Пра курсы
ГАРАДЫ :


09.11.2014
ЦІКАВІНКІ Марыя Міцкевіч: “Мае дзядулі — Якуб Колас і Янка Маўр”

Інтэрв’ю з газеты “Беларуская Ніва”

Марыя МІЦКЕВІЧ: «Мае дзядулі – Янка Маўр і Якуб Колас»

Да 130-годдзя стваральніка аповесцяў «Палескія рабінзоны», «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», рамана «Амок» і іншых вядомых твораў

МАРЫЯ Міхайлаўна МІЦКЕВІЧ — унучка не толькі славутага пісьменніка Янкі Маўра, але і Якуба Коласа! Яе маці Наталля Іванаўна — дачка Янкі Маўра, а бацька Міхась Канстанцінавіч — сын Якуба Коласа. Сустрэліся мы з ёй ва ўтульным дворыку Дзяржаўнага літаратурнага музея, які названы ў гонар стваральніка «Новай зямлі», напярэдадні святкавання 130-годдзя з дня нараджэння аднаго з яе знакамітых дзядоў — Янкі Маўра. Тут, на сядзібе Коласа, растуць і сёння дрэвы, пасаджаныя самім народным паэтам Беларусі. «У дзяцінстве я любіла залазіць на гэтыя дубы. Малая хадзіла ўся ў сіняках, бо падабалася ся- дзець на дрэвах. Зараз такая прыстойная жанчына, і не скажаш, што ў дзяцінстве сядзела на вышыні вышэй дома», — смяецца Марыя Міхайлаўна.

— А на каго вы больш падобныя — на Янку Маўра ці Якуба Коласа?

— Калі задаюць такое пытанне, мне падабаецца прыводзіць у адказ словы народнага мастака СССР Заіра Азгура. Калі ён са мной пазнаёміўся, сказаў: «Я ляпіў тваіх і аднаго дзеда, і другога. У цябе ўсё-такі ад Маўраўскага больш».

EEDBXQTvE8M— Марыя Міхайлаўна, вы добра памятаеце і аднаго дзеда-пісьменніка, і другога?

— Якуба Коласа помню менш, бо мне споўнілася толькі пяць гадоў, калі ён адышоў. Таму аб ім засталіся толькі дзіцячыя ўспаміны. А Янку Маўра помню досыць добра. Мне было дваццаць гадоў, калі яго не стала. Таму ўспаміны аб ім больш значныя.

— Вядома, што ў Коласа ў радаводзе 380 чалавек, а наколькі добра вы ведаеце радавод Маўра?

— Не вельмі многа ведаю пра родных Янкі Маўра, толькі тое, што мая маці ўспамінала пра бабулю, пра дзеда.

Дарэчы, прозвішча бацькі Янкі Маўра было не Фёдараў, а Ільін. Ён быў з Беларусі, але шукаў працу ў розных месцах. І вось калі яны прыехалі ў Лібаву ў Латвіі, там якраз і нарадзіўся мой дзед, будучы пісьменнік.

Бацька Янкі Маўра працаваў на прадпрыемстве простым рабочым, ён вельмі рана памёр. Маці засталася з малым Янкам на руках. І вырашыла вярнуцца ў сваю родную вёску на Беларусь, якая стаяла на мяжы Літвы, Латвіі і Беларусі.

Сам Маўр многа пераязджаў з месца на месца, калі працаваў настаўнікам. Быў і ў вёсцы Турэц Карэліцкага раёна, там нарадзіўся яго старэйшы сын Фёдар. А мая маці нарадзілася менавіта тут, у Мінску.

— А колькі дзяцей было ў вашых бацькоў — Міхася і Наталлі?

— Трое. Старэйшы — Сяргей. Потым нарадзілася я, а затым — брат Кастусь. Ён быў названы ў гонар Якуба Коласа, яго клічуць Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч. Поўны цёзка дзеду. А мяне назвалі ў гонар жонкі Якуба Коласа. Калі ж я чакала сваё першае дзіця, то неяк адчувала, што ў мяне народзіцца хлопчык. І адразу сказала, што свайго сына назаву Іванам — у гонар Янкі Маўра.

— А ў вас колькі дзяцей?

— Таксама трое. Я вельмі шчаслівая маці! Старэйшы — Іван, а потым Бог даў мне двайнятак — Васіля і Васіліну. Дарэчы, Васіліна, таксама як і я, засталася на прозвішчы Міцкевіч. А сыны ўжо на прозвішчы бацькі. У нас у сям’і такая традыцыя, што жанчыны пакідаюць прозвішча Міцкевіч.

А ў майго брата Сяргея ёсць сын Яраслаў і ўнук Ян. Брат Кастусь так і не ажаніўся, у яго няма дзяцей.

— А калі пазнаёміліся Янка Маўр і Якуб Колас?

— У 1906 годзе, на знакамітым нелегальным настаўніцкім з’ездзе ў Мікалаеўшчыне Стаўбцоўскага раёна. Гэта таксама вельмі цікава, што праз столькі год — сорак — пасля іх першай сустрэчы пазнаёміліся іх дзеці. Прычым у Маскве, у авіяцыйным інстытуце, дзе вучыліся.

— Марыя Міхайлаўна, вашы бацькі выпадкова пазнаёміліся?

— Так атрымалася, што калі мая маці Наталля гасціла ў Мінску ў бацькоў, забыла сваё студэнцкае пасведчанне. Яна патэлефанавала, і Янка Маўр сказаў, што сын Якуба Коласа хутка едзе ў Маскву, і ён перадасць праз яго дакумент. Вось тады Міхась адвёз тое пасведчанне. Ён пайшоў шукаць маю маці на яе курсе: «Дзе тут Наталля Фёдарава?» — «Гэта я». — «А на пасведчанні прыгажэйшая!» (смяецца). Вось так пачалося іх знаёмства. Яны сталі сустракацца, а потым ажаніліся.

 

— Казалі, што Якуб Колас доўга не ведаў, што яго сын Міхась хоча ажаніцца на дачцэ Янкі Маўра?

— Мой бацька Міхась вельмі любіць жарты. І ён так сказаў маёй маці: «Давай я скажу свайму бацьку, што Наталля Маўра пабралася шлюбам, а ты патэлефануй Маўру і скажы, што Міхась Коласа ажаніўся». Так і зрабілі. Якуб Колас нічога такога не сказаў, а Янка Маўр пачаў дапытвацца ў маёй маці: «Вы ж сустракаліся з Міхасём, а ці не на табе ён ажаніўся?» Маці прызналася, а Якуб Колас нічога не ведаў. І вось Янка Маўр на сустрэчы ў Саюзе пісьменнікаў падышоў да Якуба Коласа і кажа: «Віншую цябе!» — «Дзякуй!» — «А што мы будзем рабіць з нашымі дзецьмі?» — «Твая дачка выйшла замуж, дык ты і рабі!» Маўр пакрыўдзіўся, прыйшоў дамоў і сказаў: «Колас нас не прызнае! Можа, ён незадаволены?» А Якуб Колас проста нічога не ведаў. Таксама вярнуўся дамоў і кажа хатняй гаспадыні: «Нешта я не зразумеў Маўра». А тая: «А ці не за нашага Міхаська пайшла Наталля — дачка Маўра?» Тады яны патэлефанавалі Міхасю, пра усё даведаліся, і Якуб Колас паехаў у Маскву, узяў пляшку гарэлкі і сказаў: «Нявестка, накрывай на стол!» Так прыехаў мірыцца з Янкам Маўрам (смяецца. — Аўт.). Гэта такі быў цікавы выпадак, пра які ведае ўся наша сям’я.

— Якім вы запомнілі дзеда — Янку Маўра?

— Для мяне, як для дзіцяці, было вельмі цікава з ім размаўляць, таму што ў яго былі энцыклапедычныя веды. І на любое пытанне ён заўсёды знаходзіў адказ. І з ім было вельмі цікава, бо звычайна ж дарослыя кажуць: «Адчапіся!» А вось Янка Маўр як раз быў зусім іншы. Калі было нейкае пытанне, ён абавязкова адкажа ці растлумачыць, дзе знайсці адказ. Ён быў эсперантыстам — валодаў міжнароднай мовай, якая была штучна створана. З 1904 года пачаў займацца эсперанта. І нават у 1926 годзе на Беларускім радыё Янка Маўр вёў перадачу для эсперантыстаў. Многія дзівяцца, што шмат якія творы Янкі Маўра прысвечаны замежным краінам, хоць ён там не быў. Але ён меў перапіску з рознымі эсперантыстамі свету, якія дасылалі яму матэрыялы. Яны прыязджалі да яго ў госці. Так прынята ў эсперантыстаў, што, калі наведваеш іншую краіну, і там ёсць сябры-эсперантысты, можна зайсці да іх, і яны заўсёды прымуць і накормяць. Дык вось, прыходзілі да нас лісты з розных краін свету, а на канвертах — маркі. І я ў пяць-шэсць гадоў пачала іх збіраць. Яны былі такія прыгожыя! І Янка Маўр заўсёды мне казаў: «Калі ты бярэш марку, то павінна ведаць, з якой яна краіны, чым тая краіна адметная, што там цікавага ёсць». Так паціху ён прывучаў мяне да ведаў аб розных краінах. Лічу, што гэта было вельмі добра, бо зараз я — намеснік старшыні таварыства «Беларусь — Ірландыя». Я многа ведаю пра Ірландыю, мы святкуем і дні святога Патрыка, і робім вечарыны ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Якуба Коласа… Таму я лічу, што мая зацікаўленасць іншымі краінамі — гэта ад Янкі Маўра.

— І колькі ў вашай калекцыі марак?

— Шмат. Некалькі альбомаў. Збірала іх і калі вучылася ў школе. Уступіла ў клуб філатэлістаў, нават ездзіла ў клуб філатэлістаў у Вільню… А потым, паколькі марак назбіралася шмат, вырашыла спыніцца на нейкай адной тэме. А для дзяцей самая лепшая тэма — гэта жывёліны і расліны. Так што я пачала збіраць толькі такія маркі.

— І вас падтрымліваў у гэтым захапленні Янка Маўр?

— Так. І мая маці Наталля таксама. Потым, калі ў мяне з’явіліся свае дзеці, я ўжо не збірала маркі, не было часу, але калекцыю не прадавала.

— Цікава, а Янка Маўр размаўляў у сям’і на беларускай мове?

— На розных мовах. Але з дзяцінства мы ўсе размаўлялі па-беларуску. Я ніколі не казала «папа», а толькі «тата».

— Ці помніце, калі прачыталі першую кніжку Янкі Маўра?

— Я навучылася чытаць дзесьці ў пяць гадоў. Справа ў тым, што мой старэйшы брат пайшоў у школу, і калі ён вучыў урокі, я заўсёды пры ім сядзела. І дарослыя не ведалі, што я навучылася чытаць. А потым было так. У мяне быў дваюрадны брат, сын Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча, старэйшага Коласава сына — Андрэй. Ён быў на паўгода малодшы за мяне. Я ўжо пачала вучыць чытаць і яго! І вось аднойчы яго маці прыходзіць дадому, а Андрэй ляжыць на падлозе і чытае: «ма-ма», «ра-ма». «Што ты робіш, Андрэй?» — спыталася ў яго маці. — «А мне Маша ўрок задала!» Так што ў мяне педагагічны талент з’явіўся ў пяць гадоў (смяецца. — Аўт.). А дакладна сказаць, якую першую кніжку Янкі Маўра я прачытала, не памятаю. У малым узросце мне больш падабаліся яго аповесці «ТВТ», «Чалавек ідзе», «Сын вады» і іншыя. І творы Якуба Коласа таксама чытала, калі была малая.

— Ці бываў ваш дзед  у вёсках?

— Пасля таго як прайшоў знакаміты нелегальны пісьменніцкі з’езд, яго пазбавілі права выкладаць у школе. Таму ён проста ездзіў па вёсках, дзе можна было знайсці працу настаўніка. Недзе яму адмаўлялі, а дзесьці праца і знаходзілася. Так ён ездзіў з месца на месца. А потым яму сказалі, што ён можа ўладкавацца ў адной сям’і хатнім настаўнікам…

— У Янкі Маўра было лецішча?

— Не было. Проста ў вёсцы Беразянка Пухавіцкага раёна калісьці адпачываў Якуб Колас, і таму для майго бацькі Міхася гэта былі родныя мясціны. І мы проста прыязджалі туды ў хату лесніка. І жылі ў яго. А дача Янкі Маўра знаходзілася ў Гарадзішчах, ён туды мяне браў на летні час. Пакуль мы, дзеці, там бегалі, ён больш працаваў, пісаў творы. У той час я якраз пачала рабіць свае першыя спробы напісаць маленькія вершы. Помню, што Маўр быў маім першым крытыкам. Я яму чытала свае вершы, а ён усміхаўся…

— Якія падарункі дарыў Янка Маўр?

— У дзяцінстве — цукеркі. А потым свае кніжкі, вось засталіся з яго дароўнымі надпісамі.

— А пра жонку Янкі Маўра, вашу бабулю, раскажыце, калі ласка.

— Яе звалі Стэфаніда Аляксандраўна. Калі Янка Маўр уладкаваўся хатнім настаўнікам у адну сям’ю, яму сказалі, што ёсць мясцовы праваслаўны святар, у якога шмат дзяцей. І Маўра могуць узяць да яго на хатнюю гаспадарку. Так і адбылося. І мой дзед палюбіў дзяцей свайго гаспадара. Але тут святар памёр. І Маўр застаўся жыць з яго ўдавой і дзецьмі. Але тут пайшлі чуткі: маўляў, як гэта так, малады чалавек жыве з удавой. Гэта не вельмі нармальна. І было пастаўлена пытанне: ці ён з’язджае, ці трэба жаніцца. Янка Маўр ажаніўся на гэтай жанчыне. Але як ён сам казаў, што не на ёй, а на яе дзецях, бо ён да іх прывык… А іх было чацвёра. І калі Маўр ажаніўся, у яго нарадзілася яшчэ трое дзетак. А потым яго жонка памерла. І Маўру трэба была дапамога ў даглядзе дзяцей. Прыходзіла адна жанчына дапамагаць, потым яна прывяла і сваю сястру. І вось як раз апошняя і была Стэфаніда, наша бабуля. Дык яны з дзедам потым узялі шлюб. Затым старэйшыя дзеці, якія нарадзіліся не ад Янкі Маўра, ужо выраслі і разышліся. А бабуля гадавала траіх дзяцей ад Маўра, а потым ў іх нарадзілася толькі мая маці Наталля. Але бабуля Стэфаніда большасць свайго часу аддавала якраз не сваім родным дзецям. І яна так казала маёй маці: «Ты мяне зразумееш, ты родная, але больш увагі я павінна аддаваць ім!»

— Марыя Міхайлаўна, якім Янка Маўр быў дома, у сям’і? Які ў яго быў характар, звычкі? Ці меліся нейкія традыцыі ў сям’і?

— Ён вельмі не любіў афіцыйных адносін. Казаў, што яго можна павіншаваць з усімі святамі адзін раз у год. Любіў нармальныя, чалавечыя адносіны, калі можна было пагаварыць аб усім. А якія былі ў Янкі Маўра звычкі? Ён вельмі любіў каву, у яго былі свае рэцэпты яе прыгатавання. Любіў размаўляць з людзьмі, любіў нейкія прыдумкі. Адзін з яго сыноў зрабіў спецыяльнае крэсла і правёў да яго маторчык, дык калі хтосьці садзіўся на тое крэсла, яно пачынала вібраваць. І Янка Маўр садзіў на тое крэсла сваіх гасцей, уключаў кнопку і глядзеў, што будзе (смяецца. — Аўт.). Ён яшчэ ў свой час займаўся і спірытызмам. Да гэтай справы была вялікая цікавасць. Збіралася цэлая кампанія, якая выклікала духаў. І Маўр рабіў запісы пра тыя сеансы ў сваіх сшытках, але потым, у сталінскія часы, іх спаліў. Наогул, дзеда цікавіла нешта новае, незвычайнае. Янка Маўр шмат чытаў. У яго была цікавасць да ўсяго. Ён любіў слухаць радыё. Выпісваў шмат перыёдыкі, і калі ў яго ўзніклі цяжкасці са зрокам, то прасіў нават майго бацьку Міхася пачытаць яму часопісы, напрыклад, «Кракадзіл», газеты… Між іншым, у дзіцячыя гады на мяне найбольшы ўплыў аказала кніга, якую ён рыхтаваў — «Ніколі не забудзем». Гэта ўспаміны дзяцей пра тое, што яны перажылі падчас вайны. Сабраць звесткі, артыкулы, каб дзеці самі напісалі ўспаміны — гэта была ініцыятыва Янкі Маўра. І калі я чытала тую кнігу, памятаю, была моцна ўраджана, нават і слёзы былі, бо настолькі яна была кранальная.

— Дык усё-такі, які ў Янкі Маўра быў характар?

— Маўр быў з нейкай такой хітрынкай, з гумарам. І вельмі любіў жарты. На з’ездах пісьменнікаў любіў «падкалоць» каго-небудзь.

— З кім сябраваў пісьменнік, акрамя Якуба Коласа?

— З пісьменнікамі, якія жылі побач. А стасункі з Якубам Коласам былі такія: калі яны пазнаёміліся, то, безумоўна, перапісваліся. У нашым музеі захоўваецца частка тых лістоў. Самае цікавае, што падчас вайны сям’я Коласа апынулася ў Ташкенце, а сям’я Маўра — у Алматы. І мае бацька Міхась з маці Наталляй яшчэ не пазнаёміліся. Дык вось, напярэдадні вайны Маўр якраз напісаў новую п’есу і павінен быў на наступны дзень атрымаць грошы. Але пачалася вайна. І сям’я пісьменніка амаль што без грошай выехала ў эвакуацыю. Тады Маўр напісаў пісьмо Якубу Коласу, што, маўляў, дачку Наталлю не прымаюць у школу, трэба заплаціць нейкія грошы за іспыты. І Колас прыслаў грошы, яшчэ не ведаючы, што ён дапамагае сваёй будучай нявестцы (смяецца).

— А дзе любіў адпачываць Янка Маўр?

— У Гарадзішчы, пра якое распавядала вышэй. Таксама ездзіў да свайго сябра і вучня, пісьменніка і марака Аляксандра Міронава, які пабудаваў дачу ў Кактэбелі. Там Маўр прыстроіў маленькую верандачку, і нас браў на мора. Было вельмі цікава. Недалёка знаходзіўся санаторый для пісьменнікаў. Там яны вечарамі сустракаліся, гутарылі. Асяроддзе было даволі цікавае.

— Ці прыходзілі людзі з праблемамі да Янкі Маўра?

— Так. Прыходзілі. Янка Маўр у нейкіх старажытных кнігах вычытаў народны рэцэпт, як перамагчы эпілепсію. Пытаўся сунуцца з той інфармацыяй ў Міністэрства аховы здароўя, але там з яго проста сталі смяяцца. Але людзі аднекуль даведаліся пра той рэцэпт і прыходзілі да дзеда. І сапраўды, Янка Маўр дапамагаў у барацьбе з гэтай хваробай.

— Які след пакінула вайна ў лёсе Маўра?

— Было, як і ўсім, складана. Сям’я выйшла з Мінска пешшу, калі яго пачалі бамбіць. І ў тым адзенні, што на іх было апранута. Спачатку ішлі пехатой, потым ехалі нейкімі цягнікамі. Маці ўспамінала, што іх бамбілі. Вакол гінулі людзі… А ў Алматы Янка Маўр вельмі многа хварэў. І са зрокам было цяжка, і вадзянка была. Але неяк выкарабкаўся. Як лічыць мая маці, у Янкі Маўра быў нейкі анёл-ахоўнік. Бо калі ён быў вельмі малы, здарылася вось што. У іх вёску прыбег шалёны сабака. Ён пакусаў адну дзяўчынку і майго дзеда. Дзяўчынка памерла, і ўсе думалі, што і Маўр памрэ. І да яго ніхто з вяскоўцаў блізка не падыходзіў. Але дзед выжыў. Чаму? Яго маці ў той нешчаслівы дзень мыла бялізну ў карыце. І Маўр ў тую ваду апусціў свае пакусаныя рукі, і хвароба была нейтралізавана шчолакам. Таму ён і застаўся жывы, хоць і хварэў. Потым яго падкасіла воспа, але ўсё абышлося…

— Марыя Міхайлаўна, як вы лічыце, у чым сакрэт таго, што чытачы захапляліся творамі Маўра?

— Мне здаецца, што дзед добра разумеў псіхалогію дзіцяці. Ведаў, што яму цікава ў той ці іншы момант. І яго аповесць «ТВТ» выйшла на некалькі гадоў раней, чым «Цімур і яго каманда». Але па духу вельмі падобная. Маўр размаўляў з дзецьмі, як з дарослымі. Меў да іх падыход.

— Дзеці дасылалі лісты Янку Маўру?

— Так. Ён вёў перапіску з рознымі дзецьмі. Прыходзілі вельмі цікавыя лісты.

— Можа, аб нечым марыў Янка Маўр? Дзесьці пабываць?

— Калі ён быў маленькі і потым, калі вучыўся, марыў пабываць у іншых краінах. Казаў, што будзе адкладваць грошы, каб зрабіць лодку і на ёй аб’ехаць вакол свету. Ён хацеў вандраваць па іншых краінах. Але гэтага не адбылося. Затое ён вандраваў віртуальна.

— Ці было ў яго нейкае хобі?

— Гэта кнігі. Ён іх збіраў, многа чытаў.

— Дзе Янка Маўр пісаў свае творы?

— У Мінску. І калі мама была маленькая, сям’ёй выязджалі ў Пухавіцкі раён. Там з фанеры пабудавалі невялічкі будыначак, дзе ён любіў пісаць. Янка Маўр лічыў, што найлепшы адпачынак для сям’і — гэта паездка. І калі яго дзеці былі маленькія, то ездзілі ў Адэсу і ў іншыя месцы Украіны… Вядома, бабуля больш займалася бытам, а дзед больш працаваў над творамі. У хаце ўсё рабілася для таго, каб Янку Маўру было добра пісаць. Таму дзецям наказвалі, каб стаяла цішыня. Дзед быў «савой» і любіў працаваць увечары.

— А якія творы Янкі Маўра самыя любімыя для вас?

— Я люблю яго маленькія апавяданні, напрыклад, «Слёзы Тубі», «Незвычайныя прынады». Бо ў дзяцінстве, вядома, мне за вялікую кніжку было цяжка брацца. І гэтыя маленькія, лаканічныя творы, мабыць, і засталіся для мяне любімымі. Лічу, што найлепшая кніга для тых, хто хоча больш даведацца пра самога Маўра і яго жыццё, гэта твор дзеда «Шлях з цемры»… Мяне заўсёды цікавіла, чаму Янка Маўр многа пісаў пра іншыя краіны, а не пра Беларусь? Але апошні яго рукапіс якраз быў пра Беларусь, пра Лівонскую вайну. І ён меў вялікія планы напісаць пра Грунвальдскую бітву, пра якую тады яшчэ ніхто не казаў і не ведаў. Ды пра крыжацкія войны на Беларусі, пра Тэўтонскі ордэн. І тое, што ён хацеў гэта зрабіць, мала хто ведае…

— Ці былі рысы характару, якія перадаліся нашчадкам ад Янкі Маўра?

— У мяне — зацікаўленасць іншымі краінамі. Я любіла розныя конкурсы, выйграла ў свой час тэлевізійны — «Што вы ведаеце пра Польшчу?» Атрымала прыз…

— Якую спадчыну ён вам пакінуў?

— Свае творы. Гэта найлепшая спадчына.

— Ці былі ў Янкі Маўра шкодныя звычкі?

— Не. Ён любіў добры каньяк, але трошкі піў, не злоўжываў. Дабаўляў яго ў каву.

— Ці ёсць у каго-небудзь з нашадкаў Янкі Маўра літаратурны талент?

— Не перадаўся яшчэ. Будзем чакаць наступных пакаленняў!

— Не магу не спытацца пра Якуба Коласа, які таксама ваш дзед. Якія ўспаміны засталіся аб ім?

— Захаваліся фотаздымкі, дзе я разам з ім. Але мала памятаю яго. Хоць жылі мы з ім у адным доме. Між іншым, Якуб Колас адышоў на той свет якраз у мой дзень нараджэння. Мне тады споўнілася пяць гадоў. З раніцы, гэта было 13 жніўня, дзед мяне павіншаваў, а потым яго ў той жа дзень і не стала. А сям’я хацела ў той вечар зрабіць мне свята, але яго, вядома, не атрымалася… А мая бабуля, жонка Янкі Маўра, памерла якраз у дзень нараджэння майго брата Кастуся. Можа, у гэтым ёсць таксама нешта містычнае…

— Марыя Міхайлаўна, як будзеце святкаваць 130-годдзе Янкі Маўра?

— Будзе свята на ноч музеяў ў Дзяржаўным літаратурным музеі Якуба Коласа, адкрыецца выстава, прысвечаная Янку Маўру. Потым пройдзе свята і ў бібліятэцы імя Янкі Маўра, і ў Нацыянальнай бібліятэцы. А як будзем святкаваць у сям’і? У нас заўсёды хата адчынена для гасцей. Мы ім заўсёды рады.

— І апошняе пытанне. Як адчуваць сябе ўнучкай двух знакамітых пісьменнікаў — Янкі Маўра і Якуба Коласа?

— Гэта і нейкая адказнасць. Таму, паколькі я не стала пісьменніцай, то лічыла, што трэба займацца нечым такім значным, каб было не сорамна перад людзьмі. І зусім нядаўна споўнілася дваццаць гадоў пасля таго, як я адчыніла дабрачынны дзіцячы фонд «Сакавік»…

 

Вера ГНІЛАЗУБ, «БН»

 

Партнёр — menu.by
Партнёр — Кафэ “Грай”
Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат