Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Матацыклы

20.05.2015
ЦІКАВІНКІ «Нёман». Гісторыя матацыкла

«Нёман». Гісторыя матацыкла

Матацыкл «Нёман», які выпускалі ў Гродна ў міжваеннае дваццацігоддзе, быў, бадай, адным з лепшых на той час польскіх матацыклаў. Захавалася толькі некалькі аўтэнтычных экземпляраў. Адзін з іх знаходзіцца ў Музеі тэхнікі ў Варшаве.

15_1nioman_logoМатацыкл «Нёман»

У другой палове 1930-х гадоў у Польшчы набіраюць папулярнасць малалітражныя матацыклы, якія ў народзе называліся «соткамі» (з-за аб’ёму рухавіка ў 100 см3). Зразумела, што такія матацыклы каштавалі танней за сваіх больш магутных братоў. Але была ў міжваеннай Польшчы і яшчэ адна абставіна, якая гуляла на карысць такіх матацыклаў. Для іх кіравання не трэба было мець вадзіцельскага пасведчання. Таксама варта дадаць, што, набываючы польскі матацыкл, яго ўласнік пазбаўляўся праблем з набыццём дарагіх запчастак, якія патрабавалі замежныя мадэлі.

 

Такія матацыклы выпускалі ў Кельцах (фірма «SHL»), у Варшаве («Perkun»), у Быдгашчы («Tornedo») і, нарэшце, у Беластоцкім ваяводстве — у Гродна («Niemen»). Частка з гэтых матацыклаў была копіяй замежных брэндаў, другія ж былі арыгінальнай польскай прадукцыяй.

15_3rovar_njoman_logoРовар “Нёман”

ГІСТОРЫЯ БРЭНДУ

 

Варта адзначыць, што амаль уся дакументацыя фірмы «Нёман» была знішчана падчас Другой сусветнай вайны, таму гісторыю калісьці знакамітага завода мы можам аднавіць толькі па матэрыялах тагачаснай прэсы і іншых нешматлікіх крыніцах, якія ў сваёй большасці захаваліся ў Польшчы. У 1894 годзе сям’я Старавольскіх адчыніла ў Гродна на вуліцы Брыгіцкай, 20 фабрыку металапрадукцыі. Паступова акрамя швейных машынак і іншых вырабаў з металу прадпрыемства пераключылася на вытворчасць веласіпедаў.

 

Нават вялікі эканамічны крызіс 1929–1933 гадоў не перашкодзіў гродзенскай фірме рэалізаваць свае амбіцыйныя планы. У другой палове 1930-х гадоў на «Нёмане» працавала 100 чалавек. Пра маштаб вытворчасці сведчыць той факт, што ў 1936 годзе фабрыка выпусціла 10 тысяч веласіпедаў, а таксама запчастак да іх. Варта адзначыць, што часцей за ўсё гродзенцы капіравалі нямецкія мадэлі ровараў, але са значнымі мясцовымі дапрацоўкамі. Сядзенні замаўляліся ў Латвіі, а элементы колаў — у нямецкай фірме «Fichtel und Sachs».

15_6_pol_sk_ja_vajsko_ci_na_rovarah_njoman_logoПольскія вайскоўцы на роварах “Нёман”

У 1934 годзе завод пачаў выпускаць мотаровары. Гэта былі звычайныя ровары, на якія мантаваліся рухавікі аб’ёмам 75 см3 з Германіі. Выпускалася мужчынская і жаночая мадэлі ровару. Дадзеная прадукцыя дапамагла падрыхтавацца «Нёману» да зусім новай вытворчасці. Уласнікі завода Нохім і Ларар Старавольскія, а таксама Ісаак Піваварскі разумелі, што на рынку пануе ўжо іншы трэнд. Людзі жадалі купляць недарагія і выгадныя матацыклы «соткі».

 

 

«КРЭСОВЫ» ПРАДУКТ НА ПОЛЬСКІМ РЫНКУ

 

Бізнэсмэны з Гродна пачынаюць з рэбрэндынга, змяняючы назву фірмы на «Крэсовы завод па вытворчасці ровараў і матацыклаў «Нёман». Ужо ў 1936 годзе на рынку з’явіліся першыя гродзенскія матацыклы з імпартнымі рухавікамі. У 1938 годзе было выпушчана ўжо 166 матацыклаў. Новая прадукцыя ўвасобіла ў сябе лепшыя якасці найбольш вядомых тагачасных сусветных марак.

 

Даследчыкі да сённяшняга дня не могуць прыйсці да адзінай высновы, ці гэта быў цалкам айчынны (польскі) праект, ці таленавітыя бізнэсмэны з Гродна скапіравалі знешні выгляд матацыкла, ці, можа, яны набылі ліцэнзію ў замежных фірм. Па знешняму выгляду «Нёман» быў вельмі падобны да лёгкіх англійскіх матацыклаў «Villiers» ці «Excelsior». Дарэчы, гродзенскія матацыклы абсталёўваліся двухцыліндровымі рухавікамі брытанскай фірмы «Вікерс» з Вулверхэмптона.

 

Найбольш папулярным быў «Нёман» з рухавіком аб’ёмам 98 см3 і троххуткаснай каробкай перадач. Таксама вельмі папулярнымі былі матацыклы з рухавіком 150 см3. Менш распаўсюджаным быў «Нёман 125». Варта падкрэсліць, што ў матацыклах «Нёман 98» узору 1938 года, акрамя замежнага рухавіка, выкарыстоўваліся брытанскія элементы падсвятлення (пярэдняя фара фірмы «Villiers» і задняя ад «Joshep Lucas LTD»). Максімальная хуткасць матацыкла была 70 кіламетраў на гадзіну. На матацыклах «Нёман» ставіліся шыны айчыннай вытворчасці, зробленыя ў Познані на фабрыцы «Stomil». «Нёман 98» каштаваў 900 злотых. Гэта была немалая сума, аднак, калі параўнаць кошты на іншыя маркі польскіх «сотак» з коштам гродзенскага матацыкла, дык становіцца зразумела, што апошні быў якраз бюджэтным варыянтам.

15_2_matacikl_njoman_logoМатацыкл «Нёман»

«Нёман» — матацыкл на адну асобу, аднак польскія правілы дарожнага руху таго часу не забаранялі ўстанаўліваць на матацыкл дадатковае сядзенне. Аб’ём бензабака (10 літраў) дазваляў уладальніку матацыкла праехаць да 400 кіламетраў.

 

 

ХТО ЕЗДЗІЎ НА «НЁМАНАХ»

 

Галоўны кантынгент пакупнікоў гэтага матацыкла складалі жыхары Віленскага, Навагрудскага і Палескага ваяводстваў міжваеннай Польшчы. Гэты чыннік паўплываў на тое, што да сённяшняга дня захавалася вельмі мала экземпляраў матацыкла. Справа ў тым, што «Нёманамі» карысталіся вайсковыя асаднікі, вайскоўцы, паліцыянты, прадстаўнікі дзяржаўнага апарата, інтэлігенцыя.

15_4_saldati_vojska_pol_skogo_logoСалдаты Войска польскага

Пасля «ўз’яднання» Заходняй Беларусі з БССР амаль усе гэтыя катэгорыі польскіх грамадзян падпалі пад сталінскія рэпрэсіі, а іх маёмасць, у тым ліку і матацыклы, была перададзена ў даход дзяржавы.

 

Так, у снежні 1939 года кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка ў лісце да Іосіфа Сталіна адзначаў, што «амаль у кожнай гаспадарцы асаднікаў было некалькі ровараў, а таксама матацыклы». Пасля дэпартацыі асаднікаў гэтае «двухколае багацце» Панамарэнка прапанаваў перадаць у распараджэнне мясцовай улады.

 

Напрыклад, «Нёман 98» быў ва ўласнасці ў страхавога агента з Кобрына, афіцэра запасу Войска Польскага, беларуса Віктара Амельянюка. У верасні 1939 года гэты чалавек загінуў у баях з гітлераўцамі. Яго матацыкл знаходзіўся дома, у Кобрыне, і быў канфіскаваны па распараджэнню савецкіх улад.

15_5_suvjaz_sti_na_matacikle_njoman_logoСувязісты на матацыкле “Нёман”

Напрыканцы 1930-х гадоў фірма Старавольскіх мела практычна манаполію на продаж матацыклаў у Заходняй Беларусі. Справа ў тым, што іншыя польскія фірмы, займаючыся вытворчасцю матацыклаў, амаль не мелі сваіх крамаў у заходнебеларускіх ваяводствах. Ды і сервісныя цэнтры адсутнічалі. А вось у гродзенскай фірмы было сваё прадстаўніцтва ў Варшаве на вуліцы Сенаторсай, 28, а таксама ў Кракаве. Акрамя гэтага, у сталіцы быў вялікі склад запчастак і аксесуараў да матацыклу «Нёман».

 

Гродзенскія матацыклы былі прэзентаваныя падчас вялікага польскага кірмашу ў Познані. У красавіку 1939 года «Нёманы» першы раз прынялі ўдзел у гонках, арганізаваных вайсковым спартыўным клубам «Легія» па маршруце Варшава — Мінск Мазавецкі — Атвоцк — Варшава. Партыю ровараў і матацыклаў «Нёман» закупіла для ўласных патрэб Войска Польскае. Гэтая тэхніка была зручнай у эксплуатацыі.

 

У 1984 годзе ля польскага мястэчка Студзінек пад Радамам быў знойдзены закапаны ў зямлю гродзенскі мотаровар «Нёман». Ён выкарыстоўваўся польскімі жаўнерамі падчас вераснёўскай кампаніі і быў схаваны разам з іншымі вайсковымі прыладамі пасля адступлення польскіх войскаў.

15_7_kobrin_vajskovaja_sjadz_ba_bachni_matacikl_njoman_logo Кобрын, вайсковая сядзіба, бачны матацыкл “Нёман”

Усяго да пачатку Другой Сусветнай вайны ў Гродна было зроблена да 500 матацыклаў «Нёман». На другую палову 1939 года кіраўніцтва «Крэсовага завода па вытворчасці ровараў і матацыклаў «Нёман» планавала павялічыць вытворчасць сваёй прадукцыі ў разы, аднак рэалізацыі гэтых планаў перашкодзіла вайна. Гатовая прадукцыя, якая знаходзілася на складах завода, была рэквізавана савецкай уладай, а лёс гаспадароў завода не вядомы. Хутчэй за ўсё, яны сталі ахвярамі савецкіх рэпрэсій.

 

Фота з асабістага архіва Ігара Мельнікава

Артыкул перадрукаваны з сайта http://novychas.info/poviaz_casou/njoman_historyja_matacykla/

 

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфапартнёр — СВАЕ.БЕЛ
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат