Пра курсы
ГАРАДЫ :

| Тэма: Гендар

26.05.2015
ЦІКАВІНКІ Быць беларусам – погляд збоку: Джым Дынглі

Джым Дынглі – брытанскі прафэсар-славіст, старшыня Англа-беларускага таварыства. Выкладчык, перакладчык, стваральнік падручнікаў. Нядаўна скончыў пераклад кнігі Уладзімера Арлова “Краіна Беларусь”, якую мяркуецца выдаць у Беларусі. Жыве і працуе ў Лёндане. Мае жонку-беларуску.

— Я вывучыў беларускую мову ў Лёндане, у беларускім асяродку ў Фіншлі, дзе знаходзіцца беларуская бібліятэка і дзе ў 1960-х гадах жыло шмат беларускіх уніяцкіх сьвятароў. Я скончыў факультэт славістыкі ў Кэмбрыджы і працаваў у Нацыянальнай бібліятэцы пры Брытанскім музэі. Там ў 1964 годзе я пазнаёміўся з айцом Аляксандрам Надсанам. Айцец Надсан расказаў мне пра рэчы, пра якія я нічога ня ведаў – напрыклад, пра Францішка Скарыну. І гэтае новае для сябе імя я адкрыў менавіта дзякуючы айцу Аляксандру Надсану. Хаця пра “первого русского первопечатника” Івана Фёдарава я ведаў. А пазней, у 1990-м, праз Францішка Скарыну я пазнаёміўся і са сваёй будучай жонкай Эляй – на імпрэзе ў Полацку, прысьвечанай 500-м угодкам Скарыны. Цяпер у нас дзьве дарослыя дачушкі – адна студэнтка-першакурсьніца, другая сёлета заканчвае школу.

Я часта бываю ў Беларусі разам з жонкай і дзецьмі, у мяне тут шмат сяброў – навукоўцаў, літаратараў, музыкаў. І зьдзіўляе, нават часам шакуе ў беларусах іх памяркоўнасьць і талерантнасьць. Ну колькі можна?! Як у вас жартуюць, “До Колі”? І што найбліжэйшым часам нешта зьменіцца, я ня думаю. Хацелася б памыляцца, але… Беларусы – гэта не арабы. Я пэсыміст. Таму што вельмі добра быць пэсымістам – заўсёды ёсьць прыемныя сюрпрызы.

Брытанцы, на жаль, мала ведаюць пра Беларусь. Магчыма, толькі тыя, хто чытае газэту “Independent” – адзінае выданьне, якое піша час ад часу пра беларускія праблемы, бо іншыя газэты нічога ня пішуць, — маюць нейкае ўяўленьне пра вашу краіну. І нават тыя ангельцы, якія па Чарнобыльскіх гуманітарных праграмах прымаюць у сваіх сем’ях беларускіх дзетак, мне здаецца, нічога ня хочуць ведаць пра палітычныя праблемы Беларусі, пра гісторыю гэтай краіны, пра яе нацыянальныя праблемы. Менавіта нацыянальныя, моўныя праблемы вельмі актуальныя для Беларусі.

У 1990-х гадах я напісаў падручнік украінскай мовы для замежнікаў. Працаваў над такім жа падручнікам беларускай мовы для іншаземцаў. Але беларускае выдавецтва пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году паведаміла, што такі падручнік ужо не патрэбны, маўляў, зьмянілася сытуацыя ў краіне.

Наагул, мяне вельмі бянтэжыць моўная сытуацыя ў Беларусі. З аднаго боку, я ўключаю раніцай радыё і чую беларускую мову — журналісты гавораць па-беларуску. Можа, ня так, як мне б хацелася, але яны размаўляюць! Аднак на цяперашнім этапе немагчыма ўявіць, каб звычайныя беларусы раптоўна пачалі паўсюль размаўляць па-беларуску. Тым больш што ў іх няма ніякага стымулу гэта рабіць. А адкуль можа зьявіцца гэты стымул, я ня ведаю. Хаця вельмі суб’ектыўнае пытаньне – выбар мовы. На мой погляд, чалавек можа размаўляць па-расейску, але адчуваць сябе беларусам. Да прыкладу, ірляндзец гаворыць па-ангельску і ведае толькі некалькі словаў па-ірляндзку. Але ён не ангелец, ён – ірляндзец.

Нядаўна мяне вельмі зьдзівіла мая малодшая 16-гадовая дачка, якая раптоўна пачала гаварыць па-беларуску! Магчыма, адчула патрэбу. Дарэчы, разумеюць беларускую мову абедзьве мае дачушкі. І хоць яны быццам бы ангелькі, нарадзіліся і ўсё сваё жыцьцё жывуць у Вялікай Брытаніі, яны адчуваюць, што яны ня чыстыя ангелькі. А жонка-беларуска, нягледзячы на тое, што дасканала ведае ангельскую мову і выкладае яе, ніколі не адчувала сябе ангелькай. Яна беларуска.

Што да дэмакратычных зьменаў, ніхто не дапаможа беларусам, акрамя іх саміх — ні Захад, ні Расея. Эўразьвяз будзе гандлявацца з цяперашнімі ўладамі Беларусі, як звычайна, заплюшчваць вочы на адсутнасьць свабоды і дэмакратыі, я ў гэтым упэўнены.

Натуральна, я зацікаўлены ў станоўчых зьменах у Беларусі, бо мая жонка беларуска. Я б вельмі хацеў, каб Беларусь увайшла ў Эўразьвяз як нармальная эўрапейская краіна з нармальнай дэмакратыяй. І гэта я кажу як ангелец, усё больш і больш скептычна гледзячы на Эўразьвяз. І я нават ня ведаю, дзе эканамічная сытуацыя цяпер горшая – у Грэцыі ці ў Беларусі. Але я, як пэсыміст, чакаю зь Беларусі прыемных сюрпрызаў”.

 

Артыкул перадрукаваны з сайта http://budzma.by/projects/byc-belarusam-3/byc-belarusam-pohlyad-zboku-dzhym-dynhli.html

Партнёры — Кісларод
Партнёр — Цэнтр Кола
Партнёр — Сувеніры пра Беларусь
Партнёры — Трэці Сектар
Партнёр — Падароск
Партнёр — Будзьма
Партнёр — Viapol
Партнёр А-100
Кнігарня Логвінаў
Партнёр — Velcom па-беларуску
Партнёр — Лятучы ўніверсітэт
Партнёр — Галерэя Ў
Інфапартнёр — kniharnia.by
Інфапартнёр — Новы час
Інфа-партнёр — Разам
Інфа-партнёр knihi.by
Інфа-партнёр tuzin.fm
Інфапартнёры — ЭўраБеларусь
Інфапартнёры — Радыё Рацыя
Інфапартнёры — Нашыя Дзеткі
Інфапартнёр — Белсат