *Лаціна.

Каментар: *Банкамат (як і сам сабор) месціцца на тэрыторыі Ватыкану і мае інтэрфэйс на лаціне. Мы пачынаем наш невялічкі турнір з пытання пра мёртвую мову, але задаем яго на жывой мове – беларускай.

2. Згодна з жартам на сайце прыдуманых навінаў NewsBelarus.net, каб разгрузіць склады, ГЭТА пачалі здаваць пад офісы. Самыя зручныя памяшканні абсталяваныя на, так бы мовіць, другім паверсе. У фільме, прэм’ера якога адбылася ў Мінску 24 верасня, ГЭТА забівае людзей. Адкажыце, што ГЭТА?

Адказ: *БелАЗ.

Каментар: *БелАЗ – машына такая прасторная, што там можна і невялічкую кампанію размясціць. У фільме “Мы, браты” БелАЗ на дыстанцыйным кіраванні забівае чальцоў замежнай дэлегацыі на заводзе ў Жодзіна.

3. Пісьменнік Дзмітрый Быкаў лічыць гэты прадукт самым рускім у свеце, бо ў самім жыцці рускага чалавека, у яго нацыянальным характары ёсць “нешта неймаверна сканцэнтраванае, гранічна насычанае”. Назавіце горад, які знаходзіцца на поўдзень ад Мінска, у якім ёсць помнік таму, пра што так казаў Дзмітрый Быкаў.

Адказ: *Рагачоў.

Каментар: у Рагачове ёсць помнік згушчанаму малаку, бо там адна з дзвюх славутых беларускіх вытворчасцяў згушчонкі. Быкаў казаў пра згушчонку.

4. Увечары 28 сакавіка знаёмы аўтара пытання цэлую гадзіну праседзеў у ліфце, які спыніўся паміж паверхамі. Выбраўшыся з палону, ён прачытаў, што ашчадзіць што-небудзь усё роўна не атрымалася, таму што гарадскія электрастанцыі немагчыма спыніць ні на хвіліну. У якой міжнароднай акцыі мімаволі паўдзельнічаў сябра аўтара пытання?

Адказ: *гадзіна зямлі.

Каментар: *падчас гэтай акцыі ў гарадах выключаецца вулічнае асвятленне, людзі гасяць святло ў офісах і ў кватэрах. Але гэта ўсё мае сімвалічнае значэнне, а ашчадзіць электрычнасць не атрымліваецца.

5. 16 тысяч тон чаго, згодна з афіцыйнай статыстыкай, Беларусь імпартавала ў 2014 годзе з 21-й краіны свету, уключна з Албаніяй, Грузіяй, Даніяй, Фінляндыяй і Швецыяй?

Адказ: *бульба.

Каментар: *вось такая мы бульбяная нацыя – імпартуем бульбу з Фінляндыі і Швецыі.

6. Сайт прыдуманых навінаў NewsBelarus.net сцвярджае, што адзін з удзельнікаў “Нармандскай чацвёркі” скарыстаўся паездкай у Мінск для вывучэння прадукцыі сваіх канкурэнтаў. Якое прадпрыемства ён таемна наведаў па дарозе з Палаца незалежнасці ў аэрапорт?

Адказ: *“Камунарка”.

Каментар: *А пад крэслам, на якім сядзеў Пятро Парашэнка, знайшлі шмат абгортак ад цукерак ))

7. Прафесійныя фатографы часта раяць пачаткоўцам трымаць камеру раўней. З фразы, якую пры гэтым звычайна гавораць, можна зразумець, што мінскае прадпрыемства знаходзіцца на мяжы банкруцтва. Пра якое прадпрыемства ідзе гаворка?

Адказ: *[Завод] “Гарызонт”.

Каментар: *Фатографы кажуць: “Гарызонт завалены”.

Крыніца: *АДА.

8. З якім вайсковым хітрыкам Юрый Зісер параўнаў Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, які выглядае прывабна, але напоўнены праектамі з сумнеўнымі перспектывамі?

Адказ: *З Траянскім канём.

Крыніца: *http://news.tut.by/economics/387372.html

Каментар: *Як і Траянскі конь, звонку парк выглядае выдатна. Але што там унутры, ніхто не ведае. Бойцеся кітайцаў, што прыносяць падарункі!

9. У два аднолькавых пустых кашалька паклалі па 100 беларускіх рублёў. Пасля гэтага ў адным кашальку грошай стала ўдвая больш, чым у іншым. Як гэта атрымалася?

Адказ: *Адзін кашалёк паклалі ў іншы.

Крыніца: *АДА.

10. Сучасная показка. Калі Аляксандр Лукашэнка не можа вызначыцца, каго з чыноўнікаў адправіць у адстаўку на “Барысаўдрэве”, ён прапаноўвае ім кінуць жэрабя. А як?

Адказ: *цягнуць запалкі.

Каментар: *запалкі тут жа, на “Барысаўдрэве”, і робяцца.

Крыніца: *http://rudy-de.livejournal.com/246202.html

11. Разважаючы пра новыя правілы гульні, якія як бы самі сабою склаліся на рынку калійных угнаенняў, журналіст Янка Грыль піша, што ЯНА – “на Баўмгертнер, кайданкі на ЯЕ не начэпіш”. Назавіце ЯЕ азначэннем, якую прапанаваў Адам Сміт.

Адказ: *Нябачная рука [рынку].

Крыніца: *http://www.belgazeta.by/ru/2013_11_25/topic_week/27896/

Каментар: *Новыя правілы склаліся пад уплывам “нябачнай рукі рынку”, то бок самі сабою.

12. Пры якой умове можна было не вяртаць крэдыт, які азербайджанскі Unibank выдаваў у снежні 2012 года?

Адказ: *калі здарыцца канец свету.

Каментар: *крэдыт “Канец свету” можна было не вяртаць, калі б канец свету адбыўся 21 снежня 2012 года па календары майя. Гэта апошняе пытанне нашага турніру, а чым жа ўсё скончыць, як не канцом свету?

Запасныя пытанні:

1. Шэсць тон якіх прыладаў, згодна з афіцыйнай статыстыкай, было ўвезена ў Беларусь са Швейцарыі ў 2013 годзе?

Адказ: *[швейцарскіх] гадзіннікаў.

Крыніца: *часопіс “Таймер” №1 (9), студзень 2014, стар. 12

Каментар: *23 075 штук на $3,5 млн. Вось табе і жабракі-беларусы!

2. “Разьбяныя бюсты жанчын з пер’ем на галаве, скіраваныя наперад”, “Прыдворны клоўн, які кажа нешта смешнае і злое” – гэта адна і тая ж ЯНА. Назавіце яе двума словамі.

Адказ: *Пляма Роршаха.

Каментар: *Гаворка пра псіхалагічны тэст, у якім людзі апісваюць, што бачаць на плямах. Розныя людзі далі такую асацыяцыю на адну і тую ж пляму.

Крыніца: *http://ru.wikipedia.org/wiki/Тест_Роршаха

3. У гонар гэтага канадскага горада была названая мядзведзіца, якую трымалі ў Лонданскім заапарку ў 20-я гады ХХ стагоддзя.

Адказ: *Вініпег.

Каментар: *Пабачыўшы яе (а таксама лебедзя, якога клікалі “Пух”), пісьменнік Алан Мілн назваў мядзведзіка са сваіх казак “Віня Пух”.

Крыніца: *http://ru.wikipedia.org/wiki/Винни-Пух

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат