Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Ровары

16.09.2015
ЦІКАВІНКІ «Нідзе не знаходзіў цяплейшых шкарпэтак, чым у вашых бабулек»

Джон Росмэн — студэнт менскай “Мовы Нанова”.


Джон Росмэн распавёў «Звяздзе», чаму ён адмовіўся ад амерыканскага грамадзянства і пачаў вучыць беларускую мову.

На сустрэчу дырэктар фонду «Экалагічны транспарт» прыехаў — ну хто б сумняваўся — на веласіпедзе. Сціплы, тактоўны, падцягнуты, у простых джынсах і з заплечнікам, ён зусім не падобны да тыповага амерыканца. Падчас шчырай размовы Джон, ці, як ён сам сябе называе, «беларус амерыканскага паходжання», прызнаўся, што ў пошуках шчасця аб’ездзіў амаль увесь свет. І нарэшце знайшоў яго! Дзе б вы думалі? У Беларусі!

Пра аўтамабільнае пекла, Green Card і ілюзію свабоды

Я з’ехаў з Нью-Ёрка, бо зразумеў што не хачу жыць у аўтамабільным пекле. Чалавек, у якога няма машыны, у Амерыцы лічыцца лузерам, няўдачнікам. Там танныя пазадарожнікі, недарагое паліва і хуткасныя дарогі. Але я ніколі не марыў пра машыну.

Самая галоўная падзея для 16- ці 17-гадовага амерыканца (у залежнасці ад штата правы выдаюць альбо ў 16, альбо ў 17 гадоў) — гэта атрыманне пасведчання кіроўцы. Большасць амерыканцаў атрымліваюць правы ў свой дзень нараджэння! Гэта іх дзень незалежнасці. Больш не трэба прасіць бацькоў падвезці ў школу ці да сяброўкі.

Машына для многіх становіцца сэнсам жыцця. Але гэта ілюзія, што яна дорыць свабоду. Насамрэч гэтая свабода абмежаваная кузавам аўтамабіля. Ты залежыш ад наяўнасці вольнага месца на паркоўцы, рэжыму работы святлафораў, настрою аўтамеханіка, умоў страхоўкі і многіх іншых рэчаў. Толькі разумеюць гэта не ўсе і не адразу.

У мяне таксама былі правы. Атрымаў іх, бо ўсе атрымлівалі. Але аднойчы я збіў сабаку… Ён быў яшчэ жывы… Прыехалі паліцэйскія і застрэлілі яго на маіх вачах. Я разумеў, што прадухіліць трагедыю было немагчыма — сабака рэзка выскачыў пад колы аўтамабіля, я не паспеў бы затармазіць. Але мне чамусьці ўявілася, што пры такіх жа абставінах магу збіць дзіця. Паводзіны дзяцей таксама ж непрадказальныя. Гэта быў моцны аргумент, каб адмовіцца ад машыны, выключыць магчымасць прычыніць камусьці боль, хай і ненаўмысна.

джон26-081014-2-1024x659

Больш як дваццаць гадоў таму я пераехаў у Савецкі Саюз. Заснаваў пад Ленінградам невялікую фірму і пражыў там цэлых 17 гадоў. Тады ўжо перайменаваны Санкт-Пецярбург называлі крымінальнай сталіцай Расіі. Можа, калі б я ездзіў на «Мерседэсе», хадзіў у казіно, арандаваў раскошны асабняк, то мною б і зацікавіліся рэкеціры, «браткі», як іх называлі. Але я перасоўваўся выключна на веласіпедзе і здымаў просценькую кватэру. Жыў, як звычайны савецкі чалавек, таму нічога не баяўся.

Не кажу, што амерыканскі стыль жыцця — абсалютна няправільны і дрэнны. Проста ён не для мяне. Таму шмат падарожнічаў, прыглядаўся… Больш як пяць гадоў таму, калі ўпершыню як турыст прыехаў у Беларусь, адразу зразумеў — гэта маё месца. Я знайшоў тут другую радзіму.

Сярод беларусаў ёсць тыя, хто марыць выйграць Green Card, каб пераехаць жыць у Амерыку. У кожнага павінна быць права выбару. Калі чалавек імкнецца да амерыканскага ладу жыцця, няхай з’ездзіць, паглядзіць, паспрабуе. Нашмат лепш, калі ён пераедзе туды, чым будзе старацца стварыць такую ж мадэль у Беларусі. Амерыка ўжо ёсць, не трэба ствараць яшчэ адну.

17-301

Аб прыватным лесе, палярным крузе і фэтбайку

Пад Мінскам, у параўнанні з Нью-Ёркам, шмат лясоў, дзе дазваляецца свабодна ездзіць на веласіпедзе. У ЗША зямля і лясы знаходзяцца ў прыватнай уласнасці. Выехаць на пешаходную зону — таксама табу. Так што ехаць на веласіпедзе можна толькі па дарогах у адным патоку з аўтамабілямі. Гэта некамфортна, таму даводзілася карыстацца метро. А ў Мінску ў грамадскі транспарт нават не заходжу.

Канстытуцыя ЗША гарантуе права народа на захоўванне і нашэнне зброі. Лепш, каб такое права, таксама як і права купіць лес, не меў ніхто.

Вельмі хочацца змяніць стаўленне да веласіпедаў у Беларусі. Каб людзі, асабліва якія жывуць у гарадах, зразумелі, што гэта звычайны сродак перамяшчэння. Па-першае, веласіпед вельмі карысны для здароўя і дапамагае трымаць сябе ў форме. Па-другое, гэта яшчэ і самы экалагічны від транспарту! Калі параўноўваць веласіпед і аўтамабіль, то веласіпед значна танней і купіць, і абслугоўваць. А самае галоўнае, добры настрой з самага ранку гарантаваны.

джон39-081014-648x1024

Нядаўна вярнуўся з Фінляндыі, дзе праходзіла веласіпедная канферэнцыя. Оўлу — проста казачны горад. Амаль палярны круг, і ўсе на веласіпедах: бабулі, школьнікі, мамы з дзеткамі. У Беларусі ж лічыцца, што зімой ездзіць на ровары нельга.

Я езджу на веласіпедзе круглы год. У галалёд мне пешшу нават больш слізка, чым на веласіпедзе з шыпаванымі шынамі. А сёлета набыў сабе на зіму фэтбайк. Гэты веласіпед адрозніваецца ад звычайнага шырынёй колаў (яны больш тоўстыя) і, вядома, коштам. Такі своеасаблівы матацыкл, але без рухавіка.

Калі ў мароз еду міма аўтобуснага прыпынку, людзі, захутаныя ў кажухі і пухавікі, думаюць: вось чарговы вар’ят паехаў. Але я, у адрозненне ад іх, знаходжуся пастаянна ў руху. Акрамя таго, на мне двое двухслойных рукавіц, каб не мерзлі кончыкі пальцаў, двухслойная шапачка, дзве пары ваўняных шкарпэтак, набытых у беларускіх бабуль. Цяплейшых я ў крамах не знаходзіў! На зіму
наўмысна набываю абутак на два-тры памеры большы. І ў 20-градусны мароз выдатна сябе адчуваю.

джон24-081014-1024x677

Пра кантэйнер з рэчамі, платныя паркоўкі і «Велакухню»

Ёсць думка, што веласіпедам карыстаюцца тыя, у каго не хапіла грошай на аўтамабіль. Насамрэч жа сярод веласіпедыстаў у Мінску даволі шмат праграмістаў (і я адзін з іх), якія зарабляюць нядрэнныя грошы. У Еўропе ж на роварах ездзяць нават мэры буйных гарадоў і міністры. Таму гэта прагрэсіўнасць, а не адсталасць.

Не хачу сказаць, што машына — гэта дрэнна ці добра. Яна інструмент. Карысны і патрэбны. Але, лічу, паркоўка ў гарадах павінна быць платнай. Так ва ўсім свеце. Як гэта абсурдна ні гучыць, але сёння адзіны аб’ект, які мае права бясплатна манапалізаваць двор — гэта аўтамабіль. Калі я пастаўлю ў двары кантэйнер і буду захоўваць там свае рэчы, то жыхары справядліва абурацца. А вось калі ў тым жа месцы прыпаркаваць аўтамабіль і запоўніць рэчамі, то ніхто і слова не скажа. Хоць у чым розніца? Па-мойму, выкарыстоўваць грамадскія землі як склад няправільна…

джон31-081014-675x1024

Я мог, вядома, пераехаць жыць у Швецыю, Данію, Галандыю або Германію. Там для веласіпедыстаў створаны ўсе ўмовы. Але мне падабаецца ўдзельнічаць у стварэнні інфраструктуры, а не проста прыехаць на ўсё гатовенькае і карыстацца. Мінск толькі ў самым пачатку веларуху, тут ёсць патэнцыял для развіцця.

Летась разам з аднадумцамі, актывістамі Мінскага веласіпеднага таварыства, адкрылі ў Мінску «Велакухню». Сюды можа прыехаць любы веласіпедыст і бясплатна, сваімі рукамі ці пры дапамозе валанцёра, адрамантаваць свайго жалезнага каня. Што мяне здзівіла і парадавала — дык тое, што адкрыць сваю справу ў Беларусі зусім не складана.

17-291

Пра Жэрара Дэпардзье, каханне і тэлевізар

Я адмовіўся ад амерыканскага грамадзянства, каб атрымаць беларускае. Прыйшоў у пасольства і напісаў заяву. Там здзівіліся, але паставіліся дружалюбна. Звычайна ад грамадзянства адмаўляюцца, каб пазбегнуць падаткаў, як, напрыклад, французскі акцёр Жэрар Дэпардзье. Мне ж было няёмка жыць тут як амерыканец, таму што палітыка ЗША ў дачыненні Беларусі мне ў многім не падабаецца.

Пачаў вучыць беларускую мову, бо жыву ў Беларусі. Кожны дзень стараюся запомніць адно новае слова. Поспехі пакуль не бліскучыя, але я стараюся.

джон51-081014-1024x763

«Каханне» — маё самае любімае слова. Цікава, што такое важнае паняцце можна дакладна выказаць толькі па-беларуску. Па-англійску, па-руску гэтаму пачуццю няма адпаведнікаў.

У дзяцінстве я жыў з бацькамі і, як ва ўсіх амерыканскіх сем’ях, у нас былі аўтамабілі і тэлевізары. Але, як толькі я стаў жыць асобна, вырашыў адмовіцца ад тэхналогій, якія мне не патрэбны. Не, я нічога не маю супраць тэлевізара. Проста я не хачу з ім жыць (усміхаецца).

Я не карыстаюся мабільнікам, бо жыццё без мабільніка больш спакойнае і мэтанакіраванае. Магчыма, нехта скажа, што гэта нязручна. Затое нашу размову ніхто беспардонна не можа перапыніць. Я карыстаюся электроннай поштай, і мне гэтага хапае. Раней не было тэлефонаў. Усе ведалі, што нельга спазняцца, бо чалавек чакае. А цяпер можна патэлефанаваць і ўсё адмяніць. Я не люблю прымушаць людзей чакаць.

Надзея ДРЫЛА,
фота Таццяны РУСАКОВІЧ

Бліц-апытанка

— Тры словы, з якімі ў вас асацыюецца Беларусь?

— Другая радзіма і памяркоўнасць. Некаторыя лічаць памяркоўнасць адмоўнай рысай характару, але мне яна вельмі падабаецца. Цярплівасць, жаданне знайсці мірнае рашэнне — гэта якасці, якія характэрны беларусам і якія я імкнуся развіваць у сабе.

— Якія якасці цэніце ў людзях?

— Розум, нестандартнасць, экалагічнасць. Мне блізкія па духу людзі, не зацыкленыя на спажыванні, у якіх матэрыяльныя каштоўнасці далёка не на першым месцы.

— А ў жанчынах?

— Тыя ж. У Беларусі вельмі шмат стройных жанчын. Нярэдка гэта вынік строгага харчавання, дыет. А ёсць тыя, якія ядуць, што хочуць і калі хочуць, але пры гэтым вельмі актыўныя. Як па мне, дык другія больш прывабныя. Калі відаць, што чалавек шмат часу, грошай і энергіі марнуе на ўпрыгажэнні, касметыку, адзенне, я гэтага не разумею. Але ж кожны чалавек сам вырашае, што для яго мае сэнс, а што не.

— Падзеліцеся запаветнай марай?

— Мару пра сям’ю і дзяцей. Звычайна гэта робіцца ў больш маладым узросце. Але я даўно зразумеў, што ажаніцца з амерыканкай — значыць застацца жыць у Амерыцы. Прывезці жонку з Амерыкі ў Беларусь — амаль нерэальна, а таму і не спяшаўся. Можа, і ёсць дзяўчына ў Амерыцы, якая б згадзілася, але я яе, на жаль, не сустрэў… Калі ж жыў у Расіі, было адчуванне, што я яшчэ не знайшоў месца, дзе хачу жыць пастаянна. Маленькія ж дзеці патрабуюць стабільнасці…

 

Zviazda.by

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат